Вы тут

Балет і яго героі на «Беларусь 3»


Сусветны дзень балета — свята, што ўслаўляе шырока распаўсюджаны від сцэнічнага, музычна-харэаграфічнага мастацтва, сёлета адзначаецца 19 кастрычніка. І сацыякультурны тэлеканал на наступным тыдні прысвячае гэтай падзеі тэматычны эфір. Гледачам запрапануюць бліжэй пазнаёміцца з галоўнай установай акадэмічнага балета нашай краіны — Вялікім тэатрам Беларусі, яго салістамі і спектаклямі. У прыватнасці, адбудзецца паказ спектакляў «Баядэрка» і «Ганна Карэніна».


Традыцыйна без інфармацыйнай падтрымкі і ўвагі аб'ектываў тэлекамер спецыялізаванага канала не застаюцца пастаноўкі тэатральных устаноў краіны, не выключэнне і Вялікі тэатр Беларусі. Артысты ўстановы — заўсёды пачэсныя госці студыі і героі праграм. З нагоды балетнага свята «Беларусь 3» далучаецца да сусветнай культурнай ініцыятывы — арганізоўвае знаёмства гледачоў анлайн ці ў тэлеэфіры з найлепшымі нацыянальнымі спектаклямі, тэатрамі і артыстамі.

Так, з 20 да 24 кастрычніка героямі партрэтнага праекта «Камертон» стануць салісты тэатра — народная артыстка Беларусі Вольга Гайко і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Кавалёў, а ў студыю праграмы «Кадры жыцця» завітае народная артыстка нашай краіны Ірына Яромкіна. Варта адзначыць, што менавіта яна вядомая як адна з выканальніц партыі Ганны Карэнінай у аднайменным балеце, які тэлеаўдыторыя зможа ўбачыць у наступныя выхадныя. Харэаграфічны спектакль, пастаўлены па рамане Льва Талстога балетмайстрам Вольгай Кастэль (як адзначала аднойчы яна сама), дэманструе гледачу «дыялог псеўдамаральнасці і жывога пачуцця», дзе апошняе прайграе... Прыхільнікам балетнага мастацтва Вольга Кастэль знаёмая па балетах «Любоў і смерць», «Метамарфозы», як рэжысёр канцэртаў, харэограф некаторых оперных пастановак у Вялікім тэатры; акрамя таго, яе харэграфія была прадстаўлена і замежным гледачам у Германіі, Эстоніі, Расіі і многіх іншых краінах. Балет «Ганна Карэніна» (прэм'ера адбылася ў 2019 годзе) у двух актах на музыку Пятра Чайкоўскага стваралі ў тым ліку і дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, сцэнограф — галоўны мастак тэатра Аляксандр Касцючэнка, касцюмер — Ніна Гурло. А ў складзе артыстаў задзейнічаны вядучыя майстры сцэны балета Вялікага тэатра Беларусі, сярод якіх Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў, Ігар Артамонаў, Людміла Хітрова і іншыя. І тут такімі пазнавальнымі здаюцца сюжэт і персанажы, што хочацца разважаць, пераасэнсоўваць і рабіць свае ўласныя высновы. Пра тое, якімі нечаканымі могуць быць жыццёвыя віражы, што стане на іх нашым здабыткам альбо якой цаной давядзецца расплачвацца за ўяўнае шчасце...

Другая пастаноўка, што будзе запрапанавана гледачам «Беларусь 3», — гэта балет Людвіга Мінкуса «Баядэрка», які лічыцца адным з найлепшых твораў класічнай балетнай спадчыны. Калі звярнуцца да гістарычнай даведкі, то ўпершыню ён быў пастаўлены ў 1877 годзе на сцэне пецярбургскага Марыінскага тэатра харэографам Марыусам Пецілам. Потым спектакль неаднаразова ставіўся на сцэнах па ўсім свеце. Літаратурнай першакрыніцай «Баядэркі» сталі драма індыйскага класіка Калідасы «Сакунтала» і балада Іагана Вольфганга Гётэ «Бог і баядэра». У аснове сюжэта твора — усёпаглынальнае каханне баядэркі Нікіі, вернасць і здрада, шчырасць і вераломства. Дзеянне адбываецца ў старажытнай Індыі. На працягу свайго сцэнічнага існавання харэаграфія балета перажывала і набывала рознае ўваасабленне, бо балеймастры мінулага стагоддзя спрабавалі то аднавіць першакрыніцу, то стварыць свае версіі вядомага шэдэўра. І да сёння, хоць і прайшло ўжо больш за 140 гадоў з моманту першай пастаноўкі, балет па-ранейшаму не знікае з рэпертуару многіх тэатраў. Спектакль па-ранейшаму вабіць гледача драматызмам сюжэта, эмацыянальнасцю музыкі і прыгажосцю харэаграфіі.

На беларускай сцэне «Баядэрка» ставілася першы раз у 1959 годзе, тады выканаўцамі галоўнай партыі былі народныя артысткі Беларусі Лідзія Ражэнава і Ніна Давідзенка. А ў сучаснай пастаноўцы можна ўбачыць артыстаў Вялікага тэатра Вольгу Гайко, Ірыну Яромкіну, Аляксандра Фурмана, Ягора Азаркевіча, Алега Яромкіна, Юрыя Кавалёва і іншых. Глядзіце і атрымлівайце асалоду ад вялікага мастацтва!

Алена ДРАПКО

Фота з сайта bolshoіbelarus.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.