Вы тут

Лукашэнка: Ахова здароўя павінна быць сферай абсалютна інтэрнацыянальнай


Прэзідэнт Беларусі наведаў РНПЦ анкалогіі і Мінскую абласную клінічную бальніцу. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з прынцыпамі лячэння анкахворых і пацыентаў з COVID-19 у прысталічным рэгіёне. Кіраўнік краіны ў размове з медыкамі паабяцаў разгледзіць іх запыты аб будаўніцтве новага корпуса абласной бальніцы, жылля для спецыялістаў, а таксама паведаміў, калі гатовы зрабіць прышчэпку ад каранавіруса.


«Сістэма выбудавана»

У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Прэзідэнта сустрэў дырэктар установы Сяргей Палякоў, які расказаў пра асноўныя трэнды ў лячэнні анкалагічных хворых у Беларусі. Медык паведаміў, што ў апошні час назіраецца зніжэнне выяўлення анкалагічных захворванняў падчас скрынінгу. Урач адзначае, што гэта не з-за зніжэння захваральнасці, а па прычыне зніжэння выяўляльнасці анкалогіі. «Гэта тэндэнцыя існуе ва ўсім свеце з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Гэта не нешта асаблівае. Увогуле, мы на сярэднееўрапейскім узроўні па выяўленні захворвання ў нашых пацыентаў», — кажа Сяргей Палякоў. Пры гэтым, па яго словах, людзі больш сталі апеквацца сваім здароўем і часцей звяртацца да спецыялістаў. Але колькасць анкахворых, што стаяць на ўліку ў краіне, складаюць па выніках амаль 325 тысяч чалавек. 

Важным паказчыкам, на падставе якога медыкі ўскосна ўспрымаюць сітуацыю з запушчанымі формамі анкалогіі, з’яўляецца аднагадовая лятальнасць. Колькасць пацыентаў, што выжылі на працягу года пасля выяўлення раку, а пасля памерлі, знізілася ў два разы. «І мы ўтрымліваем пакуль гэтую лічбу, нягледзячы на ковідную сітуацыю і тое, што людзі звярталіся менш. Гэты паказчык не расце, а летась нават знізіўся на 19 %», — паведамляе Сяргей Палякоў.

Лячэнне анкалогіі ў нашай краіне, паводле яго слоў, трымаецца на трох кітах — хірургіі, радыялогіі (выпраменьванні) і хіміятэрапіі. Хірургія найбольш яскрава паказвае магчымасці беларускіх спецыялістаў. Кожны дзень праводзяцца ў цэнтры больш за 60 аперацый, і, нягледзячы на ковідную сітуацыю, іх колькасць нарошчваецца. У аперыраванні злаякасных пухлін усё актыўней выкарыстоўваюцца лапараскапічныя тэхналогіі, што дазваляюць рабіць малаінвазіўныя ўмяшальніцтвы з высокай эфектыўнасцю.

Прэзідэнт запытаўся, ці магчыма на працягу аднаго-двух пакаленняў стварыць таблетку ці вакцыну ад раку?

«Для некаторых форм пухлін такое ёсць і будзе. Калі мы пранікнем у глыб клеткі раку, зразумеем генетыку гэтай пухліны, тады зможам на генетычным узроўні мяняць задачу, што ставіць злаякасная клетка. Такія прэпараты ёсць, але яны больш выкарыстоўвацца для пацыентаў, у якіх ужо ёсць метастатычны працэс. Цяпер у многіх пацыентаў з пухлінамі нырак, метастазамі назіраецца выжыванне 5-7 гадоў, і на гэтых прэпаратах яны жывуць яшчэ доўга. Але адной таблеткі для ўсіх формаў раку, на жаль, верагодна ніколі не будзе», — тлумачыць Сяргей Палякоў.

Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец не згаджаецца, і адзначае, што такія распрацоўкі ў свеце ўжо вядуцца.

