Вы тут

Джумагельды МУЛКІЕЎ: «Перакладчык разбурае бар’еры»


Апавяданні Джумагельды Мулкіева, выпускніка Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага, туркменскага празаіка, паэта і перакладчыка, супрацоўніка часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), у апошнія гады ў перакладзе на беларускую мову друкаваліся на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Маладосць», у альманаху «Далягляды». Па ацэнках саміх туркменскіх калег-літаратараў, па меркаваннях чытачоў, Джумагельды Мулкіеў — адзін з самых цікавых сучасных празаікаў Каракумскага краю. Пісьменнік пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні для беларускіх медыя.


— Джумагельды, з чаго пачалося ваша асабістае знаёмства з беларускай літаратурай?

— Маё свядомае знаёмства з беларускай літаратурай пачалося з восені 1983 года. Тады я вучыўся на першым курсе маскоўскага Літаратурнага інстытута. І ў мяне быў аднакурснік з Беларусі — Валодзя Сотнікаў. Аднойчы мы на творчым семінары абмяркоўвалі яго апавяданне пад назваю «Пажар». З гэтага апавядання і пачалося маё падарожжа ў чароўны свет беларускай літаратуры. Валодзя Сотнікаў, калі не памыляюся, пасля першага курса па сямейных абставінах перавёўся ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт…

— Першыя кнігі беларускіх аўтараў вы чыталі на туркменскай ці рускай мовах? Бо ў розныя дзесяцігоддзі, канешне ж, да развалу Савецкага Саюза, у Туркменістане на туркменскай мове былі выдадзены кнігі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Вячаслава Адамчыка, Валянціна Лукшы, Івана Чыгрынава…

— Ведаеце, гэта досыць цяжкае пытанне. Калі ж  гэта было… Даўным-даўно, таму ў галаву ніякія прозвішчы, назвы твораў не прыходзяць. Але ведаю і зараз, што вашу літаратуру з 1980-х гадоў не абыходзіў увагай.

— Сэрца беларускай літаратуры, мастацкая з’ява, якую, пэўна, паўтарыць немагчыма, — Васіль Быкаў, яго творы пра Вялікую Айчынную вайну… Калі вы адкрылі для сябе яго творчасць? Якія ўрокі як пісьменнік вынеслі пасля знаёмства з кнігамі?

— Творчасць вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава мы скрупулёзна вывучалі падчас вучобы ў Літінстытуце. Яго ваенная проза, бы сапраўдны магніт, прыцягвала нас да сябе. Васіль Быкаў з апраметнай цемры вайны, як мурашка, якая цягне на сваёй спіне зярняткі, па крупінках цягнуў праўду ў жыццё, да чытача. Праўду, якой так не ставала. І я з таго часу атрымаў галоўны прафесійны, галоўны пісьменніцкі ўрок — пісаць праўду.

Я ў Быкава навучыўся пісаць толькі праўду, якой бы яна горкай і непрыемнай ні была.

— Для беларусаў доўгія гады галоўнай тэмай у мастацкай прозе была вайна, Вялікая Айчынная, чалавек на вайне… А які твор з туркменскай літаратуры, на ваш погляд, можна назваць найболей яскравым, дакладным адлюстраваннем ваеннай тэмы?

— Відаць, варта назваць у якасці прыкладу творчасць пісьменнікаў-франтавікоў Пены Рэджэпава, Ашыра Назарава, Сеітніяза Атаева. І, можа быць, — творчасць Атаджана Тагана таксама, але ўжо з другога ўхілу, як пісьменніка, які прыйшоў у літаратуру шмат пазней, які і цяпер працуе ў літаратуры, нягледзячы на свой сталы ўзрост.

— Як перакладчык вы судакрануліся з пераўвасабленнем вершаў Уладзіміра Караткевіча на туркменскую мову. Ці будзеце яшчэ штосьці перакладаць з Караткевіча? Ці працягнеце знаёмства з яго творчасцю і далей?

— З творчасцю Уладзіміра Караткевіча я сур’ёзна пазнаёміўся зусім нядаўна. Для часопіса, дзе працую, пераклаў некалькі яго вершаў. Сярод іх (называю іх па перакладах на рускую, я ж перакладаў з рускай) — «Иней», «Я помню», «И прощай. Не нужно сожалений…», «Кипарисовые штучки», «Строка бесспорна, безупречна…». Што я адчуў пры перакладзе яго вершаў? Відаць, блізкасць паэта да прыроды… Да прыроды сваёй краіны. А з гэтай блізкасці нараджаецца і любоў. І ў маіх творчых планах — новыя звароты да перакладаў караткевічаўскай паэзіі.

