Вы тут

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі


У апошнія два месяцы самае папулярнае журналісцкае пытанне да міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука тычыцца выступлення беларускай каманды на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Адказваючы Сяргей Міхайлавіч чэсна кажа: чакалі большага, сем медалёў для краіны — мала. «На Алімпійскіх гульнях выступалі 205 краін, разыгралі 339 камплектаў узнагарод. Калі палічыць сярэднюю колькасць, то атрымліваецца прыкладна пяць медалёў на краіну, у нас іх сем. Гэта з аднаго боку. З іншага, у нас ідзе пастаянная тэндэнцыя да памяншэння. З Лондана прывезлі дзесяць медалёў, з Рыа-дэ-Жанейра дзевяць, цяпер сем. Многія віды спорту маглі паказаць значна лепшы вынік. Напрыклад, веславанне на байдарках і каноэ. На чэмпіянаце свету 2019 году заваявалі 14 медалёў, занялі першае каманднае месца. На Алімпіядзе — усяго адзін сярэбраны медаль. Добрыя шанцы мела Вольга Клімава, але за паўтары месяцы да алімпіяды зламала руку. Не трэба забываць, што многія спартсмены хварэлі на каранавірус, быў парушаны трэніровачны працэс, спатрэбіўся час на аднаўленне. Магчыма, іншыя працэсы, якія адбывалася ў дзяржаве паўплывалі на вынікі спартсменаў. Многія былі псіхалагічна не падрыхтаваныя да выступлення на Алімпійскіх гульнях. Прычын мноства і ў кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца», — адзначае міністр.


Алімпійскія гульні — традыцыйна экзамен для ўсёй спартыўнай галіны. Яны падкрэсліваюць перавагі, вылучаюць недахопы і задаюць вектар развіцця. Што гэты экзамен паказаў сёлета (улічваючы, не толькі медалі), як будзе зроблена работа над памылкамі і чаго чакаць на наступным экзамене міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук расказаў «Звядзе». 

— Сяргей Міхайлавіч, Алімпійскія гульні — гэта кульмінацыя алімпійскага цыкла, які ў гэты раз працягваўся 5 гадоў. Якія ўрокі былі вынесены, якія праблемы і паспяховыя прыклады ўзніклі за гэтую «пяцігодку»?

— На жаль, памылак аказалася больш, чым прыкладаў правільнай работы. Радуе, што многія віды спорту стабільна дэманструюць высокія вынікі. І як паказвае практыка, у іх наладжана сістэма, трэніровачны працэс. У скачках на батуце два алімпійскіх цыклы запар — «золата». Бронзавы медаль Аліны Гарнасько ў мастацкай гімнастыцы — гэта праца не толькі самой Аліны, а ўсяго калектыву. Высокая эфектыўнасць у барцоў. На алімпіяду паехала восем чалавек і трое прывезлі медалі. А ў лёгкай атлетыцы паехала 34 чалавекі і толькі адзін медаль. Колькі надзей было на кідальнікаў, а ніводнай узнагароды. Кіданне кап’я, Таццяна Халадовіч — выдатная спартсменка, добрыя вынікі ў сезоне паказвала. У алімпійскай чэмпіёнкі вынік 66,34 метра, а ў Тані ў кар’еры і 67 метраў былі. У кіданні молата Ганна Малышчык, Настасся Маслава — у сезоне за 70 метраў кідалі. Маслава пасля алімпіяды кінула на 73 метры, на алімпіядзе — 65 метраў. У чым прычына? Магчыма, ёсць аспекты, якія мы не ўбачылі. У нас стаіць задача на ўзроўні федэрацый, міністэрства правесці глыбокі аналіз, зразумець, як рухацца далей у кожным асобным відзе спорту з кожным асобным спартсменам. 

