Вы тут

Убачыць прыгажосць праз аб’ектыў з вышыні


25-гадовы мінчанін Арцём УСЦІНАЎ па адукацыі географ, у мінулым годзе скончыў факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Але па стане душы хлопец... фатограф. Гэтым майстэрствам захоплены з дзяцінства, аднак паглыбіўся ў яго пяць гадоў таму. Зараз у скарбонцы суразмоўніка больш за дзесяць тысяч здымкаў, каля тысячы з якіх зроблены з вышыні дахаў шматпавярховікаў розных гарадоў Беларусі, а таксама іншых краін.


— Прага да фатаграфіі ў мяне была заўсёды. У падлеткавым узросце браў свой старэнькі Sony Erіcsson і ішоў здымаць захад сонца ў сябе за домам. Тады яшчэ не думаў, што некалі з такога хобі атрымаецца штосьці сур’ёзнае, рабіў гэта толькі для сябе. Аднойчы гартаў стужку ў Іnstagram, убачыў фатаграфію, зробленую з даху на Нямізе, падумаў, што гэта вельмі цікава, бо так адкрываецца незвычайны від на Мінск. У хуткім часе ўбачыў яшчэ адзін здымак — з вежаў «Брамы Мінска», тады па-сапраўднаму задумаўся над тым, каб паспрабаваць зняць нешта падобнае. Але было відавочна: мабільны не падыдзе для таго, каб удала зрабіць патрэбны кадр, таму браў бацькоўскую «мыльніцу». Праз некаторы час мяне прызвалі ў армію, ужо там задумваўся над тым, каб набыць уласны прафесійны фотаапарат. Вярнуўся да цывільнага жыцця — ажыццявіў жаданне, гэта натхніла на творчасць і з таго часу штодзень удасканальваю майстэрства. Ніякіх спецыялізаваных курсаў не заканчваў, наогул лічу, што яны не паказчык прафесійнага навыку.

У сям’і Арцёма абодва дзядулі былі таксама фатографамі. «Дзед Барыс быў ваенным і займаўся аэрафотаздымкай: у складзе падраздзялення падымаўся на самалёце, рабіў здымкі мясцовасці, потым праяўляў кадры. Дарэчы, ён сфатаграфаваў Юрыя Гагарына, які толькі вярнуўся з палёту ў космас 12 красавіка. Я, дарэчы, нарадзіўся ў гэты дзень. Зараз унікальны здымак знаходзіцца ў нашым сямейным архіве. Другі дзядуля Мікалай таксама быў захоплены фатаграфіяй на аматарскім узроўні», — расказвае суразмоўнік.

Усе лакацыі ён знаходзіць самастойна, прагульваючыся па горадзе або заўважыўшы нешта цікавае ў сацсетках. Знаходзіць іх лёгка, бо Арцём вельмі добра арыентуецца па картах. Ён кажа, што некаторыя кадры атрымліваецца зрабіць спантанна: бачыш крутую кампазіцыю, дастаеш фотаапарат — і гатова. Але бываюць моманты, калі трэба прыйсці на нейкае месца не раз, чакаць шмат часу, каб застацца задаволеным сваёй работай.

— Рэагую на гэта спакойна. Куды спяшацца, можна прыйсці праз дзень або месяц і зрабіць насамрэч круты кадр. Аднойчы хацеў «злавіць» прыгожы заход сонца на вуліцы Прытыцкага, адной з самых ажыўленых у Мінску: з дапамогай пэўнага рэсурсу высветліў, у які з дзён яно будзе садзіцца менавіта над дарогай, і кожныя паўгода прыходзіў туды. А там то хмары, то дождж, то занадта яркае сонца... І вось нарэшце сёлета праз два з паловай гады, у сакавіку, усё склалася, — адчуў ад гэтага вялікую асалоду. Увогуле, кадры раблю ў першую чаргу для сябе, не чакаю ацэнкі ад іншых, але, вядома, мне прыемна, калі ёсць зваротная сувязь. За ўсе гады, што займаюся фатаграфіяй, я пазнаёміўся з дастатковай колькасцю таленавітых людзей, абменьваемся з імі вопытам, дзелімся парадамі, але ў асноўным спадзяюся толькі на сябе. Родныя мяне заўсёды падтрымлівалі. Бабуля сочыць у сацсетках, ганарыцца. Крытыку таксама заўсёды гатовы выслухаць, гэта нармальна, калі не ўсім і не заўсёды ўсё падабаецца.

