Вы тут

Лукашэнка: ​Калі мы будзем эфектыўна працаваць, на працягу месяца мы прыйдзем да мінімуму


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па эпідыміялагічнай сітуацыі і мерах супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі. 


У Палацы Незалежнасці сабраліся прадстаўнікі ўрада і эксперты-медыкі. З рэгіянальных студый па відэасувязі да сустрэчы далучыліся старшыні абласных аблвыканкамаў. Гэты тыдзень у графіку кіраўніка краіны асабліва будзе прысвечаны праблематыцы лячэння людзей ад ковіду.

Аляксандр Лукашэнка напачатку сустрэчы запытаўся ў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, ці былі на каранціне перад нарадай з Прэзідэнтам прысутныя, ці рабілі яны ПЛР-тэсты?

Пытанне, верагодна, паставіла міністра ў тупік: «Не...» 

«Як гэта так? Вы прыйшлі да кіраўніка краіны, да Прэзідэнта і не праверылі тых, хто тут прысутнічае. Што гэта за адносіны да таго, у чым вы мяне пастаянна пераконваеце? — быццам бы абурыўся Прэзідэнт, але тут жа працягнуў: «Але вы правільна зрабілі. У нас гэта не прынята, нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце да Прэзідэнта людзі не прыходзяць без каранціна. Я спецыяльна задаў гэта пытанне, каб задаць наступнае. Калі вы да Прэзідэнта заходзіце, адчыніўшы дзверы нагой, дык навошта вы здзекуецеся з людзей?»

Кіраўнік краіны адзначае, што да яго на прыём чыноўнікі на працягу ўсёй пандэміі прыходзілі без масак, ПЛР-тэстаў, праверкі сертыфікатаў аб вакцынацыі і зноў задае пытанне: навошта тады насельніцтва прымушаюць да гэтага?

«Чаму паднялі лямант на ўсю краіну? Чаму міліцыю мабілізавалі на праверкі масачнага рэжыму. Вам нечым займацца? Вы чаму закон парушаеце? У нас няма закона, які дае права лавіць людзей», — абураецца Прэзідэнт.

Напрыклад, Брэсцкая вобласць, дзе, па яго словах, ужо пачалі штрафаваць за адсутнасць масак і прымушаюць вакцынавацца, насуперак просьбам Прэзідэнта не дапускаць гэтага. Па яго меркаванні, вакцынаванне і нашэнне маскі — права кожнага чалавека.

«Я нікога не прымушаю. Гэта ваша права. Калі чалавек хворы, Піневіч, напрыклад, „закавідзеў“, ён ніколі да Прэзідэнта не пойдзе. Так павінен рабіць кожны жыхар нашай краіны. Тым больш, што мы не ўсё ведаем аб гэтай хваробе. І кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам, як ён лічыць неабходным», — сказаў Прэзідэнт.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што прадстаўнікі ўладаў не маюць заканадаўчага права штрафаваць насельніцтва за адсутнасць масак у грамадскіх месцах.

«Запытайце ў Субоціна (Аляксандр, віцэ-прэм’ер. — „Зв.“) і міністра, у нас у Гомельскай вобласці кароў па начах рэжуць і прадаюць у Расію, справіцца не можам. А міліцыя ў яго „масачнікаў“ ловіць. Не дай Бог, вы мне не вылавіце гэтых мярзотнікаў на працягу двух тыдняў», — заўважае Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт сцвярджае: медыкам неабходна вяртацца да той стратэгіі барацьбы з ковідам, што практыкавалі падчас першай хвалі. Як ён заяўляе, насуперак надзеям шматмільярднага насельніцтва Зямлі і прагнозах сусветнай навукі каранавірус са сваімі мутацыямі і новымі штамамі застаецца рэальнай пагрозай для ўсіх краін.

«Вірус не дурань. Ён навучыўся штамы праходзіць, пераадольваць. Мы перажылі паўднёва-афрыканскі, потым брытанскі, сёння індыйскі („дельта“) штамы. Я вам раскажу, што такое „дэльта“. Калі ў Індыі паднялася бойка, паўночы мы гэта абмяркоўвалі з Нарэндрам Модзі (прэм’ер-міністр Індыі. — „Зв.“), які патэлефанаваў у Крэмль, калі мы вялі перамовы з Уладзімірам Пуціным», — кажа Прэзідэнт.