Сёння важна, каб спартсмен уваходзіў у нацыянальную каманду на аснове сваіх вынікаў, а не проста каб у спісе была пэўная колькасць спартсменаў. Будзем пераглядаць падыходы да адпраўкі спартсмена на Алімпіяду. Калі ён у 60 лепшых у свеце не ўваходзіць, то які сэнс везці яго на Алімпіяду? На жаль, былі спартсмены, якія на Алімпійскія гульні паехалі ў якасці турыстаў. Да наступнай летняй Алімпіяды засталося тры гады і часу на раскачку ў нас зусім няма. Мы яшчэ ўчора павінны былі пачаць падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. Для аналізу ў нас ёсць яшчэ лістапад-снежань, а з 1 студзеня ўсе павінны стаяць у страю і разумець, што наступны экзамен будзе яшчэ цяжэйшым. 

— Можна сказаць, што за дадатковы год некаторыя спартсмены «перагарэлі», «ператрэніравалася»?

— З пераносам Гульняў сутыкнуліся спартсмены ўсіх краін. Маладыя спартсмены набраліся вопыту, практыкі, сталі больш устойлівымі псіхалагічна. Некаторыя спартсмены працавалі па такой праграме, што выйшлі на пік формы ў 2020 годзе. Але немагчыма доўга знаходзіцца на піку формы, пачынаюцца спады, яны і здараліся. Напрыклад, Настасся Мірончык-Іванова, год назад скакала 6.94 метраў, а ў алімпійскі год лепшы вынік 6.79 метраў, а ў Токіа — 6.55 метраў, то бок 40 сантыметраў сама сабе прайграла. Іван Ціхан стаў на год старэйшы і яму стала цяжэй. Хаця я б не сказаў, што ў нас вельмі ўзроставая каманда на фоне іншых краін. Але і вопытных спартсменаў дастаткова. У тым жа веславанні на байдарках і каноэ. Магчыма, у 2020 годзе ў Марыны Літвінчук і Вольгі Худэнка форма была б лепшай. Тут ужо на першы план прафесіяналізм трэнераў выходзіць. І спартсмены, і трэнеры цяпер павінны дэталёва разабрацца ў кожным аспекце, каб больш не дапускаць такіх памылак. У нас жа ізноў нестандартная сітуацыя — трохгадовы алімпійскі цыкл. І трэнерскі талент ўкласці чатырохгадовую праграму ў тры гады. Хто здольны, у таго і вынік будзе.

І яшчэ з назіранняў — наяўнасць добрых умоў не заўсёды гарантыя добрага выніку. Спартсмен павінен быць крыху галодным, каб у яго было імкненне паказаць вынік. А калі ў яго ўсё добра, ёсць шыкоўная база, стабільная зарплата — то навошта напружвацца, жыццё ж і так удалося. Магчыма, мы тут нейкую памылку дапускаем. Для мяне гэта была першая алімпіяда ў якасці міністра, таму нам усім трэба разбірацца. 

— Як для вас асабіста прайшла першая Алімпіяда ў якасці міністра?

— Глядзеў начамі кожны старт нашых спартсменаў. І там, дзе не атрымлівалася, канешне, было расчараванне. Хачу сказаць, што самому ўдзельнічаць ў спаборніцтвах на сто працэнтаў прасцей. Сабе заўсёды прасцей прад’явіць прэтэнзіі і знайсці апраўданне. А назіраць і глядзець з боку вельмі цяжка, выгараеш эмацыйна. 

— Сяргей Міхайлавіч, на Параалімпійскіх гульнях 2016 годзе параалімпійцы заваявалі 19 медалёў. Сёлета 7 медалёў, і з іх пяць залатых. Чым можна растлумачыць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі выступаюць лепш, чым фізічна здаровыя людзі?

— Медальныя вынікі ў інваспорце вельмі цяжка ацаніць. Але, мабыць, варта ўдзяліць гэтым відам спорту больш увагі. У Токіа ездзіла маленькая каманда. І калі б не было Ігара Бокага, было б усяго два медалі. Таму нельга сказаць, што параалімпійцы выступілі лепей чым алімпійцы. Як я ўжо казаў, цяпер час вялікага аналізу і перазагрузкі, у тым ліку і для параалімпійцаў. 

— Вы згодныя з тым, што параалімпійскі спорт знаходзіцца ў цяні алімпійскага? 