Асноўным аб’ектам фотаздымкі для Арцёма цяпер з’яўляюцца дахі шматпавярховікаў, трапіць на якія можна двума спосабамі: з дазволу адпаведных службаў або наведваць тыя, што знаходзяцца ў адкрытым доступе.

— Падымаюся на самыя высокія кропкі горада дзеля таго, каб «злавіць» тое, што немагчыма ўбачыць з узроўню зямлі. Апошні варыянт здаецца мне банальным, а прагулкі па дахах даюць пазітыўныя эмоцыі. Сам я ўжо прывык да вышыні, але ўсё ж такі не падыходжу блізка да краю. Рэдка, але ўзнікалі моманты, калі жыхары ставіліся з недаверам: пыталіся, хто я, навошта тут і іншае. Але пасля спакойнай гутаркі звычайна знаходзілі кампраміс. Бывала, што некаторыя мінакі падымаліся разам са мною, каб проста палюбавацца горадам з нетыповага ракурсу. Калі ўваход на дах зачынены, а вам туды вельмі хочацца, лепш узгадніць гэты момант з прадстаўнікамі мясцовай улады. Самая вялікая вышыня, якую я пакарыў разам са сваім фотаапаратам, — 60 паверхаў хмарачоса (або 213 метраў!), было гэта пяць гадоў таму ў Маскве. Нічога падобнага дагэтуль са мной не здаралася, у імгненне з’явілася пачуццё эйфарыі. У Беларусі таксама ёсць некалькі любімых месцаў. Напрыклад, у раёне Сухарава на дах аднаго з будынкаў я падымаўся больш чым 150 разоў. Часам прыходзіў не толькі каб фатаграфаваць, але і проста паглядзець на заход сонца або світанак, адпачыць. Гэта месца выклікае ў мяне самыя цёплыя ўспаміны.

Арцём адзначае, што на якім-небудзь даху ён можа прабыць і гадзіну, і нават дзевяць!

— Гэта было ў раёне Каменнай Горкі. Тады ў Мінск з розных куткоў краіны прыехалі мастакі, каб намаляваць муралы на сценах жылых дамоў. Трэба было зняць таймлапс — запаволеную здымку — таго, як яны працуюць. Наша каманда завітала туды недзе ў дзевяць гадзін раніцы, а вярнуліся дадому, калі ўжо была цемра. Дарэчы, выпадкова пазнаёміўся з дзяўчынай, гераіняй малюнка «Лічбавы Свет», што з галактыкай у руцэ. Яна мне напісала, прапанавала схадзіць пафатаграфавацца на дах, а я ў сваю чаргу захацеў рэалізаваць з ёй адну творчую ідэю. На гэта задуманага сышло каля 15 гадзін. Увогуле, важную ролю мае апрацоўка здымкаў, на яе магу адвесці як 15 хвілін, так і пяць гадзін. Яна дае пэўны настрой, робіць кадры яркімі, індывідуальнымі. Ёсць тыя, за якія магу ўзяцца толькі праз год-два. З’яўляюцца новыя веды, і за кошт апрацоўкі фота выглядае па-іншаму. Дарэчы, заўсёды памятаю, дзе і пры якіх абставінах была зроблена фатаграфія, бо ўклаў у кожную часцінку сябе.

У Арцёма ёсць спіс месцаў, якія б ён хацеў наведаць, каб зрабіць там прыгожыя кадры:

— Дакладней, пажаданых лакацый, куды варта прыехаць у пэўны час, дзень. Увогуле, аб’ездзіў усе абласныя цэнтры, стараюся знаходзіць цікавыя аб’екты тут. Вельмі спадабалася ў Гродне, Віцебску, Пінску, Маладзечне, Баранавічах, Бабруйску. Ёсць і пэўныя гарады ў іншых краінах, дзе я хацеў бы паздымаць. Напрыклад, з’ездзіць у Ганконг, Шанхай, Франкфурт, Нью-Ёрк, бо вельмі люблю хмарачосы. З нядаўніх часоў стаў захапляцца здымкай таймлапсаў. Гэта цяжэй, чым рабіць статычныя кадры. Нешта здымаю штодзень, многія з маіх знаёмых, з кім пачыналі займацца такой дзейнасцю разам, ужо «перагарэлі». А я дакладна разумею, што фатаграфія — маё прызванне. Пакуль што на пастаяннай аснове ёй не зарабляю, іншым часам бяру камерцыйныя праекты, здымаю тых, каму падабаецца мой стыль, аднак імкнуся да таго, каб гэта стала маёй асноўнай дзейнасцю. А для гэтага патрэбен час.

Дар’я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена героем публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».