Вы тут

Парламенцкая моладзь Магілёва і Прыморскага краю абмеркавала надзённыя пытанні


Відэаканферэнцыя стала адной з падзей фестывалю «Дні Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі.» Пакуль афіцыйная магілёўская дэлегацыя прадстаўляла нашу краіну за 10 тысяч кіламетраў ад яе — у Прымор'і, актывісты Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў арганізавалі анлайн-сустрэчу са сваімі калегамі з Савета маладых дэпутатаў Прыморскага краю. У маладых парламентарыяў шмат агульнага, але ёсць і нюансы. Таму гаварылі ў тым ліку і пра мадэль пабудовы маладзёжных парламенцкіх арганізацый у Беларусі і Расіі, асаблівасці іх функцыянавання, паўнамоцтвы маладых парламентарыяў, ролю маладзёжнага парламента ў грамадска-палітычным жыцці.


— Асабліва выразна наш парламент праявіў сябе ў канцы мінулага і ў пачатку гэтага года, напярэдадні шостага Усебеларускага народнага сходу, — падзяліўся напрацоўкамі каардынатар маладзёжнага парламента пры Магілёўскім аблсавеце дэпутатаў, намеснік старшыні аблсавета Павел Савельеў. — Дзве з паловай тысячы прадстаўнікоў розных сфер на гэтым форуме мелі магчымасць унесці свае прапановы ў план далейшага развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Наш парламент таксама не застаўся ўбаку. Разам з БРСМ былі праведзены дыялогавыя пляцоўкі ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Сабраныя падчас іх работы ініцыятывы былі агучаны на пленарным пасяджэнні з удзелам губернатара вобласці Леаніда Зайца. У рэзалюцыю пасяджэння ўвайшлі такія прапановы як стварэнне самастойнага органа дзяржкіравання, які будзе рэалізоўваць маладзёжную палітыку праз падраздзяленні мясцовых выканкамаў; распрацоўка рэспубліканскай праграмы «Моладзь Беларусі» на 2022—2025 гады; фінансаванне маладзёжных праектаў і праграм грамадскіх аб'яднанняў праз дзяржаўныя гранты на конкурснай аснове. Апошняя ініцыятыва, дарэчы, знайшла падтрымку ў Прэзідэнта. Ён пагадзіўся з тым, што ў Беларусі неабходна стварыць сістэму малых грантаў на падтрымку маладзёжных ініцыятыў.

Каардынатар маладзёжнага парламента назваў шэраг удалых ініцыятыў, якія атрымалася рэалізаваць. На адной з дыялогавых пляцовак прадстаўнікі маладзёжных субкультур звярнуліся наконт стварэння скейт-пляцоўкі ў Магілёве. Маладыя парламентарыі дэталёва прапрацавалі прапанову і агучылі вынікі на адной з сесій Магілёўскага гарсавета. Ініцыятыва была прынятая да ведама і знайшла фінансавую падтрымку. З рэалізацыяй праекта дапамаглі прадпрыемствы горада і мясцовыя бізнесмены. А заяўнікі паўдзельнічалі ў мантажы скейт-пляцоўкі ў гарадскім парку ў Падміколлі.

Маладзёжны парламент выступіў таксама суарганізатарам адкрытага гарадскога чэмпіянату па варкаўце, ініцыятарам якога стаў рух Workout Team. Вырашана праводзіць яго штогод у ліпені.

Свае прыклады паспяховага прымянення маладзёжных ідэй прывялі расійскія дэпутаты маладзёжнага парламента. Некалькі гадоў у Расіі існуе маладзёжная арганізацыя, якая змагаецца з экстрэмізмам у інтэрнэце.

— Гэта вельмі цікавы для нас вопыт, — лічыць дэпутат маладзёжнага парламента пры Магілёўскім аблсавеце дэпутатаў Уладзіслаў Кулакевіч. — Хацелася б як мага глыбей вывучыць яго. Для нас гэта вельмі актуальна.

Тэмамі для разгляду таксама сталі міжрэгіянальнае і міжнароднае маладзёжнае супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных ініцыятыў, інструменты па ўзмацненні фарміравання патрыятызму і грамадзянскасці сярод моладзі Расіі і Беларусі.

У Магілёве дыялог адбыўся на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Да яго далучыліся старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык і намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыцы Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Меншыкава.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся кантактамі і намецілі тэмы для будучых анлай-зносін.

Павел Савельеў лічыць, што такія сустрэчы даюць магчымасць зверыць гадзіннікі і абмяняцца вопытам.

— Вельмі важна, каб у эпоху так званых «новых культурных каштоўнасцяў» мы аб'ядналіся і канкрэтнымі прыкладамі захапілі іншых, — кажа Павел. — Сёння, на жаль, моладзь не заўсёды сур'ёзна ацэньвае абстаноўку і слаба разумее важнасць свайго непасрэднага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. І над гэтым трэба працаваць.

Па выніках анлайн-сустрэчы выпрацавана рэзалюцыя, дзе пазначаны вектары будучых сустрэч.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Паўла Савельева.

Загаловак у газеце: Ініцыятывы, якія аб'ядноўваюць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.