Вы тут

Прайшоў канцэрт гурта «Харошкі» да 85-годдзя Валянціны Гаявой


Пабываць на беларускім вяселлі са сватамі, застоллем, кадрыляй, адчуць настрой купалінак, а яшчэ паспачуваць абяздоленай жанчыне, якая чакае мужа з вайны, — усё гэта, аздобленае непераўзыдзеным мастацтвам харэаграфіі, музыкі і акцёрства, падарыў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» ў Цэнтральным Доме афіцэраў на канцэрце з нагоды 85-гадовага юбілею сваёй любімай натхняльніцы, мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой.


Вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Гуканне вясны».

Юбілей Валянціна Іванаўна адзначыла сёлета 22 ліпеня, але дагэтуль працягвае атрымліваць віншаванні. Так, за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва Валянціна Іванаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Выказаць павагу юбілярцы ў Цэнтральны Дом афіцэраў прыйшоў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Ён адзначыў, што за гады плённай працы Валянціна Гаявая зрабіла шмат для развіцця нацыянальнай культуры, для захавання і адраджэння харэаграфічнага мастацтва. Віншаванне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў міністр, гучала восеньскім перазвонам доўгага шляху юбіляркі, споўненага адданасцю справе: «Ваша творчасць узбагаціла айчыннае мастацтва новымі тэмамі і вобразамі, стала фундаментам для фарміравання адметнай стылістыкі нацыянальнага танца. Дзякуючы ўнікальным аўтарскім праграмам, адраджаюцца нашы народныя традыцыі, атрымліваюць новае жыццё фальклорныя матывы. Менавіта пад вашым кіраўніцтвам Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» дасягнуў прафесійных вышынь і стаў сапраўднай візітоўкай беларускай культуры».

У белых фартушках да новага жыцця.

Два аддзяленні неверагодна насычанай, разнапланавай праграмы «Ад смутку да вяселля», прадстаўленай «Харошкамі», праляцелі на адным дыханні. Тут было месца і для горычы, і для ўсплёскаў замілавання — такімі пераканаўчымі былі артысты. Першыя словы «Пойдзем дзеванькі ва луга гуляць» вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі «Мядуначка» ўвасобілі яшчэ не парушаны спакой лета 1941-га, калі пачынаўся апошні мірны дзень. Замірала сэрца, калі ў прэм'еры харэаграфічнай замалёўкі «Вяртанне» салістка Таццяна Рубчэня ў вобразе адданай жонкі сустракала з вайны каханага (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Прыходзька).

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Макарук у харэаграфічнай баладзе «Журавы».

Неверагодныя харэаграфічныя падтрымкі прадэманстравалі тры пары ў «Жытнёвым рамансе»: вось хлопец нясе дзяўчыну на руках, вось трымае на каленях, а потым узнімае ўвысь — рамантычныя пачуцці ажыўлялі мары пра каханне. Акрабатычнымі скокамі і элементамі ўразілі салісты ў музычна-харэаграфічнай кампазіцыі «Камарынская». Увогуле, у багацці нумароў праграмы важны кожны артыст, і калі не будзе хапаць хоць аднаго з іх — не складзецца дасканалая харошкаўская мазаіка, якая ззяе рознымі адценнямі. Так, непаўторны вобраз паказаў саліст ансамбля заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Фёдар Балабайка, які ў харэаграфічнай сюіце «Беларускае вяселле» зрабіў ход... канём, праўда саламяным. На ўра былі славутыя «Гусарыкі» — менавіта з гэтага танца ў 1974 годзе і пачалася гісторыя ансамбля. А запісаны «Гусарыкі» ў вёсцы Харошкі Магілёўскага раёна (існуе і цяпер) — вось адкуль назва калектыву.

Адмысловыя музычныя апрацоўкі большасці кампазіцый зрабіў артыст аркестра Уладзімір Гінько, а пастаноўка танцаў, напоўненых каскадам пачуццяў, — Валянціны Гаявой.

Канцэрт «Харошак» у Цэнтральным Доме афіцэраў асвятліла зорка Валянціны Гаявой.

— За 47 гадоў працы з ансамблем «Харошкі» Валянціна Іванаўна паставіла больш чым 70 харэаграфічных нумароў. Гэта ўсё яе фантазія, мастацкі густ, адчуванне кампазіцыі, не кажучы ўжо пра тонкую назіральнасць, — адзначыла спецыяліст па рэкламнай камунікацыі ансамбля «Харошкі» Вольга Томкавіч. — Гэтую праграму мы не паказвалі 10 гадоў. Выдатна, што дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі яна застанецца ў тэлеверсіі — для нашчадкаў, чаму вельмі радуецца Валянціна Іванаўна.

Бясконцыя бурныя апладысменты пасля кожнага нумара — найменшае, што прагнуў аддаць уражаны ўсёмагутным вірам танца і спеваў глядач, бо адзін такі канцэрт «Харошак» здольны зарадзіць на год, натхніць і абудзіць веру ў лепшае.

У прадчуванні перамен.

— Калі б не вы, нас не было б на гэтай сцэне, — сказала Валянціна Гаявая, калі пад незмаўкальныя авацыі выйшла ў фінале на сцэну. — Пакуль мы патрэбны людзям простым, будзем выступаць. Сённяшні канцэрт прысвяцілі беларускай жанчыне, якой даводзіцца пераносіць вельмі шмат. Але лепшай за яе на свеце нікога няма. Хачу, каб усе людзі на зямлі былі шчаслівыя, і я рада дарыць радасць. Пакуль жыву, буду гэта рабіць.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ва ўсёмагутным віры «Харошак»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.