Вы тут

Заплануйце вакцынацыю. Што трэба ведаць пра падарожжы ва ўмовах пандэміі?


Амаль за два гады жыцця ва ўмовах пандэміі мы перафармаціравалі сваё жыццё: абмежавалі кантакты, спынілі ці істотна скарацілі выезды за мяжу. На жаль, COVID-19 не адступае, але ж, нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, мы крок за крокам вучымся жыць у новых умовах і робім спробы наладзіць паўнавартаснае жыццё, у якім будзе месца не толькі працы, але і адпачынку.

Як падарожнічаць бяспечна? Падрабязны алгарытм дзеянняў у адпаведнасці з нормамі і дакументамі складаем разам з Любоўю Шэпялевіч урачом-эпідэміёлагам, загадчыкам аддзялення асабліва небяспечных інфекцый з санітарна-каранцінным пунктам дзяржаўнай установы «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».


Фота Яўгена Пясецкага

— Ва ўмовах пандэміі, з чаго трэба пачынаць планаванне падарожжа за мяжу?

— Як жартуюць эпідэміёлагі, перад тым, як запланаваць адпачынак, заплануйце вакцынацыю. Жарты жартамі, але менавіта з гэтага трэба пачынаць, таму што прывітыя людзі маюць шэраг істотных пераваг.

— Якія бонусы дае вакцынацыя?

— На сённяшні дзень з гэтых бонусаў ужо можна скласці цэлы спіс, які пастаянна дапаўняецца.

  • Вакцынацыя – гэта абарона ад захворвання;
  • вакцынацыя – гэта прафілактыка ЦЯЖКІХ форм COVID-19;
  • гэта cвабода перасоўвання, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі;
  • гэта магчымасць бяспечнага знаходжання за мяжой і наведвання ўсіх запланаваных месцаў;
  • гэта магчымасць НЕ ЗНАХОДЗІЦЦА на самаізаляцыі на працягу 7 дзён пасля вяртання з-за мяжы. Акрамя таго, на працягу гэтых 7 дзён вы можаце яшчэ раз выехаць за межы нашай краіны, калі раптам узнікае такая неабходнасць.

Дакументальным пацвярджэннем таго, што вы прайшлі вакцынацыю супраць COVID-19, з’яўляецца сертыфікат.

— Дзе і як можна атрымаць сертыфікат аб вакцынацыі?

— Такі дакумент выдае тая ўстанова аховы здароўя, у якой вы рабілі прышчэпку. Для таго каб заказаць сертыфікат, дастаткова звярнуцца ў адпаведную паліклініку і прадставіць уласны пашпарт. У сертыфікаце будзе змешчана ўся інфармацыя пра вакцыну, якой вы прышчапляліся, калі гэта адбылося і тэрмін дзеяння дакумента. Пры планаванні падарожжа за мяжу неабходна абавязкова звяртаць увагу на дату апошняй прышчэпкі. Сертыфікат павінен дзейнічаць на момант вашага выезду за мяжу і вяртання на радзіму. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі для мэтаў выезду сертыфікат аб вакцынацыі пачынае дзейнічаць праз месяц пасля апошняй прышчэпкі, якая завяршае курс вакцынацыі, і далей на працягу 12 месяцаў.

Пасведчанне аб вакцынацыі.

Адразу адзначу, што нельга адкладваць атрыманне пашпарта вакцынацыі на апошні дзень перад выездам. Справа гэта сур’ёзная, патрабуе пэўнага часу і не залежыць ад жадання супрацоўнікаў паліклінік. Тэрмін выканання і кошт паслуг прапісаны ў адпаведных пастановах, і ўдакладніць гэтую інфармацыю можна у арганізацыі аховы здароўя, дзе вы плануеце рабіць прышчэпку. 

— Ці патрэбна ў працэсе планавання падарожжа звяртаць увагу на статыстыку захворванняў на COVID-19 ці можна, як кажуць, адпусціць сітуацыю?

— Безумоўна, зрабіць гэта патрэбна. Пры планаванні адпачынку загадзя неабходна азнаёміцца з пералікам краін, дзе фіксуюцца выпадкі захворвання на COVID-19, каб даведацца пра эпідэміялагічны статус краіны, і, такім чынам, зразумець вашу патэнцыяльную эпідэміялагічную рызыку. Спіс такіх краін змешчаны на сайце Міністэрства аховы здароўя. Калі краіна, якая вам патрэбна ёсць у пераліку, то неабходна запланаваць дадатковыя меры для выезду за мяжу.

