Вы тут

Найвялікшы дар. Усім мамам без выключэння прысвячаецца


Ордэн Маці — дзяржаўная ўзнагарода, яна ўручаецца грамадзянкам Беларусі, якія маюць ад пяці дзяцей і больш. Але бываюць жанчыны, якіх узнагароджвае, напэўна, само жыццё. Гераіня матэрыялу даведалася пра сваю «ўзнагароду» якраз на Дзень маці, але лічыць, што яна проста захавальнік гэтага вялікага дару.


Наталля з Кацярынай.

Рашэнне

Усведамленне таго, што адбылося, да Наташы прыйшло не адразу. Яна маладая 26-гадовая дзяўчына, якая скончыла журфак і была поўная сіл і планаў. Змяніла некалькі работадаўцаў і ў рэшце рэшт зразумела, што яе жыццё нейкае фальшывае. Ёй здавалася, што яна добра пісала пра падзеі і герояў, проста ўсё гэта ўмела фіксавала. Самой жа дзяўчыне хацелася быць патрэбнай, здзяйсняць важнае і неабходнае, быць удзельніцай жыцця, а не назіральніцай. Таму Наталля вырашыла ўвасобіць сваю дзіцячую мару і ўзяць на выхаванне сірот з дзіцячага дома. І не паспела... Цяпер вось ляжыць, не рухаючыся, з мікраінсультам на бальнічным ложку.

Наташа заплакала: так і не зрабіла нічога САПРАЎДНАГА ў сваім жыцці...

— Зараз ужо разумею: тая сітуацыя прымусіла мяне адсеяць са свайго жыцця няважнае і дадала рашучасці, — гаворыць Наталля. — З дапамогай мужа праз паўгода я ўжо аднавілася. Было ясна, што з-за перанесеных мной мноства хвароб дзяцей сваіх у мяне не будзе. З-за гэтага не гаравала — мне хацелася жыць і быць карыснай. Марыла стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу. Муж, у адрозненне ад мяне, сутыкаўся з дзецьмі, якія страцілі бацькоў, і разумеў, што дапамагчы ім няпроста. Ён тлумачыў пра ўнутраныя рэсурсы, фінансавыя, расказваў пра складанасці, якія ўзнікаюць з гэтымі дзецьмі, але мяне нічога не палохала. Памятаю, як ён спытаў: «Чаму ўсё ж такі мы?» Я тады ўпэўнена заявіла, што калі б мільёны загінулых у Вялікую Айчынную так разважалі, то дзе мы б зараз жылі? Вось пасля гэтага ён і пагадзіўся.

Спачатку Наталля звярнулася ў органы апекі свайго раёна, каб ёй дапамаглі знайсці дзяцей. Але падалося, што там з ёй не вельмі добра пагаварылі, і яна стала шукаць дзяцей у іншых раёнах. Хутка трапіла на аб'яву аднаго з прытулкаў для дзяцей. Аказалася, там запланавалі рамонт і ўсіх дзяцей аддалі ў прыёмныя сем'і ці родным. Толькі дваіх падлеткаў, брата і сястру 13-14 гадоў, ніхто не захацеў браць, і тыя ўжо некалькі месяцаў былі вымушаны жыць у бальніцы. Наталля была ўражана. Яна прыйшла дадому і расказала мужу аб гэтых дзецях.

— Нездарма мне не захацелася супрацоўнічаць з органамі апекі нашага раёна, — гаворыць Наталля. — Яны нядрэнныя, проста сустрэча з тымі дзецьмі — гэта
быў лёс. Я веру, што прыёмным бацькам трапляюцца тыя малыя, ад якіх душа дарослых будзе развівацца, а дзецям — тыя дарослыя, якія неабходны ім. Не ведаю, што ў той вечар пачуў мой муж скрозь мае рыданні, але адчуў, што вось гэтыя падлеткі стануць нашымі першынцамі.