Дырэктар РНПЦ расказвае пра экспарт паслуг у цэнтры. Яго прыцягальнасць заснавана на прафесіяналізме ўрачоў, абсталяванасці, якасці догляду і даверы.

«Пацыентам з некаторых краін выгадней тут лячыцца за грошы, чым „бясплатна“ ў сябе, — дадае Сяргей Палякоў. — Але грошы прыходзяць не толькі ад пацыентаў, што лечацца. Вялікі зрэз — грошы ад клінічных іспытаў. Гэта прыносіць і дзяржаве фінансы, і новыя прэпараты нашым пацыентам, і годныя заробкі ўрачам».

У лячэнні анкалогіі ў Беларусі выбудавана сістэма. На першым узроўні РНПЦ для дарослых і асобна для дзяцей, на другім — Мінскі цэнтр і дыспансеры ў кожнай вобласці (у Гродне пакуль будуецца), на трэцім — міжраённыя дыспансеры і некалькі аддзяленняў для хіміятэрапіі ў рэгіёнах.

«Сістэма выбудавана. Для мяне гэта важна, бо 20 гадоў таму і болей мы толькі пачыналі яе выбудоўваць. Мы гэта зрабілі, — заўважае Аляксандр Лукашэнка. — То-бок, нічога не трэба ламаць і пераменаў не трэба на сёння ў анкалагічнай службе, за выключэннем прафесіяналізму», — канстатуе кіраўнік краіны.

Ён дадае, што заўсёды лічыў: айчынныя ўрачы не горшыя за іншых, нават лепей.

«Але за выключэннем сякеры і скальпеля ў іх нічога не было. Тады мы зрабілі крэн на закупку найноўшага абсталявання. Мне самому даводзілася праводзіць тэндары, збіваючы кошт. Але гэтую праблему мы вырашылі, — дадае Прэзідэнт. — Добра, што цэнтр падтрымліваеце. Я рэдка тут бываю, але інфармаваны, што цэнтр у нармальным стане».

Прэзідэнт чарговы раз звярнуўся да тэмы вакцынацыі ад ковіду, адзначыўшы: у свеце ідзе бойка за цэны і рынкі.
«Я лічу, што ахова здароўя павінна быць сферай абсалютна інтэрнацыянальнай. На жыцці людзей нельга грошы зарабляць», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён мяркуе, што ў багатых заходніх краінах назіраецца высокая смяротнасць ад ковіду з-за разбуранай сістэмы аховы здароўя.

«За кошт арганізаванасці, цэнтралізацыі, вертыкалі ўзаемадапамогі, што ў нас выбудавана, выйгралі», — дадае кіраўнік краіны.

Прэзідэнт адзначае, што не ў многіх краінах свету магчыма за некалькі гадзін шпіталізаваць пацыента з сельскай мясцовасці ў рэспубліканскі цэнтр.

«Гэта магчмыма толькі, як у нас называюць, у „саўковай, сацыялістычнай“ Беларусі. Хай называюць, як хочуць. Калі чалавеку жыць хочацца, яму ўсё роўна — капіталізм ці сацыялізм», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, сёння яму асабліва важна развіваць не толькі працэс лячэння анкахворых, а стварэнне перадавых напрацовак.

«Нешта неабходна стварыць такое, што застанецца на стагоддзі ў гісторыі чалавецтва. І вы да гэтага гатовыя. Магчыма, неабходна падумаць, вакцыну нейкую, з дапамогай нашай людзей, у той жа Амерыцы. У нас жа задзел ёсць. Мы павінны падумаць, што мы можам зрабіць, каб і сваіх людзей ратаваць, і каб у свеце сказалі: «Малайцы беларусы!», — ставіць задачу Прэзідэнт.

Пасля Аляксандр Лукашэнка прайшоўся па палатах бальніцы, пагутарыў з пацыентамі, паслухаў іх гісторыі і пацікавіўся меркаваннем аб якасці меддапамогі.

