Вы тут

Быць следчым — мара дзяцінства


Начальнік Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мізаўцоў працуе ў абласным цэнтры другі месяц. Дагэтуль служыў у Сенненскім раёне: з 2015 года ўзначальваў мясцовы аддзел. Менавіта падчас яго кіраўніцтва раённы аддзел Следчага камітэта быў прызнаны найлепшым у вобласці. Аляксандр Мізаўцоў — не толькі добры кіраўнік і прафесіянал у сваёй справе, але яшчэ і шматгранная асоба.


Дзе Сянно — там душа!

Да работы ў Віцебску Аляксандр Вітальевіч жыў у Сянне. Там нарадзіўся, скончыў школу. Вучыўся на юрыдычным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Між іншым, ён шматдзетны бацька: выхоўвае дваіх хлопчыкаў і дзяўчынку.

Аляксандр Мізаўцаў з'яўляецца дэпутатам Сенненскага райсавета. У 2018 годзе быў прызнаны «Чалавекам года Віцебшчыны». Следчы вельмі любіць свой родны край. І гэта адчуваецца адразу, як толькі ўступаеш у гутарку з ім.

Тыя, хто лічыць, што следчыя, тым больш кіраўнікі, людзі «сухія», не здольныя на эмоцыі, памыляюцца. Калі Аляксандр Вітальевіч расказвае пра Сенненскі раён, сваіх падначаленых, робіць акцэнт на іх узаемаадносінах і па-за службай.

— Яшчэ ў школе быў вельмі актыўным: прыйсці дамоў і рабіць урокі — гэта не пра мяне, — згадвае начальнік Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта. — Хацелася развівацца ў інтэлектуальным, творчым, фізічным планах, мець стасункі з рознымі людзьмі, вывучаць родны край.

Ён вучыўся ў музычнай школе, якую скончыў на «выдатна». Умее граць на домры, гітары і фартэпіяна. Калі пасля дзявятага класа яму прапанавалі паступаць у музычнае вучылішча, Аляксандр адмовіўся: ён ужо даўно вызначыўся, што будзе юрыстам. З дзяцінства марыў быць следчым у пракуратуры.

Ліст хакеістам

Аляксандр Вітальевіч добра памятае свой першы вопыт следчага. Калі вучыўся ва ўніверсітэце, атрымаў магчымасць прайсці стажыроўку ў Мінскай гарнізоннай ваеннай пракуратуры.

— Дыплом пісаў у сталіцы, меў пасведчанне выконваючага абавязкі следчага, — удакладняе ён. — Ездзіў у камандзіроўкі і дапытваў людзей. Было вельмі цікава выконваць адказныя даручэнні.

Аляксандр Мізаўцоў згадвае жудасны выпадак, калі на КПП загінулі двое салдат, якія атруціліся ўгарным газам...

Начальнік райаддзела шмат цікавага распавёў пра свае ініцыятывы ў розныя гады. Напрыклад, разам з землякамі пажадаў перамогі беларускім хакеістам. Пажаданні спартсменам зачыталі ў эфіры радыё.

— Праўда, вядучы эфіру паставіў націск няправільна ў назве райцэнтра, дык Прэзідэнт, які быў побач з тым, хто каменціраваў, паправіў, — працягвае следчы. — Аднойчы я прапанаваў зрабіць відэазварот дзеля падтрымкі біятланісткі, нашай зямлячкі Ірыны Крыўко, якая ў выніку стала алімпійскай чэмпіёнкай. Упэўнены, што дзякуючы ў тым ліку і шчырай падтрымцы землякоў.

Дапамога хлебаробам

У 2016-м Мізаўцаў прапанаваў калегам дапамагчы хлебаробам. Патэлефанаваў кіраўніку райвыканкама і сказаў, што ёсць шчырае жаданне паўдзельнічаць ва ўборцы. «У той год у Сянне праводзілі абласныя «Дажынкі», — расказвае Аляксандр. — Мы з калегамі працавалі на зернесушылцы. І ў наступным годзе таксама. Потым гэта стала традыцыяй».

Следчы не выключае, што гэтыя добрыя справы будуць мець працяг і на тэрыторыі Віцебскага раёна. Параўноўваючы, дарэчы, два раёны, начальнік аддзела адзначыў, што на тэрыторыі Віцебскага раёна злачыннасць у два разы вышэйшая, чым у Сянне. Яно зразумела: іншыя плошчы, большая колькасць насельніцтва.