Міша і Марына

Наталля аформілася прыёмнай маці і паехала па дзяцей. Іх аддалі ў вельмі старым адзенні.

— Я адчувала, як Мішку няёмка і сорамна перада мной з-за таго, што на ім была майка з маленечкімі дзіркамі і стрэлкамі, — успамінае жанчына. — Гэта быў 2006 года, і сістэма выплат дапамогі на дзетак была яшчэ недасканалая. Грошай у нашай сям'і вялікіх не было ніколі, але я не магла вытрымаць няёмкасць падлетка. Мы вырашылі па дарозе набыць дзецям адзенне. Мішка мой расквітнеў на вачах. Я вельмі радавалася, і мне здавалася, што ўсё ў нас атрымаецца.

Падлеткі былі вельмі адданыя сваім родным бацькам. Малыя, пакуль іх не забралі ў прытулак, на працягу некалькіх гадоў хавалі ад настаўнікаў праблемы дома. Яны часта галадалі, цыравалі сваё адзенне, рабілі «дамашку» пад вулічным ліхтаром. Стараліся, каб ніводны дарослы не здагадаўся, што іх бацькі выпіваюць. Дзеці не хацелі ў прытулак. Нягледзячы на іх няпростыя выпрабаванні ў дзяцінстве, Наталля бачыла, як падлеткі сумуюць без бацькоў. Яна не стала забараняць ім час ад часу ездзіць да іх. Хутка Наталлю чакала расчараванне.

— Мне здавалася, што ў нас выбудаваліся добрыя даверныя зносіны. Канешне, не без праблем, у прынцыпе, як з усімі падлеткамі, — успамінае жанчына. — Але для мяне стала сапраўдным ударам, калі мяне знайшлі суседзі родных бацькоў Мішкі і Марыны. Аказалася, дзеці на працягу некалькіх месяцаў крадуць ежу і прывозяць усё сваім бацькам. А тыя ходзяць па раёну і выхваляюцца тым, што яны забяспечаны ўсім неабходным дзякуючы іх кемлівым падлеткам, застаецца толькі знайсці на «бутэльку».

Для нявопытнай Наталлі гэта здавалася сапраўднай здрадай. Але яна хутка ўзяла сябе ў рукі. Разумела, што крыкі і пакаранне толькі ўзмоцняць праблемы і аддаляць іх адно ад аднаго. Жанчына пасадзіла падлеткаў насупраць і растлумачыла, што яны сваёй «дапамогай» забіваюць родных любімых бацькоў. І сапраўды, навошта дарослым ісці шукаць працу, мяняцца, нешта рабіць, калі ўсё гэта прынясуць іх дзеці, а выпіць каля крамы заўсёды знойдзецца з кім. Дзеці хацелі дадому, але самі аддалялі той час сваімі «паслугамі».

Міша ў сям'і Наталлі пражыў два гады, Марына — каля чатырох. Дзяўчынка амаль у 18 гадоў вырашыла вярнуцца да роднай маці, якая старалася і кінула піць. Цяжка даўся Наталлі той суд, на якім Марыне дазволілі вярнуцца да родных. Такім чынам, дзяўчынка страціла ўсе льготы, якія ёй былі неабходны для паступлення, а яе маці перастала быць абавязанай. Але неўзабаве маці Марыны зноў запіла, а дзяўчынка зацяжарыла. У васямнаццаць Марына нарадзіла першынца.

— Уся гэтая сітуацыя давалася мне вельмі няпроста, — гаворыць Наталля дрыжачым голасам. — Нейкі час я думала, што нешта недадала ім. Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, нам удалося зберагчы адносіны і з Мішам, і з Марынай. Я стала больш спакойнай, калі ўпэўнілася, што Марына спраўляецца з дзіцем. Мы з мужам задумаліся над тым, каб узяць яшчэ дзяцей на выхаванне.

