Вы тут

Лукашэнка: Галоўнае ў рабоце гэтай рабочай групы — не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады


Прэзідэнт Беларусі сустракаецца з рабочай групай па дапрацоўцы Канстытуцыі. У яе склад увайшлі 11 чалавек — парламентарыі, кіраўнікі некаторых органаў улады, суддзі, прадстаўнікі навуковай і грамадзянскай супольнасцяў. Група зоймецца вырашэннем пытанняў, па якіх не прыйшоў да адзінага меркавання шырокі склад Канстытуцыйнай камісіі. А менавіта: статус Усебеларускага народнага сходу і парадак яго фарміравання, пераразмеркаванне кадравых і кантрольных паўнамоцтваў паміж органамі ўлады, тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта, Нацыянальнага схода, мясцовых Саветаў дэпутатаў і некаторыя іншыя пытанні.


«Вопытныя людзі розных прафесій павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: зусім нядаўна дамовіліся, калі створаная рабочая група завершыць разам з кіраўніком краіны напісанне Канстытуцыі, варыянт дакумента будзе ўнесены на пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і на рэферэндум. 

«Таму мы прыступаем да работы на этапе — стварэнне праекта Канстытуцыі. Задача гэтай групы — працягнуць пачатую Канстытуцыйнай камісіяй дзейнасць. Зразумела, што тут сабраліся „дзяржаўнікі“ і кіраўнікі са стажам. Вопытныя людзі розных прафесій павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі. Нашы прапановы юрысты, спецыялісты аформяць у новы праект Канстытуцыі. То-бок прапішуць мовай юрыдычнай», — сказаў Прэзідэнт на нарадзе.

Па словах кіраўніка краіны, задача групы — вызначыцца і прапанаваць Канстытуцыйнай камісіі і грамадству варыянты будучай Канстытуцыі ў асноўных момантах. Аляксандр Лукашэнка адзначае, што па статусе і вопыту кіруючай работы на высокіх пасадах члены рабочай групы глыбока разумеюць сэнс змяненняў Асноўнага Закона, іх абгрунтаванасць, перспектыўнасць для развіцця дзяржаўнасці і абароны нацыянальных інтарэсаў.

«Вынікам дзейнасці групы стане праект Асноўнага Закона»

У першую чаргу рабочая група засяродзіцца на шэрагу нявырашаных пытанняў, сцвярджае кіраўнік краіны. Па яго словах, такіх нямала, і трэба кожны дэталёва абмеркаваць у канструктыўным ключы, знайсці самыя аптымальныя рашэнні. «Калі ў працэсе работы ўбачыце, што нейкія палажэнні патрабуюць дашліфоўкі, таксама прапаноўвайце свае падыходы. Галоўнае ў дзейнасці гэтай рабочай групы не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў улады, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу ён просіць удзяліць новаму органу — Усебеларускаму народнаму сходу, статус, парадак фарміравання, кампетэнцыі якога трэба вызначыць. Аляксандр Лукашэнка патрабуе зрабіць гэта так, каб не парушыць устойлівасць дзяржаўнага апарату, не дапусціць з’яўлення двоеўладдзя.

«Лічу, што рабочая група павінна ўзяць добры старт з самага пачатку. Часу на раскачку абсалютна няма, будзем працаваць аператыўна. Вынікам дзейнасці групы стане праект Асноўнага Закона, які абмяркуем з Канстытуцыйнай камісіяй і ўнясём для ўсенароднага абмеркавання. Потым, пасля ўсенароднага абмеркавання дашліфуем, і праект пойдзе на рэферэндум», — пералічыў этапы кіраўнік краіны.

Прэзідэнт прапанаваў гэтую працу звесці ў Адміністрацыю Прэзідэнта, а яе кіраўнік Ігар Сергеенка будзе на чале рабочай групы.

Кіраўнік краіны звярнуў увагу яшчэ на адзін момант. Прадстаўнікі апазіцыйных сіл сцвярджаюць, што рэферэндум і новую Канстытуцыю робіць ён пад сябе. Аляксандр Лукашэнка абвяргае гэтыя выказванні, параўноўваючы будучы праект Асноўнага Закона з дзеючай Канстытуцыяй. «Калі шчыра казаць, то сённяшняя Канстытуцыя дакладна пад Прэзідэнта. І лепшай Канстытуцыі па іх крытэрыях ніякаму Прэзідэнту не трэба. Гэта Канстытуцыя, сапраўды, вельмі жорсткая. Многія спецыялісты кажуць, што і аўтарытарнага характару ў нас улада ў сілу гэтай Канстытуцыі. Гэта так. І мы кажам, чаму мы рабілі гэтую Канстытуцыю такім чынам і пад Прэзідэнта. Таму любая іншая Канстытуцыя будзе слабейшай, чытай, як яны кажуць, „боль дэмакратычнай“ сённяшняй Канстытуцыі. Таму папракаць мяне, што Прэзідэнт робіць пад сябе Канстытуцыю поўнае глупства», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, надышоў час зрабіць Канстытуцыю такім чынам, калі б паўнамоцтвы органаў улады і кіравання былі размеркаваны, але краіна засталася прэзідэнцкай рэспублікай. Прэзідэнт канстатуе: больш за 90 % людзей лічыць, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай.

