Вы тут

Ад кухні продкаў да «жывой сцяны» ў класе. І «Твітэр» — для школьнага сачынення


Якія ёсць спосабы для вывучэння гісторыі? Праз кнігі, наведванне музеяў і славутасцяў... «Але ёсць яшчэ адзін, які па-сапраўднаму дае адчуць сувязь з продкамі, — упэўнена выпускніца Дзеркаўшчынскай сярэдняй школы, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Настасся ДОМНІЧ. — Гісторыя — гэта не толькі войны і перамір’і, але і звычайнае штодзённае жыццё, а ежа — яе частка. Таму, каб дакрануцца да жыцця нашых продкаў, можна гатаваць тыя стравы, якія былі на іх стале. Для мяне такім спосабам яднання з мінулым стаў хлеб. Не той, што робяць на заводзе, а той, чый рэцэпт перадаецца з пакалення ў пакаленне».


Ад экалогіі да урбаністыкі

Настасся Домніч і яшчэ дзевяць старшакласнікаў і выпускнікоў беларускіх школ сталі ўдзельнікамі фіналу праекта «Першыя» і выйшлі ў знакаміты чырвоны круг інтэлектуальнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Mіnsk. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў гучалі па-беларуску, бо адна з мэт «Першых» — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

«Першыя» — гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, які быў абвешчаны ў лютым гэтага года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Трэба заўважыць, што ў трэцім сезоне да праекта далучыліся не толькі навучэнцы школ, але і выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі, у якіх дзейнічаюць экалагічныя аб’яднанні па інтарэсах. Менавіта кірунак «Экалогія» стаў самым папулярным сярод удзельнікаў. Традыцыйна шмат заявак прыйшло па тэмах «Культура», «Інклюзія» і «Тэхналогіі», але і да новага тэматычнага кірунку «Урбаністыка» старшакласнікі таксама праявілі вялікую цікавасць. Кожнай з тэм былі прысвечаны асобныя майстар-класы і мітапы з экспертамі, падчас якіх удзельнікі праекта маглі распрацоўваць сваю ідэю, набываць карысныя веды, развіваць навыкі выступленняў і каманднай працы.

Усяго на конкурс было пададзена больш за 100 відэа з прэзентацыямі ідэй, якія можна знайсці па хэштэгу #generatіonA1 у сацыяльных сетках TіkTok, VK, YouTube, FB, OK, Twіtter і Іnstagram. Журы выбрала ў маі аўтараў дзесяці найцікавейшых, і ўсё лета яны рыхтавалі свае выступленні.

Хлеб ад бабулі Сцепаніды

— Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, вёска Дзеркаўшчына. Менавіта тут я пакаштавала самы смачны хлеб — хлеб ад Сцепаніды Лупач, які занесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Калі пазнаёмілася з ёй, яшчэ не разумела, які неверагодны перада мной чалавек, — прызнаецца Настасся Домніч. — Сцепаніда Аляксандраўна на той момант працавала ў клубе-бібліятэцы. Да гэтага была прадаўцом, касірам, але менавіта культура прыносіла ёй сапраўдную асалоду. Яна ладзіла святы вёсак, абрадавыя гульні, розныя выстаўкі і конкурсы. Я, яшчэ маленькая дзяўчынка, прымала ўдзел у канцэртах, якія праводзіла бабуля Сцепаніда. Добра памятаю, як пасля чарговага выступлення яна паклікала нас пакаштаваць свой хлеб. Гэта была асалода з першага да апошняга кавалачка. Пазней мне пашчасціла выпякаць хлеб разам з ёй. Гэта вельмі душэўны працэс, бо нельга распачынаць пячы хлеб, калі ты ў дрэнным настроі. А яшчэ працэс вельмі складаны, бо патрабуе шмат увагі і цярпення, працэс у пэўнай ступені сакрэтны, бо свае сакрэты ёсць у кожнай гаспадыні. Раней я спрабавала выпякаць хлеб, рэцэпт якога знайшла ў інтэрнэце, але атрымалася зусім не тое, што хацела. Шмат залежыць ад закваскі...

Дакладна сказаць, якія віды дражджэй і бактэрый жывуць у дзежцы Сцепаніды Аляксандраўны, нельга без спецыяльнага аналізу, а яго пакуль ніхто не рабіў. Але не толькі гэта не дазваляе паўтарыць хлеб з Дзеркаўшчыны. Справа ў тым, што дакладнага рэцэпту, дзе б было распісана ў грамах, не існуе. Усё робіцца на вока, а вока ў бабулі Сцепаніды як алмаз, таму, каб захаваць рэцэпт, трэба яго вывучаць на практыцы і перадаваць далей — так, як гэта адбывалася на працягу стагоддзяў. Сцепаніду Аляксандраўну выпякаць хлеб навучыла яе маці, тую — яе маці і гэтак далей. Імёны губляюцца ў гісторыі, а рэцэпт застаецца. За дзвесце, а можа, і больш гадоў гэта тэхналогія не зведала змен, і мне пашчасціла да яе дакрануцца.

