Вы тут

Дэменцыя не наступае раптам...


У свеце амаль мільярд чалавек пакутуюць на псіхічныя расстройствы. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, апошнія ўваходзяць у першую пяцёрку захворванняў, якія вядуць да страты працаздольнасці. Спецыялісты расказалі, як справіцца з такімі праблемамі, як асенняя хандра, як дапамагчы блізкім з дэменцыяй і колькі беларусаў задумваліся пра суіцыд.


Калі накрывае хандра...

— Восенню адбываецца зніжэнне тэмпературы і сонечнай інсаляцыі. З верасня ўсе пачынаюць актыўна вучыцца, працаваць, выходзяць з адпачынкаў, што таксама выклікае расстройства адаптацыі. Увосень усе гэтыя фактары ствараюць непрыемныя адчуванні і не псіхічнае расстройства, а менавіта хандру. Тут варта знізіць вытворчую нагрузку і больш знаходзіцца на прыродзе. Адна з прыкмет расстройства адаптацыі — парушэнне сну. Зніжэнне яго якасці, дрэннае засынанне, недастатковая працягласць сну, раннія прачынанні — вось паказчыкі таго, што арганізм не спраўляецца з нагрузкай і варта штосьці мяняць, — расказвае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы па псіхіятрыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Осіпчык.

Як заўважыць, што блізкаму неабходна дапамога?

— Калі чалавек расстроены ў той сітуацыі, у якой раней не расстрайваўся, занепакоены ў тых абставінах, якія не выклікаюць ні ў кога неспакою, варта паразмаўляць з ім: «Можа, пойдзем на прыём да ўрача-псіхіятра?» Пацыент або пагаджаецца, або не пагаджаецца і кажа, што ў яго ўсё нармальна, хоць відавочна, што ненармальна. У такім выпадку прадугледжана ў тым ліку і прымусовая шпіталізацыя. Можна звяртацца ў Мінскі гарадскі клінічны цэнтр псіхіятрыі і псіхатэрапіі па кансультацыю, — раіць Сяргей Осіпчык.

Як правільна абыходзіцца з пажылымі людзьмі з дэменцыяй?

— Дэменцыя не наступае раптоўна, маўляў, чалавек пайшоў у магазін і не змог разлічыцца ці вярнуцца дадому, — тлумачыць урач. — Цягам года і больш блізкія пачынаюць заўважаць расстройства адаптацыі, кагнетыўных функцый. Чалавек не можа ўспомніць імёны блізкіх, ступень сваяцтва, пры гэтым добра памятае далёкія падзеі, якія адбыліся 20, 30, 40 гадоў таму. Прычым згадвае іх вельмі ярка, змястоўна. А падзеі, якія адбыліся раніцай, не можа ўзнавіць.

Парадак дапамогі залежыць ад таго, які размах дэменцыі. Звычайна чалавек усё больш і больш губляе кагнітыўныя функцыі і мае патрэбу ў суправаджэнні. Такога варта крыху зматываваць: давай выйдзем на прагулку, давай зробім зарадку. Аднак гэта актуальна ў межах неглыбокай дэменцыі. Калі дэзадаптыўнасць нарастае, варта звяртацца да спецыялістаў. Гэта можна зрабіць і амбулаторна ў псіхіятра-нарколага, і ў стацыянары. У выпадку калі сям'я не можа забяспечыць сацыяльнае суправаджэнне самастойна, варта ставіць пытанне аб пастаянным сацыяльным суправаджэнні, што робіцца, як правіла, у спецыяльных установах псіханеўралагічнага профілю.

Суіцыдальныя думкі

Доля смяротнасці па прычыне суіцыду ў Беларусі складае 1,5 %. Гэта дастаткова высокі паказчык, адзначае загадчыца аддзела сацыяльнай сферы Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат сацыялагічных навук Наталля Сасноўская. Паводле даных СААЗ, кожныя 40 секунд у свеце хтосьці памірае ад самагубства.

У красавіку гэтага года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі правёў рэспубліканскае даследаванне, у якім прынялі ўдзел 2100 чалавек. Яно паказала, што ў 4,7 % апытаных узнікаюць суіцыдальныя думкі. Сярод прычын самагубстваў рэспандэнты ў першую чаргу называюць псіхалагічныя. Вылучаюцца і тыя, што звязаны з сацыяльным ціскам.

Найбольш эфектыўнай мерай прафілактыкі насельніцтва лічыць распаўсюджанне інфармацыі аб лініях бясплатнай ананімнай псіхалагічнай дапамогі. Акрамя таго, людзі ва ўзросце да 65 гадоў вельмі важным лічаць прафілактыку кібербулінгу і кантроль за зместам інтэрнэт-кантэнту.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.