Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


За добрую работу трымацца трэба. Нават зубамі...


Гэта як «Ойча наш» (а значыць, вядома ўсім): чалавека ўпрыгожвае ўсмешка — і добра, калі яна белазубая, калі галівудская. Аднак сонца ў нашых краях, мякка кажучы, малавата, вітаміну Д не хапае, што, вядома ж, адбіваецца на зубах, прычым так, што азірнуцца не паспеў, як іх не 32... І не 30, чым, здаецца, толькі Шура ганарыўся — расійскі спявак. У яго шчарбінка за фішку была, каб усе пазнавалі і помнілі. А ўвесь астатні люд дык заўжды ратаваўся: спецыялістаў шукаў, часам ахвяраваў, боль цярпеў, а ўжо колькі грошай плаціў...

Не кожны іх і сёння мае і некалі меў, але ж дзвюм нашым маладзіцам — Святлане з Наташай — на заробак вельмі пашчасціла. Яны ў Маскве працавалі — на здымках серыялаў. Гэта значыць, што арганізоўвалі і адказвалі амаль за ўсё: транспарт, рэквізіт, харчаванне-пражыванне, работу рэжысёраў, аператараў, артыстаў ды іншай чэлядзі... Кожнаму трэба было дагадзіць. Не без таго — часта нерваваліся, плакалі, недасыпалі... Затое адна ў той самай Маскве кватэру сабе купіла, другая — у Беларусі, на радзіме, асабняк паставіла.

І абедзве яны зубамі займаліся, бо пры такой рабоце хочаш-не хочаш, а мусіш адпаведна выглядаць, усім усміхацца.

Святлана сваю ўсмешку хутчэй да ладу давяла: залячыла зубы, наверх каронкі паставіла, потым так званы мост...

А вось Наташы ўжо імпланты ўжывілі, потым новенькія зубы на іх «надзелі». Ды такія ж прыгожыя... Галівуду не сніліся!

...З гэтай абновай (ну трэба ж было пахваліцца!) яна ў Мінск прыехала, да сяброў, якія і тут неяк «раскруціліся». А таму сваю дарагую госцю прымалі не дома, — у дарагі рэстаран павялі. Заказалі там добрага віна і па кумпяку свіному. Сталі есці. Самі — вядома, правінцыя! — з нажом ды відэльцам, а Наташа, пажыўшы сярод багемы, — па-маскоўску: гэта значыць, той свіны кумпячок у дзве рукі і ў рот... Са смакам адкусіла і разгубілася... Не зразумела... Пачырванела, што рак. На талерку мяса паклала, а ў ім...

Што там, — сябры не адразу сцямілі: хацелі ўжо афіцыянту разнос учыніць... Наташа спыніла. Папрасіла, рот сурвэткай прыкрыўшы, каб не ўздымалі шуму, бо там, маўляў, зубы... Яе ж...

Ох, і нарабілі яны тады клопату! Субота, выхадныя... А ў панядзелак ды з самага ранку Наташы на работу трэба ісці. Само сабою — з зубамі, з шырокай усмешкай...

Каб вярнуць яе, давялося шмат паматацца па Мінску. Аднак спецыяліста яны знайшлі: на добры клей тыя галівудскія зубы паставіў і строга наказаў, каб на кумпяк нават не глядзела!..

А зрэшты, гэта даўно было, «эра» імплантаў толькі пачыналася. Цяпер тымі нарошчанымі на іх зубамі, можа, ужо і косці грызуць?

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.


Мала мець галаву… Да яе б і розум

Не так даўно наша сарафаннае радыё разнесла навіну: інспектары ДАІ спынілі п'янага кіроўцу мотаблока. Штрафу ўляпілі — аж на дзвесце базавых велічынь, без нечага на шэсць тысяч рублёў! Як для мяне — дык ледзь не год без пенсіі! А гэта — вам скажу — не жартачкі! Бо яшчэ ж і правоў пазбавілі, калі ён іх меў...