Настасся Домніч: «А чаму б не вывучаць гісторыю па смаку?»

«А чаму б не зрабіць так, каб такая магчымасць была і ў іншых, — ставіць пытанне Настасся Домніч. — На ўроках мы вывучаем гісторыю па тэкстах, малюнках, схемах. А чаму б не вывучаць яе таксама па смаку? Зараз мы працуем над тым, каб у Дзеркаўшчыне з’явілася школьная міні-пякарня «У гасцях у бабулі Сцепаніды». Там будуць выпякаць хлеб па той самай унікальнай рэцэптуры, і вучні змогуць даведацца, што елі іх продкі шмат гадоў таму. Такія ўрокі дакладна запомняцца надоўга. Да хлеба заўсёды было асаблівае стаўленне, напрыклад, у нашых продкаў была забарона выпраўляцца ў дарогу без хлеба, бо ён гарантаваў выжыванне. Калі хлеб ставілі ў печ, то ўсе з печы павінны былі ў гэты момант злезці. Нават хлебную крошку вельмі шанавалі, ні ў якім разе яна не павінна была ўпасці на падлогу. Рэшткі хлеба ніколі не аддавалі хатнім жывёлам. Пра ўсё гэта будуць распавядаць у нашай міні-пякарні. І я ўпэўнена, што гэта спрацуе. А калі вучні паспрабуюць зрабіць хлеб ад бабулі Сцепаніды, можа, ім захочацца спытаць і ў сваіх бабуль пра стравы іх дзяцінства. І мы станем сведкамі адраджэння сямейных кулінарных традыцый. Што датычыцца мяне, то гэты хлеб ужо стаў чымсьці асаблівым. І калі ў мяне з’явяцца дзеці, я вельмі хацела б паклікаць іх на кухню разам гатаваць хлеб бабулі Сцепаніды. Потым яны паклічуць сваіх дзяцей, і гэта стане нашай сямейнай традыцыяй. Гэта неверагоднае адчуванне, калі ты паўтараеш тыя ж рухі, што паўтаралі да цябе і 50, і 100 гадоў назад. У такія моманты па-сапраўднаму адчуваеш сувязь з продкамі праз вось такія простыя, але вельмі важныя рэчы.

Думка ў 140 знаках

Сваім «рэцэптам» таго, як можна зацікавіць дзяцей чытаннем, падзяліўся ў чырвоным крузе TEDxYouth@Mіnsk выпускнік сярэдняй школы № 22 Барысава, цяпер першакурснік БДТУ Дзмітрый ГРЫБОЎСКІ.

— Пачынаюцца летнія канікулы, у школьнікаў — мільёны планаў, як іх правесці, а тут — велізарны спіс літаратуры, і яго трэба прачытаць без тлумачэнняў — проста трэба! Ды яшчэ і ціск з боку бацькоў. І ўсё гэта выклікае натуральны пратэст з боку падлеткаў, — разважае юнак. — Але калі моладзь аддае перавагу экранам гаджэта, дык чаму не прыйсці да іх з літаратурай праз гэты самы экран?

А натхнілі Дзмітрыя акцёры Каралеўскага шэкспіраўскага тэатра, якія, каб прыцягнуць увагу да пастаноўкі «Рамэа і Джульета», на працягу некалькіх тыдняў абменьваліся на сайце паведамленнямі паміж сабой і іншымі наведвальнікамі. Віртуальныя Рамэа і Джульета не пераказвалі змест п’есы, а разважалі на розныя актуальныя тэмы, пры гэтым прытрымліваючыся сюжэтнай лініі твора, інтрыгавалі. Нядзіўна, што захацелася звярнуцца да першакрыніцы, каб зразумець, а што ж у іх адбылося там насамрэч. Прычым без усялякага прымусу....

Дзмітрый Грыбоўскі: «Выказаць думкі сцісла, дакладна і проста — значна складаней. «Твітэр» падштурхоўвае да яшчэ большай крэатыўнасці...»

