Вы тут

Сцюша Тайм: Самае галоўнае — трэба быць актыўнымі


Гэта дзяўчына ў мінулым годзе ўзарвала інтэрнэт-прастору гучнымі прызнаннямі ў любові да роднай Беларусі, Дзяржаўнага сцяга і Прэзідэнта. Яна была адной з нямногіх, хто адкрыта заявіў у сацсетках пра сваю катэгарычную пазіцыю, не пабаяўшыся хейтараў і лавіны агрэсіі. У сваіх відэароліках на TіkTok і YouTube Сцюша Тайм падтрымлівае палітыку Прэзідэнта і прадстаўляецца падпісчыкам як беларускі блогер і патрыёт сваёй краіны.


— Сцюша — гэта імя ці псеўданім?

— Псеўданім. Я прыдумала яго два гады таму. Сцюша — памяншальна-ласкальнае ад Насці, у дзяцінстве мяне так называлі сябры і родныя. Насцяў шмат у інтэрнэце, а Сцюш — паменей (смяецца). «Тайм» у перакладзе з англійскай «час», які можна карысна правесці са мной. А яшчэ я пастаянна спазняюся. Спадзявалася, што, калі сябе так назаву, буду мегапунктуальнай, але пакуль што гэта не дапамагае (смяецца), бо шмат усялякіх спраў, усюды спяшаюся.

— Вы працуеце на СТБ, аднак па прафесіі стаматолаг. Як апынуліся на тэлеканале?

— Скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2012 годзе, у жодзінскай паліклініцы была адпрацоўка, пасля ў 4-й гарадской паліклініцы Мінска працавала стаматолагам. Я не планавала стаць карэспандэнтам, проста два гады таму вырашыла памяняць занятак, зарэгістравалася ў дзіцячым дадатку Lіkee (адна з самых папулярых глабальных платформаў для стварэння і публікацыі арыгінальных відэа. — Аўт.), пачала весці каналы на YouTube. Стала афіцыйнай вядучай у гэтым інтэрнэт-дадатку, трэба было праводзіць трансляцыі 30 гадзін у месяц. Пасля здарыўся жнівень 2020-га. Я не змагла змаўчаць, бачыла, што адбываецца, хацелася сказаць і сваё слова. У мяне маці і бацька педагогі, былі ў выбарчай камісіі. Пачаўся жахлівы хейт, пагрозы. Тады сказала бацькам: «Не перажывайце, я профі, год у інтэрнэце», і пачала запісваць ролікі.

І пайшло-паехала... І вось аднойчы ў «Фэйсбуку» дырэктар СТБ Кірыл Казакоў (на той час ён яшчэ не быў дырэктарам) прапанаваў весці рубрыку на беларускім тэлеканале. Так я апынулася на СТБ. Цяпер працую на палову стаўкі карэспандэнтам.

— Не шкадуеце, што аднойчы кардынальна змянілі прафесію?

— Разумею, што я, мабыць, не дацягваю ў плане журналістыкі, але хачу развівацца ў гэтым кірунку. З задавальненнем еду на працу, ад душы раблю сваю справу. У мяне два каналы на YouTube, люблю здымаць відэаролікі. Цяжка, вядома, складаней, чым у стаматалогіі: там адпрацаваў змену, прыйшоў дамоў і адпачываеш. А тут 24 гадзіны ў суткі думаю, як зняць, як расказаць. Няма выхадных, ты заўсёды ў думках.

— Раскажыце пра сваю малую радзіму. Напэўна, карані вашага патрыятызму адтуль?

— Родам я з Касцюковіч. Пераехала ў Мінск у 2007 годзе. Калі гаварыць пра мой родны горад, то першая асацыяцыя — гэта цэментны завод. Горад быў заснаваны дзякуючы завадчанам. Успамінаюцца рэчкі Жадунька, Бесядзь. Мястэчка не турыстычнае, гэта звычайны прамысловы горад. Мы жылі небагата ў прыватным сектары, побач быў лес, мы бегалі захад праводзіць, світанак сустракалі, пастаянна хадзілі ў паходы. Мяне бацька заўсёды вучыў: бяры сілы ад прыроды. Мы з ім іншы раз пойдзем у лес, ён падвядзе мяне да дрэва — дуба векавечнага — вось, кажа, прыхініся да яго, бяры ад яго сілы. Верагодна, ад бацькоў і перадалася вось гэтая любоў да зямлі, якая перарасла ў любоў да людзей, горада, Прэзідэнта, педагогаў, якія мяне навучылі ўсяму, маю 4-ю школу ніколі не забуду, класныя былі педагогі, я ўдзячная ўсім.

— Як праходзіць для вас Год народнага адзінства?

