Вы тут

Алім Селімаў: Беларусы нязручныя для сапернікаў. А чаму мы не павінны такія быць?


«Выступаць самому значна лягчэй, чым глядзець выступленні іншых», — сцвярджае Алім Селімаў, двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе. У маі 2021 года ён узначаліў Беларускую федэрацыю барацьбы, таму мае рацыю. Адна справа — несці адказнасць за сваё выступленне, і зусім іншая — за ўсіх беларускіх барцоў. Пакуль яны не падводзяць: толькі за два апошнія месяцы беларусы заваявалі тры медалі на Алімпійскіх гульнях, два — на юніёрскім чэмпіянаце свету, дзесяць — на Гульнях СНД. Ад гэтага адказнасць для кіраўніцтва толькі расце. Пра свае планы, мэты і задачы ў якасці лідара беларускай барацьбы Алім Селімаў расказаў «Звяздзе».


— Алім Максімавіч, за час вашага знаходжання на пасадзе старшыні федэрацыі адбылося мноства падзей. Самая важная — Алімпійскія гульні, дзе барцоўская каманда стала самай паспяховай. Не лічыце, што гэта добры задзел на будучыню?

— Я спадзяваўся, што ў Токіа ў нас будзе 2-3 медалі. Але заўсёды хочацца больш. Я прагны да вынікаў, усім падабаецца быць на вяршыні. На Алімпіядзе ў Рыа ў нас было тры медалі́, вельмі не хацелася зніжаць планку. І атрымалася нават лепш, сёлета было два «серабра», а ў Рыа было дзве «бронзы». І калі ісці па нарастаючай, у Парыжы хочацца быць на вяршыне п'едэстала. Усё, што залежыць ад федэрацыі, мы зробім, будзем дапамагаць спартсменам, і хацелася б бачыць аддачу і ад іх. У нашым РЦАП у Стайках зроблены такія ўмовы, пра якія я ў свой час нават марыць не мог, хоць і не магу сказаць, што мне чагосьці не хапала. І гэтыя ўмовы будуць толькі паляпшацца. Ужо пачалася падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у Парыжы, дзе мы пастараемся не проста паўтарыць поспех, а і пераўзысці яго.

— На падрыхтоўку паўплывае тое, што гэты алімпійскі цыкл працягваецца тры гады замест чатырох?

— Не сказаў бы. Так, трэнерам будзе цяжэй пераглядзець планы падрыхтоўкі, расставіць прыярытэты, правільна спланаваць нагрузачны рэжым. У нас кожны год праводзіцца чэмпіянат свету. Па сутнасці, чым адрозніваюцца гэтыя турніры? Алімпійскія гульні — больш рэзанансная падзея, там збіраюцца ўсе віды спорту, большая ўвага прэсы. Гульні маюць статус галоўнага старту. Пра спартсменаў пастаянна гавораць, ад іх чакаюць медалёў, жадаюць поспеху, праводзяць, нібыта на вайну. Спартсмены адчуваюць вялікую адказнасць і нават ціск. А насамрэч мы так рыхтуемся кожны год да чэмпіянату свету. І падрыхтоўка ніяк не адрозніваецца ад падрыхтоўкі да Алімпіяды.

— Назіраючы за Алімпійскімі гульнямі, іншымі міжнароднымі спаборніцтвамі, вы заўважылі, наколькі змянілася барацьба ў параўнанні з тым часам, калі вы самі выступалі?

— Прагрэс ідзе ўперад, усё мяняецца, у тым ліку і барацьба. Мянюцца правілы, вагаваыя катэгорыі, адносіны суддзяў да спартсменаў, сама карцінка барацьбы. Некалькі гадоў таму грэка-рымская барацьба была на мяжы выключэння з алімпійскай сям'і. Старэйшы від спорту! Тады ўвесь барцоўскі свет падняўся на дыбкі. А прычына — недастатковая відовішчнасць, невялікі інтарэс гледачоў. Насамрэч гэта не так. Можна ўключыць любое відэа са спаборніцтваў і паглядзець, колькі людзей на трыбунах.

Спачатку вырашылі правесці рэбрэндынг Міжнароднай федэрацыі і перайменаваць арганізацыю ў Аб'яднаны свет барацьбы. (Unіted Wrestlіng World), поўнасцю змянілі эмблему. Правялі каласальную работу для стварэння яркай карцінкі. Час змяняецца, гледачу трэба шоу. І сёння ёсць патрабаванне UWW, пацверджанае рэгламентам, як ствараць карцінку на міжнародных спаборніцтвах. Мы так працавалі на турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя ў верасні. Наша трансляцыя сабрала каля 90 тысяч праглядаў з 46 краін. Маім пажаданнем было здымаць эмоцыі трэнераў і спартсменаў. Мы імкнёмся паказаць нашаму гледачу яркае відовішча.

