Вы тут

Нябедна жыць не забароніш. Дадатковая пенсія з гарантыяй ад дзяржавы


Сёння з'явілася яшчэ адна магчымасць забяспечыць нябедную старасць дзякуючы новаму Указу Прэзідэнта № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі». Як скарыстацца новай праграмай, тлумачаць прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства фінансаў, а таксама дзяржаўнай страхавой кампаніі.


Фота: pixabay.com

Аб пенсійнай сістэме і будучых зменах

Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, у якой адзін з ключавых прыярытэтаў — клопат аб пажылых людзях і забеспячэнне годнага ўзроўню жыцця. Дзяржава прадугледжвае дадатковыя механізмы, калі чалавек можа істотна павялічваць памер сваёй пенсіі.

У краіне на сёння ёсць два такія механізмы. Адзін існуе ў рамках агульнай пенсійнай сістэмы і датычыцца тых асоб, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту. Гэта адкладзеная пенсія, якая дазваляе чалавеку фарміраваць сабе больш высокія даходы на постпрацоўны перыяд, працягваючы працаваць і на пэўны тэрмін адмовіўшыся ад атрымання пенсіі. Другі спосаб — добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі у страхавых арганізацыях. Цяпер з'явіўся яшчэ адзін спосаб палепшыць матэрыяльнае становішча пад старасць.

«Увядзенне ў Беларусі добраахвотнай назапашвальнай пенсіі — гэта чаканая мера, — лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса ЯШКОВА. — Попыт на ўвядзенне такога віду страхавання ўжо быў даўно. Але праграма, якая прапаноўваецца па Указе № 367, — новы, будзем казаць, падвід страхавання, які мае некаторыя адметныя рысы».

Указ прадугледжвае асаблівы парадак страхавання, які ўвязаны з падтрымкай, суфінансаваннем дзяржавай страхавых узносаў і назапашванняў разам з працаўніком дапенсійнага ўзросту.

Прадстаўнік Мінпрацы адзначыла, што дзеянне дакумента распаўсюджваецца на абмежаванае кола асоб, якія пасля і змогуць атрымліваць дадатковыя выплаты да пенсіі.

«Гэтая схема ахоплівае людзей, якія працуюць і маюць работадаўцу, які выплачвае абавязковыя ўзносы на дзяржаўнае пенсійнае страхаванне ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва», — патлумачыла Ларыса Яшкова.

Дзе і як аформіць дадатковую пенсію

Згодна з указам, ажыццяўляць добраахвотнае пенсійнае страхаванне будзе РУСП «Стравіта». Па словах генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргея
АНДРЫЕВІЧА
, збіраць тоўсты пакет дакументаў не спатрэбіцца. Дастаткова заключыць дагавор і прапісаць умовы па жаданні будучага пенсіянера.

Чалавек павінен вызначыць два моманты заключэння дагавора страхавання: памер унёску, які ён будзе сам плаціць за сябе, што можа быць ад 1 да 10 % ад заробку, і вызначыць перыяд, на працягу якога ён штомесяц будзе атрымліваць гэтую дадатковую пенсію — на працягу 5 ці 10 гадоў.

Разам з тым адпаведны дагавор змогуць заключыць не ўсё. Існуе лімітавы ўзрост.

«Указ мае абмежаванні, то-бок, працоўны грамадзянін, якому да выхада на пенсію засталося менш за тры гады, ужо не скарыстаецца дадзеным механізмам страхавання, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Міністэрства фінансаў Сяргей АСЕНКА. — Але ёсць магчымасць скарыстацца класічнымі відамі страхавання дадатковай пенсіі, якія ў краіне існуюць. Сёння дзве кампаніі, якія аказваюць такія паслугі: тая ж «Стравіта» і кампанія «Прыёрлайф».

Па словах прадстаўніка дзяржаўнай страхавой кампаніі, штомесячная дадатковая выплата да пенсіі можа быць дастаткова істотнай.

