Вы тут

На паўднёвым усходзе актыўна развіваюць кулінарны турызм


Невыпадкова менавіта ў гэтым райцэнтры нарадзілася прыгожае свята-кірмаш Дзень варэння. Сёлета яго адзначалі ўжо пяты раз. Гаспадыні выставілі на конкурс аж 100 (!) найменняў смачнага прадукту. Бананавае, з часночных стрэлак, пялёсткаў ружы... — якіх толькі інгрэдыентаў тут няма! Сёлета, напрыклад, каштавалі новы варыянт з экзатычнай мамардзікі. А яшчэ з бульбы, морквы і лімону, чорнай парэчкі з мёдам і бальзамам. У спалучэнні з блінамі, пірагамі, гарбатай гэта так смачна — не адарвацца. Магчыма, ужо пара і пра зборнік рэцэптаў падумаць. Такая кніга стала б бестселерам не толькі для чэрыкаўскіх гаспадынь.


На ўласны манер

Кацярына Каркозава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама, успамінае, як усё пачыналася. Дэлегацыя з Чэрыкаўскага раёна ўдзельнічала ў адным з фестываляў у Віцебску. Прыехала шмат гасцей, у тым ліку і з Прыбалтыкі. Калега з Літвы падзяліўся брашуркай з апісаннем тамтэйшых мясцовых свят. І вока адразу ж зачапілася за Дзень варэння. Вырашана было паспрабаваць зрабіць нешта падобнае на чэрыкаўскі манер. Стартавала свята ў 2017-м.

— Гэта быў пробны варыянт, хацелі даведацца, ці будзе каму-небудзь цікава, — расказвае суразмоўца. — Свята супадае з Яблычным Спасам, які шырока адзначаюць у Слаўгарадскім раёне на Блакітнай крыніцы. Народ у асноўным едзе туды. На першы раз усё было дастаткова сціпла, але цікавасць абудзілася. Вырашана было добрую справу развіваць. За год распрацавалі паўнавартасную праграму з шэсцем і іншымі інтэрактывамі. Ад той канцэпцыі стараемся і сёння не адыходзіць, але навацыі прысутнічаюць. Купілі касцюмы для Каралевы варэння і яе памочнікаў, каб было больш відовішчна. І нашым гасцям гэта падабаецца. Сёлета па колькасці прысутных наш фэст пабіў усе рэкорды. З іншага боку, інакш і быць не магло. Наша свята вельмі душэўнае і цёплае, яго ў нас любяць і дзеці, і дарослыя. З ім мы ўвайшлі ў кнігу «Фестывалі ад «А» да «Я».

Рэцэпт блакаднага хлеба

Хутка ў раёне з’явіцца яшчэ адзін фестываль — хлебны. Сёлета на Дзень народнага адзінства ў школе № 2 Чэрыкава запрацаваў Цэнтр хлебапячэння. Ён быў створаны на базе музея хлеба (існуе з 1990 года) і аўдыторыі для заняткаў працоўным навучаннем. У аўдыторыі зараз размясцілася невялікая міні-пякарня.

— Музей патрабаваў абнаўлення, а грошай не было, — расказвае дырэктар школы Мікалай Лапасін. — І мы прынялі рашэнне паўдзельнічаць у праектах, якія дапамаглі б знайсці сродкі яго аднавіць і зрабіць больш сучасным. Так нарадзілася ідэя стварыць Цэнтр хлебапячэння. Калі раней мы дзецям толькі расказвалі пра хлеб, яго шлях ад зерня да стала, то зараз зможам навучыць яго пячы. Дзякуючы ўдзелу ў рэгіянальнай ініцыятыве, што праходзіла ў рамках праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці», мы атрымалі грант, які дазволіў стварыць гэты цэнтр. Будзем адраджаць і захоўваць традыцыі хлебапячэння. У нас, дарэчы, ёсць рэцэпт нават блакаднага хлеба. У свой час нам яго перадала ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Жыбуль.

Грант школа атрымала ў мінулым верасні. На гэтыя грошы былі закуплены хлебапечка, кухонны камбайн, электрапліта, посуд і іншыя прыстасаванні, неабходныя для прыгатавання карыснага прадукту.

