Вы тут

Мастачка ў сацыяльных сетках Ірына Кабякова (KIrinaS)


Няхай цяпер некаторыя не могуць зрабіць і кроку без выкарыстання інтэрнэту (нават у літаральным сэнсе), магчымасць своечасова дзяліцца інфармацыяй з вялікай колькасцю людзей у адзін дотык з’яўляецца вялізным плюсам. У сацыяльных сетках ужо даўно развіваюцца блогі, прысвечаныя, напрыклад, кулінарыі ці падарожжам. А што наконт мастацтва? Гераіня сённяшняй гутаркі Ірына Кабякова малюе з самага дзяцінства і плануе аддаць усе сілы гэтаму занятку. Яе творчасцю ў сацсетках цікавіцца больш за 20 тысяч чалавек.


Ірына Кабякова — мастачка пад творчым псеўданімам KIrinaS. Сёлета яна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Педагог-мастак». Дзяўчына з’яўляецца прызёрам шматлікіх мастацкіх конкурсаў, напрыклад, у 2018 годзе ёй дастаўся галоўны прыз «Здольнасць года», дыплом «Прызнанне года» і Кубак ад канала MTVmix, а ў 2019 годзе Ірына была вылучана на прэмію «BEST PEOPLE AWARDS» (Расія і Еўропа).

Работы Ірыны Кабяковай можна ўбачыць на выстаўках не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Дзяўчына займаецца маляваннем карцін пад заказ, праводзіць заняткі ў сваёй майстэрні. І, акрамя ўсяго іншага, дзеліцца поспехамі ў сацсетках.

— З чаго ўсё пачыналася? Калі з’явіліся першыя карціны?

— Вядома, усё пачынаецца з дзяцінства: я шмат малявала. Тата расказваў, што спакойна мог займацца сваімі справамі, толькі трэба было своечасова прыходзіць дадому і завастраць мне алоўкі. З 7 гадоў я займалася ў мастацкай студыі, хадзіла туды на групавыя заняткі. Першыя работы таксама з’явіліся ў дзяцінстве, яны доўга знаходзіліся ў маім партфоліа і падабаліся майстрам.

— Вы займаліся дастаткова, каб развівацца ў гэтым кірунку?

— Для мяне гэта дакладна справа ўсяго жыцця, я з дзяцінства любіла творчасць і наведвала розныя гурткі. Падабалася бісерапляценне, кераміка… Вучылася многа і вельмі старанна: сама і ў школе мастацтваў. У свой час давялося выбіраць школу — алімпійскага рэзерву (бо прафесійна займалася плаваннем) або звычайную. Выбрала вучобу і вырашыла развівацца менавіта ў маляванні. Пасля гэтага была школа мастацтваў, а пазней — універсітэт: паступіла на спецыяльнасць, аб якой магла толькі марыць, — «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і мастацкія народныя промыслы».

Калі ўпершыню адчулі, што ўсё недарэмна?

— Некаторыя з маіх першых работ з’явіліся на выстаўцы, прымеркаванай да Дня аховы дзяцей, у Доме дзіцячай творчасці Гомеля. Там было каля 20 маіх твораў, і гэтая экспазіцыя стала для мяне першай у жыцці. Пазней, калі ўжо вучылася ва ўніверсітэце, пашчасціла выставіць свае работы ў Мінску, СанктПецярбургу і Маскве.

— На вашым творчым шляху адбываліся кардынальныя змены? У які перыяд вы заўважылі цікавасць аўдыторыі?

— Вялікую частку аўдыторыі прынесла атрыманне галоўнага прыза ў намінацыі «Талент года» ва Уфе. Людзі даведаліся пра мяне і пачалі цікавіцца творчасцю. Прыкладна тады я стала маляваць карціны для вядомых асоб, гэта паўплывала на маё развіццё ў прафесійным плане.

— Колькі часу звычайна ўдзяляеце свайму захапленню?

— Як толькі ёсць вольная хвілінка, стараюся працаваць. Нават упарадкавала дома майстэрню. Часу на маляванне ідзе вельмі шмат, але я гэтаму толькі рада.

— Наколькі важная для вас работа з сацыяльнымі сеткамі?

— Я люблю дзяліцца працэсам працы, а людзям вельмі падабаецца за гэтым назіраць. Нейкай паслядоўнасці ў публікацыях няма, бо ўсё залежыць ад колькасці гатовых карцін. Імкнуся паказваць выніковы варыянт твора і пісаць пра свае перажыванні, дзяліцца пачуццямі, якія выклікае гэтая праца. Аўдыторыя таксама адгукаецца. А нядаўна на адну з работ — «Нацюрморт маёй душы» — напісалі музыку: падпісчыка натхніла гэтая карціна.

— Якія парады можаце даць тым, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве?

— Малюйце як мага часцей, стаўце сабе задачу. Малюйце хоць трошачкі, але кожны дзень. Галоўнае — удасканальвацца на працягу ўсяго жыцця, тады ў вас абавязкова ўсё атрымаецца.

Паліна МАЛЯРЭНКА

Фота з уласнага архіва І. Кабяковай

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».