— Гэта вельмі спецыфічны спорт, адрозніваецца сістэма падрыхтоўкі, патрэбныя пэўныя ўмовы. Трэба ўлічваць, што ў кожнага спартсмена розныя асаблівасці здароўя. Давайце ўспомнім прыклад Аляксея Талая. На параалімпіядзе ён спаборнічаў з людзьмі, у якіх ёсць канечнасці, фізічная перавага. Хіба правільна, што ён адразу апынуўся ў пройгрышным становішчы? Міжнародным федэрацыя таксама трэба да гэтага ўважліва ставіцца пры арганізацыі спаборніцтваў. Канешне, для краіны вельмі важныя і колькасць медалёў, і дасягненні. Але ў інваспорце галоўнае — не колькасць медалёў, а колькі людзей ім займаюцца, адчуваюць сябе такімі ж як і ўсе людзі. Інваспорт павінен пераследваць іншыя мэты, а не думаць аб перамогах любой цаной. Не трэба параўноўваць спаборніцтвы ў вялікім спорце і ў параалімпійскім, гэта мая пазіцыя. 

— Але ж развіваць яго трэба?

— Канешне, трэба. Але варта разумець, што ў нас невялікая дзяржава, а відаў спорту толькі 47 у міністэрстве прафіліруецца. І на кожны від спорту патрэбны сродкі, адміністратыўны апарат. Сёння ж прынята, каб у камандзе быў псіхолаг, два масажысты, адміністратар і гэтак далей. На турнір едзе адзін спартсмен, а з ім 10 чалавек, якія на яго працуюць. А хто будзе зарабляць на гэтых спартсменаў? Гэта філасофскае і рытарычнае пытанне. І тычыцца яно ўсяго спорту, а не толькі параалімпійскага. 

— На яго можна знайсці адказ?

— Трэба выбраць тыя віды спорту, якія на трэба культываваць і развіваць на прафесійным узроўні і тыя віды, якія ў першую чаргу фізкультура, бо вынікаў яны не прыносяць. А ім жа і фармакалогія, і масажысты, і псіхолагі патрэбныя. Яны так кажуць: «Вы нам ўсё дайце, а мы магчыма калі-небудзь станем пераможцамі». Ключавыя словы тут «магчыма» і «калі-небудзь». Ніхто не дае гарантыі, што падрыхтуе спартсмена, які будзе ўсюды перамагаць. Мы нікому не забараняем развівацца, калі ласка, працуйце, знаходзьце спонсараў, аднадумцаў, выходзьце на пэўны ўзровень. І калі будуць перспектывы — дзяржава дапаможа. А пакуль пэўнага ўзроўню няма — гэта фізкультура, а не спорт.

Нам сёння нельга распыліць сродкі на ўсе віды спорту. Для кожнага свой спорт будзе самым важным, гэта зразумела. Але мы не можам забіраць грошы ў людзей і аддаваць іх на хобі спартсменаў ці трэнераў. Канешне, прасцей быць трэнерам ва ўмоўным бадмінтоне, чым працаваць на заводзе ці пахаць поле. Таму сёння ўсе хочуць быць у спорце. 

— У такім выпадку, дзе заканчваецца фізкультура і пачынаецца спорт?

— Там, дзе пачынаюцца медалі чэмпіянатаў Еўропы, свету. Гэтыя спартсмены ўжо могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку. Ёсць віды спорту, якія традыцыйна прывозяць медалі, мы іх бачым і падтрымліваем. 

— Сяргей Міхайлавіч, як паказвае практыка, маладыя спартсмены на міжнародных турнірах паказваюць высокія, дастойныя вынікі. Чаму яны губляюцца на дарослым узроўні? Што з гэтым рабіць?

— Тут можа быць мноства прычын. На юніёрскім узроўні не такі жорсткі антыдопінгавы кантроль, як на дарослым. А потым аказваецца, што спартсмен ужываў забароненыя прэпараты. У нас і ў лёгкай атлетыцы, і ў цяжкай былі падобныя праблемы. У свеце такая праблема існуе. Далей. Са спартсмена ў юніёрскім узросце могуць выжаць усе сокі, фарсіраваць падрыхтоўку. І да дарослага ўзросту ён даходзіць выжатым, няздольным паказваць вынікі. Сёння сустракаюцца прыклады, калі трэнеры дзеля кваліфікацыі, зарплаты выжымаюць са спартсмена ўсё, што можна.

