Вы тут

Стрэс-тэст для Старога свету. Чаму Еўропу ахапіў энергетычны крызіс?


На гэтым тыдні ўвесь свет назіраў неверагоднае газавае «ралі». Кошт блакітнага паліва ўшчыльную наблізіўся да 2000 долараў за тысячу «кубоў». Значэнне стала найвышэйшым за ўвесь час назіранняў. Пра гэта сведчаць даныя лонданскай біржы ІCE. Праўда, пасля расцэнкі абваліліся больш чым удвая — да 1000 долараў за «куб» і ніжэй. Як вядома, газ у Еўропе імкліва даражэе з сярэдзіны жніўня і за мінулы час вырас у цане больш чым на 200 працэнтаў. Такія ваганні ў расцэнках на адзін з асноўных энерганосьбітаў асабліва небяспечныя напярэдадні халадоў, тым больш ва ўмовах недахвату блакітнага паліва ў сховішчах. Чаму Еўропу ахапіў энергетычны крызіс, чаго чакаць надалей?


Попыт на максімуме

Еўракамісія (ЕК) лічыць прычынай энергетычнага крызісу ў ЕС неспрыяльныя рынкавыя ўмовы, калі попыт на энергарэсурсы дасягнуў максімуму за 25 гадоў. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Еўракамісіі Франс Тымерманс, прыбыўшы на пасяджэнне Савета ЕС па экалогіі, паведаміла ТАСС. «Уся справа ў рынкавых умовах. Попыт на энергарэсурсы сёння дасягнуў максімальных паказчыкаў за апошнія 25 гадоў, што і стварае пікі цэн», — заўважыў еўрачыноўнік.

Ён таксама пастараўся мінімізаваць ролю створанай Еўракамісіяй сістэмы гандлю квотамі на выкіды парніковых газаў ва ўзнікненні крызісу. «Гэтая сістэма паўплывала ў вельмі нязначнай меры, толькі на ўзроўні адной пятай. Праблема знаходзіцца ў іншым месцы, у рынкавых умовах», — перакананы ён. Намеснік старшыні ЕК адхіліў здагадку журналістаў, што энергетычны крызіс прымусіць ЕС часова адступіць ад сваіх кліматычных задач. «Гэта выключана, кліматычныя нормы ЕС высечаныя ў камені», — заявіў Франс Тымерманс.

Пры гэтым старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўракамісія мае намер у доўгатэрміновай перспектыве павышаць інвестыцыі ў зялёную энергетыку ў адказ на энергакрызіс у Еўропе. «Мы павінны заўсёды падкрэсліваць, што, пакуль цэны на газ узлятаюць уверх, цэны на аднаўляльныя крыніцы энергіі за апошнія гады некалькі знізіліся і застаюцца стабільнымі, таму ў доўгатэрміновай перспектыве нам неабходна інвеставаць у аднаўляльную энергію, якую ЕС вырабляе самастойна», — заўважыла яна, дадаўшы, што Еўракамісія на наступным тыдні прадставіць прапановы па рэагаванні на энергетычны крызіс у Еўропе.

Як вядома, Еўракамісія на працягу апошніх 10 гадоў працавала над стварэннем у ЕС свабоднага рынку газу і электрычнасці, сцвярджаючы, што паралельна з паўсюдным укараненнем зялёнай энергетыкі (якая пакуль вырабляе больш дарагую электрычнасць у параўнанні з вугляроднай) гэта ў канчатковым выніку прывядзе да зніжэння цэн на энергію ў Европе.

Работа над памылкамі

У той жа час наяўных у рэгіёне запасаў газу ўжо не хапае для таго, каб цалкам забяспечыць бягучыя патрэбы еўрапейскіх спажыўцоў. Пра гэта rt.com распавёў аналітык ФГ «Фінам» Аляксей Коранеў. Паводле яго слоў, значны аб'ём паліўных рэзерваў быў выдаткаваны яшчэ падчас папярэдняй зімы, калі з-за халадоў рэзка вырас попыт, і ўлетку — у сувязі з гарачым надвор'ем і ўзрослым энергаспажываннем на кандыцыянаванне.

Акрамя таго, як адзначыў эксперт, Еўропа засталася і без амерыканскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). У верасні па прычыне ўраганаў і штармоў кампаніям у ЗША прыйшлося на час прыпыніць здабычу энергасыравіны ў Мексіканскім заліве, што прывяло да затрымак паставак. Хоць цяпер сітуацыя паступова стабілізуецца і большасць вытворчасцяў зноў запрацавала, Штаты не спяшаюцца адпраўляць газ у Еўропу. «Мы бачым, што вельмі актыўна ад наступстваў пандэміі аднаўляецца Кітай і ўвесь Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Сёння гэта галоўныя спажыўцы газу, якія гатовыя купляць энергасыравіну па больш высокай цане. Таму частка амерыканскага газу ідзе не ў Еўропу, а менавіта ў Азію», — заўважыў эксперт.

