Вы тут

Дух вечнай Айчыны


Тое, што адбылося ў 1905 годзе ў фальварку Беліца пад Мінскам, — лішняе пацвярджэнне, як выпадак можа ўнесці ў жыццё чалавека такую змену, што паўплывае на далейшы лёс. У дзень нараджэння жонкі яго ўладальніка Яна Булгака нехта з гасцей падарыў фотаапарат. Аднак новы на той час занятак яе цікавіў нядоўга. Затое муж захапіўся ўсур’ёз.


Ян Булгак.

Справа пайшла на лад, калі знайшоў настаўнікаў — навагрудскага фатографа Баляслава Ігнація Данейку і свайго стрыечнага брата Караля Карповіча з Чаброва. Крыху пазней у сваёй сядзібе Пярэсека, таксама пад Мінскам, абсталяваў уласную фоталабараторыю. Калі ж даведаўся, што рэдакцыя дадатку да штодзённай польскамоўнай газеты «Літоўскі кур’ер» — «Ілюстраванае жыццё» аб’явіла конкурс, паслаў на яго некалькі здымкаў. Як жа здзівіўся, атрымаўшы галоўную ўзнагароду.

Так, дзякуючы выпадкова падоранаму фотаапарату, і пачалася творчая біяграфія знакамітага беларускага і польскага фатографа, аўтара мастацка-краязнаўчай фатаграфіі, этнографа, фалькларыста Яна Булгака — аднаго з самых выдатных фотамайстроў свету першай паловы ХХ стагоддзя.

Радзіма яго — старадаўняя, багатая на падзеі навагрудская зямля. Нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 года ў Асташыне, які тады называлі Мураваным. У сям’і быў адзіным дзіцем, што не магло не накласці адбітак на стаўленне да яго бацькоў. Ужо дарослым згадваў: «Мае дзіцячыя гады — […] бесперапынны працяг шчаслівых дзён, напоўненых незамутненай радасцю на вачах добрых і любячых бацькоў. Калі зараз аглядаю іх здалёк, яны здаюцца мне такімі прамяніста-прыгожымі, што не хацелася б пра іх гаварыць нічога іншага, толькі словы захаплення. Але яны мелі і дрэнны бок: я быў распешчаны маці, што з’яўляецца звычайным лёсам і няшчасцем адзіных дзяцей. […] Маці мела слабое здароўе і не магла больш мець дзяцей, таму ўсю мацярынскую любоў сканцэнтравала на мне адным, а тым больш, што ў першыя гады жыцця я быў слабаваты, часта хварэў і вельмі непакоіў гэтым бацькоў».

Засведчыў гэта ў сваёй кнізе «Край дзіцячых гадоў», якую сам так і не паспеў пабачыць і якая, выдадзеная ў 2003 годзе ў арыгінале па-польску, праз год перакладзеная на беларускую мову, пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Аднак гэта толькі частка яго літаратурнай творчасці. Яшчэ ў 1917—1918 гадах захапіўся паэзіяй. Верш «Мая Зямля» быў выдадзены ў Вільні. Значна пазней, у 1937 годзе, выйшла аўтабіяграфічная аповесць «Л. О. М.». Аўтар яе пазнаецца ў вобразе галоўнага героя — малалетняга Юрэка. Некаторыя персанажы — яго родныя і блізкія — пададзены пад сваімі прозвішчамі.

Ад гэтай аповесці адштурхоўваўся, пішучы ўспаміны «Край дзіцячых гадоў». Больш за тое, як зазначае ў пасляслоўі да беларускамоўнага выдання «Ян Булгак. Жыццё і творчасць» Іаланта Б. Кухарская, «амаль сто старонак аповесці склалі першую версію пазнейшага тэксту ўспамінаў пра дзіцячыя гады». За мемуары ўзяўся ў студзені 1940 года ў Вільні, дзе тады жыў. Да кастрычніка 1942-га машынапісны тэкст налічваў 600 старонак, «…інтэнсіўнай працы дома спрыяла ўведзеная каменданцкая гадзіна». Выканаўшы такі вялікі аб’ём работы, а галоўнае, адлюстраваўшы дзіцячы і юнацкі перыяд у сваім жыцці, аформіў гэтыя матэрыялы як першы том.

Працу прадоўжыў у лістападзе 1942 года, назваўшы другі том «Паўжыцця ў Вільні». На жаль, ён так і не быў завершаны. Адбылося тое, што прымусіла ў роспачы правесці не адзін дзень: у ліпені 1944-га звыш 300 перадрукаваных на машынцы старонак згарэла. Тэкст спрабаваў аднавіць па памяці. Але напісаў усяго тры старонкі, бо цалкам захапіла фатаграфія.

