Вы тут

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?


Кастрычнік — Сусветны месяц барацьбы з ракам малочнай залозы. Яго абвясцілі ў 1993 годзе, мяркуючы, што гэта павысіць дасведчанасць пра захворванне і прыцягне да яго ўвагу жанчын. Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, рак малочнай залозы — галоўная прычына смерці жанчын ад анкалагічных захворванняў. Летась у свеце ад гэтай паталогіі памерлі 685 тысяч жанчын, было зарэгістравана звыш 2,3 мільёна выпадкаў.


 pixabay.com

Урачы не стамляюцца паўтараць пра неабходнасць прафілактычнага абследавання, бо на ранняй стадыі рак грудзей паспяхова лечыцца. Але з-за пандэміі каранавіруса колькасць абследаванняў скарацілася — многія пацыенткі баяцца заразіцца ў клініцы. Пры гэтым у Беларусі рак малочнай залозы знаходзіцца на першым месцы ў структуры анкапаталогій у жанчын. Урачы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава нагадалі пра важныя правілы ў жыцці кожнай з нас.

— Анкалагічная захваральнасць — сур'ёзная праблема не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Смяротнасць ад анкалогіі займае другое месца пасля хвароб органаў сістэмы кровазвароту, — кажа намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Наталля Яфіменка. — Што датычыцца раку малочнай залозы, ва ўсім свеце выяўляецца штогод не менш ад мільёна новых выпадкаў. Раней лічылася, што хварэюць у асноўным жанчыны пажылога ўзросту, прынамсі, пасля 50 гадоў, аднак цяпер пухліны знаходзяць і ў больш маладым узросце. Рак малочнай залозы — не выключна жаночая праблема, але мужчыны хварэюць на яго ў сто разоў радзей.

Сярод асноўных фактараў рызыкі ўрач называе спадчынны фактар, перадракавыя захворванні, стрэсы, гарманальны дысбаланс і іншыя.

— На першае месца я б паставіла спадчынны фактар, — адзначае Наталля Яфіменка. —Тры формы — гэта рак малочнай залозы, яечніка і коларэктальны — складаюць каля 90 % спадчынных анкалагічных хвароб. У цэлым жа спадчынная форма займае ўсяго каля аднаго працэнта ад усёй папуляцыі, і ў Беларусі каля 100 тысяч пацыентаў з'яўляецца схільнай да спадчынных формаў захворвання на рак. Яны ведаюць, што з'яўляюцца носьбітамі пэўных мутацый. Нельга казаць, што гэтыя пацыенты абавязкова захварэюць, але рызыка ў іх павышаная ў дзясяткі і сотні разоў у параўнанні з людзьмі, якія не маюць такіх генных мутацый.

Яшчэ адзін фактар — перадпухлінныя перадракавыя захворванні, а таксама траўмы малочнай залозы.

— Мастапатыі, фібраадэномы, кісты — гэта фактары рызыкі. Таксама гарманальны дысбаланс, стрэсы, хваробы органаў малога таза, печані, бо рак малочнай залозы з'яўляецца гармоназалежным захворваннем, а асноўная частка гармонаў утылізуецца менавіта ў ёй, — удакладняе суразмоўніца.

У анкалогіі некалькі відаў прафілактыкі: пярвічная, другасная і трацічная. Пярвічная накіравана на папярэджанне захваральнасці і тое, каб своечасова выяўляць паталогію. Тут важная роля скрынінгавых мерапрыемтваў. Сістэма скрынінгу арганізавана ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта мамаграфічнае даследаванне, якое жанчына ва ўзросце з 50 да 70 гадоў праходзіць незалежна ад наяўнасці сімптомаў раз на два гады. Калі выяўляецца захворванне, то на ранняй стадыі, і ў гэтым перавага скрынінгу.

Другасная прафілактыка — гэта перш за ўсё зніжэнне смяротнасці. Тут найперш увага аддаецца лячэнню розных паталогій прадраку, напрыклад, такіх, як фібраадэномы. Такім чынам ствараюцца ўмовы, каб яны не пераходзілі ў злаякасныя новаўтварэнні. Трацічная прафілактыка — папярэджанне рэцыдываў метастазаў. Калі пацыентка мае рак малочнай залозы, то задача анколагаў — не дапусціць прагрэсіравання хваробы, каб як мага менш утваралася метастатычных формаў і рэцыдываў.

— Ранняя дыягностыка — гэта не толькі скрынінгавыя даследаванні, але і выяўленні мутацый у генах BRCA1 і BRCA2. Пацыенты па жаданні могуць звярнуцца ў нашу малекулярную лабараторыю канцэрагенезу, якая займаецца іх выяўленнем. Калі ёсць мутацыі, спецыялісты даюць рэкамендацыі, як дзейнічаць далей, — расказала Наталля Яфіменка.

Паводле слоў загадчыка лабараторыі рэканструкцыйна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Антона Хорава, анкаслужба Беларусі валодае ўсімі магчымасцямі, якія адпавядаюць агульнасусветнаму ўзроўню. Выкарыстоўваюцца УГД, МРТ, КТ-дыягностыка, малекулярна-генетычныя і патамарфалагічныя даследаванні. На базе РНПЦ працуе Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі.

— Ёсць пастулат, што пакуль не будзе поўнага абследавання, лячэнне пачынаць немэтазгодна. Толькі сабраўшы ўсю інфармацыю, можна распрацаваць план лячэння. Гэта дае добры вынік, — адзначае Антон Хораў.

Што датычыцца хірургічнага лячэння, то беларускія анколагі валодаюць усімі магчымасцямі стандартных і рэканструкцыйна-пластычных аперацый, што дазваляе адначасова правесці рэабілітацыю.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

«Традыцыйна першы месяц зімы — самы цёмны і пахмурны месяц года». 

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.