Вы тут

Паштоўку з партрэтам Багдановіча адправілі ў космас


Выява паэта, які апеў зорку Венеру, апынулася ў космасе... Калісьці супрацоўнікі літаратурнага музея Максіма Багдановіча прэзентавалі гэтую паштоўку з партрэтам самага рамантычнага беларускага паэта журналістцы АНТ Святлане Карульскай, а тая, у сваю чаргу, перадала яе беларускаму касманаўту Алегу Навіцкаму. Вось такое вялікае падарожжа атрымалася ў звычайнай паштоўкі. Загадчык музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі дапамог «Звяздзе» даведацца аб дэталях гэтай літаратурна-касмічнай навіны:


— Ірына Мацяс, супрацоўніца нашага музея, калі перадавала паштоўку, звярнула ўвагу на радкі, размешчаныя на адваротным баку. А гэта верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...», напісаны ў 1915 годзе. Лірычны зварот, у якім ідзе развага аб ролі чалавека ў кантэксце сусвету: «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?» Святлана Карульская праявіла ініцыятыву і перадала пасылку касманаўту Алегу Навіцкаму як сімвал Радзімы. Ідэя зрабіць так, каб Максім мог апынуцца бліжэй да зор, пра якія так марыў, даўно лётала ў паветры, але ўсё не было нагоды яе рэалізаваць, а тут зоркі сышліся, і праз тры поціскі рукі верш Максіма апынуўся на арбіце. Мы былі ў курсе справы і ўважліва сачылі за навінамі, і вось, нарэшце, наша маленькая мара збылася.

Так беларуская літаратура распаўсюджваецца па ўсім сусвеце. Дарэчы, традыцыя касманаўтаў браць з сабою ў космас нейкія асабліва важныя для іх кнігі існуе даўно — хоць гэта вельмі складана, бо кожны грам грузу ўлічваецца. Але ў 1984 годзе на борце карабля «Саюз Т-10» пабывала кніга «Апошнія вершы М. Ю. Лермантава», якраз тады, калі аднаму з астэроідаў надалі імя гэтага паэта. Да стагоддзя Льва Талстога ў космас адправіліся «Севастопальскія апавяданні». Казахскі касманаўт Талгат Мусанбаеў узяў з сабой на станцыю Каран, расіянін Алег Рыжыкаў — Евангелле... Але яшчэ раней пабывала на касмічнай вышыні беларуская літаратура: касманаўт Уладзімір Кавалёнак у 1978 годзе ўзяў з сабой на арбітальную станцыю «Салют-6» паэтычны зборнік Васіля Зуёнка «Нача», захаваліся кадры, як ён чытае вершы адтуль на арбіце. Пётр Клімук браў з сабой кніжнае выданне «Новай зямлі», і гэты асобнік цяпер захоўваецца ў коласаўскім музеі ў Смольні. І касманаўт Алег Навіцкі, родам з Чэрвеня, ніколі не забываўся на сваю радзіму. Успомніце, як падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Капылі мы змаглі ўбачыць на экране яго віншаванне землякам-беларусам. Тады ж ён з пачуццём прачытаў урывак з верша Максіма Танка «Рукі маці». А цяпер дзякуючы Алегу Навіцкаму на станцыі — паштоўка, з якой Максім Багдановіч глядзіць на Зямлю і на любімую Беларусь з космасу.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: «Калі мы ўсе разам ляцім да зор»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.