Вы тут

Як працуюць паліклінікі ва ўмовах росту захваральнасці на ВРВІ і COVІD-19


З верасня ў Беларусі назіраецца пад'ём захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку на COVІD-19. Медыкі звязваюць гэта з пачаткам вучэбнага года, які супаў з пагаршэннем надвор'я і істотным пахаладаннем. Сапраўды, сярод хворых на ВРВІ шмат дзяцей і падлеткаў.


Паводле інфармацыі Мінскага гарадскога цэнтра здароўя, яны складаюць каля 70 %, а захваральнасць на рэспіраторныя інфекцыі ў сталіцы знаходзіцца на звычайным для гэтага перыяду ўзроўні. Праўда, да сезонных ВРВІ цяпер дадаецца і каранавірусная інфекцыя. Апошнія тыдні, паводле даных Міністэрства аховы здароўя, штодзень у краіне рэгіструецца амаль дзве тысячы новых выпадкаў COVІD-19. Пры гэтым колькасць тых, хто зрабіў прышчэпкі, расце не так імкліва. Пакуль больш за 2 млн 342 тысячы беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны, з іх больш за 1 млн 702 тысячы прайшлі поўны курс вакцынацыі.

Як працуюць паліклінікі ва ўмовах росту захваральнасці? Як трапіць да ўрача-спецыяліста, калі ваша праблема не звязана з ВРВІ? Ці шмат ахвотных вакцынавацца і ці ёсць выбар вакцын? Як цяпер арганізавана работа амбулаторнага звяна, мы паглядзелі на прыкладзе 11-й гарадской паліклінікі Мінска і паразмаўлялі з яе галоўным урачом Ірынай БОЛДЫРАВАЙ, якую дачакаліся пасля прыёму пацыентаў.

Планавая дапамога абмежаваная. Што гэта азначае?

Каардынатар на ўваходзе ў паліклініку, здаецца, стаў звыклай для нас з'явай яшчэ з першай хвалі каранавіруса. Вам не толькі памераюць тэмпературу, але і пацікавяцца мэтай візіту. Пацыентаў з павышанай тэмпературай накіроўваюць у інфекцыйны блок — з асобнага ўваходу. Тут жа можна выклікаць урача на дом — каардынатар перадасць неабходную інфармацыю з вашымі данымі ў стол даведак. Некаторым пацыентам нагадваюць, што рэцэпт цяпер можна заказаць на сайце паліклінікі ці па тэлефоне, для гэтага неабавязкова прыходзіць. Асабліва гэта датычыцца пажылых людзей. Дарэчы, на сайтах паліклінік з канца верасня з'явіліся аб'явы з просьбай адмовіцца ад неабавязковага наведвання паліклінікі ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Магчыма, таму, што многія да яго прыслухоўваюцца, ёсць адчуванне, што ў калідорах наведвальнікаў менш, чым звычайна. Толькі да кабінетаў, дзе вядуць прыём урачы агульнай практыкі, сядзяць па некалькі чалавек.

— З 22 верасня, згодна з загадам камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, абмежавана аказанне планавай медыцынскай дапамогі, — кажа Ірына Болдырава. — Яна не адменена цалкам, але колькасць талонаў, якія выдаюцца пацыентам па папярэднім запісе да ўрачоў-спецыялістаў (іх замаўляюць толькі па тэлефоне ці праз інтэрнэт), зменшана. Пры гэтым цалкам адменены талоны да ўрачоў агульнай практыкі. Яны цяпер пераважна задзейнічаны для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з рэспіраторнымі захворваннямі, у тым ліку пацыентам з COVІD-19. Разам з тым урачы-спецыялісты, улічваючы, што ў іх абмежаваны прыём па талонах, таксама прыцягваюцца да аказання медыцынскай дапамогі дадзенай катэгорыі пацыентаў.

Урачы-спецыялісты пасля прыёму па талонах накіроўваюцца ў інфекцыйны блок, дзе аглядаюць пацыентаў з прыкметамі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Ён працуе з 8 раніцы да 20 гадзін. На прыёме тут штодзень ад аднаго да трох урачоў. Самыя загружаныя дні — панядзелак і пятніца, таму пацыентаў прымаюць адначасова тры ўрачы. А вось у аўторак, сераду і чацвер наведвальнікаў менш — спраўляюцца, як правіла, два ўрачы. Нярэдка на прыёме ў інфекцыйным блоку можна ўбачыць і галоўнага ўрача, і намеснікаў. Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі дапамогу пацыентам аказваюць літаральна ўсе медыкі.