Здараецца, што чалавек заканчвае вучылішча алімпійскага рэзерву, а ў нацыянальную каманду не пападае. І ён сыходзіць са спорту, хаця мае шанцы праз некалькі гадоў паказаць добрыя вынікі. У некаторых відах вынікі прыходзяць з узростам. у тых жа кіданнях у 19 гадоў ніхто не становіцца чэмпіёнам свету, раскрываюцца ў 25-30 гадоў. А ён у 18 гадоў заканчвае вучылішча і не пападае ў каманду, бо там моцныя дарослыя спартсмены. Але ж у яго укладзены сродкі і праз некалькі гадоў ён можа стаць чэмпіёнам. Мы гэтае пытанне цяпер паднялі. У рэгіёнах, у цэнтрах алімпійскага рэзерву будзем ствараць зборныя каманды абласцей, каб весці спартсмена да пэўнага ўзросту, каб ён атрымліваў хоць якія грошы, трэніраваўся. Калі глыбока вывучаць спорт вышэйшых дасягненняў, то можна знайсці сістэмныя памылкі, якія трэба выправіць. 

— Спецыфіка некаторых відаў, напрыклад мастацкай гімнастыкі, прадугледжвае заканчэнне кар’еры ў маладым узросце. Але ж вопыт гэтых спартсменаў можна выкарыстоўваць для развіцця спорту. 

— Яго выкарыстоўваюць. Канешне, калі сам спартсмен гэтага хоча. Напрыклад, нашы гімнасткі ўжо з другога курса вучобы ва ўніверсітэце фізічнай культуры, працуюць як памочнікі трэнераў. 

— А ў той жа час многія віды спорту скардзяцца, што не хапае дзіцячых маладых трэнераў, асабліва ў рэгіёнах...

— Гэта складанае пытанне, да яго трэба ставіцца комплексна. Мае значэнне і наяўнасць у рэгіёнах базы адпаведнага ўзроўню, і кваліфікацыя трэнерскіх кадраў. Дзіцячы трэнер працуе з малым, рыхтуе яго да пэўнага ўзроўню. А што далей, калі ў вобласці няма аддзялення па гэтым відзе спорту. Акрамя таго, усе хочуць зарабляць. У нас моладзь хоча адразу і шмат, а ў жыцці вельмі складана гэта атрымаць. Хоць сёння маладыя трэнеры, якія заканчваюць БДУФК першыя два гады, пакуль у іх няма вынікаў, зарабляюць так, як трэнер з пяцігадовым стажам. Мэтанакіраваныя людзі, якія хочуць працаваць і бачаць спорт справай свайго жыцця — працуюць і зарабляюць. Выпадковыя людзі ў гэтым відзе дзейнасці сябе не знаходзяць. 

— Сёння ў краіне працуе шмат прыватных школ і секцый па розных відах спорту. Наколькі яны дапамагаюць у падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву?

— Пасля гэтых секцый дзеці могуць пераходзіць у дзіцяча-юнацкія школы, вучылішчы алімпійскага рэзерву, калі вытрымліваюць адбор. Пытанне ў тым, што мы не заўсёды ведаем, якія спецыялісты працуюць у прыватных школах. Бацькі з радасцю аддаюць дзяцей, яно тры гады займаюцца, а ў дзіцяча-юнацкую школу не праходзяць адбор. І там у трэнераш няма часу, каб з нуля вучыць дзіцёнка пасля прыватнай школы. Гэта трэба ўлічваць. 

— Сёння актуальнае пытанне легіянераў: цэлая плеяда фігурыстаў, Мацвей Волкаў у лёгкай атлетыцы і яшчэ мноства спартсменаў у розных відах. Сяргей Міхайлавіч, хіба гэта не шлях меншага супраціўлення: запрасіць ужо гатовага спартсмена, які будзе зарабляць медалі, куды прасцей, чым выхаваць свайго? 

