Вы тут

Ляўкі пад Сянно і цікавінкі Чыжоўкі. Што можна зрабіць на месцах, каб прыцягнуць турыстаў


Пандэмія назаўсёды змяніла турыстычны рынак, спажыўцоў, іх чаканні і патрэбы, зрабіла больш асцярожнымі ў плане выбару далёкіх маршрутаў, але ў той жа час паспрыяла пошукам новых шляхоў і адкрыццяў. Пытанні, звязаныя з магчымасцямі міжнароднага і трансгранічнага турызму, выкарыстаннем сучасных тэхналогій і патэнцыялу гісторыка-культурнай спадчыны, краязнаўчых даследаванняў, пошукам новых альтэрнатыў былі ўзнятыя на першай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Перспектывы развіцця турызму ў сучасных умовах: сусветныя тэндэнцыі і рэгіянальныя кантэксты», арганізаванай Дэпартаментам па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі турыстычных арганізацый, устаноў культуры, адукацыі і навукі, грамадскіх арганізацый.


На Чыжоўка-арэну можна вадзіць адмысловыя экскурсіі

Пункты прыцягнення

Мясціны, якія не могуць пахваліцца яскравымі архітэктурнымі аб'ектамі ці падзеямі, таксама могуць заззяць па-новаму, калі знайсці для іх уласныя «разыначкі». Калі пакорпацца ў гісторыі населенага пункта, можа ўсплыць багата цікавых падказак — магчыма, тут ладзіліся кірмашы, былі развітыя рамёствы, жылі выдатныя асобы, а можа, сёння ёсць адметныя кулінары (прадукты, тавары...), прыродныя сімвалы, міфы і паданні, вакол якіх можна «раскруціць» тэму новага фестывалю (згадаем «Лепельскага цмока», «Журавы і журавіны» ці Вішнёвы фестываль). Толькі важна падчас распрацоўкі новых маршрутаў і праграм не забывацца, што любы культурны аб'ект мае духоўнае значэнне, спрыяе развіццю асобы і фарміраванню густаў. І сачыць за тым, каб новыя ці запазычаныя з-за мяжы ідэі не падмянялі традыцыйныя каштоўнасці і не заміналі развіццю самабытнай мясцовай культуры.

Часта праблема турыстычнай непрывабнасці таго ці іншага раёна не ў тым, што там няма чаго паказаць, а ў адсутнасці мясцовага брэнда, упэўнены навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі. Ён прапануе звярнуць увагу на Сенненскі раён, пры распрацоўцы маршрутаў па якім можна рабіць акцэнты на яго ўраджэнцах: Машэраве, Азгуры, Гараўцы. Бяспрэчна, для таго каб сюды паехалі турысты, варта стварыць аб'екты для паказу. Нягледзячы на тое, што ў гонар двойчы узнагароджаных медалём «Залатая Зорка» або (і) медалём «Серп і Молат», раней было прынята ставіць бюсты на радзіме. У вёсцы, дзе нарадзіўся Пётр Машэраў, такі памятны знак не паставілі, бо на той час яна была закінутая. У былым доме сям'і Машэравых, які часткова захаваўся, можна было б зрабіць мемарыяльны музей. Брэндам раёна магло б стаць ткацтва, каб турысты маглі не толькі наведаць памятны знак у гонар аўтаркі арнаменту на беларускім сцягу (Матрона Мар... жыла ў Сенінскім раёне), але і саткаць рушнік у мясцовым Доме рамёстваў. Аграгарадок Полымя мог бы стаць Сенненскімі Ляўкамі — тут у 1903—1904 гадах жыў і працаваў Янка Купала. У гэтым жа аграгарадку знаходзіцца сядзібны дом Свяцкіх, які патрабуе аднаўленчых работ, бо прамаруджванне можа прывесці да страты помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя стылю позняга класіцызму. А можна яшчэ ўспомніць пра адну з найбуйнейшых танкавых бітваў пад Сянно, шматвяковы дуб каля вёскі Аляксандрава, Чортаў камень (другі па велічыні ў Беларусі) ці паганскае капішча каля былой вёскі Бачарова, ідал з якога быццам абяцае плоднасць бацькам і здароўе нашчадкам...

Магчыма, варта звярнуць увагу на аб'екты, да якіх раней не было прынята вадзіць турыстаў. Войны пакінулі на нашай зямлі шмат розных фартыфікацыйных збудаванняў. І чаму б іх не выкарыстоўваць пры распрацоўцы маршрутаў, прысвечаных Першай і Другой сусветным войнам, тым больш што нават без асаблівай рэкламы такія аб'екты ўжо прыцягваюць аматараў ваеннай гісторыі?.. Нават замежнікі нейкім чынам спрабуюць «выйсці» на мясцовых краязнаўцаў, каб паглядзець на... закінутыя дзоты. Музеі і аніміраваныя экскурсіі таксама выдатна кладуцца на такія аб'екты. Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў прапанаваў адну з турсцежак пракласці да так званай Лініі Пілсудскага, польскіх міжваенных умацаванняў пад Баранавічамі, пры будаўніцтве якіх выкарыстоўваліся самыя сучасныя для таго перыяду дасягненні ваеннай інжынерыі. Да таго ж аб'ект можна выкарыстоўваць для распрацоўкі праекта, звязанага з падачай складанай міжваеннай гісторыі ХХ стагоддзя, звязана й з падзелам Беларусі.

