Вы тут

Асаблівасці работы ўчастковай бальніцы ў перыяд пандэміі


У зоне абслугоўвання Доўскай участковай бальніцы Рагачоўскага раёна — амаль 3300 чалавек. Па медыцынскую дапамогу сюды звяртаецца насельніцтва Доўскага і Курганскага сельсаветаў — гэта жыхары, ні больш ні менш, 25 населеных пунктаў. Акрамя таго, бальніца бярэ на сябе медабслугоўванне дзяцей з Журавіцкага і Званецкага сельсаветаў.


Галоўны ўрач Доўскай участковай бальніцы Наталля Гаўрушка.

Пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы ў функцыянаванне сельскай установы аховы здароўя. Кваліфікаваная меддапамога ў гэтым аддаленным кутку Рагачоўшчыны заўсёды была вельмі запатрабаваная. Да райцэнтра — 30 кіламетраў, а размешчаны Доўск на перакрыжаванні буйных трас Магілёў — Гомель і Бабруйск — Слаўгарад. У час пандэміі ўчастковая амбулаторыя ўзяла на сябе значную частку службы медабслугоўвання сельскіх жыхароў. Наладзіць работу ўдалося ў тым ліку дзякуючы падтрымцы спецыялістаў Рагачоўскай цэнтральнай райбальніцы.

У Доўску абслугоўванне пацыентаў арганізавалі з улікам усіх супрацьэпідэмічных мер, скарэкціравалі работу ўрачоў, медыцынскіх сясцёр і малодшага медыцынскага персаналу так, каб найбольш эфектыўна размеркаваць нагрузку. Галоўны ўрач Доўскай участковай бальніцы Наталля Гаўрушка (на фота) кажа, што не перастае здзіўляцца стойкасці, уменню свайго калектыву ў цяжкія часы згуртавацца ў моцную каманду.

— Цяжка нават кагосьці вызначыць асобна, каму вельмі прызнаная за работу, — адзначае Наталля Яўгенаўна. — Проста нізкі паклон усім.

У амбулаторыі ўрачы агульнай практыкі вядуць штодзённы прыём пацыентаў. Аддзяленне стацыянара — 65 ложкаў — ніколі не пустуе. Большая частка месцаў адведзена для аддзяленняў сястрынскага догляду і тэрапеўтычнага. У апошнім, дарэчы, цяпер ідзе рамонт за сродкі, сабраныя калектывам. Ёсць у бальніцы стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны, рэнтгеналагічны кабінеты і лабараторыя. Акрамя таго, у Доўскай участковай бальніцы працуе паліятыўнае аддзяленне, куды звяртаюцца жыхары з усяго Рагачоўскага раёна.

Урач-тэрапеўт палеатыўнага аддзялення Доўскай участковай бальніцы Леакадзія Путрык.

— Наша аддзяленне паліятыўнай дапамогі разлічана на 15 месцаў, — тлумачыць урач-тэрапеўт Леакадзія Путрык. — Мы аказваем меддапамогу пацыентам з хранічнымі захворваннямі, анкалогіяй, калі патрабуецца карэкцыя асноўнага лячэння, абязбольванне, дэтаксікацыйная тэрапія. Тое, на якім узроўні наладжана работа паліятыўнага аддзялення, — значная заслуга нашых санітарачак і медсясцёр, старэйшай медсястры Алены Захаранкі, бо паступаюць да нас і вельмі цяжкія пацыенты.

У паліятыўным аддзяленні лечацца і пацыенты са складанымі сардэчна-сасудзістымі, лёгачнымі і іншымі захворваннямі. У асобных палатах — тэлевізары, у кожнай — зручны санітарны блок. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца супрацьпролежневыя матрацы. Леакадзія Путрык распавядае: пацыенты аддзялення — людзі, якіх сваякі прывозяць на лячэнне менавіта ў Доўск.

