Вы тут

Сяброўка-восень. Што пачым на сезонных кірмашах і местачковых рынках?


Прыкметы гарадской восені — сельскагаспадарчыя кірмашы. У выхадныя дні з пачатку верасня і аж да халодных лістападаўскіх дажджоў гарадскія жыхары запасаюцца вітамінамі на доўгую зіму. Калі вы адклалі паход па гародніну «на пазней», мы гатовыя распавесці аб асартыменце і цэнах.


У мінулыя выхадныя сельскагаспадарчыя кірмашы прайшлі ва ўсіх раёнах сталіцы, а мы праехаліся па пляцоўках, дзе разгарнуўся самы ажыўлены гандаль. Свой ураджай у Мінск прывезлі і фермеры, і сельгаспрадпрыемствы. Прадстаўлена практычна ўся Беларусь, хоць большая частка гародніны-садавіны нашай сярэдняй паласы, зразумела, «родам» з Мінскай вобласці. Здалёк на сезонныя кірмашы ў асноўным вязуць «эксклюзіў» — белавежскія зёлкі, сушаныя ягады, лясны мёд...

Наогул, восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы пазіцыянуюцца як спосаб, з аднаго боку, сабраць на адной пляцоўцы ўсё восеньскае багацце, і з другога — закупіцца як мага танней. І калі па першым пункце ўсё атрымалася, то, што датычыцца цэн, яны па факце ніжэйшыя за тыя ж «камароўскія» толькі па шэрагу пазіцый, а ў цэлым супастаўныя.

Прысмакі і прыправы

Гэтую восень цяжка назваць шчодрай (год на год не прыходзіцца, кажуць прадаўцы), але сезонныя кірмашы атрымаліся багатымі. Напрыклад, можна купіць сапраўдны лясны мёд. Прастуды не дрэмлюць, ковід атакуе, так што попыт на гэты прадукт вялікі.

— Лясны мёд — сапраўдны прыродны антыбіётык, — нахвальвае свой тавар прадавец, мужчына сярэдніх гадоў. — Цяпер мёд патрэбны ў кожным доме: і імунітэт умацуе, і арганізм падтрымае.

Салодкі тавар, якім гандлявалі ў гэтыя выхадныя на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны», прыехаў у Мінск з Браслаўскіх азёр.

У старажытнасці лясны мёд атрымлівалі шляхам фарміравання вулляў на дрэвах, распавядае прадавец. Цяпер проста ставяць вуллі паблізу лесу, і пчолкі збіраюць нектар з кветак, што растуць у натуральным, экалагічна чыстым асяроддзі.

Як адрозніць менавіта лясны мёд? Вельмі проста, растлумачылі мне.

— Колер ляснога мёду можа быць розны: і светлы, бурштынавы, і цёмна-карычневы. Але ён заўсёды будзе цямнейшы за лугавы або ліпавы. Яшчэ можна адрозніць лясны мёд па водары — ён больш насычаны. І па смаку: лясны мёд заўсёды больш даўкі. А<вось гэты — пакаштуйце! — сабраны ў хваёвым лесе. Адчуваеце лёгкую кіслінку? Гэта адметная рыса.

Лясныя травы, з якіх браслаўскія пчолкі збіралі мёд, — дзікая маліна (што асабліва актуальна падчас грыпу), крушына, рабіна, ліпа, скрыпень, сумнік...

Зразумела, што кожны цыган сваю кабылу хваліць, але дыетолагі таксама кажуць аб неверагоднай карысці ляснога мёду. Там прысутнічае і глюкоза (для эфектыўнай работы галаўнога мозгу і канцэнтрацыі ўвагі), і аскарбінавая кіслата (змагаецца з вірусамі), і поўны спектр вітамінаў групы В (для паўнавартаснай работы ЦНС і рэпрадуктыўнай сістэмы), і дэфіцытны ў нашых шыротах ёд, і магній для сэрца і цягліц, і карацін для вастрыні зроку, і жалеза для падтрымання ўзроўню гемаглабіну ў крыві. Мёд (лясны у асаблівасці) — гэта і супрацьзапаленчае і супрацьмікробнае, і антыаксідант, і сродак супраць болю, і наогул літаральна эліксір жыцця.