— Не, гэта не шлях найменшага супраціўлення. Гэта наадварот, магчымасць з дапамогай легіянераў падцягнуць нашых спартсменаў. Нейкім чынам легіянер выйшаў на высокі ўзровень, а чаму наш спартсмен не можа? Мы працуем 20 гадоў і не змаглі нікога падрыхтаваць, значыць, у нас няма спартсменаў і трэнераў высокага ўзроўню. Значыць, прыйшоў час запрасіць спецыяліста, паглядзець, як трэба працаваць, павучыцца. У фігурным катанні да нас прыехаў Алег Васільеў. Ён у якасці спартсмена прайшоў шлях ад дзіцячага спорту да алімпійскага чэмпіёну і ўсе тое ж самае прайшоў як трэнер. У яго вялізны вопыт. Да, для нас ён легіянер. Але ў нашым фігурным катанні ёсць трэнер такога ўзроўню? Няма. 

— Але ж Алег Васільеў — трэнер. А што наконт запрошаных спартсменаў?

— Мы можам сёння набраць маленькіх дзяцей і 10-15 гадоў весці іх да пэўнага ўзроўню. Але ж мы не можам чакаць 10-15 гадоў. Нам сёння трэба і дзяцей рыхтаваць, і вынік паказваць. Мы ж не запрашаем легіянераў у скачкі на батуце, мастацкую гімнастыку, веславанне, бо там свае добрыя спартсмены. А там, дзе сваіх яркіх лідараў няма, запрашаем легіянераў, якія пакажуць, як трэба трэніравацца і працаваць. У трэнераў, бацькоў шмат амбіцый, усе спартсмены хочуць стаяць на п’дэстале. А трэніравацца цэлымі днямі не ўсе здольныя. Спорт — гэта катаржная праца і каб быць лепшым, трэба працаваць больш чым усе астатнія. У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі, і няхай у некаторых відах вынікі пакуль паказваюць легіянеры.

Многія спартсмены сёння становяцца лепшымі ў краіне і спыняюцца. А калі прыязджае 10-ы чалавек з той жа Расіі, аказваецца, што ён лепшы за нашага чэмпіёна. Возьмем да прыкладу біятлон. Калі Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна скончылі кар’еры, лепшай у краіне стала Ірына Крыўко. На чэмпіянатах Еўропы была 50-ая, але ж у краіне лепшая, зарплату атрымлівае, за месца ў камандзе змагацца не трэба, усё добра. Прывезлі дзвюх спартсменак і Іры прыйшлося змагацца за месца ў камандзе. У кожным відзе спорту павінна быць унутраная канкурэнцыя, яна не дае расслабіцца.

— Паколькі на легіянераў ускладваецца задача паказваць прыклад, то і патрабаванні да іх павінны быць вышэйшыя...

— Абсалютна правільна. Да іх вышэйшыя патрабаванні і плацім мы ім больш. Тыя ж хакеісты ў мінскім «Дынама» апраўдваюць чаканні. У некаторых футбольных клубах замежнікі таксама апраўдваюць чаканні, на нашым узроўні. Можна было б купіць легіянераў у кожны футбольны клуб. Але дзе браць грошы, для гэтага патрэбны вялікія сродкі? Нашы футбольныя клубы, не зарабляць на білетах, на маркетынгавых праграмах. Грошы ад дзяржавы усё хочуць атрымліваць, а толку не паказваюць. Купіць футбаліста можна, але трэба выхоўваць сваіх. 

— То бок запрашэнне легіянераў сітуацыю ў беларускім футболе не выратуе?

— Мы сёння кажам, што ў нас футбол прасеў. Але, шчыра кажучы, у нас яго ніколі асабліва і не было. Я жыву больш за 50 гадоў і не ўспомню, калі нашы футбалісты выйгралі нешта значнае, за выключэннем 1982 году, калі мінскае «Дынама» стала чэмпіёнамі СССР. Усё любяць шукаць прычыну ў чым заўгодна, толькі не ў сабе. То грошай мала далі, то поле дрэннае, то яшчэ нешта. Але ніхто не думае, што можа быць мала трэніровак, няправільныя методыкі. Ва ўнутранай сістэме трэба шукаць прычыну. Няўжо Данія, якая выступае на чэмпіянатах Еўропы, мае больш грошай і лепшыя ўмовы? Сумняваюся. Проста ў іх іншы падыход. Значыць, нашым спецыялістам трэба, пачынаючы з дзіцячага спорту разбірацца, што правільна робіцца, а што не, якія методыкі прымяняюцца, пераглядаць планы трэніровак, што на іх адпрацоўваецца. У нашых футбалістаў па адной трэніроўцы ў дзень, і гэта для іх нармальна. А ў ідэале іх павінна быць дзве-тры. Таму як працуюць, такія і вынікі.