«Напрыклад, калі б з 45 гадоў мужчына выплачваў 27 рублёў штомесяц на дадатковую пенсію, то на працягу пяці гадоў пры выхадзе на пенсію ён будзе дадаткова атрымліваць штомесяц 244 рублі, — гаворыць Сяргей Андрыевіч. — Пры выплаце ўзносу ў 58 рублёў ён будзе мець быў 529 рублёў дадатковай пенсіі. Практычна гэта другая пенсія».

А ці ёсць гарантыі, што выплаты адбудуцца праз два—тры дзясяткі гадоў?

Як падкрэсліў генеральны дырэктар «Стравіты», на сёння выплаты па дагаворах страхавання, якія заключаюцца з дзяржстрахаўшчыкамі, па заканадаўстве гарантуюцца дзяржавай.

«Мы фарміруем гарантыйны фонд, які гэтак жа можа быць выкарыстаны пры немагчымасці выканання страхаўшчыком сваіх абавязацельстваў», — адзначыў ён.

Калі ж чалавек перадумаў і хоча вярнуць свае выплаты, якія збіраў некалькі гадоў, то ў яго гэта не атрымаецца адразу. Справа ў тым, што механізму скасавання дагавора указ не прадугледжвае. Але работнік, змяняючы месца жыхарства, проста можа прыпыніць выплату ўзносаў. А тыя назапашаныя грошы фіксуюцца, і пры дасягненні пенсійнага ўзросту ён таксама зможа атрымаць гэтую назапашаную суму, запэўніў прадстаўнік страхавой кампаніі.

Пры гэтым, як падкрэсліў прадстаўнік Мінфіна, грошы на рахунку працягваюць назапашвацца, незалежна ад таго, вядзе адлічэнні чалавек ці не.

«Акрамя таго, што назапашаная сума фіксуецца, яшчэ ёсць гарантаваная прыбытковасць, якая таксама працягвае налічвацца на гэтую суму грошай, — растлумачыў Сяргей Асенка. — Да выхаду чалавека на пенсію сума павялічыцца на суму гарантаванай прыбытковасці. Плюс яшчэ страхавая кампанія будзе налічваць дадатковую прыбытковасць зыходзячы з даходаў, якія яна атрымала за кошт інвестыцый».

Дадатковая пенсія ў спадчыну

Па словах Сяргея Андрыевіча, у дакуменце прапісана, што ў выпадку, калі страхавальнік не дажыў да пенсійнага ўзросту, то ўсе назапашаныя грошы плюс даход атрымліваюць яго спадчыннікі.

«Нават калі чалавек выйшаў на пенсію, але праз нейкі час пайшоў з жыцця, усё, што належыць яму па дагаворы, нашчадкі таксама атрымаюць. Ёсць яшчэ магчымасць атрымання гэтых грашовых сродкаў, калі надыходзіць інваліднасць у працэсе работы, датэрмінова. Назапашаную суму з прыбыткам наш страхавальнік таксама атрымае», — адзначыў спікер.

Што датычыцца арганізацый, чые работнікі скарыстаюцца праграмай добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі, то прадстаўнік Мінпрацы запэўніла, што новы механізм нічым не абцяжарыць работадаўцу.

«Ён як выплачваў унёскі за гэтага работніка, так і працягвае іх далей плаціць у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І прычым тарыф узносаў для яго не павялічваецца», — падкрэсліла Ларыса Яшкова.

Спецыялісты звярнулі ўвагу на тое, што ўказ «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі» ўступіць у сілу з 1 кастрычніка 2022 года. Таму ўжо восенню наступнага года можна будзе наведаць офіс дзяржаўнай страхавой кампаніі або запоўніць заяву аб страхаванні анлайн на сайце.

Пасля заключэння дагавора страхавання неабходна прадставіць наймальніку копію гэтага дакумента, а таксама напісаць заяву на ўтрыманне страхавога ўзносу з заработнай платы.

Далей уся адказнасць за разлікі і пералічэнні ляжыць на наймальніку. Выплата робіцца штомесяц шляхам утрымання наймальнікам з заробку страхавальніка і пералічэння на рахунак страхавой кампаніі, які вызначаны для грамадзяніна ў дагаворы страхавання.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.