Вы тут

Паштальён з вялікай літары


Менавіта так ахарактарызавала Святлану Фурс намеснік начальніка АПС «Наваполацк-6» Вольга Біхунова. Па яе словах, гэта самы адказны супрацоўнік аддзялення паштовай сувязі. Што датычыцца чалавечых якасцяў, то Святлана Аляксандраўна — вельмі прыязная, спагадная і камунікабельная калега. За гэта яе цэняць і паважаюць у працоўным калектыве.


Як расказала Святлана Фурс, на пошце яна працуе 12 гадоў. Раней працавала прадаўцом у гандлі. Але па сямейных абставінах пасля дэкрэтнага адпачынку вырашыла знайсці работу, каб заставалася больш часу на выхаванне дзіцяці. Вось і ўладкавалася на пошту, дзе прапанавалі пасаду паштальёна.

— Шчыра кажучы, не чакала, што мяне так цёпла сустрэнуць у калектыве АПС «Наваполацк-6», дзе працую па сёння, — расказала Святлана Аляксандраўна. — Адразу замацавалі за мной у якасці настаўніцы адну з найлепшых супрацоўніц Любоў Грышчанку, якая азнаёміла з усімі тонкасцямі прафесіі, за што я ёй вельмі ўдзячна. Зараз Люба ўжо на пенсіі, але мы часта сустракаемся на вуліцы, заўсёды ахвотна паразмаўляем, успомнім гады сумеснай працы.

Па колькасці адрасоў участак мне дастаўся адзін з найцяжэйшых. Ёсць і прыватны сектар, і шматпавярховыя дамы. А яшчэ шмат розных арганізацый, у тым ліку гандлёвых, якія вядуць актыўную перапіску — да іх паступае вялікая карэспандэнцыя. Нялёгка было спачатку абыходзіць участак: увесь гэты час на нагах. Але хутка прывыкла, і цяпер дарога здаецца мне не такой цяжкай. Прывыкла і да людзей, якія пражываюць на маім участку. За гады работы зразумела галоўнае: каб зносіны з кліентамі складваліся ветлівыя і даверныя, да людзей трэба заўсёды ставіцца з павагай і разумець іх. Тым больш што даводзіцца абслугоўваць пераважна пенсіянераў, сярод якіх ёсць і адзінока пражываючыя. Мне заўсёды іх шкада.

Па словах Святланы Аляксандраўны, кожны з такіх кліентаў пазначаны ў яе тэлефоннай кнізе. Перад візітам яна абавязкова звязваецца з пажылымі людзьмі, каб даведацца, што ім у гэты час патрэбна. Акрамя пенсій і карэспандэнцыі, яна дастаўляе дадому прадукты харчавання, тавары паўсядзённага попыту, афармляе падпіску на часопісы і газеты і іншае.

— Мне заўсёды сумна, калі спісы на атрыманне пенсіі на маім участку скарачаюцца, — адзначыла паштальён. — Нават боль адчуваецца, калі разумееш, што чалавек, якога ты ведаеш многія гады, які цябе ўвесь час ветліва сустракаў, да якога прывык, днямі пайшоў з жыцця. Вы не паверыце, але з кліентамі мы як адна вялікая сям'я. Так прыемна, калі людзі тэлефануюць табе, віншуюць са святам ці днём нараджэння. Вось самая прыемная адметнасць маёй працы.

І больш за ўсё я люблю яе за магчымасць дапамагчы людзям, палепшыць ім настрой, хоць не на доўгі час пазбавіць іх адзіноты. Так хочацца, каб усе мае калегі і кліенты былі жывыя, здаровыя і шчаслівыя. Але, на жаль, гэта нязбыўная мара!..

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.