— А калі міністр стукне кулаком па стале і скажа праводзіць па дзве трэніроўкі на дзень?

— Яны напішуць план на паперы, але гэта не значыць, што яны будуць яго прытрымлівацца. Павінна быць выбудавана адзіная сістэма ад дзіцячага спорту да нацыянальнай каманды. І займацца гэтым павінна федэрацыя, клубы. І паступова яны пачынаюць гэта рабіць. 

— Сяргей Міхайлавіч, многа робіцца для развіцця футбола і хакея. Але ёсць іншыя віды спорту, якія маюць багатыя медальныя традыцыі, а сёння знаходзяцца ў заняпадзе. Напрыклад, спартыўныя гімнастыка, фехтаванне. Крыўдна губляць такую гісторыю. 

— Каб падрыхтаваць спартсмена патрэбен не адзін год, а зламаць сістэму можна вельмі хутка. І як бачна, у нейкі момант мы яе зламалі, не ўдзяляючы гэтым відам спорту належнай увагі. Многія нашы спартсмены выехалі за мяжу, за доўгім рублём паехалі. Гэта яшчэ і паказчык патрыятызму, тут у іх укладалі, імі займаліся, а як толькі нечага дасягнулі, адразу з’ехалі. Але гэта іх выбар. Да, для дзяржавы гэта страта. Былі б тут выдатныя спецыялісты, магчыма было б лепей. А, можа, і не страта. Практыка паказвае, што не заўсёды добрыя спартсмены становяцца добрымі трэнерамі. 

— То бок цяпер гэтыя віды спорту трэба падымаць з нуля?

— Практычна да, трэба ўдасканальваць, падымаць сістэму, чым мы сёння і займаемся. Мы вызначылі пяць відаў, на якія трэба звярнуць пільную ўвагу: кулявая стральба, веласіпедны спорт, гімнастыка спартыўная, плаванне, фехтаванне. У гэтых відах спорту разыгрываецца найбольшая колькасць медалёў на Алімпійскіх гульнях і ў гэтых відах у нас вялікія медальныя традыцыі. І мы абавязаны іх адрадзіць і вывесці на той узровень, на якім яны павінны быць. Гэта справа не на год, і не на два, магчыма, спатрэбіцца два алімпійскіх цыклы. Але агульнымі намаганнямі мы павінны гэта зрабіць. 

— Каб «падымаць» спорт патрэбен рэзерв. У дзіцяча-юнацкіх школах хапае аддзяленняў па гэтых відах?

— Да. Напрыклад, у Брэсце развіваецца фехтаванне, у Барысаве і Гродна — стральба, у Рэчыцы — веласпорт. Секцый і аддзяленняў дастаткова. Але не заўсёды эфектыўнасць іх працы адпавядае патрабаванням. Па кожным відзе спорту мы распрацавалі канцэпцыі, усяго іх 47. Дакладна вызначылі рэперныя пункты ў рэгіёнах. Вызначылі, дзе трэба закупіць інвентар, знайсці трэнераў, даць ім методыкі. 

— Сяргей Міхайлавіч, галоўнай праблемай сусветнага спорту па-ранейшаму застаецца допінг. Але на нядаўняй Алімпіядзе ў беларусаў праблем з гэтым не было, усё менш з’яўляецца навін аб дыскваліфікацыі спартсменаў. Барацьба з допінгам дае свае вынікі?

