Вы тут

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?


У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19, — за папярэдні тыдзень колькасць новых выпадкаў захворванняў павялічылася амаль у паўтара раз.а Мяркуецца, што абмежаванні будуць дзейнічаць да 15 лістапада. Пра гэта паведаміў партал Delfі. Таксама з 20.00 да 5.00 уведзена каменданцкая гадзіна. Пра рашэнне ўвесці лакдаўн напярэдадні абвясціў прэм'ер-міністр краіны Крыш'яніс Карыньш. «Наша ахова здароўя ў небяспецы, — сказаў ён на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі, перадала ТАСС, — і адзіным выйсцем з гэтага крызісу з'яўляецца вакцынацыя. Шмат каму можа падацца незразумелым, чаму ў нас гэта ёсць, а ў Даніі і Ірландыі па-іншаму. Прычына ў тым, што працэс вакцынацыі не пайшоў належным чынам. Калі мы радыкальна нешта не зменім, бальніцы не змогуць дапамагчы не толькі хворым на каранавірус, але і тым вакцынаваным, у якіх абвострацца іншыя захворванні». Чаму Латвію захліснула пандэмія, чаго чакаць надалей?


Па негатыўным сцэнарыі

З пачаткам восені эпідэміялагічная сітуацыя ў Латвіі пачала развівацца па самым негатыўным сцэнарыі. Эпідэміёлаг Цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў Юрый Перавошчыкаў, паводле статыстыкі выяўленых выпадкаў, на пасяджэнні камісіі сейма па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі распавёў, дзе часцей за ўсё людзі заражаліся COVІD-19, паведаміла Tvnet.lv.

Больш за палову тых, хто захварэў (58,6 працэнта), падхапілі ковід дома, яшчэ 19 працэнтаў — у адукацыйных установах, 6,5 працэнта — на рабоце. Далей ідуць выпадкі заражэння ў цэнтрах сацыяльнай апекі (4,2 працэнта) і прыватных мерапрыемствах (3 працэнты). Замыкаюць статыстыку лячэбныя ўстановы (2 працэнты) і забаўляльныя мерапрыемствы (0,5 працэнта). Эксперт асабліва адзначыў, што з пачатку вучэбнага года ўзрос узровень інфіцыравання ў адукацыйных установах.

Медыкі забілі трывогу. Латвійскае таварыства ўрачоў і асацыяцыя маладых урачоў у пачатку кастрычніка звярнуліся да ўрада краіны з заклікам неадкладна ўвесці адэкватныя меры па барацьбе з каранавірусам. Пра гэта паведаміў латвійскі партал Rus.LSM.lv. У адваротным выпадку ўрачы фактычна прадраклі калапс сістэмы аховы здароўя і рэзкі рост колькасці захварэлых. «Калі ў найбліжэйшыя дні не будуць прыняты тэрміновыя і радыкальныя рашэнні, перавышэнне магчымасцяў сістэмы аховы здароўя стане пытаннем некалькіх тыдняў», — адзначылі медыкі ў адкрытым лісце да кабміна. Яны падкрэслілі, што, прымаючы тэрміновыя рашэнні, неабходна як мага больш аператыўна інфармаваць грамадскасць, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя каналы сувязі як на латышскай, так і на рускай мовах.

Адметна, што падчас трэцяй хвалі пандэміі каранавіруса латвійскія медыкі заўважылі, што большасць тых, хто паступае ў бальніцы з дыягназам COVІD-19, рускамоўныя. «Гэта вельмі кідаецца ў вочы. Чацвёра з пяці пацыентаў рускамоўныя. У нас адчуванне, што яны не супраць вакцынацыі, але гэта пацыенты, якія не пачулі адпаведную інфармацыю», — адзначыла старшы пульманолаг рыжскай бальніцы Страдзіня Зайга Кравале. Урачоў, па іх словах, хвалюе не мова, на якой маюць зносіны пацыенты, а тое, што рускамоўнае насельніцтва горш інфармавана пра вакцынацыю і хваробы.