Па яго словах, у раёнах на першым месцы па колькасці злачынстваў — крадзяжы. Другую пазіцыю займае крымінал у стане алкагольнага ап'янення: хуліганства, пагрозы забойствам, катаванне, прычыненне цялесных пашкоджанняў, іншыя бытавыя злачынствы. Забойствы, як правіла, учыняюцца падчас распіцця спіртнога. Ёсць нават такое паняцце, як «нецвярозы нож». Апошнім часам павялічваецца колькасць ахвяр кіберзлачынстваў. Летась быў проста ўсплёск, цяпер меншае: сваю ролю адыграла прафілактыка.

Дзеля захавання памяці

Адзін з любімых заняткаў Аляксандра Мізаўцова — садзіць дрэвы. На малой радзіме з яго лёгкай рукі іх расце нямала. Напярэдадні Дня народнага адзінства, дзякуючы яму, прыгожая алея з'явілася і ў Прыдзвінні, у аграгарадку Акцябрская.

А яшчэ герой публікацыі шмат увагі ўдзяляе тэме Вялікай Айчыннай вайны, захаванню памяці аб гэтай падзеі, яе героях. У гэтым кірунку працуюць і следчыя раёна. Начальнік аддзела заўважае, што беларускі народ шмат новага даведаецца, што ўчынялі на нашай зямлі акупанты.

Яшчэ адзін клопат яго і падначаленых — догляд абеліска ў Сенненскім раёне. «Некалі папрасіў кіраўніцтва райвыканкама падказаць нам, дзе самы далёкі помнік, прысвечаны вайне, — гаворыць Аляксандр Мізаўцоў. — Нам падказалі месца. Вёскі там ужо не існуе. Штогод ездзім, фарбуем. Нам дапамагаюць супрацоўнікі пракуратуры, аддзела прымусовага выканання, аддзела судовых экспертыз. Сёлета навялі парадак у вёсцы Марозаўка, якая спазнала лёс Хатыні. Знакаміты Канстанцін Заслонаў загінуў на тэрыторыі Сенненскага раёна. І на гэтым месцы энтузіясты падтрымліваюць чысціню».

Суразмоўца распавёў і пра тое, як разам з калегамі дапамагае школьнікам з небягатых сем'яў перад пачаткам чарговага вучэбнага года. А яшчэ дзякуючы іх намаганням малазабяспечаныя сем'і з дзецьмі атрымліваюць салодкія падарункі да навагодняга свята.

Акрамя таго, Аляксандр — марафонец. Следчы ганарыцца, што адолеў дыстанцыю ў 10,5 км у Мінску. У наступным годзе плануе павялічыць адлегласць у два разы. Трэніруецца ўжо цяпер — кожная раніца ў афіцэра юстыцыі пачынаецца з прабежкі.

Донар і краязнаўца

Напярэдадні чарговага дня донара Аляксандр Мізаўцоў прапанаваў калегам здаць кроў. Атрыманыя грошы патрацілі на падарункі тым людзям, якія жывуць ва ўстанове тэрытарыяльнага цэнтра абароны насельніцтва. Вельмі цікава гуляць у футбол з падлеткамі, якія выхоўваюцца ў школе-інтэрнаце. Там Аляксандр Вітальевіч з калегамі таксама бывае нярэдка.

А яшчэ яго хобі — краязнаўства. Ён прыдумаў ладзіць экскурсіі ў розныя месцы раёна. Ды і розныя ўстановы, вытворчыя памяшканні вельмі цікавыя для тых, хто там не працуе. А ў Сенненскім Доме рамёстваў следчыя прыклалі рукі ў справе стварэння ручніка. Гэты цікавы праект стаў вельмі рэзанансным. Шматметровы твор народнага мастацтва па традыцыях продкаў стваралі ўсе ахвотныя. Убачыць гэты рукатворны цуд можна было нядаўна на абласных «Дажынках» у Шуміліне.

За свой прафесійны шлях следчы расследаваў нямала крымінальных спраў. З найбольш гучных — у 2012 годзе мужчына захапіў у заложніцы жанчыну, якую пасля забіў. А ўнікальнай справай можна назваць расследаванне забойства мядзведзіцы. Як вядома, мядзведзь — чырванакніжны звер, адзін з сімвалаў фаўны Беларусі.

Суразмоўца вельмі цікава паразважаў над пытаннямі: як не стаць «сухаром» у прафесійным плане, пазбегнуць эмацыянальнага выгарання:

— Каб не быць робатам, механізмам, розныя сітуацыі трэба разглядаць шматгранна. Трэба паспрабаваць разабрацца: чаму чалавек учыніў парушэнне закона? Гэта, напэўна, дазваляе не стаць «сухаром», пазбегнуць памылак, — перакананы следчы.

На днях Аляксандру Мізаўцову прысвоілі чарговае званне — цяпер ён палкоўнік юстыцыі. «Звязда» далучаецца да віншаванняў!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».