Вы тут

У госці да паэта


Штогод Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры працягвае адкрываць новыя факты, звязаныя з айчыннай літаратурай і асобамі, якія яе стваралі. Так прасоўваецца наша культура. Сёння гэта сапраўдны літаратурны дом, куды можна прыйсці, каб сустрэцца з любімымі пісьменнікамі. Можна пабачыць рарытэты, дакументы, унікальныя фотаздымкі і нават пачуць запісы — галасы паэтаў.


Усё гэта было на юбілейнай вечарыне «Генадзь Бураўкін. Мой боль і запавет…» Назву арганізатары пазычылі з кнігі, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».

Падчас мерапрыемства прадставілі матэрыялы з архіва паэта, якія ўдава пісьменніка Юлія Якаўлеўна Бураўкіна перадала ў фонды музея. Яны разам з сынам былі вельмі ўражаны, як многа людзей прыйшло ўшанаваць памяць творцы.

Упершыню ў музеі былі выстаўлены і скульптурныя работы Эдуарда Астаф’ева, прысвечаныя Генадзю Бураўкіну. Скульптар падзяліўся, што знаёмства з пісьменнікамі яго ўзбагаціла, ён адкрываў дзякуючы гэтаму незвычайных, натхнёных асоб, якія вельмі любілі сваю зямлю.

Генадзь Бураўкін — паэт, журналіст, дыпламат, адзін з яскравых і самабытных прадстаўнікоў пасляваеннага пакалення. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Варта вернасці» (1980). Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў. Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава. Нельга знайсці беларусаў, якія б ніколі не чулі вершаў Генадзя Бураўкіна. Менавіта пад яго «Калыханку» расло не адно пакаленне, многія вершы сталі песнямі, у тым ліку «Завіруха» і «Зачарованая». Праз прыгожае слова паэт прасоўваў любоў да сваёй краіны і да малой радзімы — Полаччыны, да роднай мовы.

А для сяброў ён яшчэ застаўся вельмі адкрытым і шчырым чалавекам.

— Генадзя я ведаю з самага пачатку яго творчай дзейнасці. Мы вучыліся разам ва ўніверсітэце, там, на філфаку, абмяркоўвалі яго вершы. Пасля ўніверсітэта я працаваў з ім на беларускім радыё, — згадвае паэт, фалькларыст, мовазнавец, кіраўнік праекта «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цвірка. — Тады на Усесаюзным радыё выйшла перадача «Весёлая волна», і Рыгор Канавалаў, які кіраваў намі, вырашыў таксама зрабіць крытычную перадачу «На калючай хвалі», на яе прызначыў Генадзя Бураўкіна і мяне. Мы рабілі выпускі па чарзе. Бралі «рэпарцёр» на плечы і ішлі шукаць розныя грамадскія хібы. Перадача стала папулярнай, але раптам званок з ЦК, маўляў, хопіць крытыкаваць. Калі мы толькі прыйшлі працаваць, былі бяздомнікі, і Канавалаў так намі апекаваўся, што знайшоў на дваіх адну двухпакаёвую кватэру. У большым пакоі быў я з сям’ёй (тры чалавекі), а ў другім — Бураўкін з Юляй.

Зіновій Прыгодзіч, які больш за 40 гадоў быў знаёмы з Генадзем Бураўкіным, згадаў, што, дзе б яны ні перасякаліся: на мерапрыемствах ці ў грыбах — заўсёды вялі гаворку пра літаратуру. Некаторыя з тых сустрэч ён запісваў і такім чынам збіраў матэрыял. А яшчэ мае неацэнны скарб — восем гадзін дыктафоннага запісу гутаркі з Генадзем Мікалаевічам. Калі ўключае камп’ютар і чуе той запіс, ствараецца поўная ілюзія, што сябар нікуды не сыходзіў, што ён побач.

Дарэчы, сам Генадзь Бураўкін не пакінуў кнігі ўспамінаў, хаця ў яго былі такія планы і нават падрыхтавана назва — «Вузлы памяці». Зрабіць такую працу пісьменніка ўпрошвалі яго сябры, у тым ліку Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Спачатку Генадзь Мікалаевіч гаварыў, што зарана брацца за гэтую справу, а пазней паставіўся да пытання з містычнай фатальнасцю. Казаў, што яго найбліжэйшыя сябры напісалі ўспаміны і пасля вельмі хутка пайшлі з гэтага свету. Так ён адкладаў да апошняга… Але памяць засталася, яна перадаецца і да гэтага часу праз кнігі, фотаздымкі, дакументы і цёплыя гісторыі тых, хто быў побач з пісьменнікам.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».