Пасля Прэзідэнт перамясціўся ў размешчаную побач з РНПЦ Мінскую абласную клінічную бальніцу, дзе азнаёміўся з лячэннем ковід-хворых. 19 кастрычніка там знаходзілася больш за 200 пацыентаў, з іх два дзясяткі — у цяжкім стане, 11 — на ШВЛ. Усяго абласная бальніца можа прыняць 220 ковід-хворых. Кіраўніку краіны далажылі аб наяўнасці неабходнага абсталявання, лекаў і кіслароду.


Зноў у чырвонай зоне

Пасля Прэзідэнт перамясціўся ў размешчаную побач з РНПЦ Мінскую абласную клінічную бальніцу, дзе азнаёміўся з лячэннем ковід-хворых. Па даных на 19 кастрычніка там знаходзілася больш за 200 пацыентаў, з іх два дзясяткі — у цяжкім стане, 11 — на ШВЛ. Усяго абласная бальніца можа прыняць 220 ковід-хворых.

Адзначым, што стацыянарнае лячэнне ва ўстановах аховы здароўя Міншчыны атрымліваюць больш за 4100 чалавек, з іх 3800 — ковід-хворыя. Штучную вентыляцыю лёгкіх праводзяць 113 пацыентам, большасць з іх маюць пацверджаны ковід. Усяго для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй у вобласці функцыянуюць 4387 ложкаў (заняты 94,5 %) і 206 апаратаў ШВЛ (заняты 53 %) .

Кіраўніку краіны далажылі аб наяўнасці неабходнага абсталявання, лекаў і кіслароду.

Дапамогу ў абласной бальніцы хворым на каранавірус аказваюць у пяці інфекцыйных аддзяленнях і яшчэ ў некалькіх перапрафіляваных. Лабараторыя медустановы ў даковідныя часы выконвала каля 160-200 даследаванняў у змену, зараз мае магутнасць 2000-2100 даследаванняў ПЛР. Бальніца змяшчае 332 кіслародныя кропкі, толькі палова з іх задзейнічана ў лячэнні ковіду, у рэзерве ёсць і ШВЛ, і наркозна-дыхальныя апараты. 

Прэзідэнт зноў наведаў «чырвоную зону». З пачатку пандэміі ён некалькі разоў быў у аддзяленнях, дзе ўтрымліваюць інфіцыраваных хворых. Кіраўнік краіны там паразмаўляў з медыкамі, якія лечаць цяжкіх пацыентаў у рэанімацыі.


«Мы прарвёмся»

Пасля Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні медыцынскага персаналу абласной клінічнай бальніцы. Прэзідэнт адзначыў, што па яго інфармацыі, гэтым часам ковід «прыціснуў» грып — людзі фактычна не хварэюць на грып. Ён спадзяецца, што такі ж эфект будзе і да анкалогіі, бо каранавірус лячыць прасцей, чым пухліны.

Па словах кіраўніка краіны, вынікам нарады ў аўторак на тэму пандэміі сталі аптымістычныя прагнозы.

 

«Мы адчуваем нейкі аптымізм — 3-4 працэнты зніжэння. Прынамсі, ёсць і рост, але не такі моцны, як два тыдні таму. Магчыма, вам па бальніцы бачна і па краіне мы гэта адчуваем. Ёсць асцярожны аптымізм, што мы прарвёмся, але хацелася б хутчэй», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў медыкам за іх складаную працу, і папрасіў ні ў якім выпадку не скарачаць планавую дапамогу і кансультацыі.

«Калі чалавека не прымаюць у паліклініцы ці бальніцы, ён пачынае хвалявацца і турбавацца, таму ваша сустрэча з хворым чалавекам — гэта ўжо выздараўленне», — дадаў кіраўнік краіны.

