Вы тут

Майстар-клас па абстрактным жывапісе ад Міхася Ляўковіча


Прывабнасць мастацтва ў тым, што яно нікога не пакідае раўнадушным. Кожны знойдзе для сябе нешта цікавае — карціны, якія западаюць у самае сэрца, незвычайныя лёсы мастакоў. На адной выстаўцы можна поўнасцю адчуць бязмежную сілу чалавечага таленту і твораў, якія ён нараджае. «Звязда» разам з галерэяй «АртХаос» вырашылі пазнаёміць усіх з гэтай сілай.


«У мастацтве павінны быць усе накірункі. Але зараз такі складаны час, што вельмі хочацца пазітыву. І я хачу радавацца жыццю. Я бачу, як яно віруе, колькі ў ім прыгожага. Ад гэтага я ў захапленні і гэтым у творчасці кіруюся», — дзеліцца Міхась Ляўковіч.

Віцебскі мастак працуе ў жанры лірычнага абстракцыянізму. Па яго словах, абстрактнае мастацтва выражае эмоцыі, з якімі творца падыходзіць да працы. «Калі мяне просяць напісаць, напрыклад, кветкі, пісаць іх у рэалістычным накірунку я не буду. Я адаптую кветкі да свайго стылю, уключаю элементы абстрактнага жывапісу. Я інтуітыўна адчуваю, што кветкі там жывуць. І абстрактнае асяроддзе гэта перадае разам з маімі эмоцыямі», — расказвае Міхаіл Васільевіч. І адразу прыводзіць прыклад. Карціна «Сільвія полымем гарыць».

«Жонка на лецішчы засадзіла ўсё кветкамі, ведаючы, што я імі натхняюся. Летам яны сядзелі такія невыразная. А зараз зазіхацелі. Я паставіў сабе задачу паказаць іх як полымя, якое сагравае ўсё на кантрасце з халодным фонам», — тлумачыць мастак.

На шляху да абстракцыі ў Міхася Ляўковіча было многае — акварэльны жывапіс, пасада старшыні суполкі «Віцебская акварэль», выкладанне рэалістычнага жывапісу студэнтам мастацка-графічнага факультэту Віцебскага ўніверсітэта. Але творчая душа імкнулася выражаць свае эмоцыі і пачуцці так, як яны адчуваюцца. А што можа перадаць гэта лепей, чым абстрактны, лірычны жывапіс? І нарэшце атрымалася! Каб лепей зразумець мастака і яго творчасць, прапануем прачытаць адпаведны матэрыял па спасылцы https://zviazda.by/be/news/20211011/1633963721-mastak-mihail-lyaukovich-kozhnuyu-karcinu-ya-prahodzhu-dushoy 

Спецыяльна для чытачоў «Звязды» Міхаіл Васільевіч Ляўковіч даў майстар-клас па абстрактным жывапісу.

Мастак без талента — гэта аксюмаран. І справа не толькі ў тэхнічных здольнасцях, але ва ўменні даць карціне дыханне, характар, навучыць яе кранаць сэрцы. Але, як адзначае Міхаіл Васільевіч, талент трэба дапаўняць ведамі: «Як арганізаваць карцінную плоскасць? Гэта не проста ў эйфарыі выліць вядро фарбы на палатно і расцерці яе. Некаторыя мастакі так робяць, але кіруючыся закладзенымі ведамі аб арганізацыі карціннай плоскасці.

Як і ў літаратурным творы ў карціны ёсць тры асноўных структурных элементы: завязка, кульмінацыя і развязка. І мастакі-абстракцыяністы кіруюцца гэтым прынцыпам. «Гледача трэба зацікавіць падвесці да кульмінацыі і потым паказаць развязку. У лірычнай абстракцыі гэта перадаюць, па-першае, мазкі і накірункі, па-другое, колер. Калі перабольшыць адным колерам у адным месцы без падтрымкі з іншага боку, то карціна „перакуліцца“. Каб перадаць дынаміку, разбурэнне, мастакі такі прыём выкарыстоўваюць. Глядач, адразу бачыць, што на палатне ўсё валіцца. І вопытная рука ўжо ведае, дзе які пакласці. Калі ўверсе паклаў мазок, унізе трэба адказаць. І так усюды, паклаў — адказаў. І такім чынам аўтаматычна рухаешся па палатне», — тлумачыць Міхаіл Васільевіч.

Аднак, па словах мастака, часта для перадачы пэўнай атмасферы, настрою, можна і парушыць закладзеныя прынцыпы, перанесці кампазіцыйны цэнтр. Але і для гэтага патрэбныя веды і самае галоўнае — вопыт.

Абывацелям здаецца, што абстрактнае мастацтва — гэта проста няправільныя формы, незразумелыя фігуры і ўвогуле гэта вельмі лёгка. Але не існуй у абстрактным жывапісу зводу правілаў, кожны трэці быў бы мастаком-абстракцыяністам. Нельга стаць мастаком і без прыродных дадзеных, як мінімум адчування колераў і адценняў. І таленту паказаць на палатне тое, чаго немагчыма выказаць словамі.

Напрыклад, як перадаць вішнёвы лікёр. У рэалістычным мастацтве можна паказаць бутэльку, перадаць колер. «Я пайшоў іншыя шляхам. Вішня мае неаднародны чырвоны колер і я перадаў яго на карціне. І атрымалася такая праца. І ў гэтым і заключаецца лірычны абстракцыянізм. Прачытаўшы назву, глядач адчуе пах лікёру, яго кісла-салодкі смак», — расказвае Міхаіл Васільевіч.

