Вы тут

Кніжны гасцінец. Аб пляценні вянкоў з церняў і метафар


Міхась Стральцоў. Scrіpta manent. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.


І напісаў жа ён не так шмат... Былі больш уганараваныя пісьменнікі, якія пакінулі шматтомныя зборы твораў, ухваленых пры іх жыцці — і забытых яшчэ раней.

«Талент, як і сумленне, павінен быць непадкупны, галава павінна быць цвярозая, жыццёвы інстынкт здаровы, зрок востры, слых абсалютны».

«Талент — інструмент, пры дапамозе якога чалавек пазнае жыццё, ён — люстра, у якім адбіваецца свет, а карціна гэтага свету будзе тым дакладнейшая, чым дакладнейшы сам інструмент. Свет, магчыма, трэба лячыць. Але найперш трэба паставіць дакладны дыягназ хваробы».

Ён напісаў няшмат — дый пражыў нядоўга... Але ўсё сталася для вечнасці і для ўзору: вось як можна на беларускай мове! Еўрапейскі ўзровень... Разняволенае мысленне, эрудыцыя, новыя формы... І беларуская ідэя. У новы зборнік серыі «Напісанае застаецца» ўвайшлі творы Міхася Стральцова, якія змусяць тых, хто раней не сутыкаўся з выдатнай прозай гэтага пісьменніка, перагледзець свае погляды на беларускую літаратуру. «Сена на асфальце» — аповед, які нарадзіў пазнавальны вобраз вяскоўца, што асвойваецца ў горадзе. «Смаленне вепрука» — «аповед у аповедзе», герой якога разважае, якое апавяданне хацеў бы напісаць, пераплятае пласты свядомасці і нараджае вечны беларускі мем. Як адзываецца пра гэты твор паэт Леанід Дранько-Майсюк, «пішучы эпітафію няздзейсненаму твору, ён напісаў эпітафію і сабе-празаіку». Аповесць «Загадка Багдановіча» — гэта, мабыць, найлепшы твор, напісаны пра самага рамантычнага беларускага паэта. І сур'ёзнае літаратуразнаўчае даследванне, і захапляльны аповед, які заканчваецца згадкай пра адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча «Вянок», што гучыць, як запавет: «Не старайцеся ўплятаць туды новыя кветкі: тыя, што там, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. Не старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры перш, чым стаць імі, былі цернямі. Паглядзіце лепш наўкол сябе: красуе жыта, і красуюць у ім васількі. Віруе і жыццё, і нараджаецца ў ім прыгажосць. Жыве паэзія. І вечна свеціць нам і вабіць сваёй загадкай».


Сяргей Даўлатаў. Прадстаўленне. «Азбука-Классика», Масква, 2021.

«Гэта быў велізарны малады чалавек з нізкім ілбом і млявым падбароддзем. У яго вачах мігцела нешта неапалітанскае».

У партрэце ўгадваецца сам аўтар. Тым больш сітуацыя адпаведная: журналістка газеты «Савецкая Эстонія « шукае «цікавага чалавека» для гутаркі, а тут — былы канвойны лагера, які яшчэ і філолаг, што вывучае асаблівасці ўжывання літары «щ»... Небарака адбіваецца ад гутаркі: ён амаль дысідэнт, алкаголік і жабрак... А што рабіць беднай журналістцы, якая ўжо некалькі кандыдатур герояў дарэмна перабрала? Адзіны, хто нібыта прайшоў ідэалагічныя крытэрыі, забракаваны ёю самой: не таму што быў жанаты з дачкою рэпрэсіраванага савецкага дзеяча Якіра, а таму, што, ратуючыся ад пераследаў, кінуў жонку з сынам, выкрасліў з жыцця... Даўлатава трэба чытаць, каб зверыць камертон сумленнасці. Твор «Галасы», які ўвайшоў у гэты зборнік, напісаны па асабістых уражаннях Даўлатава-журналіста. Непараўнальны чорны гумар і пазнавальны яркі стыль...

Ёсць у зборніку цудоўны аповед «Прадстаўленне», заснаваны на досведзе Даўлатава, які сапраўды працаваў у канвойнай службе ў лагеры. У рэвалюцыйнай п'есе, якую рыхтуе да свята начальства лагера, роля Леніна даверана аўтарытэтнаму зэку Гурыну. Словы ідэалагічна правільнай п'есы ўспрымаюцца смяхотным фальшам:

«—Хто гэта?! — усклікнуў Гурын. — Хто гэта?

З цемры глядзелі на правадыра худыя, бледныя фізіяноміі.

— Хто гэта? Чые гэта шчаслівыя юныя твары? Чые гэта вясёлыя бліскучыя вочы? Няўжо гэта моладзь сямідзясятых?»

Даўлатаў не цярпеў фальшу... «Метафара... У маны дзясяткі такіх падпольных мянушак». Перад намі паўстаюць яркія тыпажы часу. Вось альфонс і троху шызафрэнік Буш у жаданні далучыцца да «народных вытокаў» ідзе працаваць у качагарку... А там адзін качагар — дзэн-будыст і мастак, другі даследуе тэорыю музыкі і заняты паліфаніяй Брытэна... Буш у жаху — ідэя апрашчэння не ўдалася! Барацьба з касмапалітызмам, размовы пра Салжаніцына, цытаванне Ахматавай, фарцоўшчыкі і стылягі... Непаўторны антураж эпохі... Даўлатаў стаў класікам, нягледзячы на скепсіс нават нібыта аднадумцаў, якія не ставіліся да былога журналіста сур'ёзна. Час усё расставіў на свае месцы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

«Традыцыйна першы месяц зімы — самы цёмны і пахмурны месяц года». 

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.