Вы тут

Беларусы ў свеце. Арабіст Уладзімір Дзямідчык


Летась, у 2020-м, незаўважанай прайшла дата 90-годдзя з дня нараджэння вучонага-літаратуразнаўца, усходазнаўца Уладзіміра Паўлавіча ДЗЯМІДЧЫКА (нарадзіўся ў 1930 годзе ў Барысаве). Згадкі пра яго ў беларускім друку даволі рэдкія. Ды і ў Інтэрнэт-прасторы, якая, здавалася, гатовая даць адказ на любое пытанне, пра яго не так і шмат змешчана інфармацыі. 


У 2011 годзе на старонках газеты «Звязда» згадваў нашага земляка ўсёдасведчаны вучоны-беларусіст Адам Іосіфавіч Мальдзіс. Тады газета друкавала матэрыялы пра нашых суродзічаў пад рубрыкай «Сузор’е беларусаў свету». Прафесар Адам Мальдзіс, здаецца, і сустракаўся ў даўнія 1970-я гг. з У. П. Дзямідчыкам на адной з міжнародных канферэнцый...

Спецыяліст у галіне арабскай мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук Уладзімір Паўлавіч Дзямідчык закончыў усходні факультэт Ленінградскага ўніверсітэта (1954). Па размеркаванні патрапіў на працу ў Душанбэ. Працаваў выкладчыкам у Таджыкскім універсітэце. Паралельна працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук Таджыкскай ССР. Як дасведчаны, граматны спецыяліст чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Сірыі, Егіпта, Ірака, Палесціны, Іарданіі, Судана, Лівана. Цікава, ці пакінуў Уладзімір Паўлавіч успаміны пра гэтыя краіны? Вучоны рыхтаваў аспірантаў, дапамагаў у вывучэнні нацыянальных літаратурных помнікаў. 

Добра валодаючы беларускай, рускай, польскай, арабскай мовамі, Уладзімір Паўлавіч шмат чытаў розных крыніц, звязаных з мусульманскай літаратурай. Мог улавіць розныя нюансы, тонкасці ў беларускіх перакладах Карана, хадзісаў (апавяданняў пра выказванні і дзеянні прарока Мухамада), малітваў, апавяданняў пра цуды. Шкада, што з велізарнага матэрыялу па гэтай тэматыцы Уладзімір Дзямідчык змог надрукаваць толькі адзін артыкул — у зборніку памяці акадэміка І. Крачкоўскага. Праўда, і гэтая публікацыя адбылася ўжо пасля смерці Уладзіміра Паўлавіча ў 1977 годзе — зборнік жа выйшаў у 1987 годзе. Дарэчы, Ігнацій Юльянавіч Крачкоўскі родам з Вільні (нарадзіўся ў 1883 годзе ў сям’і беларускага этнографа, фалькларыста Юльяна Крачкоўскага). Ігнацій Крачкоўскі — адзін са стваральнікаў школы савецкай арабістыкі, член Імператарскага Праваслаўнага Палесцінскага Таварыства. А яшчэ — і адзін з аўтараў першага выдання «Энцыклапедыі ісламу». З 1910 года Ігнацій Крачкоўскі — у Пецярбургскім (Ленінградскім) ўніверсітэце. Прафесар шэрагу замежных акадэмій — у Дамаску, прафесар Каралеўскага Азіяцкага таварыства Вялікабрытаніі і Ірландыі, Нямецкага ўсходазнаўчага таварыста, Фламандскай, Польскай, Іранскай і іншых акадэмій навук. Памёр Ігнацій Крачкоўскі ў 1951 годзе. Магчыма, Уладзімір Паўлавіч, які на той час вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, яшчэ заспеў пабачыць славутага арабіста, яшчэ паслухаў яго лекцыі... 

Таджыкскі вучоны Уладзімір Дзямідчык надрукаваў неверагодна вяліакую колькасць навуковых прац (недзе болей сотні), улічваючы, што памёр наш зямляк у параўнальна маладым узросце — 3 верасня 1977 года, калі яму споўнілася ўсяго толькі 47 гадоў. Стварыў «Падручнік арабскай мовы» (і гэта ва ўзросце меней трыццаці гадоў! Кніга пабачыла свет у Сталінабадзе — Душанбэ — у 1958 годзе), «Нарыс сучаснай арабскай літаратуры» (Душанбэ, 1965 год). Таксама Уладзімір Паўлавіч выдаў кнігу па суданскай паэзіі XX стагоддзя: «Суданская паэзія XX ст.» (Душанбэ, 1972). Яе можна лічыць падзеяй у галіне літаратуразнаўства ўжо і таму, што на той час кніга сталася адзіным даследваннем такога масштабу па гісторыі суданскай літаратуры ў СССР. І зараз, калі згадваюць аднаго з самых цікавых паэтаў Судана — заснавальніка рамантызма у новай паэзіі на арабскай мове Юсефа Башыр ат-Тыджані (1912 — 1937), не абыходзяцца без звароту да кнігі У. Дзямідчыка. 

Наш зямляк займаўся і рукапісамі арабскіх філосафаў, географаў і падарожнікаў. Перакладаў іх тэксты на рускую мову. Толькі ў 2004 годзе ў Маскве выйшла кніга У. Дзямідчыка «Свет цудаў у арабскай літаратуры XIII — XIV стст.: Закрый ал-Казвіні і жанр мірабіляў» (у выдавецтве «Восточная литература»). Па-свойму ўнікальная кніга! Там ёсць і касмаграфія, і метэаралогія, і эсхаталогія, і іншыя самыя рознабаковыя звесткі пра сярэдневечча... Жанр мірабіляў («пра цуды свету») з кнігі Уладзіміра Дзямідчыка паўстае як цікавейшае сведчанне пра арабскі свет, пра творчасць аднаго з самых цікавых сярэдневяковых арабскіх празаікаў — Закарый ал-Казвіні. 

Вядома, што наш зямляк спрабаваў сябе і як аўтар мастацкіх твораў. Пісаў вершы, апавяданні. Матэрыялам для такіх твораў служылі ўспаміны пра партызанскае дзяцінства ў ваколіцах Барысава. У партызанскі атрад юны Валодзя патрапіў недзе ва ўзросце 12 ці 13 гаоў. У 1991 — 1992 некаторыя мастацкія публікацыі са спадчыны Ую Дзямідчыка з’явіліся ў таджыкскім літаратурна-мастацкім часопісе на рускай мове — «Памир». Меркавалася, што кніга прозы Уладзіміра Дзямідчыка павінна выйсц ў выдавецтве «Адзіб» («Пісьменнік») у Душанбэ. На вялікі жаль, гэтага не здарылася. Ужо пасля 2008 года я цікавіўся ў тагачаснага дырэктара «Адзіба» пісьменніка Ато Хамдама лёсам гэтай кнігі і лёсам творчай спадчыны У. Дзямідчыка. На вялікі жаль, нічога высветліць не ўдалося... 

Мо ў Беларусі праз кніжнае выданне будзе ўзгадана імя таленавітага нашага земляка?.. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?