Аднак і ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў» дастаткова, каб гаварыць пра Яна Булгака як пра творцу, які меў і вялікія літаратурныя задаткі. Па сутнасці, гэта не проста традыцыйныя мемуары, а дакументальная аповесць, у якой знайшлося месца і таму, што спрыяла фарміраванню яго светапогляду, станаўленню характару. Гучыць усхваляваная споведзь душы, чулай да прыгажосці. Найбольш уражваюць старонкі, дзе расказваецца пра атмасферу, што спадарожнічала яму ў Асташыне, узнаўляецца той «сельска-анёльскі» фон, на якім «пражыў свае дзіцячыя гады ў шчасці».

Багатыя гэтыя згадкі і на фактычны матэрыял пра жыццё ўвогуле, побыт таго шляхецкага асяродка, у якім Ян Булгак гадаваўся. Праз аповеды пра родных і блізкіх яму людзей узнаўляе тую патрыярхальшчыну, што, несучы ў сабе мноства элементаў старасветчыны, мацавалася на народных традыцыях, прытрымлівалася высокіх маральных прынцыпаў. Яны ўспрымаюцца тым здаровым мікракліматам, які спрыяў фарміраванню не аднаго пакалення ў духу патрыятызму, любасці да роднай зямлі.

Але «Край дзіцячых гадоў» — не толькі вяртанне ў гады маленства і юнацтва сталага ўжо аўтара. Гэта і жаданне з вышыні пражытых гадоў высветліць вытокі свайго роду, а праз яго зазірнуць у мінуўшчыну ўсяго краю. Невыпадкова першай кнізе дадзена менавіта такая назва, а не якая-небудзь іншая. Адштурхоўваючыся ад вядомага выслоўя свайго знакамітага земляка Адама Міцкевіча, Ян Булгак у нечым як бы пераклікаецца з яго «Панам Тадэвушам», з якога і ўзяты згаданыя радкі.

Як «Пан Тадэвуш» успрымаецца паэтычнай энцыклапедыяй жыцця Навагрудчыны часоў, блізкіх выдатнаму песняру, так і «Край дзіцячых гадоў» таксама шмат у чым бярэ на сябе гэтую ролю. З той розніцай, што Ян Булгак піша ў прозе. А яшчэ праз сто гадоў пасля Адама Міцкевіча. Аднак ёсць у яго і тое, што дазваляе мець перад Адамам Міцкевічам, не пабаімся гэтых слоў, пэўную перавагу. Вядома, у яго не было такіх літаратурных здольнасцей, як у аўтара «Пана Тадэвуша», але прысутнічала іншае: уменне як бы «фатаграфаваць» рэчаіснасць. Гэта дазваляла ўзнаўляць у памяці даўнія падзеі так, быццам сам з’яўляешся іх сведкам. І тут Булгаку-літаратару, канешне, вельмі дапамагаў вопыт Булгака-фотамайстра.

Атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў хатніх умовах, ён вучыўся ў віленскай гімназіі, пасля заканчэння якой у 1897 годзе паступіў на факультэт філасофіі мясцовага ўніверсітэта. Але праз два гады з-за фінансавых цяжкасцей вярнуўся ў родныя мясціны. Спачатку жыў у маёнтку Пярэсека, атрыманым у спадчыну ад стрыечнага дзеда Адама Грынеўскага і маці, а пасля і прыдбаў Беліцу. Потым вярнуўся ў Пярэсеку, дзе і пачаў плённа авалодваць сакрэтамі фотасправы.

Перамогшы ў конкурсе, праведзеным «Ілюстраваным жыццём», па-сапраўднаму паверыў у свае сілы, а таму праз два гады асмеліўся выйсці на міжнародную арэну. Якраз у Бруселі праводзілася сусветная фатаграфічная выстаўка. Праўда, гэтым разам у лік пераможцаў не трапіў. Пакуль цяжка было на роўных сапернічаць з тымі, хто ўжо стаў прызнаным майстрам.

Тым не менш удзел у выстаўцы не прайшоў марна. Засвяціў сваё імя, завёў шэраг знаёмстваў з тымі, хто карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Дзякуючы гэтаму, прасцей стала наладжваць сувязь з Парыжскім фотаклубам, які на той час карыстаўся вялікай вядомасцю. Янам Булгакам зацікавіўся адзін з самых вядомых французскіх фатографаў Канстанціне Пуё.