Cупрацоўнікі бальніцы паскардзіліся Прэзідэнту на нявырашанае за дзесяцігоддзе пытанне з будаўніцтвам новага корпуса. Кіраўнік краіны праект падтрымаў, але заўважыў: «Я галоўнаму ўрачу і міністру казаў: павінна быць усё аптымальна і функцыянальна. На чым нельга эканоміць — на медыцынскім абсталяванні. Бачу, у вас празмернасці ў гэтым праекце».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што досыць узводзіць новыя школы і бальніцы: лепш гэтыя грошы накіраваць на зарплаты настаўнікам і медыцынскім работнікам. «Гэта не таму што мы спынім фінансаванне высокатэхналагічнага абсталявання і не будзем будаваць. Але трэба падкараціць, а калі і будаваць, то вельмі-вельмі аптымальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт распавёў, як у свой час у Мінску планавалі пабудаваць вялікую клініку. У выніку пад сталічныя патрэбы былі аддадзены будынкі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, а ён атрымаў прапіску ў Ждановічах. «Горад задаволены. Мы пабудавалі ў тры разы танней і абсалютна функцыянальна. Гэта быў вопыт будаўніцтва аптымальнага, без лішняга квадратнага метра бальніцы. Вось такі праект павінен быць і тут», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: праект новага корпуса абласной бальніцы, хутчэй за ўсё, будзе падтрыманы, а фінансавую дапамогу дасць Кітай. «Але адразу глядзіце, дзе што падрэзаць: лішніх грошай няма. І нават калі яны ёсць, іх трэба траціць на медыцынскае абсталяванне, лекі, навуку, укладваць у таленавітых урачоў, а не проста будаваць сцены», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Наступнае пытанне ад медыкаў — пра жыллё. У пасёлку, дзе размешчана бальніца, ёсць свабодны ўчастак, які знаходзіцца на тэрыторыі хуткай медыцынскай дапамогі. Медыкі папрасілі кіраўніка дзяржавы садзейнічаць у перапрафіляванні гэтага ўчастка пад будаўніцтва жылля.

Прэзідэнт прапанаваў яшчэ некалькі варыянтаў вырашэння кватэрнага пытання: «Я ж па суседстве жыву. Па-першае, вакол мяне, ёсць яшчэ некалькі ўчасткаў. Адзін вы занялі. Трэба паглядзець і іншыя. Там і да сямі гектараў ёсць. Гэта ў лесе, курортная, можна сказаць, зона. Таму трэба паглядзець тыя ўчасткі».

Другі варыянт — вылучыць зямлю непасрэдна каля Бараўлянаў: «Нават пад’язджаючы сюды, я так вокам кінуў, паглядзеў і думаю: ну калі ўжо гаворка пойдзе пра будаўніцтва нейкага жылля, то мы паглядзім дзесьці лясныя масівы. Можам трошкі падрэзаць і „пасадзіць“ там дом. Нават тут. Гэта другі варыянт».

Увогуле Прэзідэнт заявіў, што неабходна на працягу гэтага і першай паловы будучага гадоў прыняць рашэнне па Бараўлянах: вылучыць пасёлак з Мінскага раёна, зрабіць горадам.

«Гэта першаснае пытанне. Мы яго ўжо абмяркоўвалі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Рэдкі раён. Гэта ўжо буйны горад. Таму трэба статус яму надаваць адпаведны. Як толькі парадак навядзем, тады я прыму рашэнне. Нядрэнны гэты гарадок у вас, малайцы. Але ёсць над чым працаваць».

Пахваліліся ўрачы, што большасць з іх ужо прышчапілася супраць ковіду, чакаюць рэвакцынацыі, і запыталі ў Прэзідэнта: ці ёсць прышчэпка ў яго планах?

Кіраўнік дзяржавы параўнаў: Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вакцынаваўся «Спадарожнікам V», Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн — вакцынай Pfizer, таму і ён гатовы гэта зрабіць, але таксама толькі айчынным прэпаратам.

«Мы дамовіліся з Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам (міністр аховы здароўя. — „Зв.“): як толькі беларуская вакцына — на стале, мы адразу з ім і налева, і направа, і ў нагу — куды заўгодна ўколімся. Так што давайце вакцыну — я гатовы, але нашу, сваю, беларускую вакцыну. Гэта шчыра », — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.