Вы тут

Як Дзень маці адсвяткуюць у радыёэфіры?


Спецыяльна да свята 14 кастрычніка радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі круглы стол, тэматычныя эфіры, конкурсы ў сацыяльных сетках і жывы канцэрт музычных калектываў медыяхолдынгу. 


Фота: pixabay.com

У эфіры Першага нацыянальнага канала запланаваны тэматычны круглы стол. У вялікай студыі Дома радыё збяруцца прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, Асацыяцыі шматдзетных бацькоў, духавенства, дэпутаты, каб абмеркаваць пытанні дзяржаўнай сямейнай палітыкі, падтрымкі мацярынства і дзяцінства. А музычным падарункам для гасцей эфіру стане жывы выступ заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. У перадачы «Паэтычны эцюд» у гэты дзень прагучаць вершы беларускіх паэтаў, якія творцы прысвяцілі маці. Адрасаваць цёплыя віншаванні любімым матулям можна будзе ў эфіры праграмы «Вітаем, віншуем, жадаем!». Што да інфармацыйных выпускаў, то там знойдуць адлюстраванне мерапрыемствы

Тыдня маці ў рэгіёнах краіны і ў сталіцы. Для падпісчыкаў афіцыйнага акаўнта Першага нацыянальнага канала ў Instagram падрыхтавалі конкурс з каштоўным прызам, а для ўдзелу дастаткова проста апублікаваць сэлфі з мамай альбо бабуляй. 

На радыёстанцыі «Сталіца» пачуем тэматычныя рубрыкі і музычныя кампазіцыі. Аўтары спецвыпуску праграмы «Сіла прыцягнення» запрашаюць аўдыторыю ў Жодзіна, дзе знаходзіцца манумент у гонар маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай: усе яе пяцёра сыноў абаранялі радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А малодшы Пётр — герой Савецкага саюза. Акрамя гэтага ў перадачы «Невядомая сталіца» раскажуць пра паходжанне свята Дня маці і пазнаёмяць слухачоў з вядомымі жанчынамі-маці, якія пакінулі след у гісторыі роднага краю. 

Канал «Культура» будзе віншаваць матуль тэматычнымі музычнымі падборкамі на працягу ўсяго дня. А ў публіцыстычным праекце «Дыялогі пра культуру» гаворка пойдзе пра сямейнае выхаванне і ролю мамы ў жыцці дзіцяці. Эфірнае святкаванне Тыдня маці працягнецца і на выходных. У рамках яго паэтычны праект «Прачулым радком» пазнаёміць з вершамі беларускіх паэтаў, прысвечанымі самаму дарагому чалавеку. 

На «Радыус FM» таксама падрыхтавалі для слухачоў тэматычныя рубрыкі і конкурс у сацыяльных сетках. А госцем праграмы «У тэме» стане мама пяці дзяцей, якая падзеліцца сакрэтамі таго, як сумяшчаць мацярынства з вядзеннем fashion-блогу. 

Эфірная акцыя да Дня маці пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі. Будзьце на хвалі свята і любімага радыё.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.