Таму ён пытаецца, чаму прышчапляюцца вакцынай, створанай яшчэ ад «уханьскага» штаму каранавіруса. «Я не зусім разумею.

Спецыялісты кажуць, што да віруса, які муціруе, неабходна прыстасоўваць і вакцыну. Мы што за паўтара года так прыстасаваліся? Наколькі эфектыўна вакцына „ўханьскага“ перыяду да „індыйскага“ штаму віруса. Вось гэта вельмі важна. Але тое, што гэты ковід на крок наперадзе нашай навукі і, магчыма, і практыкі, і вы прызнаеце», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, распрацоўкі вучоных даганяюць барацьбу з вірусам, але практычная медыцына ўсё ж больш прасунулася ў супрацьдзеянні інфекцыі. Прэзідэнт адзначае, што яму дакладваюць пра сучасныя тэндэнцыі — вірус стаў больш агрэсіўным, пабольшала цяжкіх пацыентаў, у тым ліку сярод і моладзі.
Раіць Аляксандр Лукашэнка паглядзець і на паводзіны суседніх краін падчас чарговай хвалі.

«Паглядзіце, рот закрыла ўся Еўропа. Ніякай інфармацыі — усё добра. Але там жа катастрофа! Вазьміце Латвію, там крыху больш за мільён насельніцтва. Сітуацыя ў сто разоў горшая за Беларусь. Вы памятаеце які мор быў у ЗША ў перыяд першага ўздыму. І што, у іх усё добра? А хто ведае, як зараз там справы? Паразумнелі. А нашых пратэстуноў увесь час стымулююць: «Цісніце Беларусь, давайце зрынем уладу на антыковідных мерапрыемствах», — паведамляе кіраўнік краіны.

Прэзідэнт заўважае, што да прыходу чацвёртай хвалі рыхтаваліся. Гэтае пытанне было заўсёды на яго кантролі. Нават, калі пра гэта не паведамлялася ў СМІ.

«Мне прэс-сакратар даклала, што яны з кіраўніком маёй Адміністрацыі праманіторылі інтэрнэт. Людзі там шалеюць, абураюцца, патрабуюць, пытаюцца: „Дзе Прэзідэнт?“ Слухайце, я кожны дзень у тэлевізары даю справаздачу перад людзьмі, чым я займаюся. Я ж не магу кожны дзень з раніцы да вечара займацца лячэннем людзей. Для гэтага ў мяне ёсць міністэрства і тысячы людзей у белых халатах», — падкрэслівае Прэзідэнт і дадае, што пад яго увагай застаюцца і пытанні аграрнага парадку, і пераадоленне санкцыйных праблем.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што нават пасля ўвядзення «драконаўскіх» мер уладамі, сітуацыя з ковідам не палепшылася.

«Дзмітрый Леанідавіч, нам неабходна лячыць людзей. Нікуды не дзенемся. Ніякія маскі, ніякая нават вакцынацыя (але я не супраць яе) нас не выратуюць. Нам неабходна набрацца цярпення і лячыць людзей. Калі мы будзем эфектыўна працаваць, на працягу месяца мы прыйдзем да мінімуму. А калі зоймемся палітыкай ковіднай і антыковіднай, давядзём народ да бунтаў, як у Еўропе», — выказваецца кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка прапануе на нарадзе «зверыць гадзіннікі» па некаторых кірунках супрацьдзеяння віруснай інфекцыі. Першае — рэсурсны патэнцыял аховы здароўя. Прэзідэнта цікавіць, што тут зроблена і якая дапамога патрэбна.

Другое — узровень чакаемай да зімовага перыяду захваральнасці насельніцтва на ковід.