— З гэтай прычыны адным з пунктаў вашай перадвыбарнай праграмы была задача «рабіць шоу»?

— Так, але кожнае шоу патрабуе вялікіх грошай, таму мы пачалі з карцінкі. На турніры на прызы Аляксандр Мядзведзя мы атрымалі вусную падзяку ад дэлегата UWW. І гэта радуе. Калі мы будзем паказваць свой прафесіяналізм, магчыма, у будучым нам давераць правесці добры еўрапейскі старт. І гэта будзе вялікі крок для папулярызацыі барацьбы ў краіне, для прыцягнення ўвагі да нас. Я разумею, што гэта цяжка і затратна, але калі нам дадуць такое права, мы знойдзем на гэта і сродкі, і магчымасці.

— Карцінка і шоу — гэта вельмі добра. А новыя асаблівасці правядзення схватак з'явіліся?

— Тут усё залежыць ад саміх спартсменаў. Ёсць вельмі яркія барцы, у якіх запамінальныя, прыгожыя манеры вядзення схватак. На такіх барцоў прыемна глядзець. Часта на спаборніцтвах, у тым ліку і на нашых, здараюцца цікавыя паядынкі, дзе сустракаюцца роўныя байцы. І, магчыма, у такіх сустрэчах не будзе яркіх тэхнічных момантаў, але напружанне відаць простым вокам. Відаць, як у іх нацягнутыя нервы, наколькі яны сабраныя. На нашым турніры на прызы Мядзведзя праз такое напружанне нават ледзьве да бойкі не дайшло. Гарачыя дагестанскія хлопцы счапіліся з гарачымі грузінамі. Усё скончылася мірна, але цікавасць гледачоў выклікала, закуліссе ж таксама цікавае.

— Аляксандр Васілевіч Мядзведзь прызнаўся, што часам сумуе па выступленнях. А ў вас моманты настальгіі бываюць?

— Часам так, прачынаецца жаданне выйсці на дыван. Але з гадамі гэтае пачуцце патухае. Сёння мне больш хочацца працаваць для спартсменаў, ствараць ім належныя ўмовы. Цяпер у мяне крыху іншае прызначэнне. Я вельмі люблю Беларусь, гэтая краіна мне многае дала. І мне хочацца зрабіць для яе нешта карыснае. Жыццё ж можна і проста пражыць, а можна пакінуць пасля сябе след. Я разумею, што праца менеджараў, кіраўнікоў «няўдзячная». Але што можа быць лепш, калі ты ствараеш умовы для таго, каб дзеці займаліся спортам, дасягалі сваіх мэт? У мяне сёння ёсць задача — стварыць у барацьбе масавасць, прыцягнуць як мага больш дзяцей.

— І як вы плануеце гэтую задачу вырашаць?

— У нас ёсць праблема з напаўняльнасцю і абсталяваннем школ. Вельмі часта ў залах, дзе павінны працаваць нашы бясплатныя секцыі, працуюць прыватныя платныя па розных відах спорту. З аднаго боку, гэта правільна. У такіх секцыі робіцца ўсё, каб дзецям было цікава, бяспечна, інакш бацькі не будуць плаціць. Але, на жаль, у барацьбе такога няма. У нас недахоп маладых трэнераў, а старэйшым часта проста нічога не трэба. Вынік у спорце вышэйшых дасягненняў непасрэдна залежыць ад работы з дзіцячым спортам. У нас ёсць пэўныя планы і ідэі, і дай бог, каб былі магчымасці іх рэалізаваць.

— Вы кажаце, што не хапае маладых трэнераў, але ў БДУФК працуе кафедра адзінаборстваў, вопытам могуць дзяліцца і непасрэдна спартсмены...

— Гэта ўсё так. Але праблема недахопу маладых трэнераў застаецца актуальнай. І задача федэрацыі — вырашыць дадзеную праблему. Для гэтага трэба правесці вялікую работу. Калі мы хочам падняць барацьбу ў краіне, трэба забраць дзяцей з вуліцы, прывесці іх у секцыі, выхаваць сваіх трэнераў. Мы 20 гадоў возім легіянераў, няўжо за 20 гадоў мы не падрыхтуем сваіх людзей? Я нічога не маю супраць спартсменаў, якія прыязджаюць бароцца за Беларусь. Але я буду патрабаваць ад іх максімальнай аддачы той краіне, якая стварыла для іх усе ўмовы і дапамагла ўсяго дасягнуць.