— Першае, што зрабілі, дыялогавую пляцоўку «1+1». У ТікTok на прамыя эфіры запрашалі моладзь з рознымі палітычнымі перакананнямі. Мы сустракаліся ў кавярні і стасаваліся ўжывую. Я хачу данесці да людзей, што мы такія ж, таксама хочам перамен. Многія мне потым казалі, маўляў, калі я ішоў, думаў, што рукі табе не падам, а мы напрыканцы абдымаліся і сыходзілі найлепшымі сябрамі з гэтых сустрэч (смяецца).

Яшчэ арганізоўвалі медыясустрэчы з прыхільнікамі ТікТок, яны прайшлі на Мінскім моры і ў Брэсце. Нам няважна, якія погляды ў чалавека, мы ўвогуле палітыку на гэтых сустрэчах не закранаем. Гэта таксама крок да яднання. У кожнага свая аўдыторыя, у многіх ціктокераў мільённыя прагляды, а гэта значыць, што яны не будуць настройваць аўдыторыю варожа. І мяне гэта радуе... Так, быў складаны перыяд, але мы яго прайшлі і цяпер наладжваем кантакты, стасуемся. У Брэсце, напрыклад, у нас былі Medіa Party, Lіkee Party. У парку 1 Мая была сцэна, спявалі, займалі дзетак, было вельмі весела. Усё гэта таксама без палітыкі. Мы аб'ядналі моладзь, нам не важна, якія перакананні ў кожнага, галоўнае — разам рабіць лепш для краіны.

— Куды можна звярнуцца маладым людзям, якія, як і вы, актыўныя і жадаюць прасоўваць свае праекты?

— Мне часта пішуць, маўляў, БРСМ нічога не робіць, а я заўсёды адказваю ў прамых эфірах: дык прапаноўвайце, уносьце сваё, нададзім арганізацыі новае дыханне! Раней я таксама разважала, як многія. Але цяпер разумею, што і БРСМ, і «Белая Русь» — гэта ўсе мы. Мы самі можам прапаноўваць ідэі, я асабіста так шмат новага прапаноўваю, і мяне чуюць і дзяржава, і асобныя маладзёжныя платформы. Хоць у мяне няма ні сувязяў, ні грошай — я звычайны чалавек з Касцюковічаў. Калі ідэя вартая і можа прынесці карысць, яе запускаюць у жыццё. Не трэба чакаць, што хтосьці за цябе нешта зробіць.

У нас на тэлеканале ёсць рубрыка «Маладзёжны парламент», там столькі адукаваных хлопцаў і дзяўчат, у іх столькі ідэй! Я пытаюся ў іх, ці сапраўды гэта ўсё працуе, яны расказваюць, што так, калі, вядома, гэта класны праект. Нават калі ты з маленькага гарадка, цябе заўважаць.

— Вы актыўна вандруеце па Беларусі?

— Калі прымаю ўдзел у патрыятычным аўтапрабегу, стараюся захаваць на камеру новыя мясціны. Нядаўна адпачывалі з бацькамі ў санаторыі ў Пружанскім раёне, дык не змагла прайсці міма — наведала Ружанскі палац, мне цікавая наша гісторыя.

— Раскажыце больш падрабязна пра аўтапрабегі...

— У іх можа паўдзельнічаць любы, іх арганізатары — грамадскае аб'яднанне «Патрыёты Беларусі». У аўтапатрыётаў ёсць у «Тэлеграме» чат, я таксама закідваю інфармацыю ў Іnstagram, калі плануецца паездка.

Звычайна ўсе збіраюцца на сваіх машынах, але калі ты не ўпэўнены ў сілах, што праедзеш такі доўгі шлях, можна звярнуцца да арганізатараў, яны знойдуць месца. На паліва скідваемся. Кожны аўтапрабег своеасаблівы — доўжыцца, бывае, два дні. Спыняемся ў гістарычных мясцінах, каля помнікаў ды іншых знакавых аб'ектаў, каб удзельнікі даведаліся больш пра краіну.

— Сцюша, што вы пажадаеце нашым чытачам у Год народнага адзінства?

— Мы беларусы, і самая каштоўнае, што ў нас ёсць — наша краіна. Таму, якія б ні былі паміж намі непаразуменні, розныя меркаванні, мы павінны быць разам. Павінны берагчы вось гэты кавалак зямлі, любіць нашу радзіму. Хачу пажадаць усім пазітыву, усмешак, памятаць, што мы разам, што мы адзіныя, непераможныя (усміхаецца). І самае галоўнае — трэба быць актыўнымі, неабходна самім прапаноўваць, ініцыіраваць праекты. Беражыце сябе, свае сем'і, радзіму. Усіх люблю!

Надзея ЗУЕВА

Фото з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».