Дацэнт кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта БДУ Дзмітрый Філіпчык упэўнены, што айчыннаму турысту, які ўжо паспеў паездзіць па сваёй краіне, трэба падаваць невядомыя факты пра вядомыя мясціны. Сёння жыхарам Оршы даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб пераламаць стэрэатып, што гэта горад, у якім тры турмы і ніводнага тэатра. Хоць за гэтымі мясцінамі стаіць цікавая, пакуль не ўзнятая і не «спакаваная» ў турпрадукт гісторыя. Унутраны турыстычны попыт спарадзіў неабходнасць уключаць новыя, раней мала задзейнічаныя гісторыка-культурныя аб'екты, і Орша можа стаць «тузом, які можна дастаць з рукава», каб распавесці пра гарадскую духоўную спадчыну пад іншым ракурсам. У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях тут было пабудавана дзевяць каталіцкіх і грэка-каталіцкіх кляштараў. І чаму б не паказваць горад як вялікі цэнтр манастырскай каталіцкай культуры, не расказваць пра дзейнасць і ўплыў розных ордэнаў (езуітаў, трынітарыяў, бернардынцаў, дамініканцаў, францысканцаў)? Натуральна, любая гісторыка-культурная каштоўнасць павінна быць нейкім чынам маркіравана. Самы просты спосаб — устаноўка інфармацыйных стэндаў. Таксама межы страчаных будынкаў варта выкладваць каляровай цэглай.

Можна прэзентаваць турыстам раёны і кварталы гарадоў. Так, цяпер раскрываецца патэнцыял сталічнай Чыжоўкі. Не здзіўляйцеся, гэты мінскі раён з часам зможа заняць турыста на цэлы дзень, і ўдзельнікі канферэнцыі ўжо паспелі пазнаёміцца з некаторымі яго цікавінкамі. Мясцовы парк закладваў яшчэ Машэраў. Кажуць, што тут захавалася дрэва, якое ён садзіў. Вуліца Ташкенцкая названа ў гонар беларускіх будаўнікоў, якія дапамагалі ў аднаўленні сталіцы Узбекістана, пасля моцнага землятрусу. Раён мае адмысловыя аб'екты прамысловага і спартыўнага турызму, ужо сёння можна пабываць у адной з самых сучасных раздзявальняў для хакеістаў (пры яе ўзвядзенні нашых будаўнікоў кансультавалі канадскія спецыялісты) і даведацца, як ствараюцца ўмовы для спартыўных спаборніцтваў і трэніровак на лядовых палях «Чыжоўка-Арэны» (свая кампрэсарная станцыя ахалоджвае лёд знізу, а зверху стаіць сістэма кандыцыяніравання паветра, якая стварае пэўны мікраклімат, задае тэмпературу і вільготнасць).

Спадчына мільянераў і памяць аб вайне

Паступова пачынае «раскручвацца» як турыстычны цэнтр і такі населены пункт як Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне.Ён можа пазнаёміць нас з рознымі старонкамі гісторыі. Непадалёку ад яго захавалася гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (1 тысячагоддзе да нашай эры — 1 тысячагоддзе нашай эры). Сваёй захаванасцю ўражвае сядзібна-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх. Захаваліся флігель, гаспадарчыя пабудовы, вінакурны завод. Але найбольш захапляе сядзібны дом сям'і міліянераў — (Козел—Паклеўскія лічыліся гарэлачнымі каралямі ў Расійскай імперыі, у іх уласнасці былі параходы, хімічныя і металургічныя заводы, шахты, банк). Гаспадары не пашкадавалі сродкаў на яго пабудову. Усе памяшканні выкананыя ў розных стылях: раманскі, класічны, гатычны, барока, ракако. І гэта адзіная ў Беларусі сядзіба, дзе ў афармленні адной з залаў выкарыстаны арабскі (ці маўрытанскі) стыль — альгамбра. Прычым інтэр'еры не пашкодзіў час — каваныя вырабы, ляпніна, плітка — аўтэнтычныя. Экскурсаводы вытлумачаць прычыну выдатнай захаванасці сядзібнага дома містыкай, што таксама любяць турысты. Будынак мае шмат абярэгаў, сярод якіх хімеры, кажан, кароны, маскі, матылі, трыліснік, лісткі вінаграду, дуба. На рагах будынка закладзеныя залатыя манеты. І расповед можна працягваць. Побач унікальны парк, асобныя дрэвы ў якім пасаджаныя яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

А ў вёсцы Казімірава, непадалёк ад Чырвонага Берага, у манастыры Успення Прасвятой Багародзіцы захоўваецца цудатворны абраз Божай Маці Казіміраўскай. Лічыцца, што пры шчырай малітве каля гэтага абраза ў будучых маці роды праходзяць без ускладненняў...