— Трэба зацікавіць, паказаць сувязь з сённяшнім днём, а не прымушаць. Ведаеце, я люблю пісаць сачыненні, але вельмі не люблю, калі трэба напісаць тэкст на пэўную колькасць старонак, — канстатуе хлопец. — А чаму б не выкарыстоўваць для гэтых мэт хоць час ад часу «Твітэр». Там усе свае думкі трэба ўкласці ў 140 знакаў. Гэта не прасцей, наадварот — выказаць думкі сцісла, дакладна і проста значна складаней, чым на пяці лістах паўтараць агульныя фразы. «Твітэр» падштурхоўвае вас да яшчэ большай крэатыўнасці, таму што вы ведаеце, што абмежаваныя пэўным лімітам слоў для выказвання сваіх ідэй і эмоцый.

У якасці прыкладу Дзмітрый Грыбоўскі прывёў сацыяльную сетку LіveLіb (адзін з самых папулярных парталаў рунэту ў галіне літаратуры. — Аўт.), карыстальнікі якой запусцілі флэшмоб: яны пераказваюць вядомыя творы ў тых самых 140 знаках. Напрыклад, казка пра Калабка — гэта твор пра тое, як чарада не звязаных паміж сабой падзей прыводзіць да недарэчнай смерці галоўнага героя.

«Вы чулі, маёнтак з садам прададуць. Ды што вы кажаце — маёнтак з садам прадаюць? Ах, шкада, маёнтак з садам прадалі», — інтэрпрэтацыя п’есы Антона Чэхава «Вішнёвы сад».

На прапанову вядучага канферэнцыі пераказаць у 140 знаках любімы твор Дзмітрыя «80 дзён вакол свету» Жуля Верна фіналіст не разгубіўся і хуценька адказаў: «Гэта кніга аб перавагах бязвізавага рэжыму».

— Я вельмі люблю рэбусы і галаваломкі, яны даюць прастору нашай фантазіі, развіваюць творчасць і крэатыўнасць, — кажа Дзмітрый Грыбоўскі. — І «Твітэр» для гэтых мэт падыходзіць ідэальна. Напрыклад, мы пішам кароткую гісторыю, пры гэтым прапускаем асобныя словы. Затым прапануем нашым чытачам і падпісчыкам самім запоўніць прабелы. Атрымліваецца мноства розных гісторый, пры гэтым кожны становіцца суаўтарам. А яшчэ ёсць TіkTok, Іnstagram і YouTube.

Часта там трапляюцца відэа з урыўкамі з фільмаў з самымі цікавымі момантамі, якія прымушаюць паглядзець стужку цалкам. Дык чаму б не зрабіць аналагічнае з літаратурай Адзін з самых сучасных спосабаў яе папулярызацыі — гэта буктрэйлеры, кароткія ролікі па матывах кнігі. Фактычна гэта рэклама кнігі, таму буктрэйлеры падпарадкоўваюцца асноўным законам рэкламы: ролік павінен быць кароткім, запамінальным і, галоўнае, у ім павінна быць інтрыга.

Дзякуючы такім ролікам, шмат новых падпісчыкаў і чытачоў могуць атрымаць аўтары класічнай літаратуры, і ўжо атрымліваюць. У хэштэга #кніжныTіtTok — 350 мільёнаў праглядаў, #літаратурныTіkTok — 101 мільён. Крэатыўныя хлопцы і дзяўчаты здымаюць кароткія відэа пра кнігі, інтрыгуюць кніжнымі навінкамі і прапануюць адгадаць вядомыя творы па першых радках. Усё гэта з гумарам, іроніяй і любоўю да літаратуры! Глядзіш іх, і рука сама цягнецца да кнігі, і не трэба прымушаць. Чытаеш, таму што бачыш, — гэта не стос старых кніг, а тое, што выклікае рэакцыю ў тваіх аднагодкаў, тое, што можна абмяркоўваць, на аснове чаго можна крэатывіць. І ты чытаеш таму, што бачыш сувязь з кнігай, з героямі і з іншымі чытачамі.