Ілья, Саша і Ганначка

Ілью было чатыры з паловай года, калі Наташа з мужам прыехала па яго ў дзіцячы дом. Хлопчык зусім не размаўляў, толькі мыкаў, але з інтанацыяй. Іншымі словамі, было адразу зразумела, што ён добра ведае мацерныя словы.

У Ільі былі вельмі дзіўныя паводзіны. Наталля ніяк не магла зразумець, дзе ў яго прабел ва ўспрыманні свету. Калі разумееш, дзе прабел, то запаўняеш яго, а тут было ўсё незразумела. Наталля пачала працаваць з базавай патрэбай дзіцяці — ежай. Справа ў тым, што ў Ільі ўся сістэма каштоўнасцяў змяшчалася ў акрайчыку хлеба. У дзіцячым доме выдавалі хлеб кавалачкамі, і акрайчыкаў было вельмі мала, таму дзеткі думалі, што гэта вельмі вялікая каштоўнасць. Наталля купляла хлеб, наразала па 12 акрайцаў для Ільі, выкладвала перад ім горачкай. Але гэта не дапамагала, ён вельмі хваляваўся, што рана ці позна прадукты скончацца. Наталля з мужам вырашылі купіць дом у вёсцы. Хлопчык убачыў вялізную колькасць гарбузоў, бочкамі засоленыя агуркі, стаў патроху супакойвацца і хутка перастаў хаваць прадукты.

У пяць гадоў хлопчык пачаў гаварыць. Тады ён Наташы і расказаў, што, калі яна зайшла ў групу ўся такая непрыгожая з марозу, ён раптам зразумеў: менавіта гэтыя людзі купяць яму веласіпед. Так у прынцыпе і здарылася. Прыкладна ў гэты час у сям'ю да Наталлі трапілі дзве сястрычкі — шасцігадовая Аляксандра і чатырохгадовая Аня. У Аляксандры да гэтага ўзросту быў вопыт дарослага жыцця. Яна сама выжывала і даглядала траіх дзяцей, у тым ліку адно немаўля. І калі дзяцей забралі з сям'і, то Аляксандра ўспрымала сітуацыю так, быццам бы гэта ў яе асабіста забралі малых. Дзяўчынцы патрэбны быў курс псіхатэрапіі. Яе сястрычка Аня — бясстрашнае стварэнне: менавіта яна некалі да прыходу ў сям'ю Наталлі выйшла з акна кватэры. Засталася жывая, але гэта быў не апошні няшчасны выпадак з ёй. Прыёмная маці прызнаецца, што калі сустракала траўматолага на вуліцы, то той дзякаваў ёй, што не ў яго кабінеце. Яна з дзецьмі часта да яго наведвалася, і не толькі з Ганнай.

Малюнак Аляксандры — дачкі Наталлі.

— Тое, што я перажыла з гэтымі трыма — проста не ўмяшчаецца ў галаве, нават у мяне, — прызнаецца Наталля. — Дзеці былі вельмі сурёзна траўмаваны лёсам. Усе тыя рэчы, што адбываліся ў нас дома, страшна згадваць услых: спробы суіцыду, жорсткі гвалт у адносінах да іншых, руйнаванне ўсяго магчымага ў доме... Баялася, што ў мяне не атрымаецца ім дапамагчы, баялася, што іх адбяруць і гэта яшчэ больш траўміруе малых, якіх, як аказалася, ужо вярталі ва ўстанову... Разумела, што гэта іх апошні шанц, і ніколі не дапускала думкі, каб вярнуць маю «банду» ў прытулак. Праз гады жорсткай адаптацыі ў нашай сям'і мы прапанавалі дзяўчынкам іх удачарыць, а Ілью ўсынавіць. Мне здавалася, што гэта павінна дапамагчы ім супакоіцца і паверыць, што я, нягледзячы ні на што, ніколі і нікому іх не аддам. Гэты крок не вырашыў праблемы дзяцей, але дадаў ім упэўненасці ў тым, што цяпер у іх ёсць сапраўдная сям'я...

