Вы тут

Сцежкамі Вялікай Айчыннай


У 1990 годзе ў «Мастацкай літаратуры» пабачыла свет сціплая, на першы погляд, кніга. Пад адной вокладкай з назвай «І ўспомнім былыя паходы» сабраны паэтычныя творы майстроў слова з розных куточкаў Савецкага Саюза. І тых, хто ваяваў у Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну і загінуў, і тых, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе партызанскіх злучэнняў на тэрыторыі розных куточкаў нашай лясной і сінявокай старонкі, і тых, хто вызваляў рэспубліку ад гітлераўцаў у 1943 — 1944-я гады... 


«Ты помніш, рвалася за мінай міна,/ Ды мы ішлі — раві, агню сцяна!/ Ты помніш, куля праляцела міма,/ Ды ў сэрца сябра трапіла яна./Ляжаў ён ля царкоўнай агароджы/ Ў вялікім — не па росту — шынялі./ Яшчэ такі і юны, і прыгожы:/ Ён толькі жыць збіраўся на зямлі./ Садзіліся — адкуль яны — стракозы/ На твар, на пашчапаны аўтамат.../ І ты сказаў: тут не памогуць слёзы,/ Давай бліжэй трымацца будзем, брат.../ Ідзём з баямі...Ў лютай кругаверці/ Нас косяць кулі — як іх мінаваць?/ Ідзём, ідзём... Нам трэба свет ад смерці — / Цаной жыцця свайго — уратавацць», — гэтыя радкі належаць пяру грузінскага паэта Мірза Гелавані (1917 — 1944), які загінуў пры вызваленні Віцебшчыны каля вёскі Ніжняя Крывіца Бешанковіцкага раёна. Нарадзіўся паэт ў г.п. Тыянец (Паўночная Кахеція). Удзельнік вайны з белафінамі. Друкавацца пачаў у 18 гадоў. Першыя публікацыі заўважыў класік грузінскай паэзіі Галактыён Табідзэ. Закончыўшы Тыянецкі педагагічны тэхнікум, Мірза працаваў у школе, а затым карэктарам ў кніжным выдавецтве ў Тбілісі. Прызвалі маладога чалавека ў Чырвоную Армію ў кастрычніку 1939 года. Закончыў танкавае вучылішча. У час Вялікай Айчыннай вайны — старшы лейтэнант, камандзір танкавага ўзвода. Дзень гібелі — 26 чэрвеня 1944 года... У гонар Мірза Гелавані названа вуліца ў Сабуртала — раёне Тбілісі. 

Аляксандр Твардоўскі.

Ад Мтацмінды да Смаленска — доўгі шлях:

Горы, стэп, іржавыя балоты

Помніш ноч?

Залёг ты у дратах

Пад шалёным градам кулямётаў.

Помніш Днепр?

Кляновых лісцяў рой. 

Восень скрозь шляхі нам залаціла. 

Быў я ранены, ды зноўку стаў у строй,

А цябе вось куляю скасіла .

Я ў твой дом паслаў пісьмо ў той дзень, 

Напісаў, што ў бітве ўсякае бывае,

Што рыбак з Пшаві не адступіў нідзе...

Сэрца друга на вайне не памірае:

Б’ецца зноў яно — за ўдарам чую ўдар,

І здаецца мне ў агні паходаў,

Што з часіны той

Двух сэрцаў я ўладар,

Што к сваім гадам 

Твае прыбавіў годы. 

Канстанцін Сіманаў.

...Загінулі, вызваляючы Беларусь, узбекскі паэт Султан Джура (1910 — 1943), удмурцкі пісьменнік Піліп Кедраў (1909 — 1944), заснавальнік і класік кабардзінскай нацыянальнай літаратуры Алі Шагенцукаў (1900 — 1941), рускі паэт Юрый Чаркаскі... Іх творы прадставіў у кнізе «І ўспомнім былыя паходы» беларускі літаратуразнаўца, укладальнік анталагічнага зборніка Міхась Няхай. Як прадставіў у гэтым самым выданні і творы дзесяткаў іншых паэтаў, што прайшлі сцежкамі Вялікай Айчыннай вайны па Беларусі. 

Павел Антакольскі.

У кнізе чытача чакаюць сустрэчы з паэзіяй цудоўнага рускага майстра вершаскладання Паўла Антакольскага (1896 — 1978). У час вайны ён у якасці ваеннага карэспандэнта праехаў франтавыя дарогі Падмаскоўя, Арлоўшчыны, Кіеўшчыны, кіраваў франтавым тэатрам. У пачатку 1945 года разам з вялікай групай рускіх і беларускіх літаратараў (сярод іх былі Міхась Лынькоў, Максім Танк) выязджаў на фронт, сустракаўся з воінамі, якія вызвалялі Беларусь. У выніку паездкі напісаў невялікую паэму «Водны рубеж». Сярод удзельнікаў вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў — рускія паэты Яўген Далматоўскі, Юлія Друніна, Міхаіл Луконін, Міхаіл Матусоўскі... 

Выхоплівае з цемрыва святло

Сырых скляпенняў запацелых тло.

Аўтографы ахвяр — на сценах тых.

У кожным бачу я людзей жывых.

Во гэты — роўны почырк хлапчука,

А тут — зусім старэчая рука,

А далей верш выхоплівае зрок,

Юначы недапісаны радок:

«Усіх пабілі ... Покуль я адзін...

Даруйце, мама, піша вам ваш сын...»

А ўверсе бачу (што гэта, мо зман?):

«Я тут забіты... Быў я партызан...»

Пісалі тут на камені цішком

На доле дзесьці знойдзеным цвіком, — 

Гэтыя радкі Міхаіл Матусоўскі напісаў пасля наведвання гестапаўскіх падвалаў у Магілёве. 

На старонках кнігі нас чакаюць сустрэчы з паэзіяй Канстанціна Сіманава, Міхаіла Святлова, Аляксандра Твардоўскага, Роберта Раждзественскага, Леаніда Рашэтнікава... 

Султан Джура.

Да пераўвасаблення твораў паэтаў Савецкага Саюза на беларускую мову далучыліся Уладзімір Шахавец, Сяргей Панізнік, Васіль Макарэвіч, Уладзімір Скарынкін, Аляксей Пысін, Вячаслаў Рагойша, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Кастусь Цвірка, Уладзімір Паўлаў, Пятро Прыходзька, Хведар Жычка, Юрась Свірка, Алесь Звонак, Анатоль Астрэйка... Дзеці вайны, партызаны, франтавікі, беларускія творцы, якія ўдзельнічалі ў перакладчыцкай працы, — з пакалення беларусаў, для каго Вялікая Айчынная вайна — сімвал трываласці, мужнасці народа, яго дзеяздольнасць, выключнае жаданне вытрымаць і выйсці пераможцам у драматычных падзеях. 

Мастак кнігі — Алег Карповіч. Анталагічны зборнік баявога братэрства беларусаў і рускіх, украінцаў і казахаў, узбекаў і грузін, прадстаўнікоў іншых народаў пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» болей як 30 гадоў назад. Да чарговай юбілейнай даты Вялікай Перамогі — да 45-годдзя... Мінулася ўжо і 75-годдзе Вялікай Перамогі... Наперадзе, у 2025-м, — 80-годдзе. Добра было б убачыць новае выданне гэтай кнігі. Можа быць, яшчэ і з дадаткамі — і новымі знойдзенымі вершамі, і песнямі, якія гучалі на беларускіх дарогах з вуснаў вызваліцеляў ад фашысцкай навалы... 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?