— Колькасць пацыентаў мы адсочваем кожную гадзіну. Аператыўна рэагуем на павелічэнне чаргі, і пакуль пытанняў не ўзнікае. І я, і мае намеснікі таксама вядзём прыём, каб пацыенты доўга не чакалі, — кажа Ірына Мікалаеўна.

Работа ўсіх падраздзяленняў паліклінікі адпрацавана яшчэ ў папярэднія хвалі каранавіруснай інфекцыі. Дзённы стацыянар, напрыклад, працягвае сваю работу, але па абмежаваным графіку — усяго тры гадзіны ў дзень. Тут аказваюць дапамогу пацыентам, якія знаходзяцца ў перыядзе часовай непрацаздольнасці. Гэта, скажам, праблемы са спінай, абвастрэнні бранхіяльнай астмы, бранхіты і іншыя захворванні, пры якіх не дапамагае амбулаторнае лячэнне і патрэбны, напрыклад, курс кропельніц. У астатні час урач дзённага стацыянара задзейнічаны ў аказанні дапамогі пацыентам з прыкметамі рэспіраторных захворванняў. А вось работа аддзялення фізіятэрапіі часова спынена. Яго персанал цяпер працуе ў інфекцыйным блоку, медсёстры задзейнічаны ў якасці каардынатараў у холе паліклінікі ці дапамагаюць на прыёме ўрачам агульнай практыкі.

Да асенняга ўздыму захваральнасці паліклініка рыхтавалася загадзя. Закуплены сродкі індывідуальнай аховы для ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак — іх запас складае ад двух да трох месяцаў. У дастатковай колькасці маюцца экспрэс-тэсты на COVІD-19, якія вызначаюць наяўнасць імунаглабулінаў M і G.

Рэцэпты — па тэлефоне і праз сайт

Медыкі нагадваюць, што пацыентам, асабліва пажылым, не рэкамендуецца лішні раз прыходзіць у паліклініку. Гэта дазволіць пазбегнуць неабавязковых кантактаў, у тым ліку і з хворымі наведвальнікамі. Па рэцэпт можна звярнуцца праз рэгістратуру па тэлефоне. Медрэгістратар высветліць, ці ёсць пагаршэнні здароўя. Калі іх няма і пацыента раней аглядаў урач, прапануюць пакінуць свой тэлефон. Пасля патэлефануе ўрач, высветліць, якія неабходны рэцэпты, і медсястра даставіць іх пацыенту. Калі пацыента не аглядаў урач, ён зробіць візіт на дом.

Цяпер ёсць магчымасць заказаць рэцэпты і праз сайт. Гэта опцыя больш падыходзіць для ўпэўненых карыстальнікаў інтэрнэту, але пажылым людзям тут могуць дапамагчы іх дзеці ці іншыя блізкія. У заяўцы варта ўказаць, калі пацыент быў агледжаны ўрачом, якое прызначана лячэнне і просьбу для яго працягу выпісаць рэцэпты. З пацыентам таксама звяжуцца па тэлефоне і даставяць рэцэпты на дом.

— Мы пастаянна вядзём актыўную тлумачальную работу. Да ўздыму захваральнасці, напрыклад, нашы медыкі праводзілі сустрэчы з пажылымі людзьмі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны, дзе нагадвалі пра меры перасцярогі, у тым ліку заклікалі максімальна абмежаваць наведванне месцаў масавага збірання людзей, у прыватнасці паліклінікі. Калі дрэнна сябе адчуваеце, лепш выклікаць урача на дом, — кажа Ірына Болдырава.

Парадак работы з пацыентамі, якія хварэюць на каранавірусную інфекцыю і лечацца амбулаторна, а таксама з кантактамі першага ўзроўню не змяніўся. Праўда, у адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя № 900, зменшылася колькасць дзён самаізаляцыі. Назіранне за пацыентамі па-ранейшаму ажыццяўляюць кантактныя брыгады — як урачэбныя, так і сястрынскія. З уздымам захваральнасці іх колькасць павялічана. Урачэбная брыгада робіць агляд хворых, сястрынская выконвае забор мазкоў.