А выбіраць яго трэба так...

— Прасцей за ўсё — па даўжыні бруі. Чым даўжэй цягнецца «нітачка», тым лепшы і свяжэйшы мёд.

Нядаўна адкачаны мёд, аказваецца, у лужынку не расцякаецца, а кладзецца «горачкай». Гэта прыкмета натуральнасці прадукту. А яшчэ свежавыкачаны мёд заўсёды крыху вадкі. Любы, акрамя верасовага, — гэты мае шчыльную кансістэнцыю і нагадвае ў слоіку жэле.

Па цане лясны мёд на сельгаскірмашах супастаўны з лугавым. 7-8 рублёў паўлітра, ад 14 да 15 — літр.

Памідоры можна знайсці нават па 80 капеек. Але па якасці яны — не ў свежую салату, а на аджыку або сок.

Яшчэ адна цікавая таварная пазіцыя, якую можна адшукаць на сталічных сезонных кірмашах цяперашняй восенню, — прыправы з Белавежскай пушчы. Без кансервантаў, узмацняльнікаў смаку і нават без солі. Дарэчы, менавіта такія прыправы — проста сушаныя духмяныя траўкі — ухваляюць прафесійныя кухары, менавіта іх называюць сапраўднымі. Іншыя — з соллю і глутаматам натрыю — забава для прафанаў у кулінарыі і наогул сурагатная замена. Беларусь наўрад ці можна назваць радзімай спецый, але ў нас, як сцвярджаюць вытворцы, ёсць старадаўняя самабытная культура вырабу і прымянення прыпраў. І цяпер самы час яе адрадзіць. У асартыменце — 25 відаў прыпраў у рознай фасоўцы (да курыцы, мяса, сала, рыбы і гэтак далей), травяныя чаі ручной работы і сушаныя ягады па старадаўняй тэхналогіі. У сярэднім 100 грам смачнай духмянай сумесі зёлак абыдзецца ў 5—8 рублёў. Дарагавата, але гэта таго варта, кажуць тыя, хто пакаштаваў.

Мясцовыя рынкі як модны трэнд

У прынцыпе восенню любы рынак невялікага гарадка ператвараецца ў сезонны кірмаш. Імпартных гародніны-садавіны практычна няма, усё натуральнае, вырашчанае за гадзіну язды. Гэта значыць, самае карыснае, калі верыць спецыялістам па правільным харчаванні. Згодна з папулярнай сучаснай тэорыяй, найбольш правільныя для чалавека прадукты — тыя, што вырашчаны ў радыусе 100 міль (160 км) ад месца яго пражывання. У Заходняй Еўропе і Амерыцы гэта называецца «лакаварства» (ад англ. local — мясцовы) і паступова становіцца мэйнстрымам. Трэнд актыўна падтрымліваюць дарагія рэстараны. На беларускіх мясцовых рынках гэтая норма вытрымліваецца з лішкам: вы набываеце прадукты (не ўсе, але вельмі многія), вырашчаныя значна бліжэй за 160-кіламетровую акружнасць, тыя, што «нарадзіліся» і наліліся пажыўнымі сокамі літаральна побач.

Дарэчы, ездзіць на невялікія мясцовыя рынкі апошнім часам палюбілі жыхары вялікіх гарадоў. Гэта і сапраўды цікава. Такія рынкі — так бы мовіць, душэўныя: і пагаварыць ёсць з кім, і прадукты часта больш якасныя, чым у горадзе, і каларыт, і якое-ніякое, а ўсё ж падарожжа.

Проста на ўваходзе на Заслаўскі рынак утульнага выгляду гаспадыня прапануе пакаштаваць маліны. Паўлітровая шкляначка — 3 рублі. Маліны буйныя, у шкляначку шмат ягад не змесціцца. Але сапраўды вельмі салодкая і духмяная.

— А гэта шыпшына?

