Вы тут

І з тых ручаін рэчка поўніцца


Беларусаў па свеце, за межамі Бацькаўшчыны, — больш за тры мільёны. І газета «Голас Радзімы» дапамагае ім падтрымліваць сувязі з родзічамі, сябрамі, зямлёю продкаў, не адрывацца назусім ад роднага берага.


Усяму свой час, кажуць у народзе. І пасеянае зерне  прарасце, і зробленая справа дасць плён. То ёсць свая логіка, пэўна ж, і ў тым, што ў пару збору ўраджаю ўшанавалі ў сталіцы журналістаў. На мінулым тыдні ў малой канцэртнай зале «Мінск» праходзіў рэспубліканскі семінар для дзяржаўных СМІ «Маркетынг і новыя медыя». Там і ўручылі дыпломы, ганаровыя граматы пераможцам і лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ — за найлепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных дачыненняў, міжкультурнага дыялогу ў Беларусі ды супрацу з суайчыннікамі за мяжой. Газета «Голас Радзімы», яе супрацоўнікі — у ліку пераможцаў і дыпламантаў.

Конкурс штогод праводзяць Міністэрства інфармацыі ды Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, а вынікі падводзілі раней напярэдадні Дня друку, найлепшых ушаноўвалі на выстаўцы «СМІ ў Беларусі». З-за каранавіруса і летась, і сёлета падзея расцягваецца ў часе.

У мінулыя гады газета «Голас Радзімы» не раз адзначалася арганізатарамі згаданага конкурсу. Нам удаецца (хоць калектыў і малалікі) праз сацсеткі, месенджары, пры дапамозе электроннай пошты падтрымліваць кантакты, весці сістэмную работу з шэрагам беларускіх суполак, вядомых супляменнікаў замежжа. Такая практыка прызнана як каштоўны досвед, калі аўтарскі калектыў выдання ў 2017-м быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Узнагароду мы атрымалі менавіта «за плённае супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і прафесійнае асвятленне пытанняў міжкультурнага дыялогу ў Беларусі».

І вось нядаўна міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў ды Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак уручалі новыя ўзнагароды. Дыпломамі Упаўнаважанага ў «асабістым заліку» адзначаны галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы» Іван Ждановіч і рэдактар аддзела Ганна Лагун. Рэдакцыя «ГР», якая з 2018-га ў складзе Выдавецкага дома «Звязда», ушанавана пахвальнай граматай Упаўнаважанага. Тры ўзнагароды! Найболей жа ўдзельнікаў конкурсу, а таксама і ўзнагарод, адзначыў Аляксандр Аляксеевіч, было з Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Падчас урачыстасці Упаўнаважаны звярнуўся да ўсіх журналістаў: «Сфера міжнацыянальных і міжканфесійных дачыненняў надзвычай тонкая. Таму прашу вас: пішыце, калі ласка, пра яе акуратна, з душой і з любоўю да людзей — каб, як кажуць ва ўрачоў, не нашкодзіць».

Па тонкай лініі гэтай і мы ходзім. Пішам пра людзей розных нацыянальнасцей, расказваем пра іх жыццё ў Беларусі. А дзяржава беларуская спрыяе таму, каб свае этнакультуры яны тут развівалі, таленты раскрывалі. У артыкуле «Свае людзі ў вялікай сям’і» («ГР», 31.08.2021) пісалі мы, як у Міжнародны дзень дружбы сустракаліся з журналістамі ў прэс-цэнтры мінскага Дома прэсы загадчыца сектара апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Алена Бязручка ды кіраўнікі нацыянальных суполак Беларусі. Алена Рыгораўна казала: прадстаўнікі 156 нацыянальнасцей жывуць у краіне. І хоць гавораць яны часам на розных мовах, але ж усе разумеюць, як важна зберагчы тут мір, спакой, стабільнасць у грамадстве, як важна генерыраваць пазітыўны настрой у нашай шматнацыянальнай сям’і. Усяго ж у Беларусі зарэгістраваны, вядуць дзейнасць больш за 200 нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, іх аргструктур, створаных прадстаўнікамі 25 нацыянальных меншасцей. Пра свае суполкі, іх справы, планы на будучыню расказалі на прэс-канферэнцыі актывісты й кіраўнікі «Кангрэса азербайджанскіх абшчын», «Саюза палякаў на Беларусі», аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», Грузінскага культурна-асветніцкага таварыства «Мамулі», Беларускага грамадскага аб’яднання «Русь», Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

