Вы тут

Эпілог у дзвюх частках


На старонках «ЛіМа» 13 жніўня 2021 года апублікаваны артыкул «Канкурэнт Багдановіча — Альфонс Петрашкевіч», у якім быў рэпрэзентаваны літаратурны партрэт аднаго з забытых беларускіх паэтаў пачатку ХХ стагоддзя. Аўтар гэтых радкоў трымаўся агульнага рэчышча архіўна-пошукавай працы, вяртання імёнаў, новага прачытання гісторыі нацыянальнага пісьменства. Публікацыя актуалізавала тэму, але не падвяла выніковую рысу, а вызначыла новыя напрамкі даследаванняў літаратуразнаўчага і краязнаўчага характару. У якасці эпілогу на свет папрасіліся выяўленыя ў ходзе працы матэрыялы, якія надаюць вобразу Альфонса Петрашкевіча адмысловую жыццёвінку і прыцягальнасць.


Частка першая: паэтычна-запаветная

Падабенства Максіма Багдановіча і Альфонса Петрашкевіча, адзначанае ў папярэдняй публікацыі, прасочваецца не толькі ў іх біяграфіях, але і ў лёсе творчай спадчыны. Пасля выхаду двухтомнага Збору твораў класіка беларускай літаратуры ў 1927—1928 гадах Васіль Мачульскі, удзельнік  вехавага праекта, выдаў брашуру «Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матэрыялаў да яго біяграфіі» (1929). У гэты ж час Іванам Замоціным,  аўтарытэтным вучоным і рэдактарам двухтомніка, быў падрыхтаваны да друку змястоўны артыкул «Літаратурная спадчына А. Б. Петрашкевіча (Па рукапісных матэрыялах)», апублікаваны толькі ў 1991 годзе.

У распараджэнні Івана Замоціна аказалася пяць сшыткаў рукапісаў паэта з Крайска, перададзеных Змітраком Бядулем, ім жа была ўдакладнена  біяграфія земляка. На аснове гэтых матэрыялаў і напісаны аглядны артыкул, прысвечаны жыццю і творчасці Альфонса Петрашкевіча.

Аўтар робіць акцэнт на сацыяльным паходжанні «маладога летуценніка»: «…шляхціц па сваіх продках, але прадстаўнік разам з тым збяднелага роду, які апусціўся да становішча звычайнага малазямельнага селяніна, — ён адчувае сябе, як і раней, дэкласаваным шляхціцам і не мірыцца з лёсам беднага земляроба». 

На аснове аналізу вершаў «Нічога не трэба» і «Мне не трэба» крышталізуецца выснова наконт таго, які «сродак да замірэння» з абставінамі вынаходзіць паэт:  «…чыста індывідуалістычны, далёкі ад псіхаідэалогіі працоўнага селяніна, а ўласна — ён марыць не аб патрачаным шляхетным побыце і не аб моцнай сялянскай гаспадарцы, а аб ідылічным жыцці вясковага паэта сярод мірнай прыроды; яму нічога не трэба — ні цёплай хаты, ні белага хлеба, яму патрэбна сіняе неба, пад небам кавалак рачнога берага з бярозкай, з палявымі краскамі, з песняй салаўя, з гудзеннем пчалы; яму не трэба зямлі, будынкаў, грошай, не трэба нават сям’і — усё яму заменяць песні, якія ён складае ў атуленні прыроды». Прыводзім гэтую аб’ёмістую цытату як адметную па сваёй сталістыцы, не характэрнай для іншых літаратуразнаўчых прац вучонага.

У зборніку Івана Замоціна «Творы: Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1991), у якім быў апублікаваны згаданы аглядны матэрыял, перад чытачом паўставала, за выключэннем асобных цытат, завочнае апеляванне да першакрыніц, пяці сшыткаў рукапісаў. У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) захоўваюцца гранкі выдання «Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Т. І», падрыхтаванага да выхаду ў 1929—1930 гг., але так і не надрукаванага.

Артыкул І. Замоціна меўся выходзіць з дадаткам «З аўтографаў А. Петрашкевіча (1911—1914 гг.)». У якасці ўзораў творчай спадчыны паэта тут прадстаўлены 10 вершаў  і 7 т. зв. мініяцюр — невялікіх апавяданняў, вершаў у прозе, накідаў.

Верш «Зламаны флянс» — напамін пра шляхецкае паходжання аўтара, узор яго куртуазнай лірыкі:

 

Даткнуўшысь няўмелай рукою

Да вазы, — зламала ты флянс…

Астаўшысь, стаіць сіратою

Без кветкі з зямлёю фаянс.

