Вы тут

Пераконваць у неабходнасці прышчэпкі ад ковіду на Брэстчыне спрабуюць самымі рознымі спосабамі


Гадоў 35 таму ў холе сталічнага Палаца культуры чыгуначнікаў, дзе праходзіла прадстаўнічая камсамольская канфернцыя, вісеў лозунг-плакат са словамі: «Если личный пример — это личная жизнь, вот тогда за него, как за знамя, держись». Не вельмі дасканалыя з пункту гледжання стылістыкі радкі, але чамусьці запомніліся на ўсё жыццё. І згадваюцца заўсёды, калі бачу такія паводзіны кіраўніка любога рангу, — у сэнсе, калі кіраўнік сам робіць тое, за што агітуе. Апошняе выклікае павагу.


Стар­шы­ня Жа­бін­каў­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Ва­дзім Краў­чук ро­біць пры­шчэп­ку.

Яшчэ ў адну з мінулых хваляў гэтага каварнага захворвання старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук размясціў у сваім тэлеграм-канале заклік вакцынавацца з ілюстрацыяй асабістага праходжання працэдуры. Сёння кіраўнік горада таксама перыядычна напамінае гараджанам пра неабходнасць вакцынацыі. А былы яго першы намеснік, цяпер старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК, нядаўна стаў прыкладам для жыхароў свайго цяперашняга раёна — і на мінулым тыдні зрабіў прышчэпку ад COVІD-19.

— Расходы раённага бюджэту на лячэнне аднаго пацыента з інфекцыяй каранавіруса складаюць ад 1000 да 2000 рублёў, — адзначае Вадзім Краўчук. — Гэтыя грошы маглі б пайсці на закупку медыцынскага абсталявання, добраўпарадкаванне тэрыторыі, будаўніцтва дзіцячых пляцовак, сферу адукацыі, мноства іншых добрых спраў. На жаль, пандэмія не здае пазіцыі. Адолець яе мы можам толькі агульнымі намаганнямі, калі большасць з нас зробіць прышчэпку і тым самым паспрыяе стварэнню калектыўнага імунітэту.

У Брэсце агітацыйная работа вядзецца па самых розных кірунках. На вуліцах паўсюль паявіліся білборды з выявамі вядомых у горадзе людзей. І першы з вялікага плаката заклікаў пераняць эстафету галоўны ўрач Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі Сяргей КЛЯЎС. Шматразовы чэмпіён свету па армрэслінгу Віктар Братчэня, генеральны дырэктар будаўнічага прадпрыемства, кіраўнікі ўстаноў і банкаў таксама агітуюць асабістым прыкладам.

У Бярозе, напрыклад, побач з паліклінікай абсталявалі прышчэпачны пункт на колах. Такім чынам, для праходжання вакцынацыі не трэба нават заходзіць ва ўстанову аховы здароўя. Паднімаешся па прыступках у медыцынскі вагончык і трапляеш на прыём да ўрача. Доктар аглядае пацыента, задае неабходныя пытанні пра самаадчуванне і агульны стан здароўя і накіроўвае на ўкол, які тут жа зробіць медсястра. Паводле слоў галоўнага ўрача Бярозаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Нэлі МАЛЕЙЦІНАЙ, прышчэпачны пункт працуе даволі інтэнсіўна, людзі ўвесь час падыходзяць, асабліва актыўна ідуць пасля работы. За дзень прышчапляецца да 1 працэнта насельніцтва горада.

Бяроза — усё ж такі горад немалы, таму для зручнасці яго жыхароў арганізавалі яшчэ і перасоўную прышчэпачную станцыю, якая разгарнулася ў аўтамабілі хуткай дапамогі. Машына пад'язджае ў людныя месцы, працуе да 11 вечара. Гэты перасоўны пункт найчасцей спыняецца каля буйных гандлёвых цэнтраў, і людзі пасля паходу па пакупкі падыходзяць, каб зрабіць прышчэпку. На дзень тут прышчапляецца каля 25 чалавек. У выхадныя нават чэргі стаяць каля аўтамабіля.

У Ляхавічах і Ляхавіцкім раёне медыцынскія брыгады актыўна наведваюць працоўныя калектывы. У Кобрыне прышчэпачны пункт разгарнулі ў буйным, папулярным у гараджан гандлёвым цэнтры «Палессе». Пункт працуе з 12 гадзін дня да 20 гадзін вечара. Пра магчымасць зрабіць прышчэпку па-за сценамі паліклінікі можна прачытаць на прыпынках, у грамадскіх месцах.

Старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ паведаміў карэспандэнту газеты, што ён і яго сям'я зрабілі прышчэпку яшчэ ў пачатку лета:

— Усе вядомыя ў свеце эпідэміі былі спыненыя шырокай кампаніяй вакцынацыі. Так і цяпер — мы зможам зберагчы сябе і хоць крышачку знізіць нагрузку на медыцыну, калі актыўна будзем прышчапляцца. Пра гэта заўсёды кажу ў працоўных калектывах, заклікаю людзей да свядомасці. Сёння, калі хочаце, зрабіць прышчэпку становіцца прыкметай цывілізаванасці чалавека. Ніхто ва ўсім свеце не прапануе іншага спосабу заслоны ад каварнай інфекцыі. Дык ці варта гуляць у рускую рулетку?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прапаганда і агітацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».