Але найбольш Чырвоны Бераг сёння вядомы дзякуючы сваёй ваеннай гісторыі. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе стаіць помнік дзецям —- ахвярам вайны. Сёння музейшчыкам даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб супрацьстаяць запушчанай у інтэрнэце інфармацыі, што тут размяшчаўся донарскі лагер, дзе ў дзяцей бралі кроў. Насамрэч лагер быў перасыльны. Ад гэтых ведаў лягчэй не становіцца, усё роўна тут месца, якое нагадвае пра пакуты малых. З амаль дзвюх тысяч дзяцей, якіх вывезлі ў Германію, вярнуліся толькі адзінкі. На Дзень абароны дзяцей тут заўсёды праводзіцца жалобны мітынг, прыязджаюць высокія госці з усёй краіны. І гэтае месца магло б увайсці ў шэраг аб'ектаў, што распавядаюць пра вайну з розных бакоў. У дапаўненне да Хатыні, якая нагадвае пра ўсе спаленыя вёскі, Трасцянца — канкрэтнай гісторыі лагера і збіральнага вобраза лагераў падобнага тыпу, Мінскага гета — расповеду пра генацыд яўрэяў...

Інтэрпрэтацыя і «ажыўленне» гісторыі

Дацэнт кафедры музеялогіі, этналогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Дзмітрый Марозаў прапаноўвае дадаць да атрыманай карціны яшчэ адзін аповед — пра лагеры для ваеннапалонных, бо пакуль гэтая гісторыя ў нас ніяк не музеефікуецца і не інтэрпрэтуецца. Адным з месцаў, дзе варта згадваць пра такую цяжкую спадчыну Вялікай Айчыннай вайны, магла б стаць тэрыторыя былога лагера Шталаг-352 у Масюкоўшчыне. Тут можна было б зрабіць алею памяці ці кампазіцыі, якія б паведамлялі, што па Беларусі была створана цэлая сетка падобных лагераў, альбо падаць на інфармацыйным стэндзе карту іх размяшчэння.

Экскурсаводы кажуць, што палац у Чырвоным Беразе захавалі ад разбурэння хімеры на фасадзе. Турысты такія містычныя аповеды любяць.

Сёння расказваць пра трагедыю можна па-іншаму. «Захаваліся архітэктурныя помнікі, якія адносяцца да часоў існавання лагера. Сама тэрыторыя «гаворыць», перадае атмасферу. І гэта ўнікальны комплекс для ўсёй тэрыторыі былога СССР. Важна пры развіцці горада не страціць дакументальнае сведчанне ў архітэктурных вобразах у самай структуры раёны. Пасля гэта будзе неаднаўляльныае», — заўважае Дзмітрый Марозаў.

Але як зрабіць такую тэрыторыю ў цэнтры жылога раёна? Можна выкарыстаць сучасныя сродкі — муралы. Напрыклад, Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства ў Смаленску дзякуючы муралам змагло падаць шэраг гістарычных падзей, што адбываліся ў горадзе. Наносіць такія малюнкі з інфармацыяй можна не толькі на жылыя дамы. Тэхнічныя пабудовы, кацельні, трансфарматары і нават трубы, што стаяць у месцах, звязаных з жыццём і функцыянаваннем лагера, — выдатная экспазіцыйная плошча. Можна аднавіць фрагменты супрацьтанкавых валоў, такім чынам абазначыўшы межы лагера. Захавалася і брукаванка, якую выкладвалі ваеннапалонныя. Яна таксама можа быць жывым напамінам. Яшчэ важна размясціць інфармацыйныя цэнтры ў ключавых пунктах агляду з QR-кодамі, праз якія можна атрымліваць звесткі, калі асобы, неабыякавыя да гісторыі, захочуць самастойна абысці тэрыторыю, а магчыма і праслухаць успаміны ваеннапалонных, што начытваюць прафесійныя акцёры (цяпер вядзецца распрацоўка віртуальнай гісторыі і карты лагера). Такі падыход можна выкарыстоўваць на падобных аб'ектах па ўсёй Беларусі.

Калі мы прывыкаем да пэўнай інтэрпрэтацыі гісторыі, яна перастае адгукацца ў сэрцах. Да таго ж доўгі час мы ведалі толькі маўклівую гісторыю. Нам былі недаступныя задакументаваныя персаналізаваныя сведчанні. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць «даць» голас нямым сведкам. І гэта не толькі расповед пра трагічныя падзеі. Вайна дала каласальны масіў інфармацыі пра тое, як людзі паводзяць сябе ў розных сітуацыях, праз што ім даводзіцца праходзіць. І гэта трэба ўлічваць пры развіцці культуры памяці, рэтрансляцыі, інтэрпрэтацыі падзей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?