 

Даткнуўшысь няўмелай рукою

Да сэрца, — ўзбурыла мне кроў

І звяла сама, сіратою

Пакінуўшы ў сэрцы любоў…

 

Адзін з твораў анталагічнай падборкі пацвярджае прыязнае стаўленне А. Петрашкевіча да З. Бядулі:

 

Вер мне!

       (Пасвяшч.<аю> тав.<арышу> майму З. Б.)

 

Час настане, міне ліха,

Хоць то мо’ й няскора, —

Вып’ем горач із кяліха

Беднаты і гора.

 

Вып’ем горач. Ні драбінкі

Не пакінем ўнукам…

Прыдуць вольнасці часінкі

І фінал ўсім мукам.

 

Згіне ў Леце час няволі,

Праз дзядоў пражыты;

Згінуць дэспаты сваволі

Пад магільнай плітай…

 

Згасне хцівасць ў нашым людзе,

Як блісне навука…

Вер мне! добра жыці будзе,

Ды ня нам, а ўнукам.

 

Гісторыкаў айчыннай медыяпрасторы не можа не зацікавіць верш «Аб “Лучынцы”». Гаворка ідзе пра часопіс для беларускай моладзі, які выходзіў у Мінску ў 1914 г. пад рэдакцыяй Аляксандра Уласава і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Перад намі ўнікальны паэтычны тэкст, адметны сваёй архітэктонікай, прысвечаны гэтаму перыядычнаму выданню пачатку ХХ стагоддзя:

 

«Што ты, Грышка, тут чытаеш?

Што за кніжка прад табой?»

— Што, — «Лучынка», ці ж ня знаеш?..

«Гдзе ж ты браў яе?» — З сабой

Я прывёз, як быў у Мінску.

«Ну, што пішуць тут — скажы!»

— Добра пішуць: многа вершаў,

Многа сказак — да душы…

«Ну, а болей?» — Што ж там болей!

Ёсць аб свеце шмат чаго —

Ды такога, як ніколі

Я ня чуў ні ад каго…

Ёсць яшчэ там… дый сказаці

Я ня ўмею так, як там…

Ну, як з горам ваяваці,

Як багатым стацца нам.

«Ну, а болей?» — Ды нічога…

Прачытай, так будзеш знаць! —

«Ох-хо-хо… За стар я многа,

Каб наўчыцца мне чытаць!..»

 

Іван Замоцін згледзеў асаблівую інтанацыю, запаветнасць творчасці Альфонса Петрашкевіча «ў яго эпілогу да вершаў апошняга (пятага) сшытка, дзе ён выказвае надзею, што яго «букет з васількоў» (так ён называе збор сваіх вершаў) знойдзе сабе месца выключна сярод беднякоў, якім ён галоўным чынам і, магчыма, цалкам адрасуе сваю творчасць».

У якасці падмацавання выказанай думкі даследчык прывёў адну страфу з верша «Эпілог». Дзякуючы матэрыялам архіва-музея мы маем магчымасць узнавіць увесь тэкст развітальнага твора Альфонса Петрашкевіча:

 

Вось вам, сябры, і букет

З васількоў прыгожых.

Што то скажа пра іх свет —

Хто згадаці можа?

 

Ці то шчыра, як я вас,

Прывітаюць людзі?

Ці — як траплю ў благі час —

Ўсякі з іх кпіць будзе?..

Пэўна, пэўна! Шмат пачуць

Кпінак ім прыдзецца.

Слоў пашаны — анічуць, —

Бо ў нас так вядзецца!

 

Толькі ў хаце бедакоў,

Пад страхой з саломы,

Мой букецік з васількоў

Будзе як знаёмы.

 

Яшчэ болей: як сваяк,

Быўшы на чужыне;

Яго ўсякі нябы як

Прывітаць ня міне…

 

Дай жа, божа, каб хоць там

Ён найшоў пашану, —

Ўсё б на сэрцы было нам

Весялей, каханы!

 

Частка другая: краязнаўча-дэтэктыўная

 

У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва зберагаюцца і некаторыя іншыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Альфонса Петрашкевіча. Вялікую каштоўнасць уяўляе здымак паэта (другі з цяпер вядомых), адметны не толькі ўнікальнай фіксацыяй яго знешнасці, але і подпісамі, зробленымі на розных мовах, падпісанымі сапраўдным прозвішчам і псеўданімам. На знешнім баку змешчаны вершаваны тэкст на польскай мове:

 

Jak można żyć nie znając życia

Siać ziarna prawdy i miłości?

Cudzego serca liczyć bićcia,

A za to wszęndzie mieć przykrości.

 

Alf. Pietraszkiewicz 1916.

(Падрадковы пераклад: «Як можна жыць, не ведаючы жыццё, // Сеяць зерне праўды і любові? // Чужога сэрца лічыць біццё, // Але за гэта ўсюды мець непрыемнасці».)

