Вы тут

Дзмітрый Піневіч: Планавая дапамога пацыентам аказваецца ў поўным аб’ёме


Аб гэтым сёння заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, які таксама расказаў журналістам пра тэндэнцыі, якія датычацца захворвання COVID-19, і бесперапынных пастаўках лекаў. 


Фота: БелТА

— Што датычыцца захворвання, ёсць моманты, якія пасяляюць у нас асцярожны аптымізм. Самі па сабе тэмпы прыросту захворвання трохі памяншаюцца. У апошні тыдзень мы бачым вельмі нязначную, але тэндэнцыю па зніжэнні тэмпаў шпіталізацыі пацыентаў у стацыянары, — прыводзіць словы міністра БелТА. — Адзін з важных кампанентаў — на некалькі чалавек у суткі зніжаецца колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на ШВЛ.

Між іншым, міністр звярнуў увагу на тое, што лічбы пацыентаў, у якіх дыягнастуюць ковід, пакуль што застаюцца высокімі і адзначыў, што цяперашняя сітуацыя патрабуе ад медыкаў адпаведных намаганняў, у прыватнасці, актывізацыі работы па вакцынацыі насельніцтва. 

Па яго словах, першым кампанентам вакцыны ўжо прышчапіліся больш за 27% насельніцтва:

— Мы прапануем прышчапляцца тым, хто гэтага не зрабіў. Таксама, як вы ведаеце, удакладненыя паказанні і тэрміны рэвакцынацыі — прапануем прайсці і гэтую працэдуру, — кажа Дзмітрый Піневіч.

Трэба сказаць, што днямі на мабільныя тэлефоны беларусаў сталі прыходзіць смс-паведамленні ад Міністэрства аховы здароўя з прапановай зрабіць прышчэпку.

У якасці пераканаўчага прыкладу і вырашэння спрэчак вакол гэтай прафілактычнай меры міністр адзначыў, што спрачацца аб вакцынацыі можна колькі заўгодна, але з рэаніматолагамі, якія кожны дзень лечаць найцяжэйшых пацыентаў, спрачацца вельмі складана, а з патолагаанатамамі — безвынікова.

Акрамя таго, Дзмітрый Піневіч не абмінуў тэму аказання планавай медыцынскай дапамогі пацыентам.

Нагадаем, што сёння гэтай тэме таксама была прысвечана рабочая нарада Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з галоўнымі ўрачамі медыцынскіх устаноў сталіцы, дзе ішла гаворка аб неабходнасці працягванні гэтай работы.

Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што адной з візітных картак беларускай сістэмы аховы здароўя з’яўляецца высокая даступнасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву і датычыцца гэта любога узроўню: ад РНПЦ да рэгіёнаў.

— У ходзе эпідэміі аказанне спецыялізаванай меддапамогі або, скажам так, не спыненне яе — адметная рыса нашай мадэлі, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў міністра, па ўсёй краіне перапрафілявана больш за 40% ложкавага фонду, але ўсе рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры ў поўным аб’ёме працягваюць аказваць планавую дапамогу людзям. Абласныя бальніцы таксама аказваюць планавую дапамогу, пры гэтым яны часткова перапрафіляваны пад інфекцыйную паталогію для пацыентаў з COVID-19 і са спадарожнай паталогіяй.

— Мы цудоўна разумеем, што эпідэмія сама па сабе ўплывае на даступнасць: нават СААЗ называе наступныя гады часам «нявыяўленых назалогій». Разам з тым таксама выдатна разумеем, можа быць, больш, чым хто-небудзь, што жывём у ваенны час. Пандэмія — гэта вайна. Таму даручэнне Кіраўніка дзяржавы ўспрымаем як даручэнне, якое падлягае безумоўнаму выкананню, як у ваенны час, — падкрэсліў Дзмітрый Піневіч.

Трэба сказаць, што медыкі, паводле слоў міністра, працуюць гераічна, у вельмі няпростых умовах. Ён адзначыў, што ўзмацненне патрабаванняў да аказання планавай меддапамогі — складаная задача для сістэмы аховы здароўя, але міністэрства адкарэктавала планы, пачынаючы з самага маленькага цэнтра і заканчваючы буйнымі.

— Планавая дапамога адноўленая ў поўным аб’ёме — у тым, у якім гэта неабходна і ў якім яна не будзе з’яўляцца эпідэміялагічнай пагрозай для саміх пацыентаў, — падкрэсліў міністр.

Таксама ён расказаў журналістам аб лекавым забеспячэнні ў краіне:

— Мы ліквідавалі лагістычныя складанасці пастаўкі імпартных лекавых прэпаратаў. Фінансавыя рэсурсы на гэта вылучаны і размеркаваны, кантракты падпісаныя. Учора да нас прыбыла дадатковая пастаўка рэмдэсівіра (запасы яго мы будзем папаўняць пастаянна), таксама прыйшлі і іншыя важныя для лячэння ковідных пнеўманій прэпараты, — падкрэсліў ён і выказаў спадзяванне, што ніякіх вонкавых форс-мажорных абставінаў не з’явіцца. — Калі памятаеце, у першую хвалю былі праблемы са сродкамі індывідуальнай абароны. А сёння іх няма, таму што мы вырашылі пытанні імпартазамяшчэння. Мы самі робім маскі, касцюмы і тэсты. У лекавай палітыцы рухаемся па гэтым жа шляху.

Акрамя таго, на кантролі Міністэрства аховы здароўя застаецца і пытанне забеспячэння кіслародам, спажыванне якога ў цяперашнюю хвалю ўзрасло ў некалькі разоў. Міністр патлумачыў: асноўнаму прадпрыемству, якое вырабляе кісларод для медыцынскіх мэтаў, — «Крыёну» — дапамагаюць іншыя прадпрыествы, і выказаў спадзяванне, што з пытаннем забеспячэння кіслароду сумеснымі намаганнямі справяцца.

Напрыканцы гутаркі Дзмітрый Піневіч нагадаў усім, што трэба берагчы адно аднаго і выконваць неабходныя рэкамендацыі медыкаў — гэты комплекс мер зніжае нагрузку на сістэму аховы здароўя і пасяляе ў людзей пачуццё бяспекі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.