— Мая работа — мае хворыя. Палегчыць іх стан. Асабліва каштоўная наша дапамога для тых, у каго не засталося сваякоў, у каго дзеці ў Расіі, Украіне, далёка. Спачатку тыя, хто трапляе да нас, думаюць, што тут вёска, таму дрэнна, напэўна, будзе, потым палечацца і просяцца толькі сюды, да нас у Доўск, — дзеліцца ўрач.

Памочнік ўрача Доўскай участковай бальніцы Ганна Барысава.

Дарэчы, доктар паліятыўнага аддзялення Леакадзія Вітольдаўна Путрык у свой час больш як 20 гадоў узначальвала Доўскую ўчастковую бальніцу. Яе муж, Яўген Мікалаевіч Путрык, усё сваё жыццё адпрацаваў у Доўскай бальніцы загадчыкам хірургічнага аддзялення. Леакадзія Вітольдаўна і Яўген Мікалаевіч — бацькі сённяшняга кіраўніка медустановы Наталлі Гаўрушкі. Дынастыя вясковых урачоў заўсёды ганарылася месцам жыцця і работы. І на сваім прыкладзе пераконвала, што жыццё ў глыбінцы мае шмат пераваг.

Сёння галоўнаму ўрачу прыходзіцца займацца праблемай замацавання кадраў у сельскай мясцовасці. Рэцэпт, кажа, агульнавядомы: малады спецыяліст замацуецца, калі ў яго ёсць магчымасць кар'ернага росту, жыллё і... асабістае жыццё. Праўда, апошняе не заўсёды залежыць ад загадаў начальства. Усміхаецца: пажаніць, вядома, не змогуць, але ж пазнаёміць з добрым хлопцам ці дзяўчынай — чаму не? А там ужо — як складзецца:

— У вялікім горадзе не атрымаеш таго вопыту, той практыкі, якія тут ёсць. Урач можа хутка заняць пэўную пасаду, рэалізаваць свае амбіцыі. А яшчэ, лічу, вельмі важная атмасфера ў калектыве. Чалавек павінен адчуваць, што ён неабходны. Важна, каб ён не саромеўся нешта спытаць у старэйшага калегі, — упэўненая галоўны ўрач. — Я ўсім кажу: не пужайцеся вёскі. Усё тут зручна: кватэра, работа праз дарогу, дзіцячы садок і школа побач. Школа ў нас вельмі добрая. Ёсць таксама музычная школа. Перакрыжаванне дарог дае свае перавагі: сеў на машыну і куды хочаш едзь — хоць у Гомель, хоць у Мінск, хоць далей. Таму я за ўсё жыццё павандравала больш, чым многія з маіх калег у горадзе.

За работай медрэгістратар Доўскай участковай бальніцы Любоў Гузенкова.

Галоўнае ў рабоце на вёсцы, упэўненая Наталля Гаўрушка, — зразумець і прывыкнуць да людзей.

— Таму што гэта вельмі вялікая розніца — сельскае і гарадское насельніцтва. Тут, у вёсцы, мы — сям'я, — цвёрда верыць урач. — Гэта асабліва добра відаць цяпер, падчас работы ў пандэмію. Людзі ведаюць свайго вясковага доктара, давяраюць яму, ты ведаеш усіх родных пацыента, можаш заручыцца іх дапамогай, калі, напрыклад, стары чалавек адмаўляецца ад лячэння ці ігнаруе парады ўрача, — расказвае Наталля Гаўрушка. — У памяці многіх пажылых вяскоўцаў я ўсё яшчэ тая маленькая Наталька, якая ўсё дзяцінства правяла з татам і мамай на прыёмах бальніцы. Але цяпер, пераступіўшы яе парог, я для іх — Наталля Яўгенаўна і нясу адказнасць за іх. Вядома часам па вуліцы ідзеш, і людзі старога пакалення, далёкія ад медыцыны, крычаць: «Наталля, а ты будзеш прымаць сёння?» Я адказваю: «Так». Ніколі не крыўдую на панібрацтва.

Цікава, што ў Доўску свая бальніца з 1914 года. Наталля Яўгенаўна збірае ўспаміны аб рабоце ўсіх галоўных дактароў з дарэвалюцыйных часоў і марыць аб стварэнні музея бальніцы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.