— Рост захваральнасці адзначаецца, але піку, які быў у папярэднія хвалі, мы яшчэ не дасягнулі, — канстатуе галоўны ўрач. — Аднак цяпер, у адрозненне ад папярэдніх хваль, людзі страцілі пільнасць у нашэнні масак і іншых мер перасцярогі. Нават пры ўваходзе ў паліклініку цяпер даводзіцца і прапаноўваць, і прымушаць надзяваць маскі.

Ахвотных прышчапіцца стала больш

Што датычыцца вакцын, то ў цяперашні час у паліклініцы маецца тры віды: кітайская Vero Cell, «Спадарожнік V» (беларускай вытворчасці) і «Спадарожнік Лайт» (расійскай вытворчасці) . Вакцыны дастаткова, прышчапляюць усіх ахвотных — нават тых, хто не замацаваны за паліклінікай тэрытарыяльна. Па назіраннях медыкаў, у апошнія тыдні прышчапляцца сталі актыўней, але гэта датычыцца пераважна пажылых людзей. Моладзі перад працэдурным кабінетам, які, дарэчы, працуе цэлы дзень з невялікімі перапынкамі на дэзынфекцыю, не так шмат.

Для пажылых людзей, якія абмежаваны ў перамяшчэнні, арганізаваны брыгады, што выязджаюць на дом. У вызначаныя дні, калі набіраецца пэўная колькасць ахвотных (ампулы вакцыны разлічаны на некалькі чалавек), брыгада выязджае да пенсіянераў. Вакцыну перавозяць у спецыяльных тэрмасумках. Праз 21 дзень пацыентам робіцца паўторная прышчэпка.

Выязджаюць медыкі і ў працоўныя калектывы. Прышчапіцца выказалі жаданне і супрацоўнікі прыватнага медыцынскага цэнтра, работнікі камвольнага камбіната, настаўнікі школ, персанал дзіцячых садкоў.

— Колькасць ахвотных вакцынавацца цяпер павялічваецца. У першую чаргу за кошт асоб, якія працуюць з людзьмі. Усё больш запытаў мы атрымліваем ад дзіцячых садкоў, школ, іншых арганізацый сацыяльнай сферы. У нас, дарэчы, прышчапіліся 98 % нашых супрацоўнікаў, — гаворыць Ірына Болдырава.

Большай папулярнасцю пакуль карыстаецца кітайская вакцына. Цяпер, дарэчы, у паліклініках з'явілася аднакампанентная расійская вакцына «Спадарожнік Лайт». Яна прызначана для студэнтаў, навучэнцаў дзённай формы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прызыўнікоў. Калі вы не вызначыліся з вакцынай, перад прышчэпкай падчас агляду ўрач растлумачыць усе перавагі кожнай з іх і парэкамендуе найбольш падыходзячую з улікам вашага стану здароўя. Па-ранейшаму прышчапіцца можна ў выязных пунктах, арганізаваных у гандлёвых цэнтрах, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання і інш. Медыкі 11-й гарадской паліклінікі выязджаюць у такія пункты, якія працуюць у гандлёвым цэнтры «Карона», доме-інтэрнаце для ветэранаў.

Напрыканцы размовы Ірына Мікалаеўна звяртае ўвагу на яшчэ адну важную рэч. Пры з'яўленні першых сімптомаў хваробы не варта чакаць, што ўсё пройдзе само.

— Пры з'яўленні першых прыкмет рэспіраторнага захворвання — кашлю, пяршэння, болю ў горле — трэба звярнуцца да ўрача. У нас амбулаторная дапамога вельмі даступная — можна прыйсці ў паліклініку самастойна ці выклікаць урача на дом. Калі стан дазваляе, то лепш прыйсці, каб урач паслухаў, правёў дыягностыку, прызначыў неабходныя аналізы і вызначыўся з тактыкай лячэння. Ні ў якім разе не трэба зацягваць і чакаць, «што будзе далей». Своечасова пачатае лячэнне папярэдзіць развіццё цяжкага захворвання. Важна абавязкова насіць маску, захоўваць дыстанцыю, апрацоўваць рукі, прышчапляцца — выконваць усе меры, якія вядомы. Іх захаванне дазваляе пазбегнуць непажаданых наступстваў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Задзейнічаны ўсе рэсурсы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?