Дзень маці

14 кастрычніка 42-гадовую Наталлю выклікалі чарговы раз на савет прафілактыкі ў школе, у якую, дарэчы, яна ўладкавалася працаваць, каб дзецям лягчэй было адаптавацца. Не, маці складаных дзяцей не збіраліся віншаваць. Яе ўшчувалі за паводзіны сына. Жанчына ўстойліва вытрымала вымову, але, калі выйшла з кабінета дырэктара, раптам расплакалася. Вось табе і падарунак на Дзень маці, думала Наталля. Яна плакала надзвычай доўга, амаль рыдала і ніяк не магла супакоіцца. Яна адпусціла дзяцей з гуртковых заняткаў, якія павінна была правесці, а сама пассоўвала крэслы разам, легла на іх і заснула. Спала хвілін дваццаць і потым раптам адчула прыліў сіл. Такога раней не было! Звычайна Наталля доўга прыдумляла, як растлумачыць і данесці дзецям важныя рэчы, трывожылася і потым яшчэ доўга не магла аднавіцца ад стрэсу. А тут слёзы і сон... Наташа засумнявалася: хіба з яе здароўем гэта магчыма? Не магла зацяжарыць шмат гадоў, з чаго б гэта цяпер? Але ўсе ж набыла тэст на цяжарнасць. Ён аказаўся станоўчы. А далей усё як у сне. Яна прыходзіць да ўрача, які ўпэўнівае яе, што ўжо прайшла траціна цяжарнасці. Самі ж дактары, убачыўшы спіс захворванняў жанчыны, паклалі яе ў бальніцу амаль да самых родаў. А потым нараджэнне дачкі Кацярыны — цудоўнага падарунка ад Бога на Дзень маці.

— Думаю, гэта падарунак больш для майго мужа, — разважае Наталля. — Я такая шчаслівая, што магу аддзячыць за тое, што ён дапамог увасобіць мне мае мары. Без яго падтрымкі не справілася б. Я вельмі шчаслівы чалавек і маці. Мішка вырас працалюбівым мужчынам і нядаўна нам абвясціў аб тым, што знайшоў сабе нявесту. Марына — найцудоўнейшая маці дваіх дзетак, яна вельмі добра іх даглядае і выхоўвае. Аляксандра і Ілья летам паступілі ў каледжы і зараз атрымліваюць прафесіі. Кожны з іх унікальны, яны аматары прыгод, а цяпер яшчэ і галоўныя мае памочнікі. Ганна пакуль школьніца і вельмі таленавітая, добрая дзяўчынка. Заўсёды верыла і буду верыць у сваіх дзяцей. Так, мне часам бывае вельмі цяжка з імі, але я навучылася гэта ўспрымаць як працоўны працэс. Стараюся не забываць, што мы, людзі, носьбіты вялікага цудоўнага падарунка — жыцця. А бацькі — не проста носьбіты цуду, а яшчэ і захавальнікі. Дзеці мае паступова ўсведамляюць каштоўнасць жыцця і сям'і. Гэта адбываецца нават не заўсёды праз мяне, але МАЦІ — той падмурак, з якога дзеці пачынаюць будаўніцтва сваіх будучых цудоўных жыццяў.

Імёны па просьбе герояў зменены.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Найвялікшы дар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Феномен Максіма Багдановіча

Феномен Максіма Багдановіча

«Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

Палітыка

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Бяспраўе і несправядлівасць. Куды ўлады вядуць палякаў?

Старшыня кіруючай кансерватыўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі выказаўся наконт палітыкі Германіі.

Грамадства

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Правільнае харчаванне дадому: даніна модзе або клопат аб здароўі?

Калі сфера дастаўкі гатовага харчавання перажыла бурны рост з пачаткам пандэміі, калі з офісаў вельмі многія перамясціліся ў кватэры, а пах

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».