Вы тут

Навінкі кнігарні: «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень..: вясёлы каляндар»


Падарунак да Новага года юным чытачам краіны зрабіў Выдавецкі дом «Звязда», выдаўшы новую кнігу вядомага беларускага паэта Міколы ЧАРНЯЎСКАГА «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень..: вясёлы каляндар». 


«Жыў на свеце дзядзька Тыдзень, / Працаваць любіў і ўмеў./Трох сыноў меў дзядзька Тыдзень/ І дачок чацвёра меў...» Дружная сямейка героя, прыдуманага дзякуючы творчай фантазіі дзіцячага паэта, вядзе традыцыйнае, але поўнае прыгод і забаў жыццё. Праграму на гэта задае звычайны каляндар. Таму следам за Тыднем у кнігу ўваходзяць і Месяцы, кожны з якіх займае сваё адметнае месца ў календары.

«Крочыць Студзень лёгка, смела,/ Пад сабой не чуе ног...» Крочыць у бялюткім кажуху, масціць лёд, а каб выпрабаваць яго — надзявае канькі. «Пытаецца Люты:/ — Ці добра абуты?/ Хаплю я за ногі — / І зляжаш прыкуты!..» «Усміхнуўся Сакавік — / Зажурыўся снегавік:/ — Ой, пара мне, ой, пара/ Выбірацца ў лес з двара!» «Красавік з вясенней ласкі/ Разбудзіў усюды краскі:/ Сон-траву, пралескі, лотаць — / Будзе ў радасць пчолкам лётаць./ Пчолка вылезла з вулля:/ — Кветкі дзе? / Адна ралля!..» Месяц за месяцам — і разгортваецца вялікі, шматбсяжны, багаты на прыродныя з’явы год, які завяршае Снежань... Апошні Месяц, вырашыўшы пагуляць у снежкі, просіць завею прынесці снегу. «Сам жа ў лес пайшоў/ на золку:/ — Прынясу малечы ёлку./ Запрашу на карагод./ Заўтра свята — / НОВЫ ГОД!»

Казачныя фантазіі, якія так умела словам вымаляваў паэт, што яны зусім не губляюць сувязі з жыццём, па-майстэрску дапаўняе сваімі ілюстрацыямі мастачка Галіна Іванова. З «вясёлым календаром» Міколы Чарняўскага можна смела ісці на ранішнік і ў пярэдадзень Новага года, і ў любую іншую часіну — вясной і восенню таксама. Штукары-месяцы сваімі паводзінамі ўкладваюцца ў любую мастацкую драматургію. Добрым дапаўненнем да кнігі служаць сабраныя пад яе вокладкай і народныя прыкметы. Вось вы самі патлумачце, чаму так гавораць: «Зімовы дзянёк — што камароў насок»; «Мароз трашчыць — Каляды галосяць»; «Месяц зімою бяжыць па той дарожцы, па якой сонца бяжыць летам»; «На Новы рок дзень прыбывае на зайцаў скок»; «Снег не той, што мяце, а той, што зверху ідзе». 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.