Вы тут

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава


Залатая восень выходзіць на фінішную прамую і паступова саступае месца перадзім’ю — стадыі, якая завяршае восень. Гэты перыяд характарызуецца ўстойлівым пераходам сярэднясутачнай тэмпературы праз адзнаку +5 градусаў у бок зніжэння. Што датычыцца працэсаў, якія адбываюцца ў атмасферы, перадзім’е характарызуецца дастаткова рэзкімі зменамі паветраных мас. Надвор’е становіцца капрызным і вельмі няўстойлівым. Маразы чаргуюцца з адлігай, ідзе то снег, то дождж, то ўсё адразу. Снег, які выпадае, як правіла растае.


З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег, расказаў самы вядомы сіноптык Беларусі, вядучы прагнозу надвор’я на тэлеканале АНТ Дзмітрый Рабаў.

У другой палове адыходзячага тыдня надвор’е змянялася з касмічнай хуткасцю. Калі ў чацвер пачало распаўсюджвацца цёплае вільготнае паветра з паўднёвага захаду Еўропы, то ўжо ў суботу нас чакае арктычнае ўварванне. Такія рэзкія змены надвор’я, як правіла, суправаджаюцца перападамі атмасфернага ціску і тэмпературай паветра. Сапраўднае выпрабаванне для метэазалежных людзей! 

Пачынаючы з суботы, на тэрыторыю нашай краіны пачнуць паступаць няўстойлівыя паветраныя масы з паўночнага захаду Еўропы. Тэмпература паветра зноў накіруецца ўніз. Ноччу +1..+6, удзень +5..+10. Вецер заходні парывісты. У нядзелю нас чакаюць дажджы, па паўночна-ўсходняй частцы вялікая верагоднасць мокрага снегу. Тэмпература паветра ноччу 0..+5, удзень — ад +3 па паўночнаму ўсходу да +7 па паўднёваму захаду.

Першы снег у Беларусі: норма і анамалія

Фота: pixabay.com

Звычайна на тэрыторыі Беларусі ападкі ў выглядзе снегу назіраюцца з верасня да мая. У сярэднім за год налічваецца 70-90 дзён з выпадзеннем снегу. Ён можа выпадаць пры любых адмоўных і блізкіх да нуля станоўчых тэмпературах. Як правіла, першы снег летуценны: выпадае раптам, хутка растае, не ўтвараючы снежнае покрыва. Першае снежнае покрыва звычайна ўтвараецца ў другой палове кастрычніка, часам яно адзначаецца ўжо ў верасні, а можа быць толькі ў лістападзе. Год на год не прыходзіцца.

У гэтым сэнсе гісторыя метэаназіранняў багата на рэкорды. Напрыклад, у Мінску самая ранняя дата выпадзення першага снегу зарэгістравана 12 верасня 1973 года. А вось самая ранняя дата ўтварэння першага снежнага покрыва — гэта 23 верасня 1973 года ў Езярышчы Віцебскай вобласці. У Мінску самае ранняе снежнае покрыва ўтварылася 9 верасня 1972 года, самая позняя зафіксаваная дата 29 снежня 1900 года. Ёсць і такі выпадак, у 1962 годзе снег выпаў 6 чэрвеня!!! У 2020 годзе першы снег у Беларусі выпаў уноч з 17 на 18 кастрычніка, аднак за выключэннем Віцебскай вобласці пратрымаўся нядоўга і хутка растаў. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.