І вельмі прыемна, што ў нас ужо з'яўляюцца таленавітыя маладыя спецыялісты. Кірыл Фаменкаў — перспектыўны трэнер па грэка-рымскай барацьбе. Віктар Серада добра працуе з моладдзю ў вольнай барацьбе. Барацьба — гэта не проста спалучэнне рук, гэта цэлы механізм. І спартсмен павінен быць цэльным механізмам, у спорце, у быце, у адносінах да сябе і грамадства. Калі ўсё гэта ёсць у адной асобе — ёсць вынік. І задача трэнераў — усе такія якасці ў дзяцей залажыць. Бо часта трэнеры праводзяць з дзецьмі больш часу, чым бацькі.

— Алім Максімавіч, Бабруйская школа барацьбы вядомая на ўсю краіну сваімі поспехамі. А якія яшчэ рэгіянальныя школы вы можаце вылучыць?

— Сапраўды, Бабруйск і жаночая барацьба — гэта наш гонар. Я нават жартаваў, ці трэба нам развіваць мужчынскую вольную барацьбу, калі дзяўчаты з усім спраўляюцца. На жаль, у вольнай барацьбе ў нас няма школ, якія б трымалі высокую планку. У грэка-рымскай добра сябе праяўляе Гродна. Апошнім часам паднялася Мінская вобласць. На жаль, Гомельская школа здала пазіцыі. Калісьці ў яе былі вельмі добрыя вынікі. Імёны Ігара Пятрэнкі, Аляксандра Кікінёва (удзельніка дзвюх Алімпіяд), алімпійскіх прызёраў Вячаслава Макаранкі і Джавіда Гамзатава і яшчэ мноства спартсменаў кажуць самі за сябе. А цяпер пытанне — у гомельскай школы няма сваёй залы. Барцы трэніруюцца ў вузкім пакоі з невысокімі столямі. І гэтая вялікая праблема рэгіёнаў, якую трэба тэрмінова вырашаць. Хацелася б дастукацца да рэгіянальных чыноўнікаў, пераканаць іх звярнуць увагу на барацьбу. Пакуль з такімі адносінамі вельмі цяжка развіваць спорт у рэгіёнах. Барацьба — не самы фінансава затратны від спорту, але медаляёмісты. Мы пастаянна даказваем, што апраўдваем усе ускладзеныя на нас чаканні. І вялікі дзякуй нашым спонсарам — кампаніям «Белнафтахім», «Гомельтранснафта Дружба» і іншым арганізацыям, якія нам дапамагаюць.

— Якія асаблівасці беларускай школы барацьбы вы можаце вылучыць?

— На жаль, наша вольная барацьба за апошнія 20 гадоў страціла свае традыцыі. Беларускіх традыцый проста няма. А ў грэка-рымскай засталіся манеры правядзення схватак, беларусы борацца паводле сваёй тактыкі. Таму з намі не любяць бароцца. Беларусы «нязручныя» для сапернікаў. А чаму мы павінны такія быць? Дзяўчаты сваё майстэрства даказваюць, у іх і рэзерв добры ёсць, мы гэта ўбачылі на юніёрскім чэмпіянаце свету. А вольную барацьбу мы пакуль упускаем, і гэтую праблему трэба вырашаць.

— Ваш прыклад заахвоціў вашых дзяцей на заняткі барацьбой?

— Майму сыну восем гадоў, і я хачу, каб ён займаўся спортам. Ён з пяці гадоў займаецца фізічнай культурай. Мы разам ходзім на трэніроўкі, у зал боксу, бегаем кросы. Ён хадзіў на футбол, гімнастыку, цяпер займаецца плаваннем. Я яго ўсебакова падрыхтаваў да таго моманту, калі яго фізічна падрыхтаваным можна было аддаць на барацьбу. Першы год ён там рабіў глупства, але нечаму навучыўся. Цяпер ужо займаецца адказна. Ён у любым выпадку прапусціць праз сябе гэты від спорту. Стане ён вялікім спартсменам ці не — іншае пытанне. Я для гэтага зраблю ўсё магчымае, калі будзе патрэбна. Але з іншага боку, мне хочацца, каб мой сын зарабляў не сілай мускулаў, а сілай мозга, які таксама трэба ўмацоўваць. У яго быў выбар: тры разы на тыдзень займацца барацьбой ці англійскай мовай. Мы выбралі англійскую мову, без якой нікуды. Сам ад гэтага цярплю і ў 38 гадоў стараюся вывучаць. Захоча сын стаць барцом — дапамагу, знойдзе сябе ў іншым — таксама падтрымаю.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?