— Мы купілі ўсё неабходнае не толькі сабе, але і рэгіянальным партнёрам — краснапольскай і слаўгарадскай школам, каб яны таксама пяклі хлеб і дзяліліся з намі рэцэптамі, — удакладняе дырэктар. — Акрамя гэтага, закупілі абсталяванне для правядзення майстар-класаў: ноўтбукі, смарт-тэлевізар для вэбінараў, прынтар, музычнае абсталяванне для правядзення штогадовага фестывалю хлеба. Гэта таксама прапісана ў праграме нашай ініцыятывы. У найбліжэйшы час запросім ўсіх на свята.

Цэнтр для хлебапячэння можа стаць добрым прафарыентацыйным цэнтрам для школьнікаў, але галоўнае яго прызначэнне — прыцягваць незанятае насельніцтва раёна з ліку ўразлівых катэгорый і навучыць іх не толькі пячы хлеб, але яшчэ і рэалізоўваць яго. Гэтыя веды дапамогуць навучыцца стабільна зарабляць на жыццё.

— Цікавасць ужо ёсць, — адзначае Мікалай Лапасін. — Мы марым, што ў будучыні нашу школу, а таксама школы суседніх раёнаў, з якімі мы сумесна рэалізоўваем праект, уключаць у гастранамічны маршрут, які зараз распрацоўваецца ў Магілёўскай вобласці. Будзем развіваць яшчэ і турыстычны кірунак. Сёння ўсё, што блізка славянскім народам, у тым ліку беларусам, — нашы традыцыі. А хлеб — адна з галоўных. Нічога нас так не аб’ядноўвае, як гэты просты прадукт. Летась ніхто не ведаў, што 17 верасня стане Днём народнага адзінства. І мы спецыяльна не падганялі пад свята наш праект. Усё атрымалася само сабой. Значыць, мы на правільным шляху.

Ад кавярні на колах да гастранамічнай лаўкі

Невыпадкова спецыяльнасць «Повар, кандытар» карыстаецца сярод іншых, якія можна атрымаць у Чэрыкаўскім прафесійным ліцэі № 11, нязменнай папулярнасцю. Бачылі б вы, якія творы кулінарнага мастацтва тут ствараюць! Некалькі гадоў таму ліцэй зрабіў невялічкую кавярню на колах. Пад яе прыстасавалі стары аўтобус. Пачысцілі, пафарбавалі і запрасілі на адкрыццё. Калі аўтобус спісалі, на змену яму прыйшла «Гастранамічная лаўка» — спецыяльная палатка, якой ліцэй карыстаецца падчас гарадскіх мерапрыемстваў. Да яе заўсёды чарга, бо больш смачных булачак, хот-догаў, смажанак, бліноў вы дакладна нідзе не знойдзеце.

— Калі аўтобус — наш экспромт, то пад гастранамічную лаўку мы атрымалі грант, калі ўдзельнічалі ў конкурсе рэгіянальных ініцыятыў у рамках праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці», — удакладняе дырэктар школы Алена Коласава.

На што здольныя настаўнікі і выхаванцы гэтай установы, можна ацаніць па выстаўцы страў у фае і кабінеце па спецтэхналогіі. Вочы разбягаюцца ад разнастайнасці аўтарскіх рашэнняў. Тут табе і бульбачка з гуркамі, і парася ў яблыках, і торты-альтанкі ў стылі барока. Рука так і цягнецца, каб нешта ўхапіць пакаштаваць.

— Вось і дзеці нашы адразу ж звяртаюць увагу на вырабы, — усміхаецца старшы майстар Людміла Шаныгіна. — Зараз у грамадскім харчаванні часцей выкарыстоўваюцца хімічныя напаўняльнікі, мы ж прымяняем выключна натуральныя. Тут няма з’едлівых колераў, усё прыроднае. І мы вучым выхаванцаў рабіць такую прыгажосць. Ёсць дзеці неверагодна таленавітыя.

Для Чэрыкаўскага раёна ліцэй — гэта своеасаблівы брэнд, як Дзень варэння і Цэнтр хлебапячэння. Бо ўсе ведаюць, што гэта добрая школа для будучых прафесіяналаў. У савецкі час тут рыхтавалі повараў дзіцячага харчавання. Паступаць сюды прыязджалі з усіх абласцей цэлымі групамі. Пераарыентавацца прыйшлося толькі пасля таго, як повараў сталі ацэньваць па разрадах. Ліцэй стаў менш эксклюзіўным, але ў якасці падрыхтоўкі толькі памацнеў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Мікалая Лапасіна
г. Чэрыкаў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.