Мяне даішнікі таксама неяк былі тармазнулі: на мінітрактары два мяшкі бульбы вёз. Папыталіся, як сябе пачуваю? «Добра», — кажу. А сам з усмешкай думаю, што якраз так, мусіць, пачуваюцца ўсе, хто «ўзяў на грудзі», а потым сеў за руль... І сапсаваць ім гэты настрой можа хіба нейкі слуп, які раптам «выскачыць» на дарогу, альбо тыя ж інспектары.

Усмешка мая была, відаць, недарэчы. Даішнік спытаў, ці ўжываю спіртныя напоі? «Ды божа барані!..» Хацеў дадаць: «...за рулём», ды перад тым (і зноў жа з усмешкай) падумаў: «А хто ж не ўжывае? І я таксама... Праўда, каб столькі ўжывалі іншыя, усе лікёра-гарэлачныя заводы даўно б закрыліся з прычыны страт.

Усмешка, якая зноў заблукала ў мяне па твары, выклікала яўны недавер: даішнікі папрасілі мяне дыхнуць (у час пандэміі?!).

Іншага выйсця не было: давялося...

А дыхнуў і паехаў далей. Па дарозе падумаў пра таго аштрафаванага ды іншых, якія, не меўшы розуму, п'янымі садзяцца за руль, калечаць іншых, калечацца самі. А то і гінуць...

Тады ж успомнілася, як знаёмага дзядзьку (у яго быў прыгожы вазок са спінкай) папрасілі з Дзедам Марозам, Снягуркай і гарманістам развезці малым калядныя падарункі. Чалавек, вядома ж, згадзіўся, і экіпаж адправіўся ў дарогу. Часцяком спыняўся, дзе-нідзе садзіўся за стол, пасля чаго конь сам ужо вёз гаспадара дадому ў вёску Грыбова...

Цікава, а што калі б тады іх тармазнулі «даішнікі»? «Кіроўца» ж спаў, лейцаў не трымаў, канём не кіраваў, значыць, штрафаваць няма за што?

...Іншае было стагоддзе, іншыя парадкі. Правіла ранейшае — як пісаў Барадулін: «...Хмель вітаецца ў святы.»

На мой погляд — памяркоўны.

Аляксандр Матошка,

Расонскі раён.


На капусту...

Спачатку быў званок — тэлефонны, з лецішча. Сяброўка спытала: «Капусты хочаш? Тады бяры трохлітровыя слоікі і тэрмінова прыязджай. Будзем ставіць».

Голаму збірацца — хіба падперазацца. Ды яшчэ тых слоікаў узяць (шэсць — болей не было). А далей — дызель, сяброўчын сусед з машынай, і я ўжо на капусце, калі можна так сказаць, прычым не адна, бо да нарыхтоўкі далучыліся аж чатыры сям'і суседзяў — гэта значыць, сяброў, якія не толькі разам працуюць, а нават палуднуюць... Не кажучы пра вячэры, а тым больш святы ды прыезды дзяцей.

Такім чынам, непасрэдна пры капусце мне работы не знайшлося. «Можаш хлявок пафарбаваць, калі хочаш», — прапанавала сяброўка.

І вось я ўжо махаю пэндзлем — фарбую дошкі на ўзроўні росту. А трэба ж яшчэ і вышэй?

Каб падступіцца, знайшла за хлеўчыкам «шкілет» старой табурэткі. На яго палажыла дзверцы ад нейкай шафкі і ўсё, здавалася б, — рыштаванне гатовае! Бляшанку з фарбай у левую руку, пэндзаль у правую і наверх...

Адну нагу я туды паставіла, другую — не паспела, бо дзверцы «паехалі», а разам з імі і я, прычым — усім целам: тварам, валасамі, рукамі, адзеннем ды ў свежы слой фарбы.

...Першая рэакцыя: паглядзець, што ў бляшанцы: ці не разлілася фарба? Потым — што са сценкай: ці не сапсавала я ўсю сваю работу? І толькі потым — ці цэлыя ж рукі ды ногі?

