Вы тут

Навошта патрэбны педагогі дадатковай адукацыі


Словы «дадатковая адукацыя» бацькі часта ўспрымаюць як «неабавязковая». Насамрэч педагогі, якія працуюць па-за школьнай праграмай, могуць даць сучасным дзецям тыя навыкі і ўменні, без якіх ім не абысціся ў далейшым жыцці. У сярэдняй навучальнай установе выкладаецца ўсяго каля двух дзясяткаў прадметаў, а прафесій існуе больш за 40 тысяч! Да таго ж прафесійны свет імкліва змяняецца — адны спецыяльнасці знікаюць, іншыя з'яўляюцца. З кожным годам мы даведваемся пра тавары і паслугі, пра якія раней не чулі. Давайце паспрабуем зазірнуць у будучыню нашых дзяцей і высветліць, што можна зрабіць, каб яны ў яе «ўпісаліся».


Фота: pixabay.com

Навыкі будучыні

У 2020 годзе на Сусветным эканамічным форуме былі агучаны перспектыўныя прафесійныя напрамкі. Вялікі попыт прагназуецца на спецыялістаў, якія ўмеюць апрацоўваць масівы даных, карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Спатрэбяцца новыя інжынеры і распрацоўшчыкі, якія здольныя спалучаць веды з розных галін. Запатрабаванымі будуць кірункі, звязаныя са зносінамі людзей, вытворчасцю кантэнту. Пераход многіх галін у «анлайн» выклікае большы попыт на эмацыянальную сферу, культуру. Старэнне насельніцтва прывядзе да запыту на сацыяльны догляд. А таксама чалавецтва павінна рыхтаваць кадры для «зялёнай» эканомікі.

Спецыялістам будучыні трэба навучыцца выжываць ва ўмовах нявызначанасці, гібка перастройвацца пад змены, напрыклад, пад тое, што інфармацыя ўстарэла ці яе стала ў некалькі разоў больш. Яны павінны быць гатовыя да таго, што вучыцца і ўдасканальвацца давядзецца на працягу ўсяго жыцця.

Усё часцей узнімаецца пытанне аб неабходнасці развіцця ў дзяцей эмацыянальнага інтэлекту, і за мяжой гэта ўлічваецца пры распрацоўцы адукацыйных праграм для навучальных устаноў. Сапраўды, уменне разбірацца са сваімі і чужымі эмоцыямі дапаможа наладжваць кантакты, больш эфектыўна працаваць у камандзе, быць стрэсаўстойлівымі, умець пераконваць іншых (каб прадаць свае ідэі і тавары). Да таго ж у новым свеце з яго імклівымі зменамі і рытмамі важна ўмець канцэнтравацца, планаваць і размяркоўваць нагрузку, пралічваць стратэгію на некалькі крокаў наперад. І не трэба думаць, што ў нас гэтаму раней не вучылі. Хіба гульня ў шахматы не фарміруе такія здольнасці? А спартыўныя гурткі? А тэхнічная творчасць? Трэба проста не забывацца пра гэтыя рэсурсы, тым больш што адукацыйныя праграмы ў гуртках адаптуюцца пад патрабаванні часу, штогод запускаюцца новыя, дзеці працуюць з сучаснымі матэрыяламі і інструментамі. З дзецьмі займаюцца ў тым ліку і педагогі вышэйшай катэгорыі, выкладчыкі з ВНУ і Акадэміі навук.

Месцаў, куды можна ўладкаваць дзіця, хапае: гэта колішнія палацы піянераў і фізкультурна-аздараўленчыя клубы; заняткі праводзяцца на базе бібліятэк і дамоў культуры, школ і ЖЭСаў. У такіх установах пераважная большасць гурткоў бясплатная. Ёсць і камерцыйныя цэнтры, і анлайн-курсы, праўда, там заняткі са школьнікамі могуць пацягнуць сумы, роўныя платнаму навучанню ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Прычым падлеткі могуць атрымаць першыя прафесійныя навыкі і нават пачаць зарабляць яшчэ да заканчэння школы.

Вялікі плюс дадатковай адукацыі — менавіта ў тым, што яна развівае самыя розныя навыкі. Пры гэтым любы кірунак, які выбірае дзіця, можа скарэкціраваць яго далейшы лёс у прафесіі, паколькі спецыялістам з дадатковымі здольнасцямі (ведамі, нестандартным падыходам) лягчэй будзе канкурыраваць на рынку працы ці пры неабходнасці перастройвацца пад новыя задачы.