Плённымі сталі стасункі з рэдакцыяй варшаўскага часопіса «Зямля». У гэтым выданні ён не толькі змяшчаў свае здымкі. Выступаў і з артыкуламі. Вялікую ўвагу надаваў краязнаўчай тэматыцы. Гэта было адкрыццё Радзімы. У нечым і для самога сябе, аднак і з такім намерам, каб яно з’явілася і адкрыццём для іншых. Што важна — не ў апошнюю чаргу праз фіксацыю аб’ектывам фотаапарата. У нечым ішоў тым шляхам, што і Напалеон Орда.

Напалеон Орда, як вядома, на сваіх гравюрах з дакументальнай дакладнасцю ўзнаўляў сядзібы і памятныя мясціны, адлюстроўваў гарадскую архітэктуру. А Ян Булгак у ваколіцах Мінска і Навагрудка да 1911 года зрабіў некалькі соцень здымкаў.

Не абмінаў, канешне, і прыгожых краявідаў, разумеючы, што непаўторнасць іх таксама вартая адлюстравання. Аднак галоўнае для яго было сфатаграфаваць тое (Напалеон Орда — каб намаляваць), што з гадамі страціць свае цяперашнія выявы. Таму са стараннем «прыглядаўся» аб’ектывам да гістарычных мясцін Навагрудка, Міра, Крэва — да таго, што засталося ад колішніх часоў і па-ранейшаму нагадвала пра сваю веліч.

Нямала дало яму знаёмства восенню 1910 года з мастаком Фердынандам Рушчыцам, які на той час ужо хораша зарэкамендаваў сябе ў віленскім творчым асяродку як творца, які аддаваў перавагу палотнам, тэматычна звязаным з адлюстраваннем малой радзімы. Яго цікавіла Валожыншчына, Яна Булгака — Навагрудчына. Тое, што Фердынанд Рушчыц адлюстроўваў пры дапамозе фарбаў, ён узнаўляў чуйным вокам фотаапарата.

Яны хутка знайшлі агульную мову, а знаёмства неўзабаве перарасло ў сяброўства. Дзякуючы Фердынанду Рушчыцу зацікавіўся жывапісам. Спазнаўшы яго хараство, і ў сваёй творчасці пачаў адыходзіць ад звычайнага адлюстравання таго ці іншага аб’екта, а аддаваць перавагу эстэтычнаму боку. Ад здымкаў, якія неслі ў сабе толькі дакументальны пачатак, перайшоў да мастацкай фатаграфіі.

Найлепшымі работамі гэта засведчыла серыя «Літва ў фотаздымках Яна Булгака». У сапраўднасці яны амаль цалкам выкананыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Усяго набралася ажно шэсць тамоў. У «Віленскім штогодніку», «Ілюстраваным штогодніку», у часопісе «Варшаўскі фатограф» было надрукавана 270 здымкаў.

Фердынанд Рушчыц падказаў яму і, як прызнаваўся Ян Булгак, заняцца «фатаграфічнай інвентарызацыяй архітэктурных помнікаў Вільні, суседніх раёнаў і, нарэшце, усёй Польшчы». Праца заняла амаль чатыры гады. Толькі здымкаў, што адлюстроўвалі розныя аб’екты Вільні, было зроблена звыш 800. Атрымаўся мастацкі летапіс як відаў старога горада ў цэлым, так і асобных палацаў, цэркваў, касцёлаў і нават жылых дамоў, што мелі гістарычную каштоўнасць.

Найбольш плённы перыяд у творчасці Яна Булгака пачаўся з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Зробленае ім па вартасці ацэньвалася на шматлікіх выстаўках мастацкай фатаграфіі: рознага шэрагу ўзнагароды, ухвальныя водгукі ў друку. Яго ведалі ў Парыжы, Лондане, Бруселі, Нью-Ёрку, Сан-Францыска… Выходзілі альбом за альбомам. Дзякуючы Яну Булгаку з’явіўся новы тэрмін «фотаграфіка», пад які трапляла і мастацкая фатаграфія.

Колькасць здымкаў даўно перасягнула некалькі тысяч, а ён працягваў працаваць з ранейшай нястомнасцю. Толькі ў асабістым архіве, які згарэў у вайну, былі негатывы і альбомы з 10 тысячамі здымкамі серыі «Польшча ў фатаграфічных карцінах».

Смерць напаткала Яна Булгака 4 лютага 1950 года. У адным са сваіх вершаў ён пісаў: «…на паперы сею простыя словы, як жыта». Гэтае параўнанне падыходзіць і да яго фатаграфічнай творчасці, што ўяўляла сабой сяйво вобразаў простых, як і тое жыта, аднак надзіва непаўторных і значных, якія дазвалялі адчуць (таксама пакарыстаемся ягонымі словамі) «дух вечнай Айчыны».

Глеб ВАРАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.