Вы тут

Армейскі букет


Дзень маці для мінчанкі Марыны Варачковай, якая працуе на прадпрыемстве «АГАТ — сістэмы кіравання», — свята вельмі сімвалічнае. Больш а 20 гадоў таму
акурат напярэдадні Пакрова, 12 кастрычніка, яна нарадзіла сына. Пра тое, што неўзабаве ва ўсіх маці з'явіцца асаблівы дзень, тады ніхто нават уявіць не мог.


Як толькі на календары вызначылася адпаведная дата, Марына Іванаўна штогод атрымлівала ад свайго сына кветкі. Сёлетні год, думала жанчына, стане выключэннем. На тое ёсць сур'ёзная прычына — яе адзіны сын акурат у гэты час праходзіць тэрміновую службу ў войску.

Аднак на што толькі не пойдзе сучасная моладзь, каб парадаваць сваіх блізкіх! І дзеля гэтага неабавязкова парушаць воінскі статут. Дастаткова проста добрасумленна выконваць вайсковы абавязак — і кіраўніцтва заўсёды пойдзе насустрач. У выпадку з Дзянісам Варачковым атрымалася менавіта так. З дазволу камандзіра часці напярэдадні свята салдат сустрэўся са сваёй мамай — і гэтым разам Марына Іванаўна не засталася без сюрпрызу.

Жанчына працуе інжынерам-праграмістам на адным з вядучых прадпрыемстваў краіны па стварэнні аўтаматызаваных сістэм кіравання, апаратна-праграмных комплексаў і тэхнічных сродкаў. Сюды прыйшла па размеркванні, на прадпрыемстве — ужо 34-ты год. Прадукцыя «АГАТ — сістэмы кіравання» шырока выкарыстоўваецца ва Узброеных Сілах. І Дзяніс Варачкоў, які служыць у 56-м асобным палку сувязі, — не выключэнне. Малады чалавек з'яўляецца кіроўцам-электрыкам тэлеграфна-тэлефоннага цэнтра палявога вузла сувязі.

Мама вайскоўца шчыра прызнаецца, што не вельмі ўзрадавалася, калі на сынава імя прыйшла павестка. Адзінае дзіця, выхоўвала яго без бацькі. Застацца без мужчыны ў доме, апынуцца на некаторы час адной не вельмі хацелася. Але калі Марына Варачкова даведалася, што Дзяніс будзе служыць недалёка ад дому ды яшчэ і ў войсках сувязі, да якіх у яе са зразумелай прычыны асаблівыя адносіны, смутак і хваляванне паступова зніклі. Ды і Радзіму ж нехта павінен абараняць!

— Войскі сувязі — інтэлектуальныя войскі, у любым выпадку служба пойдзе толькі на карысць, — упэўненая маці салдата. — Сын праслужыў усяго чатыры месяцы, а я ўжо цяпер магу сказаць, што ён стаў больш самастойны, сабраны і адказны.

Як маці Марына Іванаўна вельмі задаволеная, што сын служыць у Мінску. Калі ёсць магчымасць, яна па нядзелях наведвае яго. За добрую службу ў звальненне на некалькі гадзін адпускаюць і вайскоўца — каб паласавацца мамінымі баршчом і блінамі, часу хапае.

— У арміі, насамрэч, кормяць смачна, — прызнаецца малады чалавек. — Стравы разнастайныя, каларыйныя — нам усяго дастаткова.

Дзяніс Варачкоў будзе служыць усяго год — вось сапраўды, вышэйшую адукацыю за плячамі не насіць, нават тэрмін службы на паўгода карацейшы, чым у астатніх. Малады чалавек скончыў аўтатрактарны факультэт БНТУ, таму з велікагрузнымі машынамі, якіх яму даверылі ў войску, малады чалавек на «ты». Ганарыцца, што і некалькіх месяцаў не прайшло, як яго прызвалі, а ўжо давялося паўдзельнічаць у галоўным іспыце двухгоддзя для беларускай арміі. Падчас сумеснага стратэгічнага беларуска-расійскага вучэння «Захад — 2021» Дзяніс амаль месяц знаходзіўся на палігоне. Гэты час згадвае з асаблівым хваляваннем і нават настальгіяй: калі яшчэ давядзецца браць удзел у падобных манеўрах...

Сёлетні Дзень маці Марына Варачкова, безумоўна, запомніць на ўсё жыццё. Яна выдатна разумее, што калі яе сына адпусцілі на сустрэчу, значыць, ён добрасумленна выконвае свой воінскі абавязак. А гэта для яе, у першую чаргу як для маці, дарагога вартае.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.