Вы тут

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў правёў прамую тэлефонную лінію


Людзі званілі і казалі пераважна пра тое, што іх хвалюе ў паўсядзённым жыцці. І, што цікава, заўважае Андрэй Бугроў, не заўсёды са скаргамі на канкрэтныя пралікі, недапрацоўкі і хібы прадстаўнікоў асобных гарадскіх службаў. Былі і звароты, у якіх суразмоўцы давалі станоўчую ацэнку дзеянням мясцовай улады ў канкрэтных выпадках.


У гэтым сэнсе паказальным стаў першы званок на прамую тэлефонную лінію ад жыхаркі аднаго з дамоў па вуліцы Шаранговіча. Яна выказала ўдзячнасць сантэхнікам ЖЭСа № 76 і асабіста іх кіраўніку Дзмітрыю Каленіку за ўдарную і аператыўную, без перабольшвання, работу пры падключэнні ацяплення дома. Няпроста было ліквідаваць аварыю, але брыгада рамонтнікаў не пашкадавала сіл і часу, каб выправіць сітуацыю і дапамагчы людзям. Жанчына папрасіла маральна і матэрыяльна адзначыць старанні сантэхнікаў ЖЭСа.

Андрэй Бугроў паабяцаў мінчанцы знайсці магчымасць для заахвочвання добрасумленных работнікаў гарадскіх ЖЭСаў, бо дзякуючы таксама і іх намаганням сёлета ў ходзе бягучай кампаніі па падключэнні цяпла ў сталіцы колькасць крытычных зваротаў у параўнані з аналагічным перыядам мінулага года зменшылася на 26 працэнтаў. А гэта ў маштабах двухмільённага горада — сур'ёзная лічба, якая сведчыць аб паступовых якасных зменах у рабоце раённых камунальных службаў, гаворыць Андрэй Бугроў.

Мінчанка, якая жыве па вуліцы Калініна, у сваім, дарэчы, паўторным звароце на прамую тэлефонную лінію таксама выказала словы ўдзячнасці за вырашэнне ўзнятага ёй пытання. Яна прасіла прывесці ў парадак дваровую тэрыторыю вакол яе дома і суседніх пабудоў. Цяпер агучыла яшчэ адну просьбу: зрабіць уздоўж дома тратуар і ліўневы сцёк.

Суразмоўцы старшыні гарадскога Савета звярталі яго ўвагі на іншыя, няхай і дробныя, але ўсё ж непрыемныя моманты ў іх паўсядзённым жыцці. Жыхара аднаго з дамоў па вуліцы Брацкай непакоіць і моцна раздражняе амаль няспынны рух цяжкіх грузавікоў пад вокнамі яго кватэры да новабудоўляў, якія знаходзяцца побач. А гэта і шум, і пыл з пяском. Як падлічыў мужчына, штодзень праз яго квартал праходзіць ад 50 да 100 вялікіх самазвалаў. Адсюль і просьба: калі ласка, дапамажыце змяніць маршрут руху грузавых аўтамабіляў! Пытанне ўзята на кантроль гарсаветам, яно патрабуе дадатковага вывучэння.

З іншым транспартным пытаннем — адносна ўдасканалення перавозкі пасажыраў — звярнулася жыхарка вуліцы Маршала Лосіка. Яе жыццё, як і жыццё іншых насельнікаў гэтай і суседніх вуліц, ускладняе недастатковая колькасць аўтобусаў, бо ў іх «ходзіць толькі адзін аўтобус № 90». Гэтага недастаткова, таму аўтобус звычайна моцна перапоўнены. Мінчанка прапанавала павялічыць колькасць грамадскага транспарту на гэтым напрамку, а таксама і колькасць маршрутаў. Бо атрымліваецца, што даехаць, скажам, да 10-й паліклінікі можна толькі з перасадкамі.

Пытанне будзе прапрацавана з адпаведнай гарадской службай, якая адказвае за пасажырскі транспарт, паабяцаў старшыня гарадскога Савета.

— А ўвогуле, настрой пасля гэтай прамой тэлефоннай лініі пазітыўны. Так, людзі агучвалі розныя праблемы, ставілі пытанні, патрабавалі часам навесці парадак, аднак размова вялася ў канструктыўным рэчышчы, — адзначыў Андрэй Бугроў.

Мікалай ЛЮБЧАНСКІ

Загаловак у газеце: Гаварыце, вас слухаюць!..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».