«Якія першачарговыя меры супрацьдзеяння па яго распаўсюджванні робяцца? Як праходзіць вакцынацыя насельніцтва? Яшчэ раз хачу падкрэсліць. Нягледзячы на мае негатыўныя адносіны да ціску на людзей. Вакцынавацца неабходна. Я ніколі супраць гэтага не быў», — адзначыў кіраўнік краіны.

Ён расказаў, што сёння ўжо завозіцца абсталяванне для вытворчасці па поўным цыкле ўласнай вакцыны. Прэзідэнт мяркуе, што замест прымусу насельніцтва неабходна пераканаць і прастымуляваць кожнага да прышчэпкі.

«Мне дакладваюць: на адным з заводаў у Мінску людзям даплацілі па 100 рублёў, і 99 % прыйшлі і вакцынаваліся. Я, канешне, супраць таго, каб людзі куплялі сваё здароўе за грошы. Але гэта права людзей і іх кіраўніка. То-бок, розныя ёсць варыянты», — канстатуе Аляксандр Лукашэнка.

Турбуе яго і маральна-псіхалагічны клімат у калектывах устаноў аховы здароўя. Амаль два гады медыкі знаходзяцца на перадавой у барацьбе з вірусам.

Яшчэ адна бяда, якая была ў фокусе ўвагі на нарадзе, — каронафэйкі. 

«Інтэрнэт стаў палітычным полем бойкі. Калі вы там жывяце, парадку не будзе. Ім неабходна ўскалыхнуць краіну. Усе яны сядзяць за мяжой і пачынаюць лямантаваць. Напрыклад, у нейкай бальніцы інфармацыю атрымалі, што для морга ўзялі 20 мяшкоў. Дапусцім. Але гэта ж не значыць, што памерлі 20 чалавек», — паведаміў кіраўнік краіны.

На яго думку, такога кшталту неправераныя паведамленні прыводзяць да «псіхозу», які быў сярод насельніцтва ў першую хвалю.

«Калі чалавек успрымае ковід горш за чацвёртую стадыю анкалогіі, вы ж разумееце, такога чалавека вылечыць вельмі складана. Таму людзям неабходна кампетэнтная ацэнка сітуацыі. Для гэтага мы сёння і сабраліся, каб выпрацаваць падыходы на аснове законаў, што ёсць», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Слова пасля яго ўзяў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён расказаў: штодня праходзяць кансультацыі з рэгіёнамі, працуе адпаведная група ў Савеце міністраў, штабы ў рэгіёнах. 

«Сітуацыя цалкам кантралюемая. Праводзіцца ўвесь комплекс мерапрыемстваў, які накіраваны на прафілактыку, перарыванне эпідэміялагічнага працэсу і лячэнне пацыентаў», — сцвярджае кіраўнік ведамства.


«Падзяляю гэты асцярожны аптымізм»

Па заканчэнні нарады Прэзідэнт падсумаваў выступленні спікераў і адзначыў: падзяляе насцярожаны аптымізм спецыялістаў. «У мяне склалася меркаванне, што катастрофы няма. Я хутчэй за ўсё падзяляю гэты асцярожны аптымізм, выказаны з месцаў, што мы не дадаём тэмпамі, як было два тыдні — месяц таму. Дзесьці 3-4 працэнты людзей захварэлых у нас менш становіцца», — сказаў кіраўнік краіны.

Тэндэнцыя гэтай хвалі каранавіруса — вялікая колькасць пацыентаў сярод моладзі. Як заўважае Прэзідэнт, маладыя людзі пераносяць хваробу хутка, з невялікай колькасцю цяжкіх выпадкаў. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на прадухіленне захваральнасці старых. 

«Не дай Бог, перакінецца гэта зараза на старых, мы страцім велізарную колькасць насельніцтва», — акцэнтуе кіраўнік краіны.

Як яму далажыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, сярод 21 тысячы насельнікаў разнастайных інтэрнатаў, толькі 10 чалавек хварэюць. Дасягнуць такіх паказчыкаў дапамагла вакцынацыя пражываючых там і персаналу сацыяльных устаноў.