«Мы яшчэ напярэдадні рэферэндуму. Я вам скажу, што толькі два-тры працэнты застанецца тых, што будуць крычаць: нам неабходна нейкая іншая рэспубліка — не прэзідэнцкая, а парламенцкая ці прэзідэнцка-парламенцкая і гэтак далей. Абсалютна ўпэўнены, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутнічаючых, дзеючы Прэзідэнт ірвецца на гэтую пасаду, а для таго, каб забяспечыць (як кажуць юрысты) утрымкі і супрацьвесы», — падкрэслівае кіраўнік краіны.

Ён адзначае, што апошнія — гэта фундаментальныя рэчы. На іх будуюцца ўсе заканадаўчыя акты і, перад усім, Асноўны закон.

«Што б мы тут не рабілі для іх (апазіцыйных сіл — „Зв.“), чым горш, тым лепш. Нам трэба чуць гэтыя галасы, і мы будзем іх чуць, хочам мы таго ці не. Але калі рэагаваць на кожны чых з-за межаў нашай краіны людзей, што адпрацоўваюць узятыя ў амерыканцаў, немцаў грошы, седзячы ў Польшчы ці Літве, тады мы перастанем працаваць і клапаціцца пра ўласны народ. І ні ковід, ні санкцыі, ніводнага пытання тады не вырашым», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадае, што асабіста гатовы актыўна ўключацца ў працу, але жадае прапаноў з боку членаў рабочай групы па шырокім коле пытанняў, якія абмяркоўваюцца на сустрэчах.

«Але мы заўсёды павінны памятаць, што любы наш крок можа разбурыць краіну. Вы бачыце, як людзі прывыклі: калі Прэзідэнт кожны дзень не сказаў якое-небудзь слова, тады „дзе ён?“ Гэта не толькі таму што мы прывучылі людзей да гэтага, а таму што нашы людзі такія. І дзякуй Богу, яны добрыя, сумленныя, прывыклі арыентавацца на спецыялістаў, вельмі адукаваныя», — кажа Прэзідэнт.

Ён заяўляе, што не ў яго кампетэнцыях вучыць вопытных, аўтарытэтных членаў рабочай групы, якой павінна быць краіна, бо многія з іх разам з Прэзідэнтамі стваралі дзяржаву.

«Таму давайце прапануем варыянт (Асноўнага Закона. — „Зв.“) Канстытуцыйнай камісіі і потым людзям розных узростаў, памкненняў, прафесій, каб яны зразумелі — гэта іх Канстытуцыя», — рэзюмуе Аляксандр Лукашэнка.

Праект Канстытуцыі плануецца вынесці на ўсенароднае абмеркаванне ў снежні

Як расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, якому даручана ўзначальваць рабочую групу па дапрацоўцы Канстытуцыі, праца будзе штодзённай, у ёй задзейнічаюць таксама прадстаўнікоў разнастайных структур, экспертную супольнасць.

«Сёння абмяркоўваліся канкрэтныя кірункі дзейнасці рабочай групы. У тым ліку па статусе Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтвах разнастайных органаў, па іншых палажэннях, што закранаюць разнастайныя сферы жыццядзейнасці нашай краіны. Работа мае быць скрупулёзнай, напружданай, таму што па Канстытуцыі жыць дзесяцігоддзі», — перакананы Ігар Сергеенка.

Па яго словах, група павінна скончыць сваю працу на працягу месяца, а ўжо да снежня праект Канстытуцыі вынесуць на ўсенароднае абмеркаванне.

«Гэта сур’ёзны дакумент, эпахальны, я б нават сказаў, на значны перыяд гісторыі. Неабходна далей глядзець, як ён будзе працаваць, якія ў нас сёння рызыкі і пагрозы, а якія будуць заўтра. Няпроста напісаць юрыдычныя фармуліроўкі. Неабходна ўлічваць вопыт мінулых пакаленняў, нешта спрагназаваць. Работа сур’ёзная», — заяўляе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».