Зараз сховішчы краін Еўрасаюза і Вялікабрытаніі сумарна запоўненыя прыкладна на 76 працэнтаў, хоць яшчэ год таму гэта значэнне складала каля 95 %. Найменшыя запасы газу ў Германіі (69,3 %), Швецыі (66,4 %), Нідэрландах (58,5 %), Аўстрыі (54,8 %) і Партугаліі (52 %).Такія лічбы агучыла напярэдадні Асацыяцыя газавай інфраструктуры Еўропы (GІE). «У прынцыпе, бягучых узроўняў запасаў будзе дастаткова, калі зіма акажацца мяккай, прыкладна як у нас цяпер восень. Аднак у выпадку наступлення сур'ёзных халадоў запаўняльнасць сховішчаў павінна быць не меншая чым 86—90 %. Гэтыя аб'ёмы трэба недзе купіць», — падкрэсліў Аляксей Коранеў.

Цікава, што ў бягучай сітуацыі пяць краін Еўрапейскага саюза — Францыя, Іспанія, Грэцыя, Румынія і Чэхія — заклікалі правесці расследаванне для вызначэння сапраўднай прычыны росту цэн на газ. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў эканомікі і фінансаў гэтых дзяржаў. «Што датычыцца газу, неабходна правесці вывучэнне работы еўрапейскага газавага рынку з той мэтай, каб высветліць, чаму дзеючых газавых кантрактаў аказалася недастаткова. Нам варта таксама сфармуляваць агульныя кіруючыя прынцыпы па захоўванні газу з мэтай змякчыць і згладзіць павышэнне цэн», — адзначаецца ў дакуменце.

Зрэшты, у Еўрасаюзе мяркуюць, што ажыятажны рост цэн на газ мог быць выкліканы ў тым ліку памылкамі самой Еўракамісіі. З такой заявай выступіў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. «Еўрасаюз павінен адкарэкціраваць сваю палітыку. Мы павінны змяніць некаторыя зялёныя нормы, інакш усе будуць пакутаваць», — перакананы кіраўнік венгерскага ўрада. Як адзначыў rt.com кіраўнік аналітычнага дэпартамента AMarkets Арцём Дзееў, захады еўрапейскіх улад прывялі да перакосу ў зялёнай палітыцы рэгіёна. Так, у апошнія гады ЕС актыўна закрываў вугальныя ЦЭЦ і атамныя электрастанцыі, разлічваючы на тое, што аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) будуць усё больш замяняць вуглевадароднае паліва. Між тым наяўных магутнасцяў АКЭ не хапае, а праблему рэзка ўзрослага попыту можна вырашыць толькі за кошт выкарыстання традыцыйнай энергасыравіны, патлумачыў аналітык. «На гэтым фоне ў Еўропе ўжо пачалі руйнавацца энергетычныя кампаніі. Гэта пагражае далейшымі праблемамі ў сектары і ростам цэн. Паколькі ўклад энергарэсурсаў у вытворчасць абсалютна ўсіх тавараў — ад прадуктаў харчавання да аўтамабіляў — даволі высокі, праз нейкі час ЕС сутыкнецца з сур'ёзным разгонам інфляцыі», — адзначыў Арцём Дзееў.

Хто надзімае бурбалку?

Дадатковым ударам па еўрапейскім энергарынку стала рэгуляванне Еўракамісіяй цэнаўтварэння на паліва, лічыць Аляксей Коранеў. Як адзначыў аналітык, раней ЕС настаяў на тым, каб купля газу ажыццяўлялася не на падставе доўгатэрміновых кантрактаў з прывязкай да кошту нафты, а па біржавым прынцыпе. «Цяпер жа мы бачым тыповую біржавую паніку. Гэта страшная рэч, бо на біржы велізарная колькасць спекулянтаў, якія спрабуюць нагрэць рукі на тых, хто кідаецца і гатовы купляць газ па любой цане», — адзначыў эксперт.