Прэзідэнт нагадаў, што ковід — дарагая хвароба, якая напружвае эканоміку ўсёй краіны. З канкрэтнымі фактамі выступіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. «Фінансаванне аховы здароўя ідзе планава. За 9 месяцаў сёлета зрасходавана каля 6 мільярдаў рублёў, 98 % ад плана 9 месяцаў і 77 % ад плана года. Урадам выкарыстоўваюцца ўсе даступныя фінансавыя інструменты для забеспячэння ўстойлівага функцыянавання галіны. Але пандэмія вымушае нас шукаць новыя крыніцы для фінансавання. Таму ў бліжэйшы час мы звернемся да кіраўніка краіны аб выдзяленні дадатковых сродкаў у памеры амаль 250 мільёнаў рублёў», — сказаў Раман Галоўчанка.

Яшчэ такую ж суму, па словах прэм’ера, прыйдзецца шукаць у мясцовых і рэспубліканскім бюджэтах для ковідных даплат у сістэме аховы здароўя ў чацвёртым квартале. За гэты год дадаткова медыкам, што працуюць з ковід-хворымі, накіраваны сродкі ў памеры 825 мільёнаў рублёў, а з пачатку пандэміі — 1 мільярд 300 мільёнаў. 

Як паведаміў прэм’ер, прынятыя рашэнні па забеспячэнні сістэмы аховы здароўя айчыннымі сродкамі індывідуальнай аховы даюць вынікі. Амаль закрытыя ўнутраныя патрэбы ў гэтых рэчах. На завяршаючай стадыі стварэнне ўласнай вытворчасці латэксных пальчатак.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што бягучы і наступныя тыдні будуць паказальнымі ў лячэнні каранавіруснай інфекцыі. Прэзідэнт сцвярджае, што па яго вывучэнні грамадства, беларусы падзяліліся ў сваіх поглядах на прафілактыку распаўсюджвання інфекцыі. Хтосьці выказваецца за нашэнне масак, вакцынацыю, іншыя — супраць. 

«Прымальны любыя метады, акрамя прымушэння людзей. Папярэджваю ўсіх: міліцыю, санслужбы — гэта жорсткае парушэнне закона. У нас няма заканадаўчых падстаў,

Прэзідэнт не прымаў адпаведныя рашэнні, каб прымушаць людзей. Але прасіць іх трэба», — заяўляе кіраўнік краіны наконт мер прафілактыкі.

Пры гэтым ён адзначае: было б нядрэнна насіць маску ў гандлёвых кропках, транспарце. Але Прэзідэнт нагадвае, што сродкі аховы на вуліцы не даюць ніякага эфекту.

Асабліва ён просіць падтрымаць працоўных сферы гандлю — у першую чаргу кантралёраў-касіраў, якія непасрэдна кантактуюць з пакупнікамі.

Прэзідэнт прызывае беларусаў да вакцынацыі. Так, ён адзначае, што прышчэпка — не панацэя ад хваробы. Але смяротнасць сярод вакцынаваных — нулявая, а колькасць цяжкіх пацыентаў — да 1 працэнту.

«Нам трэба пражыць асенне-зімні перыяд, да наступнага лета. Вакцына тут нам добрая дапамога. Далей жыццё пакажа, як дзейнічаць і што рабіць», — кажа Прэзідэнт.

Выказаўся ён наконт масавых мерапрыемстваў у пандэмію. Асноўны пасыл: абыходзіцца без іх, там, дзе магчыма.

А вось, хто застанецца ў грамадстве назаўсёды, як і ковід, на думку Прэзідэнта, гэта «балбатня» ў інтэрнэце. На яе ён раіць менш звяртаць увагі.

«Гэта ж не нашы людзі знутры тут крычаць, а з-за мяжы. Чаму крычаць? Грошы трэба адпрацаваць, грошы ўзялі вялікія. То бок, яны такім чынам зарабляюць грошы. А можа атрымаецца яшчэ адзін раз падняць мяцеж у Беларусі. Іх галоўная задача — выштурхнуць людзей на вуліцу, узбударажыць, каб яны выступілі супраць улады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Забараніў Прэзідэнт абмяжоўваць і адмяняць планавую дапамогу пацыентам у гэтыя часы, паставіў задачу наладзіць пастаўкі з Індыі ў запас неабходных лекавых сродкаў для лячэння ковіду. Ведае ён і пра сітуацыю з ШВЛ-апаратамі.