Надзвычайнае становішча

Раней кіраўнік латвійскага Міністэрства аховы здароўя Даніэль Паўлютс заявіў, што краіна знаходзіцца «на краі бездані». «Хутка прыйдзецца выбіраць, хто будзе жыць, а хто — не», — ацаніў ён эпідэміялагічную сітуацыю. Міністэрства аховы здароўя рэспублікі абвясціла, што чакае да канца кастрычніка дасягнення ўзроўню 4 тысяч новых хворых за суткі, аднак аддзяленні каранавіруснай рэанімацыі ўжо загружаныя пад завязку. «Адзін са сцэнарыяў, да якога рыхтуецца Латвія, гэта запытаць міжнародную дапамогу», — заўважыў Даніэльс Паўлютс, паведаміў партал Delfі.

На мінулым тыдні ў адпаведнасці з рашэннем урада ў краіне быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча, паведаміла інфармагенцтва LETA. Пасля таго як новыя правілы ўступілі ў дзеянне, у крамы, акрамя харчовых, пачалі пускаць толькі з «зялёнымі» сертыфікатамі, якія пацвярджаюць, што чалавек зрабіў прышчэпку альбо нядаўна перахварэў. Час работы крам абмежавалі. Па магчымасці арганізацыям рэкамендавалі перайсці на аддаленую работу. Было вырашана, што падчас дзеяння рэжыму надзвычайнага становішча на аддаленку пяройдзе нават кабінет міністраў Латвіі. Пры гэтым школы працягвалі працаваць, але вучняў абавязалі насіць маскі. Абмежавалі і факультатыўныя заняткі. Для мерапрыемстваў у памяшканнях увялі ліміт на колькасць прысутных, павялічылі адлегласць паміж людзьмі. У памяшканні абавязалі насіць маскі.

Акрамя таго, як паведаміла LTV Panorama, прэм'ер-міністр Латвіі абвясціў аб увядзенні абавязковай вакцынацыі супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і пашырэнні адпаведных патрабаванняў да работнікаў прыватных арганізацый. Ён адзначыў, што мэта ўвядзення надзвычайнага становішча — павялічыць ахоп вакцынацыяй з-за строгіх абмежаванняў для непрышчэпленых.

Застаўся тыдзень

З 21 кастрычніка літоўскі ўрад, ацаніўшы маштаб праблемы, увёў татальны лакдаўн. Міністр аховы здароўя растлумачыў, што ў гэты перыяд усе крамы, за выключэннем прадуктовых, не будуць працаваць, застануцца даступныя толькі самыя неабходныя паслугі. Школьныя вакацыі плануецца прадоўжыць на тыдзень, а пасля гэтага ўсе групы класаў, акрамя 1—3-х, будуць вучыцца аддалена да 15 лістапада.

Асобныя эксперты ўпэўнены, што пункт невяртання пройдзены і прынятыя жорсткія меры ўжо безнадзейна спазніліся, а значыць, чаканага выніку не дадуць. Бо лакдаўн, нават кароткі — на 2-3 тыдні — цалкам паралізуе эканоміку і абыдзецца мінімум у 300—400 мільёнаў еўра. З улікам неабходнасці выплат дапамог, грантаў, субсідый і з улікам недаатрыманых падаткаў.

Латвія знаходзіцца на парозе катастрофы сістэмы аховы здароўя з-за пандэміі каранавіруса, лічыць кіраўнік сеткі мясцовых прыватных клінік Марыс Рэвалдс. Усяго праз тыдзень медыцынскія ўстановы краіны не змогуць своечасова ставіць дыягназы і прымаць каго-небудзь, акрамя хворых на COVІD-19. Жыцці людзей, якія не трапяць на прыём да ўрачоў, акажуцца пад пагрозай. «Цяпер зразумела, што абмежаванні былі патрэбныя значна раней. Грамадскасць падае сігналы аб тым, што людзі стаміліся ад сітуацыі, якая склалася», — адзначыў Марыс Рэвалдс, паведаміла РІА «Навіны».