Дырэктар Фонду энергетычнага развіцця і эксперт па энергетыцы Сяргей Пікін назваў сітуацыю з ростам цэн на газавай біржы надзіманнем бурбалкі, паведаміла lenta.ru. Паводле яго слоў, гэта адбываецца з-за таго, што цэны на рынку даўно адарваліся ад тавару. Цана за кубаметр звадкаванага газу, якая перавышае планку ў тысячу долараў, вызначаецца арбітражам паміж Азіяй і Еўропай, адзначыў Пікін. «Гэта значыць, які рэгіён дасць вышэй цану, туды звадкаваны газ і пойдзе. Газ, які ідзе па трубах, гэта канстанта, нязменная велічыня, гэтыя аб'ёмы не змяняюцца. Яны зменяцца тады, калі будзе ўвядзены «Паўночны паток — 2» і еўрапейцы атрымаюць новыя аб'ёмы газу і цана знізіцца. Пакуль няма «Паўночнага патоку — 2», еўрапейцы з азіятамі канкурыруюць за пастаўкі звадкаванага газу, якога ў свеце таксама фіксаваныя аб'ёмы, новага не з'яўляецца. Таму, хто дае больш высокую цану, туды газ і ідзе», — растлумачыў эксперт.

Па словах Сяргея Пікіна, такая бурная рэакцыя на рынках адбываецца з-за таго, што яны даўно адарваліся ад тавару. На яго думку, сітуацыя з ростам цэн на звадкаваны газ будзе працягвацца. Еўрапейцам, падкрэсліў Пікін, неабходна запоўніць свае аб'ёмы сховішчаў да пачатку ацяпляльнага сезона, а азіяцкі рынак гатовы закупляць газ па любой цане.

Зіма спытае

Аналітыкі мяркуюць, што рост цэн працягнецца. Кошт газу ў Еўропе можа падняцца значна вышэй за дзве тысячы долараў за тысячу кубаметраў у выпадку халоднай зімы і захавання паставак паліва на бягучым узроўні. Аб гэтым РІА «Навіны» заявіў кіраўнік аддзела стратэгій на таварна-сыравінным рынку Saxo Bank Оле Ханс.

Паводле прагнозаў кліматолагаў, беспрэцэдэнтна суровая зіма ў Паўночным паўшар'і справакуе хаос і паніку на энергетычным і харчовым рынках. У прыватнасці, жыхары большасці краін Еўропы ўжо атрымліваюць вялікія рахункі за ацяпленне сваіх дамоў і кватэр. Пра гэта паведаміла Bloomberg.

Калі зіма сапраўды будзе адпавядаць прагнозам кліматолагаў, сумы за ацяпленне і ўвогуле стануць астранамічныя. Сіноптыкі прагназуюць, што ваганне тэмпературы павярхоўнага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна Эль-Ніньё прынясе ўстойлівы халодны фронт на тэрыторыю Паўночнага паўшар'я і пацяпленне на поўдзень ЗША, а таксама выкліча засуху на большай частцы планеты.

Пры гэтым палярны віхор, які вызначае ўзровень ціску на Паўночным полюсе, у гэтым годзе будзе слабейшы, чым у мінулым. Гэта, па меркаванні кліматолагаў, абернецца тым, што будучай зімой халоднае арктычнае паветра найбольш верагодна будзе рэгулярна перамяшчацца ў рэгіён Азіі, Паўночнай Амерыкі і Еўропы, несучы з сабой суровыя пахаладанні.

Паводле даных Goldman Sachs Group, ёсць рызыка адключэння электраэнергіі гэтай зімой. Асабліва калі маразы пагоршаць і без таго выключна нізкія запасы газу ў Еўропе, паведаміла Bloomberg. Дэфіцыт блакітнага паліва пагражае Старому свету ростам цэн і перабоямі з харчаваннем, заўважыла «Бі-бі-сі». Еўрапейскі энергетычны крызіс ударыў па індустрыі ўгнаенняў, што паставіла пад пагрозу забеспячэнне прадуктамі. Як паведамляе Bloomberg, скарачэнне паставак харчавання прывядзе да скачка цэн на ежу.

На рэзкі рост кошту прадуктаў паўплывалі не толькі ўзрослыя расцэнкі на электраэнергію, але і павелічэнне выдаткаў з-за экстрэмальных умоў надвор'я і пандэміі. Затраты на транспарціроўку працягваюць расці, а перабоі ў ланцужках паставак па-ранейшаму адбываюцца з-за лакальных лакдаўнаў. Ураган Іда і шторм Нікалас таксама нанеслі сур'ёзны ўрон сельскай гаспадарцы. Паводле звестак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), цэны на прадукты харчавання дасягнулі рэкорднага ўзроўню за апошнія 60 гадоў. Асабліва моцна інфляцыя ўдарыла па найбольш бедных краінах, якія залежаць ад імпарту.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?