На адвароце — лацінічны тэкст па-беларуску: «Ахвярую вялебнаму ксяндзу і літэрату Андрэю Зязюлю на добрую і доўгую памяць. Ф. Калінка. 20.ІІІ.1916 года. Miнск». У нашай папярэдняй публікацыі адзначалася, што ў газеце «Беларус» (Вільня) 17 ліпеня 1915 года быў апублікаваны верш Андрэя Зязюлі «Альфонсу Петрашкевічу». З гэтай знаходкай творчы дыялог двух паэтаў пачатку ХХ стаходзя набыў свае завяршальныя штрыхі.

Наступны архіўны дакумент патрабуе папярэдніх каментарыяў. У першых біяграфічных зацемках паэта адзначалася, што ён друкаваўся практычна ва ўсіх беларускіх перыядычных выданнях пачатку ХХ стагоддзя. Аўтарам гэтых радкоў быў прааналізаваны змест газеты «Наша Ніва» за 1912 год. Асабліва нас зацікавіла рубрыка «З Беларусі і Літвы», у якой вельмі часта з’яўляліся допісы з Крайска і яго ваколіц. Аўтар падпісваўся як А. Петрашкевіч, А. Петр—віч, А. П., Ф. К. Магчыма, яму належаць і некаторыя іншыя псеўданімы і крыптанімы.

Па частотнасці сваёй рэпрэзентацыі мястэчка Крайск Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці) пераўзыходзіла ўсе іншыя населеныя пункты Беларусі. Альфонс Петрашкевіч стаў сапраўдным летапісцам роднага краю, стварыў адмысловы нацыянальны мікракосм. Крайск паказаны ў сельскагаспадарчых, будзённых клопатах. Аўтар не толькі апісвае побытавыя карціны жыцця, але і публіцыстычна-завострана выказваецца наконт неабходнасці захавання традыцый, уважлівага стаўлення да няякаснай выдавецкай прадукцыі, распаўсюджаных чалавечых заган. У апублікаваных тэкстах паслядоўна папулярызуецца беларускі друк і нацыянальныя культурна-асветніцкія ініцыятывы.

Пра тое, што не ўсё гладка было ў карэспандэнцкай працы Альфонса Петрашкевіча, здараліся і непрыемнасці, przykrości, пра якія пісаў сам паэт, сведчыць яго ліст у рэдакцыю «Нашай Нівы» ад 29 красавіка 1913 года:

Ліст у рэдакцыю.

У адным з паследніх N-роў за 1912 г. была надрукавана карэспандэнцыя з Крайска, дзе нейкі Небарака апісываў пра тутэйшых шаптуноў Карпуху, Аўсянніка і Тарайкоўскага. Усе гэтыя шаптуны, як на тое, блізкія мне суседзі, каторыя, знаючы што я пішу ў газету і даведаўшысь аб гэтай карэспандэнцыі ад пана крайск.<ага> пісара, вельмі абідзелісь на невінаватага. Але пра ўсё гэта можа б і забыліся ўсе, каб ня той жа п.<ан> пісар Святскі, каторы палічыў сабе за гонар напомніць ім і другі раз аб гэтай карэспандэнцыі, назваўшы пры гэтым мяне «дураком», што мяне вельмі ўкалола, так што я мусіў звярнуцца да паважаемай рэдакцыі, просячы раз’ясніць гэту справу. Так я маю заступіцца за сваю чэсць двараніна. А. Петрашкевіч.

Сапраўды, у газеце ад 12 жніўня 1912 года быў апублікаваны допіс з Крайска, падпісаны псеўданімам Небарака. Звычайна ў рубрыцы «З Беларусі і Літвы» змяшчалася падборка кароткіх тэкстаў-«інфарматывак». Дзеля гэтага ж было зроблена выключэнне. Аўтар падрабязна і з’едліва апісваў паводзіны мясцовых шаптуноў-знахараў, якія падманваюць простых людзей, нажываюцца на іх бедах.

Відавочная манаполія на асвятленне крайскіх падзей «Нашай Нівай» прызнавалася за Альфонсам Петрашкевічам. Зрэдчас да гэтай тэмы далучаўся яго зямляк і сябра Змітрок Бядуля. Хто і за што меў намер падставіць Петрашкевіча? Як развіваліся падзеі далей? Гэтыя і іншыя пытанні ўзнікаюць пасля прачытання ліста і газетных матэрыялаў. Час падключаць дэдуктыўны метад мыслення. Але гэта ўжо тэма для асобнай публікацыі...

Даследчыка не можа не радаваць, як скрозь архіўныя напластаванні праступаюць пульсуючыя прожылкі цікавых сюжэтных ліній, мінулае пачынае дыхаць цяплом жывых клопатаў і трапяткіх эмоцый.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Ілюстрацыі з фондаў БДАМЛМ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.