І яшчэ больш увагі, чым нацыянальным суполкам у Беларусі, мы надаём дзейнасці, пашырэнню досведу работы беларускіх суполак у замежжы. Гадамі адладжваліся кантакты з вядомымі беларусамі замежжа, і, паколькі рыхтуюцца гэтыя нататкі для «ЛіМа», назаву тых, хто мае дачыненне да літаратуры і мастацтва. У рэдакцыйным партфелі ёсць тэкст Наталлі Прушынскай з Петразаводска. Яна па нашай просьбе напісала, як перакладала вядомы раман свайго бацькі Андрэя Мрыя— «Запіскі Самсона Самасуя»  — на рускую мову. Дасланы пытанні, чакаем адказы ад вядомай паэтэсы з Казахстана Любові Шашковай (родавыя карані ў яе з вёскі Васілёўкі — раней Парыцкі раён, кіламетраў 30 ад Бабруйска). Напрыканцы жніўня заходзіў у рэдакцыю наш сябар Вячаслаў Ігнаценка — вядомы мастак з Кішынёва, сябра Саюза мастакоў Малдовы, ураджэнец вёскі Пярэдзелка Лоеўскага раёна. Ён паўдзельнічаў у цікавым пленэры на Бацькаўшчыне — збіраемся пра тое расказаць. Даслаў свае паэтычныя зборнікі з просьбай перадаць у бібліятэкі, музеі Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюмені, да таго ж паэт Уладзімір Шугля (родавыя карані — з вёскі Руціцы Карэліцкага раёна), пра якога мы не раз пісалі ды ў гасцях у цюменскіх беларусаў былі. Выйшла новая кніга-каталог паштовак у вядомага мастака з Рыгі Вячкі Целеша (род яго — з пасёлка Краснасельскі, Ваўкавыскага раёна) — маем намер пра тое расказаць. А вось мастака Уладзіміра Банцэвіча, які да таго ж быў пісьменнікам, кіраваў Саюзам беларусаў Дону, сёлета не стала. Нарадзіўся ён у 1949-м у вёсцы Камень на Піншчыне, у дзяцінстве жыў на Случчынне — там, дзе гаспадарыў у калгасе знакаміты Васіль Корж. І нават партрэт Героя мастак напісаў. З Уладзімірам Мікалаевічам былі мы ў цікавай супрацы, расказвалі пра яго экспедыцыі на Бацькаўшчыну — і хочацца памяць яго тут ушанаваць.

Цяпер у нашай рэдакцыйнай перапісцы — звыш чатырох дзясяткаў адрасоў. Каштоўны досвед працы беларусаў замежжа на карысць роднай культуры, Бацькаўшчыны можна параўнаць з паўнаводнымі ручаямі, што напаўняюць нашу агульную Беларускую Раку. Па-рознаму складваліся ў мінулым і цяпер складваюцца лёсы землякоў. Часам аж за акіяны трапляюць у пошуках лепшае долі. Дарэчы, і вядомы паэт Сяргей Панізьнік цяпер — беларус замежжа: ён жыве ў Канадзе, у дачкі. З перапіскі з Сяргеем Сцяпанавічам «з берагоў возера Гурон», з разваг пра магчымыя беларускія родавыя карані Хрыстафора Калумба нарадзіліся ў мяне радкі: «З Калумбавай славай — бы з хвалямі жыць, // З тугой-настальгіяй ды сэрцам у скрусе. ...Адкрыць бы мне толькі, спазнаць і ўмясціць // Бязмежную веліч маёй Беларусі». Працуючы разам з актыўнымі землякамі з замежжа, няштатнымі аўтарамі газету «Голас Радзімы» — мы гэта й спрабуем рабіць: адкрываць нанова, спасцігаць, умяшчаць бязмежную веліч нашай Бацькаўшчыны.

Іван ЖДАНОВІЧ, галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».