«Мы не можам у кожную раённую бальніцу паставіць 13 апаратаў ШВЛ, бо яны непатрэбныя будуць, калі сыдзе ковід. Я казаў, што гэта не танна, ды і набыць іх зараз вельмі складана. Штук 15 мы атрымаем да канца года. Але пытанне не ў гэтым. Калі ў адным раёне загружаны апараты ШВЛ на сто працэнтаў, а ў суседнім з дзесяці толькі два, так чаму туды за 40 кіламетраў на хуткай дапамозе не перакінуць чалавека?», — адзначае кіраўнік краіны.

Пад асаблівы кантроль узятае пытанне ператрымкі пацыентаў у шпіталях. Прэзідэнт сцвярджае: па 7-10 дзён нельга трымаць там людзей, што не маюць патрэбу ў доўгай шпіталізацыі.

«Не ператрымлівайце людзей у бальніцах. Так, у нас толькі палова ложкаў задзейнічана пад ковід. Але нельга забываць, што людзі хварэюць і іншым. Іх жа трэба таксама лячыць, нельга адкладаць на потым. Потым чалавек можа і не дачакацца», — канстатуе Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка краіны, уся прамысловасць, што мае патрэбу ў кіслародзе, паралізавана. Нават забралі яго ў абароннай сферы. Усе магутнасці кінутыя на стварэнне кіслароду для медыцынскіх патрэбаў.

Галоўная задача ўсіх мер, як сцвярджае кіраўнік краіны, — захаваць у гэтыя часы звычайны рытм жыцця чалавека.

«Трэба перажыць гэтую зіму. І больш гуляйце на вуліцы, неабходна заставіць лёгкія працаваць. Калі і захварэеш, лягчэй будзе перанесці. Гэта ўжо з майго вопыту. І ніякіх масак на вуліцы. Прафілактыка нашых хвароб — гэта здаровы лад жыцця», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

Ён рэзюмуе, утрымаць эканоміку сёння дапамагло рашэнне не спыняць вытворчасць у мінулыя хвалі ковіду.

«Мы маем магчымасць прапанаваць людзям тавар. Гэта нас выратавала. А то б мы хадзілі па ўсім свеце з працягнутай рукой і прасілі гэтыя капейкі. Пакуль мы спраўляемся самі. І я думаю, мы справімся, калі мы ўсе мабілізуемся», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Напрыканцы ён анансаваў — з наступнага дня пачынае працаваць у праблемных бальніцах. Будзе сачыць, як на месцах спраўляюцца з хваробай.


Каментарый у тэму

Дзмітрый Піневіч, міністр аховы здароўя адзначыў, што краіна ідзе па тактыцы паскоранай вакцынацыі насельніцтва на добраахвотнай аснове. Амаль 27 % насельніцтва вакцынавана першым кампанентам, у абароце зараз 800 тысяч вакцын, паступленні чакаюцца на гэтым тыдні. У планах медыкаў да канца года прыйсці да 5 мільёнаў прышчэпленых.

«Адна з асаблівасцяў дадзенай хвалі ковіду — захваральнасць дзіцячага насельніцтва, падлеткаў, маладых людзей і цячэнне гэтага інфекцыйнага захворвання ў цяжарных»,— адзначыў кіраўнік ведамства.

Па яго словах, больш актыўна хварэюць мінчане, жыхары Гомельскай і Мінскай абласцей, найменш напружаная эпідэміялагічная сітуацыя зараз у Гродне.

Міністр сказаў журналістам, што пасля нарады перагледзяць аказанне спецыялізаванай меддапамогі, у тым ліку планавай.

«Мы падкарэктуем нашы дакументы і лагістыку, каб тыя, што маюць патрэбу ў любым відзе дапамогі, не атрымалі адмову», — акцэнтаваў Дзмітрый Піневіч.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.