Вы тут

Стварэнне новага сусвету


XIV Нацыянальны фестываль архітэктуры — маштабны «архітэктурны парад», які арганізоўваецца Беларускім саюзам архітэктараў пры падтрымцы шэрагу беларускіх і замежных дзяржаўных ведамстваў: Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міжнароднага саюза архітэктараў, Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў, Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.


Уладальніца Гран-пры XV Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь Кацярына Вішнеўская (справа) з навуковым кіраўніком Вольгай Бадзяка.

Каранямі традыцыя сыходзіць у далёкі 1999 год. Менавіта тады, дзякуючы намаганням брэсцкіх дойлідаў і па іх ініцыятыве, у Брэсце паспяхова прайшоў I Нацыянальны фестываль архітэктуры. Спачатку фэст ладзіўся штогадова, але па выніках чатырох спроб, у 2003-м, было вырашана перафарматаваць яго ў біенале: інтэрвал павялічылі да двух гадоў. Дарэчы, з таго часу пастаяннай пляцоўкай для правядзення форуму і з’яўляецца Мінск. Першапачатковая праграма ўключала толькі Рэспубліканскі агляд-конкурс на найлепшы архітэктурны твор, аднак за час існавання фестываль значна разросся.

Сёння Нацыянальны фестываль архітэктуры — мноства секцый і конкурсаў, як уласна фестывальных, што адбываюцца ў межах асноўнай праграмы, так і паралельных ёй. Сярод гэтага мноства — і агляды дыпломных праектаў выпускнікоў адпаведных навучальных устаноў, і конкурсы малюнкаў ды дзіцячай творчасці, і згаданы «Леанарда», і, само сабой, конкурс на найлепшы праект, пабудову або публікацыю ў галіне архітэктуры, а таксама шматлікія прэміі і ўзнагароды: ад ганаровага прыза «Дойлід Рэспублікі Беларусь» да Міжнароднай прэміі імя Лазара Хідэкеля.

Адным з важных мерапрыемстваў форуму з’яўляецца Рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь (сёлета — ужо пятнаццаты!). Правядзенне падобных спаборніцтваў сярод маладых талентаў — рэч карысная, ды не толькі ў вузкапрафесійным сэнсе (хаця не без гэтага), але і ў звычайным абывацельскім. Заўсёды цікава паглядзець, якую будучыню прапануюць нам маладыя розумы. Вывучаючы дыпломы, можна нават з пэўнай доляй упэўненасці вызначыць, у якім рэчышчы будзе развівацца нацыянальная (або, напэўна, усё ж «інтэрнацыянальная») архітэктура ў найбліжэйшыя гады.

МВЦ «Екацярынбург-Экспа» — конкурсны праект біенале «Леанарда».

Для саміх жа ўдзельнікаў падобныя конкурсы — добрая магчымасць заявіць аб сабе, засвяціцца на вялікім рынку (усё ж такі архітэктура — вельмі канкурэнтная сфера), нават, верагодна, знайсці патэнцыяльнага работадаўца… Падвядзенне вынікаў XV агляду адбылося 2 кастрычніка, у суботу, у канферэнц-зале Рэспубліканскага Дома архітэктараў. Журы, у складзе якога былі як беларускія, так і міжнародныя эксперты, прысудзіла Гран-пры праекту «Ландшафтна-рэкрэацыйная рэабілітацыя тэрыторыі, што прымыкае да Рапаўскага возера ў г. Гомелі» выпускніцы БелДУТ Кацярыны Вішнеўскай.

У конкурсе, тым не менш, удзельнічалі і іншыя цікавыя праекты. Напрыклад, вельмі нетрывіяльнымі аказаліся мастацка-тэхнічныя рашэнні, прапанаваныя ўладальнікамі дыпломаў першай ступені ў намінацыях «Архітэктура» і «Архітэктура грамадскіх будынкаў» — Ганнай Елісеевай і Міхаілам Навумавым. Ганна, выпускніца магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа, прадставіла на конкурсе праект новага каталіцкага храма, а выпускнік БНТУ Міхаіл — праект «навукова-даследчыцкага цэнтра ў складаных умовах асяроддзя». Экстэр’ерныя рашэнні абедзвюх работ атрымаліся надзвычай лаканічнымі, лёгкімі, сугучнымі перадавым архітэктурным тэндэнцыям.