Пошукі сябе

Найперш сістэма дадатковай адукацыі працуе на прафарыентацыю дзяцей і моладзі. Нічога страшнага няма ў тым, што дзіця спачатку можа часта мяняць гурткі. Гэта першы крок да самастойнасці. Яно шукае тое, што яму падабаецца і што ў яго можа добра атрымлівацца. Любімы гурток дае магчымасць раскрыцца і павысіць самаацэнку, адчуць сваю ўнікальнасць, асабліва калі ў школе не шанцуе з адзнакамі, а вось у гуртках ці спартыўных секцыях маленькі чалавек становіцца «зоркай».

Бонус ад такіх пошукаў яшчэ і ў тым, што дзіця вучыцца наладжваць зносіны з новымі людзьмі і пазнае свет з розных бакоў.

Сёння запатрабаваныя аб'яднанні па інтарэсах эканамічнага профілю. Дзеці актыўна вывучаюць замежныя мовы (прычым не толькі англійскую). Вырасла цікавасць да тэхнічных гурткоў і кірункаў, звязаных з сучаснымі тэхналогіямі. З кожным годам прапаноў для будучых айцішнікаў і інжынераў становіцца больш. Сёння школьнікі праграмуюць, ствараюць робатаў, робяць мультфільмы, апрацоўваюць фатаграфіі, займаюцца відэамантажом, дыджытал-маляваннем, канструяваннем, пішуць музыку, вучацца кіраваць дронамі, спрабуюць сябе ў блогінгу, працуюць з вымяральнай апаратурай, праектуюць радыёэлектронныя канструкцыі, ствараюць праграміруемыя цацкі.

Сярод навінак — і такая прапанова як курс «Машыны Голдберга», калі дзеці праз доследы вывучаюць законы фізікі, атрыманыя веды выкарыстоўваюць пры стварэнні сваіх праектаў, механізмаў.

Гуманізм і крэатыўнасць

Эстэтычнаму выхаванню ў сістэме адукацыі здаўна аддавалі ўвагу. І справа тут не толькі ў развіцці творчай асобы. Дзеці вучацца быць больш уважлівымі, заўважаць дэталі, выказваць свае пачуцці і па-рознаму асэнсоўваць свет. Маленькія мастакі ведаюць, што ёсць не толькі чорны і белы колеры. Юны музыкант чуе ад педагога просьбу іграць больш эмацыянальна, улоўлівае тоны, настрой...

Творчае мысленне — адзін з неабходных навыкаў будучыні. Спатрэбяцца людзі, якія могуць прапанаваць нестандартныя рашэнні, прыдумваць тое, чаго раней не было. Яны будуць ствараць віртуальныя сусветы і рэальныя механізмы, якія ўплываюць на якасць жыцця.

У старажытнай Грэцыі не проста так кожны хлопчык павінен быў умець іграць на музычным інструменце. Творчыя заняткі дапамагалі выхоўваць дзяцей, з якіх пасля вырасталі годныя воіны. Людзі з чэрствай душой, калі атрымлівалі зброю, з часам, адчуваючы сваю сілу і беспакаранасць, маглі скаціцца на шлях забойцаў і рабаўнікоў. Але належнае выхаванне папярэджвала такія паводзіны. Творчасць — «прышчэпка» ад жорсткасці і абыякавасці. Менавіта творчыя, уважлівыя і ўразлівыя людзі будуць клапаціцца пра «зялёную» эканоміку і ісці ў сацыяльную сферу, каб дапамагаць іншым.

Дарэчы, далучыцца да творчых заняткаў ніколі не позна — на базе цэнтраў дадатковай адукацыі ёсць такія прапановы для моладзі і дарослых.

Радзімазнаўства

Дадатковая адукацыя працуе на патрыятызм. Яго можна падаваць праз самыя розныя формы — аб'яднанні ратавальнікаў і юных інспектараў, экалагічныя, турыстычныя, фальклорныя, дыскусійныя клубы. На творчых занятках дзеці вывучаюць культуру і традыцыі свайго рэгіёна, знаёмяцца з народнымі майстрамі, ствараюць сюжэты, прысвечаныя сваёй зямлі.

Маленькія экскурсаводы вывучаюць гісторыю. Юныя турысты (а сёння ёсць гурткі ў тым ліку па веласіпедным і водным турызме, скалалажанні) захапляюцца роднымі краявідамі.

А можа, патрыятызм пачынаецца на трэніроўках юных спартсменаў, дзе тыя вучацца перажываць і змагацца за сваіх? Пасля на міжнародных спаборніцтвах дастойна паказваюць сваю краіну. А хіба ж юныя вучоныя не працуюць на імідж краіны, не імкнуцца сваімі вынаходніцтвамі палепшыць свет?..

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».