— Глог. Першы сродак для сэрца і нармалізуе сон. У мяне ёсць пастаянныя кліенты-сардэчнікі, прыязджаюць па мой глог.

Журавіны тут можна купіць па 6-7 рублёў, у Мінску на сезонных кірмашах самая хадавая цана — 8 рублёў за кг.

— Вазьміце яблыкі, паўтара рубля, — прапануе яе суседка. І шчыра прызнаецца: кіслыя. На шарлотку выдатна падыдуць, а каб паесці — у гэтым годзе не надта ўдаліся.

І, вядома, у вялікім асартыменце тут прадстаўлены мёд — як на любым рынку ў верасні-кастрычніку.

— Гэта першацвет, а гэта жнівеньскі, — распавядае аб сваім тавары Святлана. — Мы ў Ермаках жывём, там толькі лес і балота, ніякіх дарог паблізу. Так што прадукт самы чысты.

Мёд Святлана прадае па 10 рублёў за паўлітровы слоічак і 13 рублёў за літр. Гэта значыць, паўлітрамі купляць мёд больш выгадна ў Мінску на сезонных кірмашах,
а літрамі — тут, у Заслаўі.

— Дорага? — здзіўляецца суразмоўца. — А вы паглядзіце, колькі каштуе кілаграм цукерак! Дык ад цукерак ніякай карысці,
а мёд умацоўвае здароўе.

Яшчэ Святлана прадае мёд у сотах, пяргу і кветкавы пылок. Пылок у вялікім слоіку выглядае дзіўна — малюсенькія рознакаляровыя каменьчыкі.

Бульба ў Заслаўі нятанная...

— На смак ён саладкаваты з гарчынкай і змяшчае цэлых 50 карысных рэчываў, якія насычаюць арганізм сілай і здароўем і ўмацоўваюць імунітэт, — звыкла тлумачыць Святлана ўласцівасці пылку і дадае, што прадукт любяць тыя, хто не хоча хварэць у сезон прастуд.

Асноўная мэта большасці наведвальнікаў сезонных рынкаў — бульба, капуста, морква, цыбуля, буракі (іх, дарэчы, у гэтым годзе чамусьці прадаюць радзей, чым звычайна, — часам нават даводзіцца пашукаць). Што па цэнах?

Бульба, без якой зімой не абысціся (фермерская, буйная, белая і ружовая), тут каштуе рубель трыццаць. На сезонных кірмашах будзе танней — ад 80 капеек да рубля дваццаці. Ды яшчэ і дадому можна папрасіць даставіць, калі бярэш шмат.

Капуста («Бярыце, апошні качан, усю ўжо разабралі!») у Заслаўі каштуе ад рубля дваццаці да рубля пяцідзесяці, на кірмашах у горадзе яе можна купіць за рубель — рубель дваццаць за кіло. Цыбуля — рубель сорак супраць рубля дваццаці ў Мінску. Тое ж самае з буракамі.

Салодкія і прыгожыя яблыкі можна тут купіць за 2-2,50, кіслыя — ад рубля за кілаграм. Пінскія агурочкі — аж 4,30. Слуцкія — за тры (што зробіш, лета скончылася!). На сезонных кірмашах у Мінску і гэтая пазіцыя будзе таннейшай — у сярэднім тры рублі за кг, калі агурочкі прыгожыя, але можна знайсці і за меншыя грошы.

— Наогул, рынак стаў вельмі дарагі, — дзеліцца пара пенсіянераў. — Раней мы бралі тую ж капусту па 65 капеек за кілаграм, а цяпер ужо рубель дваццаць. Калі бярэш шмат на зіму (мы квасім сабе і дзецям, і на свежую капусту, і на салаты), вельмі адчуваецца розніца.

І, зразумела, які ж кірмаш без сала? Але тут ужо, вядома, цэны сапраўды кусаюцца. І ў Заслаўі, і на кірмашах у Мінску за прыгожае сала просяць 15—17 рублёў. А вось «пальцам пханая» каўбаска ў Заслаўі таннейшая на цэлыя тры рублі: 20 супраць 23-х за кілаграм.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?