Вы тут

Новая кіназала, школа мастацтваў, сквер прымірэння. Што яшчэ з'явіцца ў Стоўбцах


У наступным годзе Стоўбцам выпаў гонар прымаць Мінскі абласны фестываль працаўнікоў сяла «Дажынкі-2022». І, вядома, тут імкнуцца аздобіць райцэнтр як мага прыгажэй, здзівіць удзельнікаў і гасцей свята шмат якімі навінкамі.


Аўтавакзал пасля рэканструкцыі.

У прыватнасці, плануюць увесці ў дзеянне новую дзіцячую школу мастацтваў, праект ужо ёсць, ён дапрацоўваецца. У лістападзе мяркуюць атрымаць экспертызу. Дзеючая школа мастацтваў у раёне месціцца ў будынку райвыканкама, працуе ў дзве змены. Новае памяшканне дазволіць дзецям у камфортных умовах займацца ўсімі кірункамі мастацкай творчасці.

Па словах старшыні райвыканкама Дзяніса Колесеня, арганізацыя вольнага часу моладзі — адна з галоўных праблем. Як скардзяцца маладыя людзі, ім няма дзе паўнацэнна адпачываць. У першую чаргу не хапае кінатэатра. У 1947 годзе быў пабудаваны клуб, дзе круцілі кіно. Затым ён атрымаў статус кінатэатра, які назвалі «Беларусь». Гэты будынак драўляны, мае арыгінальную архітэктуру. У 2012 годзе было праведзена яго абследаванне. Спецыялісты далі заключэнне, што будынак у нездавальняльным стане. І ў такім выглядзе не можа далей выкарыстоўвацца. У 2014 годзе кінатэатр закрылі.

Мясцовыя жыхары прапанавалі рэканструяваць будынак, не парушаючы элементаў дэкору і архітэктуры, і абсталяваць тут краязнаўчы музей. Аднак, як аказалася, канструктыўна ён не адпавядае патрабаванням для размяшчэння такіх устаноў. Музей будзе ўладкаваны ў адным з памяшканняў бібліятэкі, якіх у горадзе налічваецца тры. А на гэтым месцы будзе абсталявана кіназала з захаваннем архітэктуры старога будынка.

Новы кінатэатр стане часткай гандлёва-забаўляльнага комплексу з пакоямі для камп'ютарных і настольных гульняў, пунктамі гандлю, грамадскага харчавання, месцамі для сямейнага адпачынку. Гэты цэнтр разам з кіназалай павінен стаць прыцягальным для моладзі. Тут калісьці знаходзілася гандлёвая плошча са старой забудовай. Менавіта сюды прыплывалі купцы па рацэ Нёман, прывязвалі свае караблі да спецыяльных слупоў, выгружалі тавар. Таму фасады будынкаў аздобяць гістарычнымі сюжэтамі. Кожны з іх павінен несці сэнсавую нагрузку, расказваць аб гісторыі Стоўбцаў.

У межах падрыхтоўкі да «Дажынак» па даручэнні старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына на базе раённай газеты «Прамень» створаны своеасаблівы кол-цэнтр для таго, каб сабраць меркаванні жыхароў Стаўбцоўскага раёна: што б яны хацелі бачыць у межах падрыхтоўкі да свята, якія праекты.

— Мы сустракаліся з жыхарамі горада, грамадскасцю, працоўнымі калектывамі, у тым ліку падчас дзён інфармавання. Усе выказаныя пажаданні ўлічаны. Яны ў прынцыпе супадаюць з планам мерапрыемстваў, што мы распрацавалі, — расказаў Дзяніс Колесень. — А пачалі падрыхтоўку да «Дажынак» пасля падвядзення вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2019 годзе. Адразу пачалі праект па добраўпарадкаванні прывакзальнай плошчы. Гэта брама нашага горада, якая штодня сустракае пасажыраў. Па ёй складаецца ўражанне аб Стоўбцах.

Аўтастанцыю пабудавалі ў 1967 годзе. Мякка кажучы, яна была не ў надта прывабным стане. У будынку замянілі вокны, дзверы, дах, у зале чакання ўладкавалі новыя лаўкі. Тэрыторыю вакол упрыгожылі пліткай. Каля ўвахода з'явілася паркоўка для веласіпедаў, над уваходам — электроннае табло з распісаннем маршрутаў. У асобнай вежы змясцілі прывакзальны гадзіннік.

Летась таксама былі ўведзены ў дзеянне завод па перапрацоўцы бульбы, сучасная кацельня на мясцовых відах паліва, 60-кватэрны дом для маладых сем'яў.

Новая школа № 4 на 720 месцаў у новым мікрараёне, які актыўна забудоўваецца, можна сказаць, таксама з'явілася дзякуючы будучым «Дажынкам». Добраўпарадкавалі пад'язныя дарогі да яе, уладкавалі пешаходныя сувязі. Цяпер жыхары інтэрната філіяла Мінскага маторнага завода ходзяць не праз поле, як раней, а па добрай дарозе.

Асноўны аб'ект 2022 года — аб'язная дарога, якая дасць магчымасць вывесці транспарт з прамысловага сектара. Гэта будзе сучасная чатырохпалосная артэрыя з неабходнымі для пешаходаў камунікацыямі. На сёння ўвесь грузапаток ідзе па Цэнтральнай вуліцы або па новай вуліцы Міру.

Ёсць у горадзе і знакавае возера з пляжам. Але доўгі час тут не праводзіліся ачыстка, рамонт камунікацый, добраўпарадкаванне. Рыхтуецца неабходны праект, і ў межах «Дажынак» гэтае месца будзе ўпарадкоўвацца.

Тэматыка аздаблення будзе чытацца ў любым кутку горада. На вуліцы Міру, напрыклад, насупраць фізкультурна-аздараўленчага комплексу, прывялі ў парадак сквер з сэнсавымі лаўкамі. Інакш — сквер прымірэння, паколькі лаўкі стаяць адна насупраць адна адной — можна прысесці закаханым, суджэнцам, паглядзець адзін аднаму ў вочы, пагутарыць, згладзіць вострыя моманты, непаразуменні ў адносінах.

На вуліцы Набярэжнай каля Нёмана адкрыўся парк актыўнага адпачынку. Галоўная яго славутасць — макет віціны, судна ХVІІІ-XІX стагоддзяў. На такіх калісьці перавозілі тавары. На помніку замацавана табліца з надпісам «Кронан». Менавіта так у старадаўнія часы называлі Нёман. Рака згадваецца яшчэ ў першай палове ІІ стагоддзя да нашай эры.

Ініцыятарам пабудовы карабля стаў райвыканкам, а фінансаваў праект парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Дарэчы, вага віціны 2,5 тоны, даўжыня 12 метраў. Каб прывезці макет на месца і ўстанавіць яго, спатрэбілася шмат сіл і намаганняў. Выкарыстоўвалі дзве грузападымальныя машыны.

Ну, і, вядома ж, да свята «Дажынкі» папрыгажэюць дваровыя тэрыторыі, абновяцца фасады, будзе заменена тратуарная плітка, рэканстуявана вулічнае палатно. Словам, горад стане больш камфортным для пражывання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота з сайта Mlyn.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.