— Сваю ролю сыграў Указ Прэзідэнта «Аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце», падпісаны два гады таму. Згодна з ім вінаватых ва ўжыванні забароненых прэпаратаў абавязваюць вярнуць фінансавыя сродкі, якія патрацілі на падрыхтоўку спартсмена, і нават прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Страх усё страціць аказаўся мацнейшым за жаданне прыняць нейкі прэпарат, каб паказаць вынік. Спорт, гэта як вайна, на вайне ўсе сродкі добрыя. І спартсмен выкарыстоўвае ўсе метады, каб перамагчы, некаторыя ўжываюць допінг. Пры чым, што адным гэта дазволена, а іншым — не. Чаму ўсе сусветныя лідары ў лыжах сталі астматыкамі і прымяняць прэпараты, якія для іншых забароненыя? Дык можа і нам усіх астматыкамі зрабіць? Тут вельмі шмат пытанняў. Спорт, на жаль, не заўсёды чысты. І двайныя стандарты, якія прымяняюцца ў палітыцы, выкарыстоўваюцца і ў спорце. 

— Ваш расійскі калега Алег Матыцын у інтэрв’ю Уладзіміру Познеру сказаў, што канчатковае рашэнне аб прыняцці забароненага прэпарату прымае спартсмен. Вы з гэтым згодны і якую адказнасць у такім выпадку павінен несці трэнер?

— Мне здаецца, спартсмен не заўсёды ведае, што ён прымае. За фармакалогію адказвае трэнер, медыцынская група і спартсмен можа не ведаць, які прэпарат яму даюць. Нездарма мы ў сваіх дакументах прапісалі, што аднолькавую адказнасць нясуць спартсмен і трэнер. Але, калі дакладна даказана, што спартсмен не ведаў, а рашэнне выкарыстаць забаронены прэпарат прыняў трэнер, адказнасць нясе толькі ён. Такое таксама здараецца. 

— Наперадзе зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году ў Пекіне. Чаго асабіста вы чакаеце ад гэтай алімпіяды? 

— Мы ўжо ведаем, у якіх умовах будзе праходзіць гэтая алімпіяда. Ведаем як Кітай ставіцца да эпідэміялагічных мер. Я думаю, у гэтым плане будзе складаней чым у Токіа. І ўсе павінны быць маральна да гэтага падрыхтаваныя. Я ўпэўнены, што Кітай зробіць усё магчымае і немагчымае, каб правесці Гульні на самым высокім узроўні. На медалі ў нас могуць прэтэндаваць традыцыйныя віды спорту — біятлон, фрыстайл, сёння можам казаць пра канькабежны спорт, лыжныя гонкі. Медалі могуць быць, а могуць і не быць і гэта трэба ўлічваць. Каманда ў нас баяздольная, але вельмі цяжка нешта загадваць. Таму я ніколі не раблю прагнозаў. 

— Сяргей Міхайлавіч, вы вядомы аматар бегу. А новыя спартыўныя захапленні для сябе адкрылі?

— Я кансерватар, займаюся тым жа, чым і ўсё жыццё. Раз у тыдзень гуляю ў футбол, люблю рускі більярд. Пастаянна бегаю. Люблю пагуляць у валейбол, у настольны тэніс, але гэта, калі ёсць жаданне і час. А часу, на жаль, цяпер мала. 

— Аднойчы ў інтэрв’ю вы расказвалі, што ў ваенным вучылішчы ўстанавілі «вечны рэкорд» на паласе перашкод, яго пабілі, не ведаеце?

— Я думаю, не. Я скончыў вучылішча ў 1989 годзе, у пачатку 2000-х туды прыязджаў і рэкорд яшчэ трымаўся. І ён быў па савецкіх нарматывах. А сёння вучылішча ўжо не працуе. 

— Дайце калі ласка параду ад міністра спорту тым, хто з кожнага панядзелка збіраецца выйсці на прабежку. 

— Для таго, каб займацца фізічнай актыўнасцю, трэба разумець важнасць бегу для свайго арганізма. Пры бегу працуе кожная мышца, кожны сустаў. Бег дапамагае рабоце сэрца, з яго дапамогай з арганізма выводзяцца розныя шкодныя рэчы. І да бега трэба падыходзіць правільна, арганізму павінна быць камфортна. Адчулі дыскамфорт — пераходзьце на хадзьбу. Пачынаць варта з невялікіх адлегласцяў — 200, 300, 500 метраў. І наступіць дзень, калі будзе ў задавальненне і 10 кіламетраў прабегчы. Усё трэба рабіць паступова і праяўляць сілу волі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з архіву міністэрства спорту і турызму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».