Вы тут

Калі збываюцца мары. Часам, каб зразумець штосьці вельмі важнае, трэба пераадолець чатыры тысячы кіламетраў


Жыццё прыўкраснае хаця б тым, што нават самыя нездзяйсняльныя, здавалася б, мары бяруць і ашаламляльна-нечакана спраўджваюцца. Вось у мяне, напрыклад, яшчэ са школьнага дзяцінства была мара пабыць у двух вельмі далёкіх гарадах савецкай Радзімы. На ўроках геаграфіі я іх заўжды блытала, і здавалася, што толькі калі ўжывую трапіць і ў Салехард, і ў Самарканд, дык назаўсёды стане нарэшце зразумела, які з іх на ўзроўні Палярнага круга, а які — недалёка ад пустыні Кызылкум... Летуценнае дзяцінства скончылася, вялікая Радзіма распалася на асобныя краіны, а мара тая ўжо як нешта рэальнае нават не разглядалася. Але раптам — бы Нехта на небе шчоўкнуў пальцамі і сказаў: «Няхай сабе» — яна спраўдзілася ў поўнай меры літаральна цягам няпоўных трох гадоў. Спачатку ў маім жыцці здарыўся паўвостраў Ямал — з сапраўднай зімой, аленямі, тундрай і перасячэннем лініі Палярнага круга якраз у Салехардзе. А гэтай восенню я, крыху сумняваючыся ў рэальнасці таго, што адбываецца, трапіла ў летняе цяпло і сапраўдную ўсходнюю казку — начны Самарканд. Толькі так і можна назваць, бо ўсё так прыгожа, што амаль нерэальна...


 

Ва Узбекістан мы прыехалі на ХІІІ Ташкенцкі міжнародны кінафестываль «Жамчужына Шаўковага шляху», які адрадзіўся пасля амаль дваццаціпяцігадовага забыцця. Было шмат паказаў, майстар-класаў, прэс-мерапрыемстваў з удзелам у тым ліку і беларусаў, быў дадзены старт сумесным цікавым праектам — пра гэта раскажу падрабязна ў заўтрашнім выпуску «Жырандолі». Але вакол была і сама краіна — іншая, ярка-стракатая на вочы, салодка-мядовая на смак, шаўкова-цёплая на дотык, рытмічна-шумная на слых, вострадухмяная на пах... І гэта было незвычайна, непадобна, дзесьці нават ашаламляльна, як ужо згаданы начны Самарканд.

Адзівосны начны горад нам падарылі ўзбекскія кіношнікі, запрасіўшы на такую незапланаваную экскурсію. Назаўтра павінна была быць экскурсія афіцыйная, але тое сталася днём, калі па знакавых гістарычных месцах горада ходзяць натоўпы турыстаў (пандэмія, канешне, унесла свае карэктывы, але цяпер краіна адкрытая: прад'явіў ПЛР-тэст — і сардэчна запрашаем). А ноччу і маўзалей Тамерлана, і Рэгістан (плошча) са старажытнымі мэдрэсэ і мячэцямі, аздобленымі маёлікай і мазаікай у залатым і ўсіх адценнях блакітна-сіняга, здаваліся сапраўды дэкарацыямі для нейкай багатай усходняй казкі, у якой мы былі галоўнымі героямі.

Зрэшты, гэту прыгажосць не апішаш словамі. Як не апішаш незвычайную атмасферу старога рынку ў Ташкенце — шумнага, духмянага, стракатага. Дзе шалік з натуральнага шоўку можна купіць за дзесяць долараў, а калі патаргавацца — а таргавацца трэба абавязкова, — дык і яшчэ танней. Дзе хлопчык у шлёпках на босую нагу коціць разам з бацькам вазок з гарачымі лавашамі, і ты можаш спыніць іх і купіць гэты тоўсты жаўтаваты праснак, і ламаць яго і есці тут жа на месцы. А хлопчык пакаціць вазок далей, і ты сам сабе здзівішся, што тут і думкі няма пра тое, што вось жа беднае дзіця, замест таго, каб адпачыць у выхадны, працуе (а ў тым жа Мінску так бы падумаў абавязкова, яшчэ б і абурыўся, а тут не, бо тут так прынята, бо хлопчык выглядае абсалютна шчаслівым: ён дапамагае бацьку)... Дзе проста на вуліцы ў вялікіх казанах гатуюць плоў, і ты за зусім невялікія грошы можаш купіць глыбокую талерку гэтай смакаты. Дзе горамі насыпаныя спецыі, і табе на месцы намяшаюць іх — і для плову, і для мяса, і зноў абавязкова трэба таргавацца, і гэта не пра грошы, а пра ўзаемную павагу...

Але галоўнае ўражанне, канешне, людзі. Усмешлівыя, добразычлівыя, з непрывычнымі для славянскага вуха імёнамі, шчырыя і эмацыянальныя. Рэжысёр Мухамад Алі, які з вільготнымі вачыма гаворыць пра пакуты беларусаў падчас фашысцкай акупацыі (ён будзе здымаць у нас фільм пра партызана-ўзбека, нядаўна вярнуўся з Мінска), які з захапленнем тлумачыць Каран і з гонарам расказвае пра гісторыю і традыцыі сваёй Радзімы. Прадзюсар Атамбек, які ашаламіў словамі: «Калі размаўляю па тэлефоне з міністрам, а на другой лініі мама, я адключаю міністра і гавару з ёй». Гаспадыня тамтэйшай аграсядзібы Назія — яна вучыла нас гатаваць рыбу ў казане і з пакрыўджаным гонарам расказвала, як у Маскве купіла сыну планшэт, а масквічы рабілі круглыя вочы: няўжо, маўляў, у вас ёсць інтэрнэт? Супрацоўнікі кампаніі «Узбектэлекам», пры садзеянні якой праводзіліся Дні беларускага кіно ў сталіцы і рэгіёнах. Яны былі з намі без перабольшання і днём і ноччу, і менавіта дзякуючы іх спрыянню і зацікаўленасці нам удалося так шмат пабачыць і даведацца...

Увогуле, людзі па-добраму здзівілі. Сваім шанаваннем традыцый і імкненнем да прагрэсу, верай у Новы Узбекістан (менавіта так абазначана нацыянальная ідэя) і жаданнем дзеля гэтай ідэі працаваць. Яны зусім, ні на каліва не падобныя на тых камічных персанажаў-гастарбайтараў, з якімі ў многіх з нас асацыіруюцца жыхары Сярэдняй Азіі. Тое, што здаецца нам крыху недарэчным у той жа Маскве, — стракатыя ўборы, шчырая ветлівасць, пявучая гаворка, — на іхняй зямлі, там, дзе яны нарадзіліся, дзе вякамі жылі іх продкі, выглядае надзвычай арганічна і натуральна. І ты бачыш людзей з такім пачуццём уласнай годнасці, што ва ўсіх іх — нават у таго босага хлопчыка з лавашамі — хочацца гэтаму павучыцца. І нарэшце разумееш тое, што асабліва апошні год нам гавораць нават з самых высокіх трыбун: шчаслівым, запатрабаваным, паспяховым, ГАСПАДАРОМ уласнага лёсу можна быць толькі на сваёй роднай зямлі.

Магчыма, дзеля гэтага разумення, якое цяпер — назаўджы, і было задуманае Кімсьці там спраўджанне амаль забытай дзіцячай мары.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?