Зараз у краіне штосутачна рэгіструюць больш за дзве тысячы новых ковід-пацыентаў пры насельніцтве ў 1,8 млн чалавек, паведаміла РІА «Навіны». Латвія выйшла на першае месца ў свеце па колькасці пацверджаных выпадкаў COVІD-19 на адзін мільён чалавек. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў галоўны эпідэміёлаг латвійскага Цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў са спасылкай на даныя амерыканскага Універсітэта Джонса Хопкінса. Краіна стала лідарам па хуткасці распаўсюджвання ковіду, абагнаўшы Барбадас і Грузію. «Сусветныя антырэкорды», — напісаў Юрый Перавошчыкаў пад графікам універсітэта.

Змрочныя перспектывы

Тым часам стала вядома, што ў гарадах Цэсіс і Алукснэ па падазрэнні ў арганізацыі фіктыўнай вакцынацыі супраць каранавіруса затрыманыя трое, у тым ліку дзве супрацоўніцы медыцынскіх устаноў, паведаміла Дзяржпаліцыя Латвіі. Праваахоўнікі атрымалі ад медыцынскай установы ў Рызе заяву з прычыны выяўлення асобы з падробленым ковід-сертыфікатам. У бальніцу трапіў пацыент, які, калі хвароба пачала прагрэсіраваць і стан здароўя пагоршыўся, прызнаў, што яго сертыфікат падроблены. Паліцыя пачала крымінальны працэс. У выніку высветлілася, што мужчына і яго жонка, якія трапілі ў бальніцу, атрымалі фіктыўныя пасведчанні пра вакцынацыю. Яны распавялі, дзе і ў каго «прышчапіліся». Падчас расследавання высветлілі, што адзін сертыфікат каштаваў ад 250 да 300 еўра. Паліцыя высвятляе кола асоб, якія, магчыма, таксама атрымалі фальшыўкі. Паведамляецца, што ў Латвіі анулявана звыш 20 падробленых сертыфікатаў аб вакцынацыі, але падазрэнні ўзнікаюць рэгулярна, шэраг выпадкаў яшчэ расследуецца.

Упраўленне крызісам у Латвіі, які ўзнік з-за распаўсюджвання каранавіруса, неабходна перадаць экспертам з узброеных сіл. З такой ініцыятывай выступіў міністр юстыцыі рэспублікі Яніс Борданс. «Смерцяў можа быць больш, чым на вайне, няма месца нерашучасці і гонцы за рэйтынгамі. Каб выйграць любую вайну, мы павінны быць гатовыя да страт і верыць у нашы мэты. Цяпер няма ні таго, ні іншага», — заўважыў ён. На думку міністра юстыцыі, санітарны крызіс варта разглядаць як ваеннае становішча, таму ім павінны займацца навучаныя і надзейныя прафесіяналы, якія не залежаць ад рэйтынгаў і кіравалі сапраўднымі ваеннымі аперацыямі.

«Пандэмія выклікала раскол у нашым грамадстве, якога я ніколі раней не бачыў. Але вірус прынёс не толькі пакуты, страты, боль і сумненні многім сем'ям — пандэмія дакладна паказала, хто ёсць хто ва ўрадзе. Хто прымае адказныя рашэнні, а для каго галоўнае — пераабранне», — адзначыў Яніс Борданс. Палітык таксама лічыць, што цяперашняй сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б улады яшчэ ўлетку прынялі законапраект аб абавязковай вакцынацыі пэўных груп грамадства.

«У нас краіна на мяжы агоніі — ад хлусні і карупцыі», — заявіў Baltnews былы дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Андрэй Мамыкін. Цяпер сітуацыя дасягнула апагею. На думку былога еўрадэпутата, эканамічная сітуацыя ў Латвіі працягне пагаршацца — чакаецца чарада беспадстаўных звальненняў, усплёск беспрацоўя, а таксама працяг крызісу ў сферы аховы здароўя.

Катастрафічная хваля пандэміі COVІD-19 у Латвіі суправаджаецца небывалым павелічэннем камунальных плацяжоў. Так, тарыфы на цеплаэнергію ў Рызе ў верасні выраслі на 26,6 працэнта, у лістападзе чакаецца іх павышэнне яшчэ на 16 %. Як мяркуюць эксперты, гэтыя фактары могуць сфарміраваць магутную пратэсную хвалю. Так што перспектывы акрэсліваюцца даволі змрочныя.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.