Зялёны матыватар

«Што вы ўяўляеце пры згадванні крэатыўнай прасторы? — пацікавіўся ва ўдзельнікаў канферэнцыі навучэнец сярэдняй школы № 2 з Чэрыкава Іван ПУХОЎСКІ. — Калі мы гаворым, што школа павінна развіваць крэатыўнасць, то гэта павінна адбывацца ў крэатыўнай прасторы. А што можа зрабіць прастору камфортнай і адначасова крэатыўнай? Расліны і кветкі... Вы скажаце, што такі варыянт не можа штосьці глабальна змяніць. Дык давайце паспрабуем узяць не адну, а некалькі раслін і размясціць іх не гарызантальна, а вертыкальна. Так мы атрымаем „жывую сцяну“. Канструкцыю з жывымі раслінамі можна лёгка перавозіць з аднаго кабінета ў іншы, і яна эканоміць прастору ў памяшканні. Давайце прыгадаем, што мы адчуваем, калі знаходзімся на чыстым паветры? Такога ж эфекту можна дабіцца ў памяшканні з дапамогай раслін, якія зніжаюць утрыманне вуглякіслага газу на 20–30 працэнтаў. Было праведзена мноства даследаванняў, якія сведчаць, што навучэнцы ў прысутнасці раслін засвойваць на 20 працэнтаў больш інфармацыі. Таксама вялікае даследаванне было праведзена прафесарам тэхналагічнага ўніверсітэта з Тайваня, які вывучаў эмацыянальны, псіхічны стан, здароўе і паспяховасць вучняў у двух класах. У адным з пакояў ён паставіў шэсць невялічкіх дрэў. Праз пэўны час пераканаўся, што ў класе з раслінамі вучні менш хварэлі, лепш пісалі тэсты і адчувалі сябе больш камфортна».

Іван Пухоўскі: «Навучэнцы ў прысутнасці раслін засвойваюць на 20 працэнтаў больш інфармацыі».

Іван Пухоўскі вырашыў правесці сваё інтэрнэт-апытанне, якое ахапіла больш як 500 беларускіх школьнікаў. На пытанне, наколькі вам камфортна вучыцца ў кабінетах вашай школы, 39 працэнтаў адказалі «нешта сярэдняе», 6 працэнтаў — «горш за сярэдняе» і 1 працэнт — «жахліва». Больш як чвэрць апытаных паведамілі, што ў іх кабінетах мала раслін або іх увогуле няма. Пры гэтым 95 працэнтаў навучэнцаў упэўнены ў тым, што расліны могуць уплываць на здароўе чалавека і 82 працэнты ўпэўнены, што ад іх наяўнасці залежыць і эмацыянальны стан чалавека.

«Такім чынам, і навука кажа — карысна, і вучні кажуць, што ім не хапае раслін», — падсумоўвае Іван і прапаноўвае розныя спосабы выкарыстання «жывой сцяны» ў школах. Адзін з самых простых — на ўроках біялогіі пры напісанні практычных і лабараторных работ. Ці, напрыклад, у STEM-класах пры вывучэнні праграмавання. STEAM-падыход заснаваны на спалучэнні мастацтва, матэматыкі і інжынерыі. Няхай навучэнцы самі распрацоўваюць аўтапаліў для «жывой сцяны», устанаўліваюць фіталямпы, праграмуюць іх. «Такім чынам мы вырашаем праблему не толькі з камфортам, але і адначасова з навучаннем, — разважае Іван. — Дамагаючыся экалагічнага мыслення, стварай экалагічную прастору. Хочаш высокіх вынікаў навучання — стварай камфортную прастору, імкнешся развіваць крэатыўнасць — стварай крэатыўную прастору».

Якія яшчэ ідэі былі агучаны ў чырвоным крузе:

  • Ганна СЯМЁНАВА разам з камандай стварыла праект Accessіa, які дапамагае шукаць сферу для максімальнай рэалізацыі свайго патэнцыялу.
  • Ганна ГРУША раіць разглядаць факты аб экалогіі праз гульню. Яна прапанавала згуляць з ёй тым, хто лічыць экалогію нечым складаным і «не сваім».
  • Дар’я КАМІНСКАЯ падзялілася спосабам, як лёгка і весела вучыць вершы са школьнай праграмы. Яна ўпэўнена: калі трэба вывучыць паэтычны твор, варта яго праспяваць.
  • Соф’я ЛАГУТКОВА прапанавала пераапрацоўваць аднаразовыя маскі так, каб не шкодзіць ні навакольнаму асяроддзю, ні людзям.
  • Валерыя ЦАБРУК расказала, як маляванне дапамагае сацыялізацыі і псіхаэмацыянальнаму развіццю дзяцей з асаблівасцямі.
  • Марыя ПАТАПАВА пазнаёміла са спосабамі распрацоўкі тактыльных карцін, гэта дае магчымасць арганізаваць выстаўкі і паказаць невідушчым наведвальнікам знакамітыя мастацкія творы.
  • Мікіта РУСЕЦКІ прапанаваў стварыць гульнёва-адукацыйную мабільную праграму, якая будзе працаваць па прыкладзе сучасных гульняў, мець рэспубліканскі і ўнутрышкольны рэйтынг. А функцыя «ўнутрыкласныя спаборніцтвы» дазволіць вучням памерацца ведамі са сваімі школьнымі сябрамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота дадзена арганізатарамі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.