Заснежаны лес, велічныя сосны пад снежнай коўдрай — цішыня і благадаць. Пакуль азарны настрой не возьме ўверх і не захочацца крыкнуць нешта вельмі радаснае і з далечыні не прыляціць у адказ звонкае рэха... Але як яе прадставіць на палатне? Словамі нельга, у рэалістычным жывапісу немагчыма. Трэба настроіцца на такую хвалю, якая б акунула і пацягнула за сабой, як рэха адлятае і за сабой цягне. Вось Міхась Ляўковіч і адправіўся «Услед за зімовым рэхам». «Гук адбіваецца і вяртаецца назад. Мы гукнулі, ён пайшоў туды ў космас. У мяне была задача паказаць, што ён пайшоў туды, далёка. А потым вяртаецца, абыходзіць і такім чынам закручваецца», — тлумачыць мастак.

У творчай калекцыі Міхаіла Ляўковіча ёсць і карціны бытавога жанру. Напрыклад, праца «За шчасце», такую карціну ў жыцці бачыў бадай што кожны. «Гэтая праца навеяна вёскай, станам, у якім яна зараз знаходзіцца. Вёскі ў большасці пакінутыя, але людзі там жывуць. І гэта адна з форм жыцця. Яны сустрэліся за адным сталом, магчыма, на памінкі ці на Радаўніцу, успамінаюць тых, хто быў з імі, успамінаюць мінулае. Ну выпіваюць. Але мы ж ведаем, што людзі выпіваюць, я не імкнуся зачыняцца ад таго, што ёсць. І ў абстрактнай манеры прадстаўлена хата», — расказвае мастак.

Натхненне мастака такая ж загадкавая рэч, як і само мастацтва. Знайсці яго можна дзе заўгодна і таму жывапіс мае мільёны аматараў па ўсім свеце. У незвычайнай форме ён можа паказаць самыя звыклыя рэчы. Напрыклад, зямлю. Як карціна Міхаіла Ляўковіча «Золата цепліцца зямля». «Гэта прысвячэнне нашай зямельцы. Яна цёплая, таму і колеры цёплыя. А элементы цёмных мазкоў — гэта ж узараная глеба», — паказвае Міхаіл Васільевіч.

Партрэты знакамітых людзей многія прывыклі бачыць напісанымі з натуры, рэальнымі. Але, калі памятаць, што лірычная абстракцыя перадае эмоцыі і пачуцці, то з яе дапамогай можна ўбачыць і унутраны свет асобы. Уладзімір Караткевіч усім вядомы як рамантык, летуценнік. І гэта перадаў Міхаіл Ляўковіч ў партрэце пісьменніка.

«Творчасць Караткевіча ў свой час мяне абудзіла. Мы зачытваліся раманамі „Дзікае паляванне караля Стаха“, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. Я пісаў гэты партрэт, калі яго ўжо не стала. Элементы тэатралізацыі ўключыў, Уладзімір Караткевіч жа шмат п’ес паставіў. Постаць пісьменніка я раблю празрыстай, як неба. І нібыта з дрэва з каранямі ўзнікае яго твар. Я прапаную чытачу падняцца ўверх, вяду яго за гарызонт. Але немагчыма туды трапіць, мы не ведаем, што там. Нас спыняе гарызантальная лінія. Туды далей заходзіць неба, а для людзей стаіць заслона, і Уладзімір Караткевіч ужо за ёй», — апісвае свой твор Міхаіл Ляўковіч.

Міхаіл Ляўковіч тлумачыць прыцягальнасць абстракцыі тым, што мастакі бачаць адно, а гледачы нешта сваё іншае. І потым настройваюся на адную і тую ж хвалю.

Бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Міхаіла Ляўковіча, адчуць яго настрой, а потым настроіцца на адну хвалю, можна на выстаўцы мастака. Яна адкрыецца 20 кастрычніка ў галерэі «АртХаос». Выстаўка пазнаёміць не толькі з унутраным светам Міхаіла Ляўковіча, а і з Віцебскай мастацкай школай. 

Віцебск і мастацтва — назаўжды аб’яднаныя лёсам. Тут нарадзіліся Марк Шагал і Восіп Цадкін, тварылі Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Давід Якерсон і іншыя сусветна вядомыя мастакі. Як адзначае Міхаіл Ляўковіч, мастакі і сёння адчуваюць у Віцебске нейкую незвычайную атмасферу. А карціны віцебскіх творцаў заўсёды вылучаюцца на рэспубліканскіх ці міжнародных выстаўках: «Мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта — гэта працяг традыцый Віцебскай мастацкай школы, хоць многае было знішачана і выкраслена. Калі Марк Шагал у 1960-я гады прыязджаў у Маскву, ён хацеў прыехаць у Віцебск і падарыць яму некалькі дзесяткаў сваіх працы. Я тады быў студэнтам і мы ўсе вельмі чакалі. Але сакратар абкама партыі па ідэалогіі сказаў, што ніколі гэтага не будзе. Ніякай прадбачлівасці. Гэта ж мастак сусветнага ўзроўню і калі б тут было хаця б дзесяць яго арыгіналаў, гэта была б турыстычная Мекка і як бы яны натхнялі маладых мастакоў. Але гэтае паветра, гэтыя тэндэнцыі з горада ўбраць немагчыма. Маімі выкладчыкамі былі Алег Арлоў, Леанід Анцімонаў, Аляксандр Салаўёў — тройца авангардных мастакі. І прышчэпкі, якія мы атрымалі ад сваіх настаўнікаў, праяўляюцца і сёння. І гэты аспект, гістарычны падмурак Віцебскай школы ўплывае на тое, што Віцебскае мастацтва стаіць асобна. Не хачу перацягваць коўдру, але, як ёсць».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.