Вы тут

Сад добрых спраў на Добрушскай зямлі


На Гомельшчыне шмат прыкладаў, калі ініцыятыва вяскоўцаў дапамагае мяняць аблічча населеных пунктаў — талакой добраўпарадкоўваюць, азеляняюць, арганізоўваюць грамадскую прастору. Актыўна падтрымліваць падобныя ідэі і прапановы людзей, дапамагаць ажыццяўляць іх імкнуцца мясцовыя ўлады і дэпутаты Добрушскага раёна.


— Прыемна, што самі людзі праяўляюць ініцыятыву. Жыхары населеных пунктаў нашага раёна наводзяць парадак у вёсках, садзяць паркі і сады, будуюць дзіцячыя пляцоўкі. Прынамсі, на некаторыя з праектаў можна атрымаць фінансаванне, калі ўзяць удзел у абласным конкурсе мясцовых ініцыятыў, і жыхары нашага раёна сёння цікавяцца такой магчымасцю, — галоўны спецыяліст Добрушскага раённага Савета дэпутатаў Марына Шумілава з задавальненнем расказвае аб актыўнасці вяскоўцаў. Кажа: пра тое, як жыхары нават самых сціплых па памерах і аддаленых населеных пунктаў перажываюць за свае вёскі і імкнуцца нешта змяніць да лепшага, можна казаць шмат, але лепш убачыць! Не ленавацца «турысціць» у глыбінку, каб натхніцца ідэямі.

Так, днямі за новую справу для роднага гарадскога пасёлка ўзяліся жыхары Церахоўкі, другога па велічыні населенага пункта раёна. Церахоўцы паставілі для сябе задачу аднавіць стары мясцовы стадыён. Некалі шырокія, пасыпаныя жвірам бегавыя дарожкі зараслі так, што відаць толькі сцежкі. На самім футбольным полі гуляць стала немагчыма, нават небяспечна з-за купін і ям.

Юныя актывісты аграгарадка Леніна высадзілі імянныя яблынькі.

— Шмат хто з мясцовай моладзі імкнецца займацца спортам, — распавёў намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Руслан Сікорскі. — Ды і заняткі па лёгкай атлетыцы, якія вядзе педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Куліненка, тут праходзяць рэгулярна. Таму не адгукнуцца на просьбу мясцовых жыхароў было немагчыма. Людзі прасілі дапамагчы з тэхнікай.

Каб добраўпарадкаваць стадыён, арганізавалі суботнік. На спартыўным аб»екце загадзя значную работу правялі супрацоўнікі Церахоўскага сельвыканкама: высеклі кусты, скасілі бур'ян. Валанцёры ж, якія адгукнуліся на ініцыятыву вяскоўцаў, прыбралі галлё і траву, размецілі абрысы 400-метровай бегавой дарожкі, каб бульдозер ці грэйдар змог зняць пласт зямлі, парослы травой.

— На жаль, так склалася, што ўласніка стадыён не мае, гэтая тэрыторыя адносіцца да земляў агульнага карыстання, — растлумачыла Марына Шумілава. — Утрымліваць на сваім балансе няпрофільны актыў сельвыканкаму не дазваляе закон. Але выдаткаваць сродкі на набыццё фарбы для прывядзення ў парадак турнікоў і іншага спартыўнага абсталявання ёсць магчымасць. Пафарбаваць жа спортаб'екты вызваліся самі мясцовыя аматары спорту.

Арганізаваны на стадыёне суботнік — толькі пачатак работ па яго добраўпарадкаванні. Цяпер ідуць перагаворы з кіраўніком гаспадаркі «Церахоўка-Агра» аб выдзяленні тэхнікі. Для выраўноўвання футбольнага поля патрэбныя дыскатар і ўкатчык для ўтрамбоўкі зямлі. Але галоўнае, талакой узяўшыся за рашэнне хвалюючай праблемы, вясковыя актывісты не сумняваюцца ў тым, што стары стадыён зноў напоўніцца крыкамі балельшчыкаў і атмасферай гульняў.

Матывуюць не спыняцца на дасягнутым і настойліва ісці да сваёй мэты — зрабіць родны населены пункт яшчэ прыгажэйшым і жыхары аграгарадка Леніна Добрушскага раёна. Іх ініцыятыва — адраджэнне знакавага для ўсіх тутэйшых вяскоўцаў месца: старога парку. У Леніне жыве звыш шасцісот чалавек, у тым ліку 130 дзяцей.

На тэрыторыі ў паўтара гектара мясцовыя актывісты пачалі наводзіць парадак гэтай вясной. Цяпер жа талакой залажылі вялікі сад з яблынь і рабін. На суботнік выйшла больш за паўсотню чалавек.

Жыхары аграгарадка Леніна закладваюць малады сад.

— Саджанцы ў нас няпростыя. Нават рабінкі — сартавыя, не кажучы ўжо пра яблыні — іх прывезлі з гадавальніка, — распавяла старшыня Ленінскага сельсавета Тамара Буйкевіч. — Удзячная людзям за спагадлівасць. Педагогі школы, напрыклад, у поўным складзе выйшлі, старшакласнікі падцягнуліся. Упэўненая, за гэтым паркам-садам калектыўна і даглядаць будзем.

Між тым, неацэнную дапамогу вяскоўцам у добраўпарадкаванні дадзенай тэрыторыі аказала ААТ «Завідаўскае». Дырэктар сельгаспрадпрыемства Таццяна Бялян прапанавала высадзіць 90 яблынь — столькі гадоў працуе гаспадарка, дарэчы, адна з самых паспяховых у раёне. Набыццё саджанцаў Таццяна Віктараўна ўзяла на сябе. Гаспадарка ў тым ліку аплаціла работы па выдаленні карчоў. Сваімі сіламі разраўнавалі тэрыторыю і пасеялі грэчку, каб «перабіць» злоснае пустазелле — канадскі клён.

Яблыні ў новым садзе высадзілі роўнымі радамі, каб уздоўж магла прайсці тэхніка для апрацоўкі глебы. Па перыметры пасаджана больш за тры дзясяткі бяроз і рабін. Хутка ў новым садзе з'явіцца альтанка на дванаццаць «квадратаў» — матэрыял для яе бязвыплатна выдзеліла прыватная арганізацыя, а яе выраб аплоцяць за кошт сродкаў самаабкладання. Ужо налета вяскоўцы мяркуюць ажыццявіць новы праект добраўпарадкавання роднага аграгарадка — удыхнуць жыццё ў перасохлае возера, што побач з новым садам.

Жыхары Леніна не сумняваюцца: іх зямля багатая на добрыя справы, а людзі адгукнуцца на любыя карысныя ініцыятывы. Адчуваюць ленінцы і падтрымку сваёй актыўнасці ў раёне і вобласці. Нядаўна ў цэнтры населенага пункта пабудавалі сучасную гульнявую пляцоўку. Набыць яе стала магчыма дзякуючы перамозе ў абласным конкурсе сярод сельсаветаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння. Чарговым падарункам для вяскоўцаў стане новая алея з туй, якая будзе закладзена ў цэнтры аграгарадка. Дрэўцы для яе перададзены ад усіх сельскіх Саветаў Добрушскага раёна, райцэнтра і вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Добрушскага раённага Савета дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».