Адна — балела, але не сказаць, каб моцна. Я адчувала, што ісці магу. І пайшла.

...Твары «нарыхтоўшчыкаў капусты» апісаць не бяруся: іх трэ было бачыць!.. Як і пачуць — спачатку нямую цішыню, а потым — рогат... Ад яго аж лес скалануўся! А далей...

Спэцканае мной адзенне сяброўка пакінула на памяць. Мяне саму — збольшага адмылі (у суседа растваральнік знайшоўся). Частку зялёных валасоў выстрыглі. Астатнія, пад шапачкай, я панесла ў цырульню.

Майстрыха там досыць доўга разглядалася. Сказала, што стрыгла жанчын пасля анкалогіі, пажару, ковіду... Спытала «Што ж з вашай галавою было? Куды вы яе звазілі?». Сказала праўду: «На капусту».

Альвіна Чайкоўская,

г. Гомель.


Бог не цяля, бачыць круцяля

Гэту гісторыю мне расказаў адзін знаёмы, і адбылася яна даўно, яшчэ пры Саюзе. Тады, каб папоўніць бюджэт, выпускалася шмат розных аблігацый ды латарэй, хоць раскупляліся яны і без ахвоты. У крамах іх прадавалі ў нагрузку да нейкага дэфіцыту, на прадпрыемствах распаўсюджвалі ў дні выдачы заробкаў.

Вось і Антону неяк «удружылі»: узяў ён латарэйны білет, паглядзеў, калі розыгрыш, пачакаў тога дня і з самай раніцы завітаў у ашчадную касу, каб праверыць: раптам выйграў?

Газета з патрэбнай табліцай і сапраўды ўжо ляжала на стале. Над ёй з чырвоным алоўкам і цэлым стосаў білецікаў карпеў мужчына.

Антон, чакаючы сваёй чаргі, стаў непадалёк і ўжо добра спацеў, бо ў зале было досыць душна... Факт, што той мужчына неяк войкнуў і абмяк — страціў прытомнасць.

Антон падскочыў на дапамогу: падняў, пасадзіў у крэсла, расшпіліў сарочку... Падумаў, што чалавек малады і як быццам здаровы. Тады што ж яго падкасіла? Ці не газета?

Ён непрыкметна зірнуў на верхні латарэйны білет і на абведзеныя алоўкам лічбы ў табліцы і вачам не паверыў: аўтамабіль! «Запарожац»! Ну гэта ж трэба!..

І што зараз трэба, сцяміў імгненна: свой неправераны білет крадком, каб ніхто не бачыў, падсунуў пад руку ледзь прытомнаму шчасліўчыку, а ягоны — заціснуў у свой кулак...

Тут жа была думка «зліняць», аднак нешта яго трымала. Антон з цікавасцю пазіраў на мужчыну, які тым часам ужо расплючшыў вочы, памалу ўстаў з крэсла і рушыў да касы. Сказаў у акенца:

— Вось паглядзіце, праверце: я, здаецца, машыну выйграў?!

У зале павісла напружаная цішыня: мух і тых не чуваць не было, аж пакуль касір не зверыла нумар і серыю латарэйнага білета, пакуль не прамовіла сваё:

— Віншую! У вас і сапраўды выйгрыш! Ды яшчэ і які: аўтамабіль «Волга»!

— Што-о?! Там была «Волга?!» — сам сябе перапытаў Антон і тут жа аб'ехаў на падлогу, бо чаго-чаго, а вось гэтага — ну ніяк не чакаў!

Мікалай Багданаў,

Мёрскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж. Апошняя з дасланых гісторый — ад спадара Багданава — (ну згадзіцеся!) мала падобная на праўдзівую… А з іншага боку — чым чорт не жартуе, калі бог спіць?.. Галоўнае, што нават тады — ён не цяля: бачыць круцяля. І карае. Так было. І няхай будзе! Пішыце! Конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца. Журы працуе.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.