Вы тут

Чаго нельга рабіць пры пасадцы азімага часнаку


Паступова набліжаецца той час, калі трэба будзе чарговы раз саджаць азімы часнок. І хоць працэс гэты даволі звыклы і цалкам звычайны, сёння паспрабуем вылучыасноўныя памылкі, якія лепш не дапускаць:


1. Не саджайце азімы часнок з году ў год на адно і тое ж месца. З пункту гледжання планавання ўчастка гэта, безумоўна, зручна, але пры такім варыянце парушаецца севазварот. У мінулагодняй глебе застануцца характэрныя для культуры патагены і шкоднікі, да таго ж у ёй будзе не хапаць менавіта тых мікра- і макраэлементаў, што неабходныя часнаку (падкормкі цалкам не ліквідуюць гэты недахоп). Лепш за ўсё саджаць часнок там, дзе раней раслі кабачкі, агуркі, капуста і рознае зяленіва. Дрэнныя папярэднікі — морква, буракі, цыбуля.

2. Пажадана не падкормліваць часнок азотнымі ўгнаеннямі. На зіму нарошчванне зялёнай масы — небяспечная задума.

3. Тэрміны пасадкі часнаку могуць адрознівацца ў розных рэгіёнах краіны, але ўсюды справядлівае правіла — тэмпература павінна быць не ніжэйшая за + 3 ... + 6 C?. У адваротным выпадку частка пасяўнога матэрыялу можа не паспець укараніцца і загіне. Рана саджаць часнок яшчэ горш — вылезуць пёры пад зіму. Аптымальны тэрмін пасадкі — бліжэй да сярэдзіны кастрычніка, з аглядкай на надвор'е (звычайна на Пакроў ці крыху пазней). Па вопыце — вельмі познюю пасадку (нават па снезе) часнок можа дараваць.

4. Часта ўзнікае блытаніна з глыбінёй пасадкі. Аптымальная глыбіня разлічваецца па правіле — вышыня самога зубка + 5 см зверху. У сярэднім паказчык павінен быць на ўзроўні ад 6 да 8 см. У паўночных рэгіёнах лепш саджаць глыбей.

5. Некаторыя падзяляюць галоўкі на зубкі загадзя. Гэта памылка. Падзел пажадана выконваць незадоўга да пасадкі (напрыклад, вечарам папярэдняга дня). Пры гэтым кожны зубок трэба ўважліва агледзець на прадмет наяўнасці прыкмет розных пашкоджанняў. Усе хворыя, пашкоджаныя, а таксама дробныя зубкі варта адразу адбракоўваць і выкарыстоўваць у далейшым у бытавых мэтах. Не варта браць зубкі ў часночын, якія складаюцца усяго з 2-3 зубкоў (прыкмета зводу).

6. Многія ігнаруюць дэзінфекцыю зубкоў часнаку перад пасадкай. Неабавязкова выкарыстоўваць нейкія фунгіцыды, можна ж узяць звычайную марганцоўку. У слабым растворы перманганату калію зубкі варта замачыць на 1-2 гадзіны.

7. Вельмі важна пры падзеле часночных галовак — не пашкодзіць шалупіну (скурку) зубкоў. Яна мае ролю ахоўнага бар'ера. Зрабіць гэта практычна нерэальна, частка браку ўсё роўна будзе. Усе зубкі, у якіх паадставала шалупіна, лепш адкласці і пазней выкарыстаць у ежу. Памылка — іх саджаць.


Пасадка морквы пад зіму: як зрабіць гэта правільна

Падзімняя сяўба морквы вызначаецца шэрагам пераваг:

  • морква, пасеяная восенню, дасягае харчовай спеласці ўжо ў першай палове чэрвеня, прыкладна на 15-20 дзён раней за любы ранняспелы вясновы сорт;
  • караняплоды вырастаюць буйныя, роўныя і вельмі сакавітыя, бо талыя вясновыя воды падтрымліваюць пастаянную вільготнасць глебы;
  • рана вясной большасць шкоднікаў яшчэ не актывізавалася, таму рызыка пашкоджання імі пасеваў значна зніжаецца (асабліва маркоўнай мухай).

З мінусоў восеньскай пасадкі морквы можна адзначыць той факт, што гэтыя плады не падлягаюць працягламу захоўванню і досыць хутка псуюцца.

Насуперак усеагульнай думцы, для падзімняй сяўбы не падыходзяць ранняспелыя сарты морквы. Яны даюць хуткія і раннія ўсходы, якія часта пашкоджваюцца маразамі. У выпадку нечаканага пацяплення могуць з'явіцца парасткі, наступнае пахаладанне іх непазбежна загубіць.

Пры набыцці насеннага матэрыялу рэкамендуецца ўважліва прачытаць інструкцыю, дзе абавязкова пазначаецца прыдатнасць для падзімняй пасадкі.

Дакладныя тэрміны правядзення пасяўных работ прадбачыць загадзя немагчыма, паколькі восеньскае надвор'е мае зменлівы характар. Трэба арыентавацца на канкрэтныя ўмовы надвор'я. Зямля павінна трохі настыць, але не прамерзнуць. Дапускаецца нават пасадка морквы пад снег у загадзя падрыхтаваныя на градцы разоры.

Лепш за ўсё пасеяць гэтую гародніну прыкладна за 7-10 дзён да наступлення сапраўдных маразоў.

Нельга саджаць моркву на месцы, дзе яе толькі што прыбралі восенню. Паўторная пасадка на такім участку дапускаецца толькі праз 3-4 гады.

Найлепшымі папярэднікамі будуць:

  • гарбузовыя (агуркі, гарбуз, кабачок і іншыя);
  • цыбульныя (цыбуля, часнок);
  • бульба;
  • зяленіва (салата, кроп і іншае);
  • капуста;
  • памідоры.

Не рэкамендуецца саджаць моркву там, дзе ў бягучым сезоне раслі бабовыя.

Восенню ў градку пад моркву ўносяць калійна-фосфарныя ўгнаенні.

Ірына ТАМКОВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».