Але ж ён і выдатны, геніяльны празаік. Проза Уладзіміра Караткевіча (асабліва калі матэрыялам служыць беларуская гісторыя) прыцягвае чытача праз містыку ці, правільней сказаць, з дапамогай містыкі. Містыка хутчэй і лепей за нейкія іншыя прыёмы знаходзіць адчувальныя клеткі чалавека. Караткевіч ведаў гэта, выкарыстоўваў містыку ў творах, зрабіў яе сваім памагатым. У гэтым ён вельмі падобны да Гогаля, Булгакава… Праз сваіх герояў Караткевіч адлюстроўвае, паказвае душу беларускага народа, у нечым падобную на душу майго туркменскага народа.

— Як вы лічыце, ёсць сэнс адкрываць свет іншых нацыянальных літаратур масаваму чытачу? Вы ўдзельнічаеце ў рабоце над часопісам «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). Наколькі вялікай папулярнасцю карыстаецца гэтае выданне сярод звычайных чытачоў Туркменістана?

— Чалавецтва на Зямлі, хаця і існуюць моўныя перашкоды, адно цэлае… І перакладчык разбурае бар’еры, набліжае людзей адзін да аднаго. Дакладней, перакладчык спрыяе гэтаму, а набліжаюць літаратура, творы, якія перакладаюцца. Людзі бачаць іншыя душы праз розныя мастацкія адкрыцці. І тым самым праз гэтае бачанне, усведамленне новага, раней невядомага, сыходзяцца, адкрываюцца самі іншаму свету, іншым народам. Часопіс «Дунья эдэбіяты» складаецца з твораў  іншых літаратур, перакладзеных на туркменскую мову. Туркменскі чытач праз старонкі «Дунья эдэбіяты» адкрывае вялікі свет, знаёміцца з літаратурамі іншых народаў. Наша чытацкая аўдыторыя вялікая, вельмі шырокая, разнапланавая… Гэта і даказвае тое, што людзям розных сацыяльных груп даспадобы чытаць замежныя творы, а значыць, мець суразмоўцаў з розных куточкаў свету.

— Раскажыце крыху пра ўласны вопыт працы ў галіне мастацкага перакладу. Якія з літаратур народаў свету найболей вам блізкія, найболей цікавыя?

— Першыя мае спробы ў галіне мастацкага перакладу з’явіліся яшчэ ў час студэнцтва ў Літаратурным інстытуце. Перакладаў вершы аднакурснікаў.

Сярод іх былі Гунда Саканія з Абхазіі, Заур Шарбанаў з Азербайджана, Эвеліна Ракіцкая з Масквы, Вадзім Сцепанцоў з Тулы, Ганна Істоміна з Пярмі і многія іншыя… У час летніх вакацый турбаваўся, каб пераклады былі надрукаваны ў розных выданнях у нас у рэспубліцы, а першага верасня вяртаўся ў Маскву са стосам газет, дзе і былі надрукаваны творы аднакашнікаў у маіх перакладах. Газеты раздаваў ім проста ў аўдыторыі. Хаця яны ніводнага слова з публікацый не разумелі, але былі радыя пабачыць свае вершы ў перакладзе на іншую мову.

Добрыя творы, нягледзячы на тое, да якой літаратуры яны адносяцца, лічу для сябе блізкімі. Вось гэтая чытацкая захопленасць і кіруе маім перакладчыцкім выбарам.

— Што б вы ў першую чаргу прапанавалі для перакладу на беларускую мову з творчасці сучасных пісьменнікаў Туркменістана?

— Перакладаць трэба найперш творы маладых аўтараў. Самых лепшых. Такімі лічу Максата Бяшымава і Ахмета Мяляева і іх творы. За імі — будучыня тукменскай літаратуры. Яны ўжо сёння паказваюць шырокія магчымасці

туркменскай нацыянальнай літаратуры, вызначаюць яе далягляды.

— Ці адчуваеце вы як перакладчык мастацкай прозы сэнсавыя страты пры перадачы тых ці іншых нюансаў арыгінала?

— Пры перакладзе сэнсавыя страты не адчуваю. Дакладней, стараюся перакладаць так, каб такіх страт не здаралася.

— Што вам падаецца найболей цікавым ці найболей лёгкім: перакладаць прозу альбо паэзію?

— Перакладаць прозу лягчэй, чым паэзію. І там, і тут адчуваю сябе як рыба ў вадзе, таму мне цікавыя і празаічны, і паэтычны пераклады. Калі такая праца раптам становіцца нецікавай, то я кідаю яе. Значыць, памыліўся ў выбары твора для перакладу. Часам жа трэба ўзвысіцца над проста чытацкім перакананнем, што цікавы менавіта той ці іншы твор. Угрызанне ў яго сутнасць як перакладчыка часам фарміруе іншыя ўяўленні.

Гутарыў Мікола МІРШЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.