Праекты пераможцаў складаюць пастаянную экспазіцыю сёлетняга фестывалю, якая размясцілася ў Доме архітэктараў. Акрамя дыпломных работ у яе ўваходзяць творы, прадстаўленыя на III Рэспубліканскім конкурсе архітэктурнага малюнка студэнтаў вышэйшых архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь, а таксама карціны, створаныя ўдзельнікамі VII Рэспубліканскага мастацкага конкурсу дзіцячай творчасці «Архітэктура роднага краю вачыма дзяцей». У апошнім бяруць удзел дзеці ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў.

І, хаця падобныя конкурсы даўно не навіна, усё адно цікава паназіраць за тым, як юныя мастакі — нярэдка ў вельмі дзіўнай манеры — выяўляюць навакольны свет.

Адной з цэнтральных падзей своеасаблівага двухтыднёвіка архітэктуры стане падвядзенне вынікаў IX Мінскага Міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда», амаль непараўнальнага па сваіх маштабах архітэктурнага мерапрыемства ў нашай краіне. Па геаграфічным ахопе «Леанарда» — адно з найбуйнейшых біенале ва ўсходнееўрапейскім і, шырэй, еўразійскім рэгіёне. Уласна, геаграфія выстаўкі распасціраецца ад кітайскай граніцы на Усходзе і да граніцы іспанскай на Захадзе, ад Турцыі на Поўдні і да Фінляндыі на Поўначы.

Нацыянальная пляцоўка пад адкрытым небам (Межапарк у Рызе) — конкурсны праект біенале «Леанарда».

Без перабольшанняў, знакавае мерапрыемства.

Заўтра, 9 кастрычніка, будуць падведзены яго вынікі (само біенале распачалося яшчэ ў ліпені). На ўзнагароду ў гэтым годзе вылучана шмат цікавых праектаў, як рэалізаваных, так і патэнцыйных. Аднак Гран-пры малады архітэктар (да 40 гадоў) можа атрымаць выключна за гатовую пабудову. Сярод сёлетніх заявак некаторыя выдзяляюцца асабліва: неверагоднае архітэктурнае рашэнне аэрапорта ў Растове-на-Доне ад праектнай майстэрні Buro Bitus, цудоўны «Екацярынбург-Экспа» ад таго ж прадпрыемства, некаторыя цікавыя прыватныя катэджы (у тым ліку ад беларускіх майстроў).

У другой катэгорыі (назавём яе «толькі на паперы»), як ні дзіўна, нярэдка сустракаюцца не па часе футуралагічныя праекты. Будынкі гіганцкіх, але зусім не матываваных маштабаў. Думаецца, багатым краінам Азіі з іх мэтанакіраванасцю і калектывізмам падобныя рэчы цалкам па сілах і ў нашыя дні, але ўявіць такія ж мегаамбіцыйныя пабудовы сёння ў еўрапейскім клімаце цяжкавата… Варта згадаць, што біенале маладых архітэктараў заснавана ў 2005 годзе, з таго часу кожныя два гады яно праходзіць у Мінску. Спачатку за арганізацыю адказваў Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД, з 2009 года гэтым займаецца Міжнародны саюз архітэктараў.

Нацыянальны фестываль архітэктуры завершыцца 16 кастрычніка падвядзеннем вынікаў XX Рэспубліканскага конкурсу на найлепшыя «Праект», «Пабудову» і «Публікацыю» ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і дызайну. Спаборніцтва айчынных дойлідаў, праекціроўшчыкаў, дызайнераў і даследчыкаў павінна стаць сапраўднай кульмінацыяй усяго свята. Па яго выніках можна будзе меркаваць аб сучасным стане архітэктуры ў Беларусі і нават спрагназаваць напрамак далейшага развіцця. Уласна ўдзельнікі змогуць атрымаць карысную зваротную сувязь…

Акрамя таго, нагадаем, што ў межах Нацыянальнага фестывалю праводзяцца і імпрэзы меншага калібру: усемагчымыя абмеркаванні, анлайн-канферэнцыі, майстар-класы, прэзентацыі і экскурсіі. У дзень адкрыцця кожны ахвотны мог далучыцца да майстар-класа вядомага архітэктурнага практыка Барыса Школьнікава, а ўжо сёння адбудзецца экскурсія па сталіцы для галоўных архітэктараў абласцей і раёнаў… Спяшайцеся далучыцца да фестывалю!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайта bsa.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.