 

Далей неабходна азнаёміцца з заканадаўствам той краіны, у якую вы збіраецеся ехаць. Зрабіць гэта можна на сайце Міністэрства замежных спраў, калі вы плануеце падарожжа самастойна. Калі карыстаецеся паслугамі тураператараў, то яны дадуць вам усю неабходную інфармацыю.

 

Акрамя вышэй пералічанага, неабходна азнаёміцца з дакументамі кампаніі-перавозчыка. Не важна, якім транспартным сродкам вы збіраецеся падарожнічаць. Алгарытм дзеянняў аднолькавы. Зрабіць гэта можна, як на сайце, так і па тэлефоне. Варыянтаў шмат.

 

Калі ў вас усё роўна засталіся пытанні, раю азнаёміцца з дакументамі, у якіх прапісаны ўсе меры бяспекі, якія на дадзены момант існуюць у абранай вамі краіне для падарожжа.

— Як гэта дзейнічае на практыцы? Напрыклад, я хачу паехаць ў Арменію, каб наведаць сваіх сяброў. Дабрацца да Ерэвана планую самалётам. З чаго пачынаць вырашэнне гэтай задачы?

— Адкрываем сайт Міністэрства замежных спраў. Тут знаходзім укладку «Каранавірус. Пытанні выезду і ўезду ў замежныя краіны». Выбіраем патрэбную нам краіну. У нашым выпадку гэта Арменія. Адкрываем і чытаем: для ўезда патрэбна даведка з адмоўным ПЛР-тэстам (за 72 гадзіны да вылету) ці сертыфікат вакцынацыі, які дзейнічае (тэрмін дзеяння ўстанаўлівае краіна ўезда). У нашым выпадку павінна прайсці не менш за 14 дзён з моманту апошняй прышчэпкі.

— Калі сертыфіката вакцынацыі няма, дзе можна здаць ПЛР-тэст?

— Заходзім на сайт Міністэрства аховы здароўя. Тут размешчаны спіс месцаў, дзе можна здаць ПЛР-тэст, у тым ліку з унясеннем даных у сістэму «Падарожнічай без КАВІД» (гэта лічбавая форма выніку тэста). Тут жа ёсць магчымасць для анлайн-рэгістрацыі на тэст. Таксама тут змешчаны спасылкі на сайты ўрада Арменіі, дзе таксама можна знайсці заканадаўства краіны на іх афіцыйных сайтах. Важны момант: тут жа можна даведацца не толькі аб умовах уезду, але і аб правілах знаходжання ў краіне, у тым ліку і аб абмежавальных мерапрыемствах, якія ў іх дзейнічаюць: масачны рэжым, правілы наведвання аб’ектаў, перасоўванні па агульнадаступных месцах.

 

Далей пераходзім на старонку авіяперавозчыка. У нашым выпадку гэта кампанія «Белавія». Адкрываем укладку «Навіны кампаніі». Інфармацыя па абмежаваннях на ўезд-выезд. Тут размешчаны спіс краін. Знаходзім Арменію. Ёсць пэўныя абмежаванні наконт маленькіх дзяцей. Акрамя гэтага, ёсць папярэджанне: калі падчас знаходжання ў Арменіі ў вас праявяцца сімптомы каранавіруса, то вас абавязкова чакае агляд медыка і каранцін. Усё гэта трэба ўлічваць.

— У людзей, якія перасоўваюцца самалётам, ёсць меркаванне, што падчас палёту не трэба карыстацца маскай, бо побач знаходзяцца патэнцыяльна «здаровыя» людзі. Ці маюць такія падарожнікі рацыю?

— У адпаведнасці з патрабаваннем кампаніі-перавозчыка, вы павінны быць у масцы. Падрабязней з усімі правіламі перавозак можна азнаёміцца на адпаведных сайтах. Што датычыцца прафілактычных мер, то тут усё ў вашых руках. Перш чым адпраўляцца ў аэрапорт, неабходна скамплектаваць так званы «паходны набор»: запас масак для змены кожныя 4 гадзіны, антысептык для рук. Пры рэгістрацыі на рэйс не забывацца на захоўванне сацыяльнай дыстанцыі. Звяртаць увагу на разметку. Каб мінімізаваць рызыку, можна зарэгістравацца на рэйс самастойна: анлайн ці пры дапамозе стоек, якія размешчаны ў памяшканні аэравакзала. Будзьце здаровыя!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Снежань сёлета чакаецца цяплейшым за звычайны. Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

«Традыцыйна першы месяц зімы — самы цёмны і пахмурны месяц года». 

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на панядзелак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.